20 чэрвеня ў Палацы культуры ветэранаў горада Мінска адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў абласнога конкурсу літаратурнай творчасці сярод ветэранаў, прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша зямлячка, член саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельніца народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” Марыя Шакун атрымала дыплом першай ступені з рук кіраўніка Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Казіміра Браніслававіча Чарапкоўскага.
На конкурс Марыя Антонаўна прэзентавала цыкл апавяданняў “Нявыдуманая гісторыя дзіцячай пары”, у якую ўвайшлі пяць сапраўдных гісторый-успамінаў з дзяцінства паэткі.
“Прыемна, што такія конкурсы праводзіць абласная ветэранская арганізацыя. Гэта з’яўляецца стымулам для творчасці. На конкурс былі прадстаўлены ўспаміны майго дзяцінства з ваеннай пары. Вельмі была нечаканай для мяне перамога на абласным конкурсе, я не спадзявалася на такую высокую адзнаку сваёй творчасці. Вялікі дзякуй хачу выказаць арганізатарам, што, дзякуючы такім мерапрыемствам, мы захоўваем памяць аб тых, хто прынёс нам Перамогу і гэта шчаслівае жыццё”, – выказалася Марыя Антонаўна Шакун.
На цырымоніі ўзнагароджання падтрымлівалі ўдзельнікаў прадстаўнікі Валожынскага раёна, сярод якіх старшыня Валожынскай раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Фёдараўна Ціганіна і кіраўнік народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” Наталля Фадзееўна Жылевіч.
“Кожны з паэтаў быў вельмі неардынарным творцам. Прыемна бачыць, колькі таленавітых людзей прыняло ўдзел у конкурсе, які быў прысвечаны вельмі значнай падзеі нашай краіны – 80-годдзю вызвалення Беларусі. Перамога Марыі Антонаўны безумоўна заслужаная. Я і сама ганаруся сваімі землякамі і лічу, што гэта вялікі гонар і пашана нашаму Валожынскаму раёну”, – адзначыла старшыня Валожынскай раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Фёдараўна Ціганіна.