Час няўмольны. Адыходзіць у іншы свет пакаленне нашых бацькоў, перажыўшых велізарную людскую трагедыю – Вялікую Айчынную вайну. Нам застаецца светлая і ўдзячная памяць, якую мы, іх дзеці і ўнукі, павінны зберагчы і перадаць нашчадкам. Набліжаюцца святочныя дні з нагоды вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чарговы раз мы ўспамінаем тых, хто адстаяў незалежнасць краіны і падарыў нам сённяшняе мірнае і шчаслівае жыццё.
У нашай вясковай бацькоўскай хаце 9 мая і 3 ліпеня адзначаліся заўсёды як самыя галоўныя святы. Тата, Сікорскі Міхаіл Антонавіч – франтавік, узнагароджаны ордэнам Славы, а гэта вышэйшая салдацкая ўзнагарода, ардэнамі Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны, многімі медалямі. Збіраліся вялікай, дружнай сям’ёй – дзеці, унукі, праўнукі. Мы ганарыліся ім, віншавалі шчыра, сардэчна, з радасцю сустракалі шматлікіх гасцей.
Сёння гэта свята са слязамі на вачах. Апусцела вясковая хата. 10 год няма з намі мамы і 12, як пайшоў з жыцця тата. Чалавек няпростага лёсу, за сваё даволі доўгае жыццё, а памёр ён на 89 годзе, многа чаго зведаў і перажыў, але заўсёды заставаўся адказным і сумленным, працавітым і шчырым у адносінах да ўсіх людзей.

Нарадзіўся тата ў 1925 годзе. Жыццё не вельмі песціла яго. У 3 гады хлопчык застаўся без маці. Памяць зберагла пра яе толькі адно: ляжала маці, прыбраная ў новую сукенку, пасярэдзіне хаты ў труне. Ды яшчэ імя яе – Настасся, вось і ўсё. Трое дзетак засталося пасля гэтага шлюбу. Старэйшаму Апанасу – 11, Валодзю – 6, Міша малодшы. У хаце патрэбна была гаспадыня і бацька яго, а мой дзед Антось хутка ажаніўся другі раз. Ужо ў 1929 годзе нарадзілася сястра Галя, у 1930 – Аляксей, у 1934 – Аляксандр. А яшчэ ў хаце жыла сям’я дзядзькі Фадзея, дзе таксама нараджаліся дзеці, і хоць яны і паміралі даволі часта, але чацвёра ці пяцёра ўсё ж гадаваліся. За стол разам садзілася 15-16 чалавек.
У 7 год Міша стаў зарабляць хлеб сам. Наймаўся пасвіць авечак, затым кароў. Пастуху з сабой гаспадары давалі лусту, ды і нейкія грошы трохі плацілі. Бацька іх не забіраў. Восенню разам з сынам ішоў у Валожын і дапамагаў яму штосьці купіць у краме. Адзін год набылі зялёнага корту, з якога пасля сшылі Мішу касцюм. Другі год – гумовыя боты, такія прыгожыя, бліскучыя, нават дакрануцца да іх было страшна, не тое што на ногі парэпаныя абуць. Да таго ж і не насіў у іхняй вёсцы ніхто такіх, усе ў лапцях хадзілі. Вельмі шанаваў Міша той абутак, абы-куды не насіў, хаваў пад ложкам. Ды браты цішком, бывала, выцягнуць і збегаюць у іх на сяло. Мачыха часта прасіла дазволу абуць, каб схадзіць у нядзелю да царквы. Так і знасілі ўсёй сям’ёй.
Сваёй школы ў Аўгустове доўга не было. Але 4-гадовае пачатковае навучанне ў буржуазнай Польшчы лічылася абавязковым, і дзецям даводзілася хадзіць у суседнюю вёску Ганчары. Тры вярсты шляху траскучымі каляднымі маразамі дрэнна адзетым вясковым дзецям станавіліся сапраўдным выпрабаваннем. Аўгустоўцы паднялі бунт: школу адкрылі і ў іх вёсцы.
Міша рос дапытлівым і цікаўным хлопчыкам, вучыўся добра. Якраз перад вайной ён скончыў чатыры класы.
Вайна прыйшла нечакана. Ужо праз тры дні зусім блізка ад вёскі пачуліся выбухі гармат. Варожыя злучэнні рухаліся па гасцінцы ў бок Валожына. Пацягнуліся непамерна цяжкія гады акупацыі. Старэйшы Мішаў брат Апанас ажаніўся перад вайной і жыў ужо асобна. У 1942 годзе нарадзілася яго першая дачка Ніна. Валодзю вывезлі на работу ў Германію. Цяжка захварэла і памерла падчас вайны мачыха. Стала здаваць здароўе і ў бацькі. Мішу, якому ў 1941 годзе споўнілася толькі 16, давялося прыняць на сябе ўсю адказнасць за сям’ю і гаспадарку. Хадзіў за бацьку на работу да немцаў. Нацягаўся хлопец сырой, цяжкай як волава, гліны на цагельні ў Ганчарах, працаваў у валожынскім тартаку, дзе ўручную, пілой пад наглядам немцаў, распілоўвалі дрэва да патрэбнага памеру.

У 1943 годзе Аўгустова здрыганулася ад жудаснай навіны – суседняя вёска Кражына спалена разам з усімі яе жыхарамі. Попелам лягла ў сырую зямлю і сям’я Жэні Дуброўскай, дваюраднай Мішавай сястры. Амаль у самым канцы вайны родная вёска перажыла яшчэ адну трагедыю. Аўгустовец Захар Барадака, які служыў у паліцыі, відаць падтрымліваў сувязь з партызанамі. Аднойчы мужчына папярэдзіў сваю сям’ю, кінуў службу і сышоў у лес. Ужо ранкам наступнага дня вёску акружылі. Такой аператыўнасці ад немцаў Захаравы сямейнікі не чакалі. Не ўсе паспелі тады схавацца. Расстралялі братоў Аркадзя і Антося, сястру Зіну.
ФОТАКАРТКА З 45-АГА
Якім ты быў у маі, у 45-ым?…
Як хуткаплынна час зямны цячэ!
На фотакартцы – з сябрам
побач тата,
Прайшлі вайну, а хлапчукі яшчэ.
Стаяць без зброі, радасныя твары,
Адпраўлены ў адстаўку кулямёт.
Кругом сляды бамбёжак і пажараў,
А тату толькі дзевятнадцаць год.
Пайшоў ад плуга хлопец у салдаты
Нялюдская прымусіла вайна.
Не ведаў, ці дыхне жыццём ля хаты
Яму яшчэ так майская ралля.
Ступіць бы басанож па мяккай,
цёплай,
Рассыпаць зерне жменяю ў яе.
І дома май, і недзе сонца ў вокны,
І шпак на грушы дзедавай пяе!
Ужо ляціць, ляціць пісьмо дадому:
– Чакайце нас, мы скончылі вайну!
А там над вёскай хмарай пах чаромхі
Дзяўчатам, пэўна ж, кружыць галаву.
Ну як жа ім не радавацца маю?
Май Перамогі, ён такі адзін!
Ды толькі хлопцаў вёсцы не хапае
І песень, і вяселляў, і радзін.
На фотакартцы – з сябрам
побач тата,
Жывы! Шчаслівы! – гэткі збег планет.
Такім ты быў у маі, у 45-ым,
Яшчэ раз нарадзіўшыся на свет.
Лідзія Гардынец
У чэрвені 1944 года Мішу споўнілася дзевятнаццаць год. Адразу ж пасля вызвалення Валожыншчыны хлопца і яго старэйшага брата Апанаса прызвалі на службу ў рады Савецкай Арміі. Апошнія дні дома Міша працаваў на гаспадарцы ад цямна да цямна: хацеў зрабіць для сям’і як мага больш, бо ведаў, як цяжка будзе бацьку з малымі. Вайна ёсць вайна, ці вернецца ён з фронту жывым – невядома. Апанасу ўжо споўнілася 30 год і Мішу трохі спакайней было з такім дарослым, сур’ёзным братам. Але пры першым размеркаванні хлопец прыхварэў, і як не прасіўся не разлучаць з Апанасам, яго ўсё ж пакінулі да наступнага разу. Праўда паабяцалі, што служыць будуць, калі і не ў адной часці, то недзе недалёка.
Трапіў Міша Сікорскі ў 310-ю Наўгародскую дывізію 2-га Беларускага фронту ў кулямётную роту і ваяваў на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі. Фашысты, прадчуваючы хуткую сваю гібель, люта супраціўляліся. Не паспееш выбіць ворага з аднаго населенага пункта, як ужо ў новым месцы даводзіцца дзяўбці мерзлую чужую зямлю. Для невысокага хударлявага юнака няпростымі аказаліся і шматкіламетровыя пераходы з кулямётам на плячах. Нават раздзяліўшы яго з другім нумарам разліку, кожнаму даставалася па 30 кілаграмаў. На ўсё жыццё запомнілася, як праз трое сутак у пекле перадавой, з 56 чалавек іх вярнулася толькі 8. Мала што засталося ад іх 310-ай дывізіі. Яе пазней аб’ядналі з 27-ай, у складзе якой давялося закончыць вайну. Міша ваяваў, як і гаспадарыў, – адказна і сумленна. Ніколі не хаваўся за спіны другіх. А стралялі па ім у першую чаргу, бо спыніць агонь праціўніка многа што значыла. Ужо пасля першых кровапралітных баёў на гімнасцёрцы байца заззяў ордэн Чырвонай Зоркі. Пры фарсіраванні ракі Одэр, каб адцягнуць увагу праціўніка ад таго месца, дзе перапраўляліся галоўныя сілы, кулямётны разлік Мішы Сікорскага павінен быў вызваць прамы шквальны агонь на сябе і прыкрыць пераправу. Хлопец і сам не ведаў, якія святыя аберагалі яго на вайне, але і на гэты раз кулі яго абмінулі. А вось напарніка – дужага высокага украінца, параніла вельмі цяжка. Не пакінула сябе доўга чакаць і другая, на гэты раз, вышэйшая салдацкая ўзнагарода – ордэн Славы. У адным з баёў твар у твар Міхаіл сустрэўся з братам – яны і праўда ваявалі побач. Толькі і паспелі перакінуцца парай слоў, ды адрасамі абмяняцца. У вёску паляцела пісьмо: ,, Жывы наш Мішка, ваюе!” Аказалася, хлопец дадому не пісаў, не думаў, што выжыве. Няхай проста чакаюць, а там – што будзе! Наперадзе быў яшчэ 30-ці кіламетровы марш з баямі па беразе Балтыйскага мора – і горад Брэслаў. Тут і дагнала іх вестка аб капітуляцыі фашысцкай Германіі.
Брат Апанас у самым канцы вайны быў цяжка паранены. Пасля таго, як праваляўся некалькі месяцаў у шпіталі, вярнуўся дадому інвалідам. Міша застаўся ў Германіі даслужваць тэрміновую службу. Толькі праз тры гады пасля вайны ён купіў у Брэсце на вакзале цукерак за свае ордэнскія купоны (на большае не хапала) і з’явіўся ў роднай вёсцы.
Няпростым было і пасляваеннае жыццё гэтага пакалення. Будаваліся, паднімалі разбураную вайной гаспадарку. Тата вярнуўся з вайны нават ні разу не паранены і адразу ўзяўся за працу. Але лёс ставіў на яго шляху ўсё новыя выпрабаванні. У 1961 годзе на працы ў калгасе ён страціў кісць правай рукі. Было тату толькі 36 год. Трэба было араць і касіць, неяк зарабляць на жыццё, гадаваць дзяцей. Прыладзіць ён да касы спецыяльную ручку і выходзіць на сенакос. Усуне ручку плуга у вузкае рукаво кашулі і арэ зямлю, сам адной рукой пілаваў і сек дровы. Я памятаю, як па начах хадзіў ён па хаце, як дзіця, насіў перад сабой напрацаваную скалечаную руку. Не даваў заснуць боль ад намазоленых рубцоў. І яшчэ – працаваў тата адначасова аж на трох работах. Быў качагарам у воінскай часці, вартаўніком у РБУ, а ў вольныя ад дзяжурства дні выходзіў на працу ў калгас. Ён меў дзве працоўныя кніжкі, і калі мне давялося збіраць паперы на пераразлік татавай пенсіі, дзяўчаты, што прымалі тыя дакументы, доўга не маглі паверыць. Такое ў той час нават не дазвалялася. Ён не чакаў дапамогі, ніколі не хваліўся сваімі высокімі ўзнагародамі. Мне здаецца, акрамя сям’і пра гэта доўгі час ніхто і не ведаў. Дзякаваць Богу, яшчэ пры жыцці таты я паспела пра многае ў яго распытаць, запісаць і нават выдаць кнігу, куды ўвайшла і аповесць яго нялёгкага лёсу. Дзякуй яму за тое святло, якое ён на такім складаным жыццёвым шляху збярог у сваім сэрцы і падарыў яго нам, сваім дзецям, унукам і праўнукам.
Лідзія ГАРДЫНЕЦ








