У рамках Міжнароднай культурнай акцыі «Ноч музеяў» адбылося мерапрыемства, якое адрадзіла духоўную спадчыну ў новым фармаце. Гэта праект, які адчыніць дзверы і прыцягне не толькі мясцовых жыхароў, але і турыстаў, таму што мы ўбачылі прыняцце публікі, яе зацікаўленасць.

Асноўная ідэя Валожынскага раённага аддзела культуры і работнікаў краязнаўчага музея пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта – паказаць жанчыну-працаўніцу, творцу ва ўсёй яе красе, якая сама сябе можа ўпрыгожыць і павесяліцца, калі трэба, – паказаць сябе ў танцы, як гавораць, «на людзях».


Пад сцягам захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і прайшоў унікальны танцавальны вечар, які сабраў прыхільнікаў беларускай аўтэнтычнасці, гасцей і жыхароў горада. Гэта не проста мерапрыемства, а заява: мы ёсць, мы памятаем, мы ганарымся, мы беларускія прыгажуні. Не забыліся і пра мужчын, юнакоў – і яны тут былі. Гэтак жа ў непаўторных гарнітурах і ў танцы.

Ініцыятыву падтрымалі людзі, якім неабыякавы лёс народнай культуры, хто жыве ёй і знаходзіць час, каб расказаць і паказаць, якія мы, беларусы, прыгожыя і непадобныя ні на кога. Удзельнікамі сталі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны ансамбль «Гасцінец» з аграгарадка Ракаў, фолк-гурт «Гуда» (Guda) і капэла «Цянор Бартон» з Мінска, даследчыца беларускай традыцыйнай культуры Юлія Літвінава з Вялікай Дайнавы, гарманіст Аляксей Крукоўскі з Мінска. І яны ўсе разам стварылі асаблівую атмасферу.

Відаць, што час для гэтага цудоўнага дзейства прыйшоў, а месца было абрана невыпадкова і вельмі ўдала – пляцоўка перад філіялам Валожынскага краязнаўчага музея «Валожынская іешыва». Менавіта тут, на скрыжаванні гістарычных ліній і традыцый, нараджаецца сапраўдная магія і працягваецца гісторыя.
Уступнае слова і аб’яўленне праграмы адкрылі гэта цуда, якое надоўга застанецца ў сэрцах валожынцаў і гасцей. Супрацоўніца музея Юлія Анацкая, як і многія ўдзельніцы, была апранута ў касцюм, пашыты ўласнымі рукамі: спадніцы, гарсэт – усе дэталі і тканіны па крупінках сабраны з «бабуліных куфраў».

Юлія Літвінава правяла дэфіле 18 красуняў і кавалераў у беларускіх традыцыйных строях. Паказ складаўся з трох блокаў: аўтэнтыка, рэканструкцыя, стылізацыя. Былі прадстаўлены Маларыцкі, Ганцавіцкі, Панямонне, Цэнтральная Беларусь, Маладзечна-Вілейскі, Пінскі, Столінскі, Брагінскі, Турава-Давыд-Гарадоцкі строі.

А што далей? Далей – спевы, народныя гульні і майстар-класы па беларускіх традыцыйных танцах. Фальклорны калектыў «Гасцінец» і гурт «Гуда» з жывым музычным суправаджэннем запрасілі ўсіх у танцавальны віравір. Разам з артыстамі гледачы спрабавалі танцаваць «Лявоніху», але не простую, а тую самую, з вёскі Старая Мётча Барысаўскага раёна. А яшчэ «Сыботу» з вёскі Варатынь Бабруйскага раёна, «Лапці» з вёскі Церабуды (цяпер Мазыр), «Гапак» з Антаневічаў і «Шастак» з Барысаўшчыны.

На майстар-класах таксама вучыліся танцаваць «Польку з камандамі», «Каханачак» (вёска Варатынь), «Месяц» (вёска Палічнае, Любанскі раён), пасляваенны «Падыспан» (агульнабеларускі) і «Жыдовачку» (вёска Селішча, Барысаўскі раён).


Асаблівым момантам стала спеўнае выступленне фолк-дуэта Юліі Літвінавай і Рамана Яраша. Іх слухалі ў поўнай цішыні, ледзь стрымліваючы дыханне. А на фоне залітых сонцам валожынскіх палёў гэта выглядала неверагодна маляўніча і кранальна. Свабодныя традыцыйныя танцы пад жывую музыку капэлы «Цянор Бартон», гарманіста Аляксея Крукоўскага і скрыпачкі Алены Мялешкі працягнулі вечар.

Паралельна на пляцоўцы госці маглі паўдзельнічаць у майстар-класах па ткацтве традыцыйных паясоў, саломапляценні, выцінанцы, а таксама нанесці аквагрым з беларускімі арнаментамі. Была магчымасць набыць тэматычныя сувеніры ад мясцовых майстроў.

Што ж у выніку? Падзея, бясспрэчна, адбылася ў Валожыне ўпершыню. І вельмі спадзяёмся, што яна паўторыцца. Шкада, што гледачоў было не так шмат, як хацелася б. Магчыма, жыхары горада і раёна не да канца ўсвядомілі, якую магчымасць страцілі. Тым не менш нам пашчасціла пазнаёміцца з кампаніяй жанчын, якія прыехалі за дзясяткі кіламетраў, каб убачыць гэта дзейства. І яно ператварылася ў сапраўднае відовішча, якое напаўняла нечым непаўторна родным, важным для кожнага. Стваралася адчуванне, што ты не тут і не ў гэтым часе, а дзесьці ў мінулым. Быццам машына часу перанесла нас у эпоху прабабуль і прадзядуляў. Кожны рух танцораў, кожная дэталь касцюма – неверагодная краса. Усё гэта хацелася разглядаць падоўгу. Кожны быў цікавы па-свойму, з нейкай індывідуальнай прыгажосцю. Можа, такая беларуска мне па душы – непаўторная, адзіная ў кожнай дробязі строю, у позірку, у руху, у танцы.


Будзем спадзявацца, што гэта неверагодная падзея, ці, як цяпер модна казаць, пілотны праект, не прайшла дарма і паўторыцца зноў, бо ўбачыць гэта павінен кожны.
Іна ДАЛІДОВІЧ,
фата аўтара





