Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 19, 20, 21)
14.06.2015. З цешчай, жонкай і дачкой ездзілі на Чыжоўскія могілкі. Толькі пачалі прыбіраць магілу Людмілінай бабулі Пелагеі, як пачалася навальніца. Схаваліся пад дрэвы. Стаім сярод помнікаў, як помнікі пад парасонамі. Маланкі асвечваюць ваколле, гром грыміць, нібыта з неба крыжы падаюць. Праўда, было зусім не страшна. Узгадалася, што першы раз у навальніцу на могілках быў у Крывічах, куды хадзіў з бабуляй Ганнай адведаць дзеда Міхася. Мне тады было гадоў пяць. Было страшнавата. Мы з бабуляй нейкі час ад навальніцы хаваліся ў царкве. Потым, дачакаўшыся, калі стыхія крыху суцішыцца, праз дождж пайшлі дахаты. Бабуля малілася, а я паўтараў за ёй. Так і дайшлі дамоў.
Ад праліўнога дажджу штучныя кветкі на магілах сталі, як жывыя…
Прайшоўшы крокаў сто ад магілы Пелагеі Максімаўны, я раптам прыпыніўся. Маю ўвагу прыцягнула яліна з абрэзанымі галінамі, якія яшчэ нядаўна прыкрывалі магілу за высокай агароджай. Гляджу, а гэта ж тут пахаваны Сцяпан Гаўрусёў. На помніку выбіты радок з яго класічнага верша: “Я вырас пад гарматнымі стваламі…”
Не даходзячы брамы, што на ўваходзе на могілкі, мы схаваліся ад дажджу ў старую альтанку. Дождж суцішыўся, і я прайшоў па алеі, разглядаючы помнікі. У метрах пяцідзесяці ад альтанкі знайшоў магілу, дзе пахаваны празаік Кастусь Тарасаў…
17.04.2016. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, працуючы ў “Нашым слове” з фотакарэспандэнтам Уладзімірам Панадой, я даведаўся, што мы з ім сваякі праз нашых бабуль, якія з’яўляюцца дваюраднымі сёстрамі, а ў самога Валодзі ёсць два стрыечныя браты журналісты — Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй. Нашы бабулі пахаваны ў Дубравах. Пазнаёміўшыся бліжэй з Вітаўтам і Анатолем, мы вырашылі з’ездзіць на могілкі. Да нас далучылася мая Людміла. У Валодзі быў фотаапарат, і ён усё здымаў на плёнку. На жаль, здымкаў у мяне няма. Мы тады цэлы дзень прабылі ў Дубравах. Адшукалі магілы сваіх сваякоў. Дамовіліся, што наступны раз прыедзем з жонкамі і дзецьмі. Мінула больш дваццаці гадоў, мы так і не здзейснілі сваю дамову і ўжо не здзейснім, як планавалі. Сёння на 57-м годзе жыцця памёр музычны крытык, журналіст і паэт Вітаўт Мартыненка…
25.04.2017. Радаўніца. З Міёнай выйшлі гуляць на Мухлю а шостай раніцы. Нідзе нікога. І раптам бачу ў метрах ста ад нас па сцяжыне, як учора вечарам, ідзе старая, вельмі падобная на маю маму, але ўжо ў адваротным накірунку. Следам за ёй у метрах дзесяці хлопец. “Мама!” — зноў прагучала ў ва мне, і я затаіў дыханне. Старая з хлопцам хутка зніклі за дамамі, а я нейкую хвіліну яшчэ глядзеў услед.
17.04.2018. Радаўніца. З сеціва даведаўся, што ў Беларусі на 13 тысячах могілак спачывае 30 мільёнаў беларусаў. На жаль, не змаглі адведаць бацькоў, дзядоў, сваякоў. Брат Вова некалькі дзён таму быў на Ракаўскіх могілках. Прыбраў бацькоўскія магілы. Дзякуй яму. А я ў думках усіх наведаў і памянуў.
17.04.2018. Мне гадоў шэсць. Бабулі Ганне пад восемдзясят. Радаўніца. Я ўпершыню ў Крывічах на могілках. На маладой траве засланыя абрусы, а на іх ежа, і такая смачная, што мне здаецца, я па сёння ніколі такой болей не еў. Раптам неба захмурылася. Закаркалі вароны. Узняўся вецер. Мы схаваліся ў царкву. Забарабаніў дождж. Стала цёмна, холадна і страшна. Я прытуліўся да бабулі і пачуў: “Не бойся, унучак, не бойся…”
4.08.2019. З Людмілай ездзілі на Чыжоўскія могілкі, дзе пахавана яе бабуля Часлаўская Пелагея Максімаўна (4.10.1903-27.01.1986). Напачатку вырашылі адведаць нашага сябра кампазітара Юру Блінова (3.08.1975-21.04.2019). Як яго знайсці, нам падказала Ірына Карэніна (ісці з уваходнай брамы прама да ўчастка № 9 і павярнуць направа). Высвятлілася, што Юра пахаваны на ўчастку № 8. Мы думалі, што трэба доўга ісці, але аказалася, што зусім блізка. Праз пару хвілін Людміла звярнула ўвагу на свежую магілу з вянкамі і адчула-сказала, што там Юра. Не памылілася. Запалілі свечкі, пачыталі малітву і вершы, прысвечаныя Юру. Развітаўшыся з сябрам, раптам захацелася паглядзець, хто ж спачывае побач. І на табе такая нечаканка! Праз адну магілу ўбачыў крыж мастака Міхала Анемпадыстава (16.03.1964-24.01.2018). Творцы і тут побач! Далей пайшлі да бабулі шляхам не тым, як звычайна ходзім. Не спецыяльна пайшлі, а так атрымалася. Прыпыніліся каля магілы паэта Сцяпана Гаўрусёва (10.05.1931-12.03.1988). Раней над ім расла вялікая сасна. Нехта спілаваў. На пні няма смалы. Прыбліжаючыся да месца, дзе пахавана бабуля Пелагея, я ў Людмілы запытаўся: “Памятаеш, дзе бабуля?” — “Памятаю!” — адказала Людміла. “І я памятаю!” — упэўненна сказаў я. Прыйшлі да памятнага месца, дзе звычайна паварочвалі да бабулі, і пайшлі шукаць. Шукалі паўгадзіны. Людміла сама па сабе, а я сам па сабе. Я нават падумаў, што нехта помнік прыбраў і пахаваў некага свайго. І калі ўжо добра стаміліся, я паклікаў Людмілу. Яна адгукнулася, павярнуўся і ўбачыў у метрах дваццаці ад сябе на помніку пад высокай бярозай партрэт бабулі Пелагеі. Мы вырашылі, што бабуля на нас крыху пакрыўдзілася, што адразу пайшлі не да яе, а да нашага сябра Юры. Каля бабулі прабылі амаль гадзіну. Потым я даўгавата яшчэ блукаў сярод магіл, спадзяючыся напаткаць пахаванне Матвея і Марыі Цяслёнкаў, у якіх у свой час кватэраваў. Бабуля Марыя памёрла летам 1985 года перад маім ад’ездам на вучобу ў Маскву. Не знайшоў. Спадзяюся, што іншым разам абавязкова знайду.
28.04.2020. Радаўніца. Па свеце ходзіць каранавірус. Мы дома. Некалькі дзён таму брат Вова паведаміў, што быў на Ракаўскіх могілках. Прыбраў бацькоўскія магілы. Учора тэлефанавала бабуля Галя, мая цешча. Сказала, што кепска сябе адчувае. Перад гэтым хадзіла па вуліцы, а потым на лаўцы каля пад’езда сядзела. Перапалохала нас. Сёння Людміла патэлефанавала зранку. Усё добра. Назаказвала прадуктаў бабулі праз дастаўку. Прывязуць позна вечарам. На вуліцы пацяплела. А другой ужо 16 градусаў цяпла.
11.05.2021. Радаўніца. З-за каранавірусу на могілкі не ездзіў. На мінулым тыдні Вова быў у бацькоў на Ракаўскіх. Усё прыбраў. Валя, будучы ў вёсцы, таксама заязджала. А я ў думках з бацькамі.
31.08.2021. На пытанне, дзе пахаваны паэт Міхась Стральцоў, сябра адказаў: “У Чыжоўцы. Па цэнтральнай алеі да першага вялікага скрыжавання (метраў 300), потым направа і зноў да скрыжавання (зноў метраў 300), потым налева (метраў 40), і там убачыце”.
3.05.2022. Аўторак. Радаўніца. Мы дома. Кашляем. На вуліцы сонечна і зелена, але ветрана і холадна. На могілкі паездзем, калі там будзе меней людзей.
14.08.2022. Па абедзе раптам з Людмілай захацелі з’ездзіць у Чыжоўку на могілкі, дзе пахавана бабуля Пелагея. За дзесяць хвілін сабраліся і паехалі, выклікаўшы таксоўку. Спачатку хацелі наведаць Юру Блінова, але не ўспомнілі, дзе ён пахаваны. І наогул падалося, што на могілках нешта змянілася, бо нашы ранейшыя арыенціры некуды папрападалі. І ўсё ж дайшлі. На хвіліну спыніліся каля магілы паэта Сцяпана Гаўрусёва. Магілу бабулі Пелагеі знайшлі адразу. Гадзіны паўтары прыбіралі, Людміла пафарбавала агароджу. На жаль, медальён адклеіўся, але, вяртаючыся дадому, зайшлі ў брамны будынак і дамовіліся з мужчынам, які там сядзіць на вахце, што ён прымацуе медальён.
28.01.2023. Субота. Тэлефанаваў сын Людмілы Несцяровіч, бібліятэказнаўцы, якая арганізавала столькі сустрэч з пісьменнікамі. Падзякаваў за дапамогу. Помнік маці ўжо зроблены. У канцы вясны, ці напачатку лета будуць усталёўваць, і ён запросіць усіх, хто дапамог фінансава. Спадарыня Людміла пахавана ў Чыжоўцы. Непадалёку з Кастусём Тарасавым. Трэба ісці з галоўнай брамы да альтанкі, якая злева, і тут жа ёсць праход, які прывядзе да магілкі, дзе спачывае спадарыня Людміла і яе бацька.
20.04.2023. Сёння было 22 градусы цяпла. Да канца тыдня, відаць, закрасуюць каштаны. А так усё зелянее і зелянее. Але мяне такое ранняе зеляненне не радуе, бо ў вёсцы нарасце травы. І хто яе будзе касіць?
На прыпынку ля станцыі метро “Грушаўка” сустрэўся з Людмілай, і на таксоўцы паехалі на Чыжоўскія могілкі. Народу шмат, і давялося, не даязджаючы метраў трыста, пакінуць таксоўку і пайсці, бо поўна машын, а на могілкі праезд платны, і таму чарга ўтварылася на кіламетр. Магілку Людмілінай бабулі Пелагеі знайшлі адразу. Дакладней, Людміла знайшла, а я прайшоў міма.
Людміла сказала, што бабуля захацела, каб яна першай яе знайшла. Прыбралі, пачысцілі, пафарбавалі, пасадзілі кветак. Непадалёку ад нас да магілы з драўляным крыжам прыйшоў мой даўні знаёмы Алег Астапенка. Я падыйшоў да яго, каб павітацца і даведацца, чыю магілку ён даглядае. Аказалася, што там пахаваны яго знаёмы, які памёр у 2019 годзе, а нарадзіўся ў 1962.
Каля магілы Людмілінай бабулі мы былі дзве гадзіны, а потым пайшлі праз могілкі, спрабуючы знайсці месца, дзе спачываюць Матвей і Марыя Цяслёнкі, у якіх я кватэраваў да вучобы ў Маскве. Не знайшлі.
24.04.2023. Радаўніца. На могілках поўна людзей з букетамі. Пчала лётае ад магілы да магілы і не знаходзіць жывых кветак…
25.04.2023. Аўторак. Радаўніца. Адведаўшы зараннях сваіх родных на могілках, сёння з Людмілай сядзім дома. На вуліцы пахаладала. Відаць, чаромха зацвіла. Нават дождж ішоў. А месцамі па Беларусі град.
5.05.2023. Сёння ў нашай бабулі Галі дзень народзін. Было б ёй 88. З Людмілай ездзілі на Паўночныя могілкі. Па дарозе прыхапілі Вераніку. Дождж не супакойваўся, і мы папрасілі кіроўцу таксоўкі, каб ён давёз нас аж да месца, дзе пахавана наша бабуля. Мужчына не адмовіўся, і нават прызнаўся, што там жа пахаваны яго бацька, які памёр у 2019 годзе. Давёзшы нас да месца, кіроўца пацікавіўся, ці будзем доўга і ці не хочам, каб ён нас адвёз назад. Мы з радасцю далі згоду. Магілка нашай бабулі ў парадку, а ў многіх ветрам параскідала кветкі і вазы. Пабыўшы каля бабулі, ідучы да таксоўкі, прыпыніўся каля паэта Міколы Шабовіча. Бачна, што на Радаўніцу Міколу нехта адведваў, бо стаяць кветкі. Назад ехалі па маршруту — адвезлі Вераніку дамоў, потым Людмілу на працу ў “Звязду”, а потым мяне на працу. Застаўшыся адзін на адзін, мы разгаварыліся з кіроўцам, і высветлілася, што і ён жыве на Волаха ў суседнім з нашым доме. Завуць яго Дзімам, і гэта ён кожную раніцу бегае на Мухлі вакол азярыны, калі я а шостай з Міёнай іду гуляць. Словам, пазнаёміліся. Дзіма гадоў пяць таму важыў 180 кілаграм і былі вялікія праблемы са здароўем. Доктар тады запытаўся ў хворага: “Вы хочаце ў труну, ці думаеце жыць?” — “Жыць!” — адказаў Дзіма і пачаў займацца спортам і стаў сачыць за тым, што есць.
27.05.2023. З-за каранавірусу і яшчэ з-за сяго-таго больш за тры гады не быў у Дубравах на могілках, дзе спачываюць мае прадзеды, дзяды, дзядзькі, цёткі і мае аднавяскоўцы. З Людмілай паехалі на электрычцы. У наш вагон у Радашковічах зайшоў Уладзімір Гілеп. Ён ездзіў у аптэку. Выйшаў у Вязынцы, дзе яго лецішча. Калі б мы з ім дамаўляліся так сустрэцца, дык ці сустрэліся б, а так, відаць, для нечага Бог нас звёў на пару хвілін дарогі…
А другой былі ў Раманах. Нас там чакаў з машынай мой дзядзька Леанід Станіслававіч Жыткевіч. Яму сёлета будзе 77. Жыве ў Навасёлках, якія мяжуюць з Дубравамі, у якіх ёсць (даведаліся ад дзядзькі) свой паэт. Прозвішча Салавей.
З Раманаў у Дубравы да рэшткаў касцёла дабраліся за хвілін пятнаццаць. Ад дзядзькі даведаліся, што якраз гэтай ноччу ў касцёле “Беларусьфільм” здымаў адзін з эпізодаў новага фільма па Уладзіміру Караткевічу “Чорны замак”. Унутры касцёла, дзякуючы здымкам фільма, высеклі дрэвы, якіх там нарасло, як у лесе. Агледзеўшы храм, паехалі да могілак. Спыніліся з краю, дзе пахаваны пісьменнік Янка Галубовіч (26.05.1942-19.12.2014). На помніку радкі з верша Людмілы Рублеўскай “Між кніжных старонак шукайце мяне”, якія прапанаваў напісаць наш сябра Міхась Казлоўскі. Побач пахаваны Захарчук Валянціна Пятроўна (31.12.1941-29.11.2018) і Захарчук Іван Уладзіміравіч (02.01.1939-05.12.2018). Надпісы на помніку па-беларуску. Відаць, дзеці, хаваючы бацькоў каля пісьменніка, вырашылі, каб і ў іх было па-беларуску. Прыпыніўся каля магілы свайго траюраднага брата Антона Янушкевіча (21.10.1948-10.12.2010). Побач з ім спачывае яго сын Артур, які пражыў 30 гадоў. Пастаяў каля свайго сваяка — Шніпа Міхаіла Міхайлавіча (24.09.1951-24.05.2014). Паразмаўляў з маім аднакласнікам, суседам і сябрам Сашкам Балотнікам (29.05.1960-1.01.2007). Шаснаццаць гадоў ужо як няма Сашкі! Пакланіліся маім дзеду Шніпу Іосіфу Іванавічу (1911-05.10.1981) і бабулі Парасцы Андрэеўне (27.06.1909 — 24.06.1992). Дзякуючы маім стрыечным сёстрам, у дзеда і бабулі новы помнік. Вялікі ім дзякуй, што зрабілі такую добрую справу. На помніку здымкі, якіх у нас няма.
На могілках сустрэлі мужчыну з Ушы. Не паспеў дзядзька Леанід прадставіць мяне, як незнаёмец сам назваў мяне і сказаў, што ён таксама Шніп і ён ведае, што я паэт і я з Пугачоў.
Ходзячы сярод магіл, дзе спачываюць мае родныя і аднавяскоўцы, знаёмыя з суседніх вёсак, адчуваў, што гэтая зямля ў Дубравах гэткая ж балючая, як і ў Ракаве, дзе на могілках спачываюць мае бацькі.
Птушкі спяваюць, як у раі…
Хацелася пайсці ў Пугачы. Але цяпер пугачоўскіх людзей больш на могілках тут, чым там у вёсцы…
Пахадзіўшы сярод магіл, як па вуліцах вечнага горада, дзе цяпер жывуць многія мае родныя і аднавяскоўцы, паехалі да дзядзькі Леаніда дадому. Нас там чакала яго жонка Глафіра з пачастункамі.
Вярталіся дадому стомленыя і задаволеныя. У вагоне з намі ехалі мурзатыя дзеці, якія, відаць, недзе адзначалі заканчэнне навучальнага года. Нечакана з’явіліся кантралёры. Адна падыйшла да нас. Я паказаў квіткі. Жанчына пацікавілася, гледзячы то на мяне, то на Людмілу: “А хто з вас пенсіянер?”—“А як вы думаеце?” Кантралёрка не змагла адказаць, і мне давялося паказваць сваё новенькае пенсійнае пасведчанне, па якім я набыў ільготны квіток.