Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
25.07.2009. Яшчэ адзін дзень прайшоў праз мяне. І ў маёй душы засталося неба ў аблоках, кроплі дажджу, першае пажаўцелае лісце, галасы людзей, гул машын і пах ліпеньскага мёду…
02.04.2011. Пасля ўчарашняга дажджу паветра загусцела і запахла бярозавым сокам…
10.08.2013. З супрацоўнікамі выдавецтва і з Людмілай ездзілі ў Нясвіж на экскурсію. Наша дарога пачалася праз дождж, пад які трапілі амаль усе, таму ў аўтобусе напачатку было неяк няўтульна, але хутка мы сагрэліся, і да ўсяго выглянула сонца…
Поўна турыстаў, нібыта ўсе дарогі вядуць у Нясвіж…
Ідучы па дарозе да палаца, па якой Радзівілы, бывала, для забавы летам ездзілі ў санях па солі, думаў пра соль, якая ляжыць пад асфальтам…
У кроках дваццаці ад дарогі ў палац гарыць вечны агонь і стаіць помнік воінам, якія змагаліся з нямецкімі акупантамі…
Вандроўка па палацы, быццам сон, які нечакана прысніўся, і ты ў гэтым сне, як малое дзіця, ходзіш, разінуўшыся, разглядаючы пакоі, у якіх жылі Радзівілы…
Паркі каля палаца, як зачараваныя радзівілаўскія войскі, што ахоўваюць сваіх уладароў…
У касцёле ў сутарэннях стаяць семдзесят трунаў з Радзівіламі…
Ехалі з Нясвіжа, нібыта з XIX стагоддзя…
23.02.2015. Мінулай восенню, вяртаючыся з працы, сярод бруднага лісця заўважыў цацку – маленькага тыгрыка. Відаць, нечае дзіця згубіла. Тыгрык быў, як і я, самотны і прамоклы пад восеньскім дажджом. Я падабраў малечу. Прынёс дахаты, памыў у цёплай вадзе, абсушыў і пасадзіў на паліцу каля кніжак, што побач з камп’ютарам. І цяпер усё, што я пішу і што гляджу ў інтэрнэце, бачыць тыгрык, якога я падабраў на вуліцы ў час восеньскага дажджу…
12.05.2015. Холадна. Пасля дажджу лістота на дрэве, як зялёны лёд…
27.02.2016. З Людмілай дамовіліся сустрэцца каля ГУМа а шаснаццатай гадзіне. Прыйшоў раней. Каля ўвахода ў краму на парапеце сядзеў, трымаючы паміж ног велізарную чорную сумку, у чырвонай куртцы і ў грувасткай чырвонай вязанай шапцы пажылы мужчына, з якім гадоў сорак таму я пазнаёміўся на літаб’яднанні ў “Чырвонай змене”. Я тады вучыўся ў тэхнікуме, а ён працаваў на водаканале. Як яго зваць – не памятаю. Ці піша ён цяпер вершы? Хутчэй што не. Я пазнаў яго, а ён мяне – не. Каб пагрэцца, я на некалькі хвілін зайшоў у краму, і, калі выйшаў, майго знаёмага на месцы не было. На ўваходзе з’явіўся сабака. Нехта яго прывязаў да клумбы, і ён спакойна і з любоўю глядзеў на прахожых, грэючыся на сонцы.
Хутка прыехала Людміла. Купіўшы ў ГУМе новых відэльцаў і лыжак, мы пайшлі на выставу дызайнераў “Чароўны млын”. Уваход платны. Нягледзячы на гэта, у павільёне паўнютка людзей. Сустрэлі паэтку Наталку Кучмель. На самым пачатку нашай вандроўкі сярод рукатворнай прыгажосці мне прапанавалі набыць голас дажджу, а за хвілін дзесяць перад выхадам з гандлёвага павільёна мог займець таблетку шчасця. Нічога не набыў, а Людміла сёе-тое купіла. Дамоў вярталіся стомленыя, але задаволеныя. У маёй памяці застаўся голас дажджу…
31.03.2016. Ездзіў у Аляхновічы ў бібліятэку, дзе выступаў перад старшакласнікамі. Выступ арганізаваў Міхась Казлоўскі. Ён мяне сустрэў на вакзале. Ідучы да бібліятэкі, згадвалі, як мы тут у маладосці бавілі час у старэйшых сяброў. Нікога не засталося. Ляжаць на могілках. Паслухаць мяне прыехаў дзядзька з Навасёлак. Ён набыў “Пугачоўскага цырульніка”. Школьнікі задавалі пытанні, слухалі вершы і, калі я жартаваў, смяяліся. Назад з Міхасём да электрычкі ішлі праз дождж са снегам. Крыху вымаклі. Ранейшым часам хадзілі б па Аляхновічах да апошняй электрычкі, а там, магчыма б, і заначавалі ў былога настаўніка беларускай мовы і літаратуры, перакладчыка Яраслава Масеевіча Касцюка. Толькі Яраслава Масеевіча даўно няма, і мы ўжо іншыя…
06.05.2016. Вячэрні дождж, як апладысменты сонцу, якое знікла за небакраем, як за кулісамі…
11.05.2016. Дзесяць гадоў таму для кнігі пра мастака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міколы Селешчука “Гучанне музыкі нябёсаў” (2007) я напісаў згадкі “Я жыву над акіянам…”:
“Ён ідзе па вуліцы роднай вёскі. Няспешна, як сонца над травамі. Яму няма куды спяшацца, бо Ён ведае, што паспее ўсюды, куды яму патрэбна…
…Мне было 17 гадоў. Я вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Жыў на кватэры, і мне, зразумела, не заўсёды хапала грошай на пражыццё. Бацькі дапамагалі, але я шмат траціў на кнігі. І вось неяк, гасцюючы ў свайго земляка, літаратуразнаўца Яўгена Гарадніцкага і гаворачы пра тое, што трэба было б мне дзе-небудзь крыху падзарабіць, Жэня, ведаючы, што я ўмею маляваць, прапанаваў завесці мяне да свайго сябра мастака Міколы Селяшчука ў выдавецтва “Вышэйшая школа” і ўзяць паспрабаваць афармляць кнігі. Я даў згоду, не разумеючы, што бяруся не за сваю справу. Ну які з мяне мастак! Ну вучылі мяне ў тэхнікуме маляваць, ну атрымаў я па малюнку пяцёрку, але гэта ніякіх адносін да мастацтва не мела і не мае.
І тым не менш я пайшоў з Яўгенам у выдавецтва. Да ўсяго, мне было цікава пазнаёміцца з Міколам Селешчуком, пра якога я шмат чуў ад свайго земляка. Ідучы да Селешчука, я захапіў некалькі сваіх тэхнікумаўскіх прац, каб паказаць, што аловак умею трымаць у руках. Мікола нас чакаў, бо Гарадніцкі, перад тым як весці мяне ў выдавецтва, усё пра мяне яму расказаў. Не ведаю, як Селяшчук ацаніў мае малюнкі, але пасля размовы пра паэзію і пра маю валожынскую вёску Пугачы і сваю Пугачова пад Брэстам ён даў мне на афармленне частку нейкага (не памятаю ўжо якога) рукапісу. Беручы працу, я ўжо сумняваўся ў тым, што яе зраблю. Так яно і атрымалася.
Недзе паўгода я і блізка не падыходзіў да выдавецтва, баючыся сустрэцца з Селешчуком. З мастаком не сустракаўся, а вось Яўген Гарадніцкі на пасяджэннях літаб’яднання ў газеце “Чырвоная змена”, куды мы разам насілі вершы, кожны раз пытаўся: “Калі ты ўжо аддасі працу ў выдавецтва?” А я ўсё казаў, што працую і мне засталося зрабіць пару малюнкаў. На самай жа справе я нічога не намаляваў і нават не браўся. У мяне перад вачамі стаялі работы Міколы Селяшчука, і я разумеў, што, каб ён ухваліў маё афармленне, трэба мне намаляваць хаця б прыблізна так, як малюе ён.
Ішоў час, і я рукапіс недзе наогул згубіў. І якая ў мяне была радасць, калі ад Яўгена Гарадніцкага даведаўся, што Мікола Селяшчук у выдавецтве больш не працуе. Пасля авантуры з афармленнем кнігі я некалькі гадоў не хадзіў на выставы, бо баяўся, што сустрэнуся там з Міколам Селешчуком, а ён і скажа: “Дзе афармленне кнігі? Дзе рукапіс? Гэта з-за цябе мяне звольнілі з працы!”…
Ён ідзе па праспекце вялікага тлумнага горада. Ён задуменны, як Бог. І ў ягоных вачах святло таго, што было, што ёсць і што будзе…
Яўген Гарадніцкі пазнаёміў мяне і з мастаком Фэлікам Янушкевічам з Ракава. А Фэлік, у сваю чаргу, запрасіўшы мяне на адкрыццё выставы сямі мастакоў “Жывапіс. Графіка. 1985”, яшчэ раз пазнаёміўся з Міколам Селешчуком. Не ведаю, ці помніў мяне Мікола як свайго аўтара, але прыемна было даведацца, што ён ведае мяне як паэта. І, наогул, Мікола Селяшчук любіў паэзію і разумеў яе вельмі добра. І ўсе кнігі ў яго афармленні выклікалі захапленне, бо яны ў ягоным мастацкім афармленні самі былі як творы мастацтва. І сёння, працуючы ў выдавецтве, я адчуваю, як нам не хапае Міколы Селешчука з яго божым талентам кніжнага графіка. Колькі мы з ім маглі б выдаць цудоўных кніг! І я думаю, ён бы не патрабаваў вялікага ганарару, бо ён разумеў, што самы вялікі ганарар для творчага чалавека – гэта людское разуменне яго творчасці. Прызнаюся, што я марыў, што прыйдзе той час, і Мікола Селяшчук аформіць і мае вершы. Але, на жаль… Ён ідзе па Беларусі. І Ён любіць гэту зямлю, на якой нарадзіўся і якая жыве ў яго творах…
Восенню 1987 года пасля вучобы ў Маскве на ВЛК Літаратурнага інстытута імя М. Горкага мяне ўзялі на працу ў часопіс “Беларусь” у аддзел культуры. І мне як паэту далі весці рубрыку “Наш вернісаж”, дзе прадстаўлялася творчасць мастакоў. А іх у часопіс прыходзіла вельмі шмат. І мне даводзілася амаль пра ўсіх пісаць, і я пісаў з радасцю. Асабліва пра тых, з кім у мяне ўжо склаліся добрыя сяброўскія адносіны.
“Восенню мінулага года ў зале Інстытута навуковатэхнічнай інфармацыі, пасля некаторай бюракратычнай валакіты, адбылася выстава “Жывапіс. Графіка. 88”. У ёй удзельнічала кагорта маладых беларускіх мастакоў: Віктар Альшэўскі, Уладзімір Савіч, Мікола Селяшчук, Валерый Славук, Уладзімір Тоўсцік і Фелікс Янушкевіч. Адчувалася, што мастакі перараслі выдзеленую ім выставачную залу і вымушаны былі адбіраць толькі самае лепшае з таго, што хацелі б паказаць, але, і нягледзячы на гэта, наведвальнікі атрымалі добрую магчымасць для знаёмства з мастакамі, якія даўно прыкметна вылучаюцца сярод сваіх калег…” – так пачыналіся мае нататкі ў часопісе “Беларусь” № 2 за 1989 год, дзе я знаёміў чытачоў з творчасцю Віктара Альшэўскага.
Пасля гэтага я пісаў пра Фэліка Янушкевіча, потым пра Уладзіміра Савіча, пра Уладзіміра Тоўсціка… А пра Міколу Селяшчука ўсё неяк не выпадала. А ён часта прыходзіў у рэдакцыю часопіса. Але не для таго, каб мы нешта пра яго напісалі, бо ў яго і без нас было каму расказаць людзям пра яго творчасць. Ён прыходзіў да намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Беларусь” Таісы Бондар, для якой афармляў новую кнігу паэзіі, і мне часта даводзілася ўдзельнічаць у размовах. Гаварылі пра літаратуру, чыталі вершы, і не толькі свае, абмяркоўвалі выставы, дзяліліся творчымі планамі.
Час ляцеў, і ў 1989 годзе ў цудоўным афармленні Міколы Селяшчука выйшла кніга Таісы Бондар “Адна”. Якая тады была шчаслівая Таіса Мікалаеўна! І каб аддзячыць мастаку за сваю радасць, яна дала мне заданне зрабіць для часопіса вялікае інтэрв’ю з Міколам Селяшчуком. Мікола не быў супраць: “Прыходзь заўтра пад вечар. Я жыву над акіянам… Знойдзеш”. Сказаў і пайшоў. А я задумаўся: “Над якім акіянам? Ну ёсць у нас Мінскае мора… А дзе акіян?” Потым Таіса Бондар мне растлумачыла, што над рыбнай крамай “Акіян” знаходзіцца майстэрня мастака…
Ён ідзе па белым свеце. І ноч свае зоркі кідае яму пад ногі. І дзень цалуе ягоныя вочы. І птушкі, як анёлы, лятуць услед за ім…
…І пайшоў я да Міколы Селяшчука рабіць інтэрв’ю для часопіса. У майстэрні ён быў не адзін, а дакладней, над акіянам былі ў адным памяшканні тры майстэрні. Мастакі абрадваліся майму прыходу. Пачалі частаваць, а я, у сваю чаргу, чытаў ім свае вершы. Кончылася тым, што я ні вялікага, ні малога інтэрв’ю з Міколам не зрабіў. Назаўтра сказаў Таісе Бондар, што, на жаль, Селяшчук быў вельмі заняты, і мы з ім дамовіліся сустрэцца сёння.
Пасля працы я ізноў пайшоў да мастака. На гэты раз у гасцях у Міколы была прыгожая-прыгожая дзяўчына. Яна і сёння стаіць у мяне перад вачамі. Такая светлая, як ранішняе сонца над акіянам, дзе пачаўся канец сезона туманоў. Пазней я даведаўся, што тая прыгажуня стала жонкай Міколы. Зразумела, што і на гэты раз я ніякага інтэрв’ю не зрабіў. Давялося ісці яшчэ і на наступны дзень.
Прыйшоў, а ў Міколы ў майстэрні зноў дзяўчына, і ён яе малюе. І мы дамовіліся, што я проста напішу пра Міколаву творчасць што-небудзь паэтычнае, як раней пісаў пра яго сяброў. І я напісаў, і ў часопісе “Беларусь” № 8 за 1990 год з’явілася такая публікацыя:
“Ён ідзе па вуліцы сярод людзей, якім усё роўна, хто на іх глядзіць: міліцыянер, Мастак ці сам пан Бог. А Ён ідзе і ўглядаецца ў твары і бачыць мінулае, сённяшні дзень і будучыню. Ён – Мастак. Яму дадзена ад Бога бачыць тое, што мог убачыць толькі сам пан Бог. Ён чуе галасы і д’ябла, і анёла. Мастак, як і Паэт, не можа не чуць іх галасы. Ён не можа быць глухім, а тым больш – сляпым. Хто мае вушы – пачуе, хто мае вочы – убачыць. А той, хто мае талент, – увекавечыць тое, што пачуе, што ўбачыць. І Мастак увекавечвае, не думаючы, як і чым яму за гэта заплацяць. Самая прыстойная і вялікая плата – разуменне. Не, не прызнанне, а разуменне. Прызнаць могуць і халтуршчыка, які ўмее маляваць мёртвыя твары часовых герояў. Ён і сам будзе часовым героем, які яшчэ пры жыцці можа стаць мёртвым. Колькі іх сёння, мёртвых герояў, сядзіць у кабінетах, на дачах! А Мастак, калі ён сапраўдны, не можа быць часовым героем. Ён або Мастак, або – ніхто…
…А па вуліцы ідзе Мастак. Ён углядаецца ў твары і бачыць тое, што мог бы ўбачыць сам пан Бог. Ён – Мастак.
Сёння госць “Нашага вернісажу” мастак Мікола Селяшчук”.
Разам са словамі пра мастака на каляровай уклейцы часопіса былі змешчаны рэпрадукцыі ягоных карцін: “Мінута маўчання”, “Вандроўнікі”, “Занесеныя да яго”, “Блукаючы з раніцы”, “На дачы Уладзіміра Антонавіча”. Пасля выхаду часопіса ў свет, пры сустрэчы Мікола Селяшчук вельмі шчыра і цёпла дзякаваў мне за публікацыю і хваліў мой тэкст…
Ён ідзе па вуліцы роднай вёскі… Ён ідзе па праспекце вялікага тлумнага горада… Ён ідзе па Беларусі… Ён ідзе па белым свеце… Ён ідзе…”
25 верасня 1996 года мастак Мікола Селяшчук патануў у Тырэнскім моры падчас паездкі ў Італію. Пахаваны на могілках у Камяніцы-Жыравецкай.
Смерць Міколы Селешчука мяне вельмі ўразіла. І я праз некалькі месяцаў (14-15.12.1996) напісаў верш, прысвечаны яго памяці:
З прыгожай і роднай самотнай краіны
Паехаць да мора і там – патануць…
Праз дождж па дарогах, дзе плачуць
рабіны,
Самотныя людзі самоту вязуць.
І дрэвы губляюць апошняе лісце,
І следам лятуць за машынай вятры,
І ты ўжо не можаш спыніць іх і выйсці,
Каб з лесам, каб з рэчкаю пагаварыць.
Ты едзеш не ў хату, ты едзеш пад крыж,
Дзе вечнасць чакае цябе на пагосце,
Таму так балюча і шчыра маўчыш…
Зноў мора чужое далёкае сніцца,
Дзе чорныя хвалі, як чорны пажар.
І раптам на бераг
вады бліскавіца,
І падае неба –
пад хвалямі
хмар…
І ціха ізноўку, і светла, бы ў Храме,
І свечкі, як зоркі ў сусвеце, гараць.
І маці страчае…
І што скажаш маме,
І што тут Айчыне сказаць?..