Пра сябе і свой выбар расказвае ўраджэнка Валожына Дар’я Гедроіць. Дзяўчына скончыла будаўнічы факультэт БНТУ па спецыяльнасці «эканоміка будаўніцтва» і цяпер працуе сметчыкам у праектнай кампаніі. Хоць Дар’я прызнаецца, што склад розуму ў яе інжынерна-матэматычны, у душы яна часам шкадуе, што не стала ветэрынарам.
Сямейныя карані
Дар’я замужам, жыве ў Мінску. Бацькі Дар’і засталіся ў Валожыне: тата Іван Антонавіч Гедроіць выкладаў у сярэдняй школе № 2 (цяпер на пенсіі, але працуе на чвэрць стаўкі ў Гародькаўскай сярэдняй школе), мама Ганна Уладзіміраўна – банкаўскі спецыяліст, працавала ў Валожыне, цяпер – у Мінску. Бабуля па татавай лініі Вера Іванаўна Гедроіць шмат гадоў вучыла французскай мове ў сярэдняй школе № 1, некалькі гадоў таму раённая газета віншавала яе з 90-годдзем. Другая бабуля, Ніна Сяргееўна Лешчанка, працавала ў райвыканкаме. Дзядуля Антон Аляксандравіч Гедроіць – педагог па адукацыі, нейкі час быў дырэктарам школы, а потым – старшыней раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі. Другі дзед – Уладзімір Іванавіч Лешчанка, усе жыццё займаўся будаўнічай дзейнасцю.
Сама Дар’я, у адрозненне ад бабулі-педагога, стаць настаўніцай ніколі не хацела: у 17 гадоў мала хто з яе аднакласнікаў дакладна ведаў сваё прызванне, будаўніцтва падалося цікавым. Дзяўчына цэніць сваю прафесію за прыкладны характар: працаваць з чарцяжамі і тэхналогіямі, перакладаць мову праекта на мову лічбаў, яна лічыць цікавым заняткам.
Жыццёвае прызначэнне: дапамога жывёлам
Яе захапіла дапамога бяздомным, кінутым жывёлам. У гэтым дзяўчыну падтрымлівае мама, якая з дзяцінства вучыла дачку адказнаму стаўленню да братоў нашых меншых. Дар’я памятае, што ў маленстве ёй можна было прынесці дадому любую жывёлу – мама заўсёды дапамагала вылечыць тую і прыстроіць. І цяпер Ганна Уладзіміраўна актыўна ўдзельнічае ў валанцёрскай дзейнасці. Напрыклад, нядаўна на Валожынскім рынку знайшлі котку з кацянятамі — мама адразу адгукнулася, забрала іх. У Дар’і ёсць і іншыя памочнікі – сястра Надзея і маміна сястра Вольга.

А ў кастрычніку на вуліцы Чапаева дзяўчына-настаўніца ўзняла трывогу: дзікая котка хутка павінна была акаціцца. Валанцёры дапамаглі, і сама настаўніца ўдзельнічала ў адлове. Дар’я трымала жывелу дома ў клетцы, пасля стэрылізацыі выпусціла на вуліцу – цяпер тая здаровая і не будзе пакутаваць ад бясконцых родаў. У кастрычніку там жа котка нарадзіла чатырох кацянят каля смеццевага кантэйнера — мама ўзяла ўсіх на ператрымку, вылечыла (кацяняты былі хворыя, з заплюшчанымі вачыма) і за месяц прыстроіла ў новыя сем’і. Складаных і небяспечных сітуацый у дачыненні да жывёл шмат. Хтосьці дапамагае ім, а хтосьці спрабуе пакрыўдзіць і нават забіць. Магчыма, жыхары Валожына памятаюць гісторыю сабакі Глашы, на якую ўчыніў паляванне мясцовы аматар выпіць. Мужчына звязаў яе дротам і збіў. Шчанюкі засталіся без маці. Але, ёй пашанцавала. Сабаку знайшлі і вылечылі, шчанюкоў выратавалі. Глаша да гэтага часу не давярае людзям, выключэнне – жанчына, якая прытуліла яе і шчанюкоў.
Валанцёрства як камандная праца
У Дар’і ў Мінску прыватная тэрыторыя, дзе змяшчаюцца некалькі жывёл з калецтвамі і асаблівасцямі псіхікі – тыя, каго не ўдалося прыстроіць у добрыя сем’і. Напрыклад, жыў сабачка з Аўгустова, які хадзіў як шкілет, вельмі стары – Дар’я забрала яго сабе, прывяла ў парадак зубы. Сабачку пакуль згадзілася патрымаць мама – дома жыве сястра, якая выводзіць яго гуляць. Дар’я выходзіць з дому ў 8 раніцы і вяртаецца ў 8-9 вечара, жывёл корміць два разы на дзень. Клопатаў хапае, але яна спраўляецца.



Галоўнае пытанне, якое хвалюе: як арганізаваць сістэмную дапамогу бяздомным жывёлам на тэрыторыі цэлага раёна
Сіл валанцёраў на ўсё не хапае. Бо ў кожнага ёсць асноўная праца і сям’я? Дар’я падкрэслівае, што валанцёрства немагчыма ў адзіночку: патрэбна каманда аднадумцаў. Хтосьці прадастаўляе каткалоўку, хтосьці ловіць, хтосьці забірае, лечыць, стэрылізуе, шукае ператрымку да прыезду ветэрынарных урачоў ці дастаўляе ў Маладзечна. Яшчэ адно важнае праблемнае пытанне для Валожына і раёна: крытычна не хапае прафесійнай ветэрынарнай клінікі для хатніх жывёл. Часам удаецца прывозіць урачоў з «Зоашанса», але для раёна гэта вельмі мала.
Як размеркаваць фінансавую нагрузку пры выратаванні жывёл, калі асноўныя выдаткі ляжаць на плячах валанцёра?
Фінансавыя выдаткі: ежа, напаўняльнік, лячэнне, аналізы, агляды, стаматалогія, ампутацыі – кладуцца ў асноўным на таго, хто ўзяў жывёлу. На падтрымку Дар’я асабліва не разлічвае, хоць людзі даволі часта адклікаюцца і дапамагаюць аплаціць лячэнне. Можна пералічыць грошы на рахунак грамадскага аб’яднання «Шанс на жизнь» з Маладзечна з пазнакай «Валожын» (пакуль што ў нашым раёне няма свайго аб’яднання, але мы імкнёмся да гэтага).
Актуальную інфармацыю аб тым, чым дапамагчы, можна знайсці ў тэлеграм-канале «Лапы и хвосты Воложин» і ў Instagram. Калі ў Валожын прыязджаюць ветэрынарныя ўрачы, бяздомным жывёлам на ператрымцы аказваюць медыцынскую дапамогу са зніжкай. Кожны жадаючы можа пасадзейнічаць у адлове жывёлы: не штурхаць яе, а прывесці да ўрача, патрымаць у сябе пакуль паправіцца і зноў выпусціць – гэта не складаны працэс. Кожны валанцёр падкажа і накіруе вашы дзеянні. Напрыклад – за апошні год удалося чатыры разы прывезці ўрачоў у Валожын – за адзін прыезд стэрылізавалі крыху больш за 50 жывёл. Гэта катастрафічна мала для раёна.

Узаемадзеянне з уладамі і галоўныя праблемы
Нядаўна валанцёры былі на прыёме ў старшыні райвыканкама. Ім паабяцалі падтрымку і рэкамендавалі звярнуцца ў профільны аддзел. Вельмі патрэбны юрыдычны адрас для стварэння арганізацыі – Дар’я спадзяецца, што ў пачынаннях дапамогуць, таму што гэта патрэбна перш за ўсё гораду і яго жыхарам.
Галоўныя пытанні
Арганізацыя працы ветэрынарнай клінікі ці хоць б прыёму ўрача некалькі разоў на тыдзень з магчымасцю правядзення аперацый. Многія гаспадары хацелі б вылечыць або стэрылізаваць жывёлу, але не маюць магчымасці дабрацца да Маладзечна (там ёсць дзяржаўная і прыватныя клінікі). Стварэнне афіцыйнай арганізацыі, дзе будзе памяшканне для ўтрымання жывёл, спецыялісты, урачы, спецтранспарт, каб любы чалавек мог звярнуцца па дапамогу – гэта тое, аб чым можна марыць. Для пачатку неабходны юрыдычны адрас і магчымасць працаваць валанцёрам.
Хто такія валанцёры і чым можа дапамагчы кожны
Галоўнае пытанне: як грамадству разумець ролю валанцёра і не перакладаць на яго ўсю адказнасць? Валанцёры – гэта людзі, якія могуць нешта рабіць па сілах і жаданні, але не абавязаны нiкому. У кожнага ёсць абавязкі перад сям’ёй і па месцы працоўнай дзейнасці. Валанцёрства – гэта не прафесія з пасадавымі інструкцыямі, а добраахвотная занятасць па сілах. Валанцёр не можа сарвацца па званку ў любы момант – ён можа быць на працы. Валанцёр – гэта хутчэй пасрэднік у вырашэнні пытанняў: дапамагчы парадай, накіраваць, параіць клініку. Калі ката забралі валанцёры, гэта не значыць, што ён ужо прыстроены, — яго трэба выхадзіць і знайсці новых гаспадароў. «Усіх абняць і прыняць» у нас магчымасці няма. Валанцёр – гэта чалавек, які не можа прайсці міма кінутай хворай жывёлы, бо тая ў адрозненні ад чалавека, не можа сабе дапамагчы. Людзі калісьці прыручылі жывёл для ўласных патрэб, а адказнасць за іх чамусьці «выключылі». Але, радасна, што добрых і адказных людзей усё ж больш.
Галоўнае ж пытанне, пра якое варта памятаць кожнаму – выхоўваць пачуццё эмпатыі з дзяцінства і разумець, што ўзровень развіцця грамадства напрамую залежыць ад узроўню арганізацыі дапамогі бяздомным жывёлам. Дар’я заклікае імкнуцца да таго, каб максімальная колькасць жывёл была стэрылізавана і магла пражыць жыццё спакойна, без лішніх пакутаў.
Калі ў вас засталіся пытанні і вы не ведаеце, да каго звярнуцца, вы можаце напісаць у рэдакцыю раённай газеты або патэлефанаваць.
Як дапамагаць? Галоўнае – рабіць, тое што вам па сілах.
- Распаўсюджваць інфармацыю пра кінутых жывёл.
- Дапамагаць у пошуках новай сям’і.
- Купіць корм.
- Збіраць сродкі на медыцынскую дапамогу.
- Рэгулярна адлічваць невялікую суму на дапамогу жывёлам
- Часаць і стрыгчы жывёл, дапамагаць выгульваць іх.
- Раіць суседзям і знаёмым, дзе можна стэрылізаваць жывёлу.
- Дапамагаць весці каналы пра жывёл у сацыяльных сетках.
Іна ДАЛІДОВІЧ,
фотаздымкі Дар’і Гедроіць






