Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
06.10.2015. Мінулай ноччу на 91-м годзе жыцця памёр пісьменнік Алесь Савіцкі. Ганаровы грамадзянін горада Полацка. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся Алесь Ануфрыевіч 8 студзеня 1924 года. Гэта па пашпарце. А па сапраўднасці – 8 студзеня 1925 года. У час вайны ён паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны. З 1942 года – партызан атрада “Смерць фашызму”, з 1943-га – камандзір падрыўной групы атрада “Бальшавік” брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944-1945 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе. Першае апавяданне “Рыбацкае шчасце” надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце. Алесем Савіцкім напісана шмат цікавых твораў. Асаблівай папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць-казка “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка”.
Разоў дзесяць мне давялося выступаць разам з Алесем Ануфрыевічам. Памятаецца, як гадоў дваццаць таму мы з ім удзельнічалі ў вялікім пасяджэнні ў АН Беларусі, дзе ішла размова пра сучасную літаратуру. Выступаючы, Алесь Савіцкі не толькі называў імёны тагачасных маладых творцаў, а натхнёна па памяці цытаваў вершы. Тады ён прысутных добра ўразіў, калі прачытаў верш Анатоля Сыса, бо раней усе думалі, што Савіцкі ведае творы толькі тых пісьменнікаў, якія займаюць пасады і працуюць у рэдакцыях. З Алесем Ануфрыевічам было добра пагаварыць пра цяперашняе жыццё, паўспамінаць пісьменнікаў, якія адышлі ў лепшы свет. З ім не адчувалася розніца ў гадах. Ён быў маладым сэрцам і душой…
У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у адкрыцці фотавыставы майго земляка Міколы Лінніка, дзе прадстаўлена 28 фотаздымкаў з маімі творамі з цыкла “Балады беларускага шляху”. Гэта толькі дзясятая частка з балад, якія ў мяне напісаны. Мікола зрабіў мастацкія здымкі магіл, дзе пахаваны героі маіх твораў. Адкрыццё выставы пачалося з цудоўных песень. Потым выступалі ўсе, хто жадаў. Асабліва прыемна было пачуць добрыя словы ад мастака Міколы Купавы. Дамоў вяртаўся з думкай, што напісанае мной усё-такі некаму патрэбна…
07.10.2015. З Людмілай вечарам былі ў Баранавічах. Ехалі на цягніку “Мінск-Гродна”. У плацкарце было поўна людзей. Большасць сядзела ўткнуўшыся вачыма ў камп’ютары і смартфоны. Не вагон, а камп’ютарны клуб на рэйках…
У цягніку даўно не ездзіў, нібыта не ўцякаў ад сябе самотнага… Станцыя “Асіна”. Лес. На ўзлессі ляжаць бярозавыя паленні… Праехалі Стоўбцы. На прыпынку на лаўцы ў чорным капелюшы і скураным плашчы сядзеў пажылы мужчына, падобны да Якуба Коласа. Чытаў газету. Каля чыгункі выкарчаваныя велізарныя пні, як тутэйшыя мёртвыя васьміногі…
Згадаўся паэт Мікола Купрэеў, які любіў ездзіць на цягніках. Разумею ягоную любоў. Едзеш, глядзіш праз акно на наваколле і адчуваеш сябе вольным ад тлуму жыццёвага. Цягнік імчыць. Нас ніхто не дагоніць!
Выпіў дзве шклянкі вагоннай гарбаты. У думках памаладзеў на гадоў трыццаць. Узгадаў даўнія паездкі ў Маскву на вучобу ў Літінстытут. Тады начамі ніколі не спаў. Мэнчыўся ўсю дарогу без занятку. Цяпер бы сядзеў у інтэрнэце… У пустых шклянках танцуюць лыжачкі. Ім таксама добра…
На палях ужо зжата кукуруза. Кукурузныя пянькі стаяць, як патухлыя свечкі…
У Баранавічах на вакзале нас сустрэла бібліятэкарка. Ідучы да месца выступу, паглядзелі на горад. Паслухаць нас сабралася чалавек сорак. Большасць – дзяўчаты і жанчыны. Амаль паўтары гадзіны мы з Людмілай расказвалі пра сябе, чыталі вершы, адказвалі на пытанні, падпісвалі кнігі. У 21.41 выехалі з Баранавіч. Дарожны час за размовай праляцеў хутка. Гарбата ў цягніку “Брэст-Масква” была нягоршай, чым у “Мінск-Гродна”, але ў плацкарце было цяплей, чым у купэ…
09.10.2015. Жоўтая кляновая лістота, як восеньскія дранікі…
Тое, што мастацкі твор чытаецца на адным дыханні – не галоўны доказ таго, што твор геніяльны. На адным дыханні чытаецца і тэлефонны даведнік…
З Людмілай былі на прэзентацыі кнігі вершаў і перакладаў Георгія Барташа “Ботиночки”. Людзей сабралася шмат. Амаль усе заяўленыя выступоўцы прыйшлі.
Побач са сцэнай быў столік, на якім прыгожыліся чаравікі Барташа. Чорныя. Адзін стаяў, а другі ляжаў… На вуліцы халадэча, а ў памяшканні цёпла. Думаю, гэтак жа і ў чаравіках Барташа было б, калі б іх абуць…
Непадалёку сцэны і прысутных стаялі бакалы для шампанскага на вялікіх ножках, як дзяўчаты на цыпках, каб разгледзець усіх, хто прыйшоў. Стаялі ціха, нібыта загадаўшы жаданне, каб іх узялі паэты, што выступалі, а не халяўшчыкі…
Георгій Барташ хораша глядзеўся на сцэне. Слухаючы песні ў аўтарскім выкананні, згадаўся Маскоўскі ЦДЛ і вечарына Булата Акуджавы, куды я з Людмілай хадзілі падчас вучобы ў Літінстытуце…
За велізарным акном, што быў за спінай Георгія, віднелася ў вечаровай цямнечы вуліца. Яна была пазначана пункцірамі ліхтароў і нагадвала аэрадромную паласу, на якой стаяў нябачны самалёт, што чакаў заканчэння прэзентацыі, каб забраць з сабой аўтара кнігі і выступоўцаў і паляцець у Парыж…
Дамоў вярталіся на тралейбусе…
10.10.2015. Патэлефанавала незнаёмая жанчына. Назвалася Алай Філіпаўнай Шыпіцынай (у дзявоцтве – Мірочнік). Нарадзілася яна ў 1948 годзе ў Кудзяўцах, што ў кіламетрах чатырох ад маіх Пугачоў, але ў дакументах запісалі, што нарадзілася ў Русаках. Гэта вёска ў некалькіх кіламетрах ад Лягез, дзе я гадаваўся да школы. Нумар майго тэлефона Але Філіпаўне даў мой дзядзька Віця з Лягез. Жанчына нядаўна прачытала маю кніжку “Пугачоўскі цырульнік”. Хоча яшчэ пачытаць мае ранейшыя творы. Ёй нехта з нашых землякоў сказаў, што я ў нейкай кніжцы напісаў пра яе бацьку. Я не згадаў. Можа, і напісана. Пазнаёміўшыся па тэлефоне, мы крыху пагаварылі пра родныя мясціны. Я расказаў, як у 60-я гады, калі жыў у Лягезах, з дзядзькам Ванем хадзіў у Русакі глядзець па тэлевізары пахаванне касманаўта. Ала Філіпаўна адразу сказала, што тады ў Русаках быў тэлевізар толькі ў сям’і Грамовічаў. Яна ў іх глядзела “Паўлінку”. Раней, чым у Русаках, тэлевізар з’явіўся ў Бакачах у сям’і Аляксандра Мацкевіча. Цяпер Ала Філіпаўна кожныя выхадныя ездзіць у Русакі ў родную хату. Дамовіліся, што, калі пачнуцца маразы і ляжа снег, сазвонімся і, як землякі, сустрэнемся…
11.10.2015. З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Былі ў Палацы прафсаюзаў, дзе прадаваліся кнігі “Мастацкай літаратуры”. Прагаласаваўшы, людзі падыходзілі да кніжных паліц і сёе-тое куплялі. Я нават аўтографы раздаваў на зборніку “Зярнятка”, у якім ёсць і мае вершы. Ідучы да царквы, сустрэлі мастака Кастуся Вашчанку. Пагаварылі пра выдавецкія справы. Людміла пасядзела на лаўцы Агінскага, паслухалі паланэз. У царкве было ціха і светла. Падумаў пра маму і бацьку. На вуліцы каля храма лёталі галубы, як анёлы…
13.10.2015. Тры дні запар пісьменнік, якому пад восемдзесят, тэлефанаваў і настойліва паўтараў: “Калі не выдадзіце кніжку ў бліжэйшы час, я памру!” Сёння прыйшоў сам, і зноў жа з той песняй: “Тэрмінова выдайце, а то памру!” Такіх жывых-паміраючых чалавек дзесяць набярэцца. Такога выдасі, а ён праз дзень прыйдзе з новым рукапісам і скажа: “Выдайце, а то я памру!” Гэтага ж пісьменніка, які сёння прыходзіў, мы выдадзім недзе на пачатку года. Выдадзім не таму, што ён нас дастаў, а таму, што ў яго сапраўды ёсць чытачы, якія чакаюць ягоных твораў. У размове ён кожны раз апавядае, што за ім у дамах адпачынку бегаюць жанчыны і просяць, каб ён даў ім сваю новую кнігу пачытаць. “А як я ім магу даць новую кнігу, калі вы яе затрымалі з выхадам! Друкуйце хутчэй, а то я памру!” У гэтага аўтара творы пра каханне з апісаннем любоўных інтрыг. На маю заўвагу, што, пачытаўшы ягоныя творы, могуць пакрыўдзіцца на пісьменніка жанчыны, пісьменнік сказаў: “Я ўжо болей пісаць пра жанчын не буду. Буду пісаць пра мужыкоў!”
14.10.2015. “Усе ведаюць аптэку ў Траецкім… Тую самую, што па літасцівым прывілеі яснавяльможнага пана Аўгуста ІІІ адчыніў у 1748 годзе менскі радца пан Ян Давід Шэйба…” – так пачынаецца адзін з раздзелаў аповесці Людмілы Рублеўскай “Ночы на Плябанскіх млынах”. На сённяшні дзень у Траецкім прадмесці працуе аптэка № 88. Праўда, ёй каля трыццаці гадоў, але іншай у Траецкім няма. Некалькі тыдняў таму Людміле патэлефанавалі з аптэкі і запрасілі прыйсці і расказаць гісторыю пра тую даўнюю аптэку і аптэкара Ёзафа, што апісаны ў творы. Сабралася чалавек дзесяць. Адна з супрацоўніц распавяла пра аптэку. Потым дала слова мастачцы Аляксандры Дзятлавай, якая 25 гадоў таму зрабіла дызайн памяшкання. Слухаючы аповед, думалася: “А я ж гэта ўсё тут бачыў сто разоў!”
Праз хвілін дваццаць наша экскурсаводка Валянціна Сасонкіна прапанавала прайсці з ёй на другі паверх у кабінет гісторыі фармацыі, пра які мы ніколі не чулі. Пайшлі і… трапілі ў аптэку мінулых часоў. На самым відным месцы я адразу ўгледзеў карціну Лідзіі Лазоўскай, якую яна намалявала па творы Людмілы. Ёзаф на ёй, як жывы. Верыш, што ён быў сапраўды, і ўсё, што Людміла пра яго напісала, – праўда. Побач з карцінай дакумент, у якім гаворыцца, што 28 лістапада 1748 года Аўгустам ІІІ быў дадзены дазвол на стварэнне аптэкі. Кабінету гісторыі фармацыі пяць гадоў. Сюды часта прыходзяць экскурсіі. І вось падчас адной да Валянціны Сасонкінай звярнулася жанчына: “А вы пра сваю аптэку не ўсё ведаеце!” І жанчына, паказаўшы кнігу Людмілы Рублеўскай “Жаніх пані Данусі”, распавяла пра Ёзафа і ягоную аптэку ў Траецкім. Цяпер у апэцы № 88 працуе гасцёўня “У гасцях у Ёзафа”…
15.10.2015. У Музеі Максіма Багдановіча ўдзельнічаў у адкрыцці выставы Алеся Квяткоўскага, якая прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння празаіка Кастуся Тарасава…
З працы выйшаў амаль за гадзіну да пачатку імпрэзы. Выйшаў параней, каб паглядзець на качак на Свіслачы. Нешта іх мала… Сустрэў Андрэя Ключнікава, якога не бачыў гадоў пяць. Ён у свой час удзельнічаў у пасяджэннях суполкі “Літаратурнае прадмесце”. На маё пытанне “Дзе ты прапаў?” Андрэй адказаў: “Жаніўся! У мяне трое дзяцей. Двое маіх – Ніна і Ілья, якім чатыры і адзін год. І дачка жонкі. Яна ў гэтым годзе паступіла вучыцца ў інстытут”. “Вершы пішаш?” – пацікавіўся я. “Пішу!” – усміхаючыся адказаў Ключнікаў і абяцаў заходзіцца да мяне на працу і пачаць зноў удзельнічаць у пасяджэннях суполкі…
На другім беразе ракі каля Траецкага прадмесця маладажоны пазіравалі фатографу. Ён у чорным касцюмчыку, а яна ў белай вясельнай сукенцы. Абдымаліся і цалаваліся. Гледзячы на закаханую студэнцкую пару, я падумаў, што ім, каб быць на беразе каля Траецкага, дзе другая пара ў вясельных строях, трэба абавязкова прайсці праз раку. Праўда, у іх ёсць выбар – ісці па вадзе ці па мосце…
У Музей Багдановіча прыйшоў першым. Алесь Квяткоўскі глядзеў у акно. Павітаўшыся, мы сталі ўдваіх глядзець. На жаль, не ўсе прыйшлі, хто абяцаў, але адкрыццё адбылося і без іх. Цікава было паслухаць Сяргея Ваганава, які ў дзяцінстве жыў у адным доме з Кастусём Тарасавым…
16.10.2015. У бібліятэцы імя Цёткі ў рэжысуры Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага (гаспадароў паэтычнага тэатра “Арт.С”) прайшла “Вечарына інтэлектуальных зданяў”, у час якой прэзентавалася кніга Людмілы Рублеўскай “З’яўленне Інфанты”…
Ідучы на вечарыну, у “Цэнтральным” універсаме папіў гарбаты і з’еў пару канапак. Стараўся не апячы язык, не атрымалася. Глядзеў праз акно на тратуар праспекта, як на подыум, на якім паказвалі моду “Восень-2015”…
Прайшоўся ад “Цэнтральнага” да Плошчы Перамогі. Час ад часу міма мяне праляталі раварысты, як гарадскія дэманы… Ападае лістота, і Музей Янкі Купалы пачынае віднецца праз восеньскае самотнае золата. У скверы некалькі адзінокіх людзей. Няспешна ходзяць, як грыбнікі… Пад мостам у Свіслачы плавае некалькі качак. Лістота праплывае каля іх, як парэшткі разбітага сонца… Па дарозе да Плошчы Перамогі прыдумаліся радкі: “Зоркі ў небе, як агні бакенаў на рацэ вечнасці…”
На прэзентацыю кнігі Людмілы Рублеўскай сабралася поўная зала. Сярод усіх было каля дзесяці курсантаў вайсковай вучэльні, якія наведваюць амаль усе спектаклі тэатра “Арт.С”. Пасля пачатку дзеі праз хвілін пятнаццаць, пакідаючы бібліятэку, каля Людмілы спыніўся дзіўны хлопец гадоў дваццаці пяці ў шэрай спартыўнай шапцы і, учапіўшыся за яе руку, папрасіў: “Благаславіце маладога паэта!” Людміла разгубілася, а я сказаў: “Давай, благаслаўляй! Не бойся!” Патрымаўшы за руку Людмілу, хлопец выгукнуў: “Максім, пайшлі!” Тут жа ўстаў стрыжаны пад нуль хлопец і хуценька следам за “маладым паэтам” пакінуў залу. Праўда, вечарына ад дзівакоў цалкам не пазбавілася. Мужчына гадоў пяцідзесяці ўсю прэзентацыю здымаў на смартфон. Спачатку на чорны, а потым на жоўты. Казаў, што ён кінарэжысёр і задумаў зняць фільм пра Рублеўскую, якая будзе Нобелеўскім лаўрэатам…
Спецыяльна на вечарыну з Полацка прыехала Люміліна чытачка, наша сяброўка па Фэйсбуку – супрацоўніца Музея беларускага кнігадрукавання Вера Ашуева. Гэта такі не першы выпадак. Нядаўна, калі ў “Цэнтральнай кнігарні” выступала Людміла, з Маладзечна прыязджала маладая жанчына, якой вельмі даспадобы Пранціш Вырвіч і ягоныя авантуры…
Вядучыя вечарыны Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі самі не сумавалі і нікому не давалі сумаваць. Фотамайстар Васіль Кузьмічкін усіх фатаграфаваў. Гаспадыня бібліятэкі Рэгіна Багамолава, як сапраўдная гаспадыня, глядзела за тым, каб усім было добра. І ўсім было добра…
Інфанта, якая цяпер жыве ў кнізе Людмілы Рублеўскай, прысутнічала ў зале. Яе не ўсе бачылі, але яна была…







