3 урачы, 2 загадчыкі ФАПаў, 1 памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце,
1 фельчар-лабарант, 7 медыцынскіх сясцёр са жніўня прыступілі да першага месца працы ў Валожынскай раённай бальніцы.
Адзін малады ўрач – івянчанка Ірына Багдановіч – пасля заканчэння Беларускага медыцынскага ўніверсітэта маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму. Зараз яна працуе ўрачом-педыятрам Ракаўскай участковай бальніцы. Яшчэ два маладыя ўрачы – Анастасія Уцякалка і Наталля Цяслюк – скончылі гэту ж ВНУ, прыехалі па размеркаванні і занялі пасады ўрачоў агульнай практыкі ў Валожынскай паліклініцы.
Па мэтавым накіраванні ў Маладзечанскім медыцынскім каледжы вучыліся памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Ксенія Масюк і загадчык Адамоўскага ФАПа Руслан Чэрнік. Бабровіцкі ФАП узначаліў Максім Гянбура. У клініка-дыягнастычнай лабараторыі райпаліклінікі з’явіўся малады фельчар-лабарант Дар’я Плескацэвіч.
Медыцынскія сёстры размеркаваны: у хірургічнае аддзяленне – Маргарыта Шкель, Аліна Галаванава і Лілія Сухадолец, прыёмнае – Яна Паталей і Ганна Сухадолец, у тэрапеўтычнае – Яна Анікеева.
Медсястрой паліклінікі працуе Вікторыя Барадын. Як адзначылі ў аддзеле кадраў райбальніцы, для замацавання кваліфікаваных кадраў усім, хто мае патрэбу, прадастаўлена жыллё.
Сёлета ў райбальніцу за накіраваннем для паступлення на атрыманне прафесіі ўрача звярнуліся 7 чалавек, яшчэ 13 выказалі намер вучыцца ў медыцынскіх каледжах. Будучыя доктары жадаюць асвойваць спецыяльнасці стаматологія, педыятрыя і лячэбная справа.