Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
06.08.2014. Нарэшце парадаваў дождж. Невялікі, але з грымотай. У дзяцінстве ў вёсцы, калі падоўгу стаяла сухмень, я чуў ад людзей, што трэба забіць жабу, тады і дождж пральецца. Мне вельмі хацелася дажджу, але я жаб не забіваў…
14.08.2014. Раніца. Дождж, як пачатак патопу. Стаю на прыпынку на Нямізе. Вуліца павольна ператвараецца ў раку. Спыняецца патрэбны мне аўтобус, і я еду ў ім, як у лодцы дзеда Мазая мокры заяц…
27.09.2014. Ездзіў у Пугачы… Праязджаючы каля Ракаўскіх могілак, каля святой крыніцы ўбачыў шмат народу. Жанчына, што сядзела побач, сказала: “Сёння свята – Узвіжанне Крыжа Гасподняга…”
Прыехаў у вёску. Адразу дождж перастаў, і засвяціла сонца… Да хаты па сухому не прайсці. Навокал вада. На вуліцы прарвала водаправод, і ўжо амаль два месяцы цячэ вада каля нашай хаты…
Прыехаў дзядзька Толя. Зааралі грады, пасеялі рапс. Мама была б задаволеная…
Пракапаў дзве неглыбокія канавы па метраў трыццаць. Адну каля плота на вуліцы, а другую ў садзе, каб вада сцякала. Праз гадзіну каля хаты пасушэла. І пры жыцці бацькоў водаправод нярэдка прарывала, і вада падцякала пад хату…
На вуліцы пагаварыў з дзядзькам Шурам, з Лідай і яе мужам Валодзем. У вёсцы добра, і я вяртаўся ў Мінск, успамінаючы тыя часы, калі бацькі былі жывыя…
Яблык ляжаў на дарозе, нібыта зваліўся з неба…
У Мінск вярнуўся, як прачнуўся…
13.04.2015. Прыходзіў Алесь Разанаў. Абмеркаваўшы ілюстрацыі да будучай кнігі яго вершаў-“пункціраў”, гаварылі пра Хрыста і першы зборнік Разанава “Шлях-360”. Калі Алесь Сцяпанавіч пакінуў нас, на вуліцы пацямнела, пайшоў дождж, малюючы на запыленых шыбах сцяжыны да паэзіі…
16.04.2015. Ішоў дождж у пошуках парасонаў…
27.04.2015. Працягнулі працу над кнігай Алеся Разанава “Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж”. Мастачка прапанавала некалькі варыянтаў вокладкі. Абмеркавалі. Потым яшчэ раз прагледзелі ілюстрацыі. Вымалёўваецца вельмі арыгінальная кніга. Алесь Сцяпанавіч задаволена ўсміхаўся. Гаварылі пра дождж, пра чарот, пра лістоту, пра журавіны, і ў голасе Разанава мне чулася талакаванне дажджу з маланкай…
07.05.2015. Працягваем працаваць над кнігай Алеся Разанава “Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж”. Мастачка Кацярына Дасько ўжо наблізілася да завяршэння афармлення. Разыходзячыся, пацікавіўся ў Разанава, што ён зараз творыць. Алесь Сцяпанавіч прызнаўся, што піша пункціры на літоўскай мове. Ужо ёсць 150 твораў і яшчэ плануе каля 200. Сёе-тое зачытаў нам. Мы слухалі, а на вуліцы з ветрам талакаваў дождж…
16.05.2015. Не даходзячы метраў сто да музея Петруся Броўкі, з Людмілай натрапілі на здымкі нейкага фільма. Было сонечна. А кіношнікі здымалі праліўны дождж з ветрам і хлопца з дзяўчынай пад вялікім чорным парасонам.
22.05.2015. Пакуль пад дрэвам чакаў, калі суцішыцца дождж, навярцеліся ў галаве радкі:
Я схаваўся пад дрэвам, як воўк,
ад дажджу.
На маланкі, нібыта на смерць, я гляджу.
Гром грыміць, быццам падаюць з неба
крыжы,
Па якіх уздымаліся ў хмары дажджы…
27.05.2015. Удзельнічаў у адкрыцці выставы ў гімназіі-каледжы мастацтваў, прысвечанай 70-годдзю Перамогі. Пахадзіў па калідорах. Паўспамінаў, як сюды кожны дзень сем гадоў вадзіў дачку і сына. Яшчэ працуе іх першая настаўніца Зінаіда Кірылаўна. Зазірнуў у клас. Дзеці, як дзеці, і ўсё ў гімназіі-каледжы, здаецца, добра, але… Гады праляцелі. Развітаўшыся з Зінаідай Кірылаўнай, выйшаў на вуліцу. На вуліцы дождж. Сумны, як я…
30-31.05.2015. Мой зямляк Павел Каўрыга, які выкладае ў БДУ на геафаку, запрасіў мяне выступіць перад студэнтамі, што на Валожыншчыне каля вёскі Калдыкі на геастанцыі “Заходняя Бярэзіна” праходзяць практыку…
Дробныя птушкі перад машынай пералятаюць дарогу, як самагубцы ці экстрэмалы… На палях ходзяць буслы, як геадэзісты… За Валожынам стаіць вятрак, нібыта знак, што тут Еўропа…
Прыехалі а чацвёртай гадзіне. На геастанцыі, якая знаходзіцца ў лесе, цішыня. Студэнты разышліся па сваіх вучэбных справах. З доміка выйшаў выкладчык, які пачуў, што мы прыехалі. “Учора ў нас быў Глобус…” – расказваючы пра лясное жыццё-быццё, паведаміў мужчына. Пачуўшы пра гэта, я падумаў: “Маладзец Валодзя, што наведаў адарваных ад горада студэнтаў”. Праз паўгадзіны я даведаўся, што тут учора быў не пісьменнік Адам Глобус, а студэнцкая вечарына “Музычны глобус”…
Сосны, як геадэзічныя збудаванні… У лесе студэнты з заплечнікамі, як дыверсанты… Спявалі птушкі. Раптам стала ціха, і пайшоў дождж. Адна музыка замяніла другую… Над поймай ракі праляцелі два лебедзі. Белыя, як анёлы…
Пасля вячэры ўсе сабраліся ў клубе. Вечарына пачалася з “Купалінкі”, якую праспявала студэнтка чацвёртага курса. Яна для сяброў ужо свая эстрадная зорка. Лізавета Гурская прачытала верш Уладзіміра Караткевіча “Беларуская песня”. За гэта я падарыў ёй сваю кніжку “Заўтра была адліга”. Потым гучалі вершы, што напісалі студэнты пад час практыкі. Амаль да адзінаццаці гадзін выступаў я. Вёў імпрэзу Уладзімір Малашэнкаў. Напрыканцы Павел Каўрыга падарыў мне сваю кнігу “Метэаралогія і кліматалогія (Беларуска-руска-англійскі даведнік) з аўтографамі студэнтаў сваёй кафедры.
Да двух гадзін ночы з выкладчыкамі гаварылі пра жыццё-быццё. Па іх просьбе чытаў вершы. Слухалі, не перабівалі…
Схадзіўшы на студэнцкую лінейку, з Паўлам Каўрыгам паехалі ў Мінск. У некалькіх кіламетрах ад геастанцыі на ўскрайку лесу заўважыў вялікага рыжаватага зайца. Ён назіраў за намі, нібыта студэнцкі дазорац, які замаскіраваўся пад зайца…
01.07.2015. У Мінску прайшоў кароткачасовы дождж, як кароткаметражны фільм, дзе я быў у бясплатнай масоўцы…
02.09.2015. Прайшоў доўгачаканы дождж. І ў калюгах апалая лістота адчула сябе на сёмым небе…
18.09.2015. У Валожыне бываю некалькі разоў на год. Праўда, апошнім часам дабіраюся да землякоў з сябрамі на машыне, таму горада амаль не бачу. Прыехалі, выступілі, павячэралі і дамоў. Нядаўна ездзіў сам па сабе на маршрутцы. Гадзіна – і я ўжо ў Валожыне. Сышоў на аўтавакзале прама ў дождж. Вецер. Забег у памяшканне. У змроку каля акна на лаўцы сядзіць жанчына і чытае газету. На дзвярах, дзе раней была кавярня, вялікімі літарамі абвестка, што тут можна папіць гарачую гарбату і з’есці смачныя канапкі. Хачу зайсці. Дзверы не адчыняюцца. Пад абвесткай драбнюсенька: “Временно не работает”. Згадалася, як тут на пачатку 80-х бываў раз на месяц амаль пяць гадоў запар, калі ездзіў праводзіць літаб’яднанне “Рунь” пры раёнцы. Перапісаў расклад аўтобусаў і пайшоў у горад. На вуліцы дождж. Ад аўтавакзала да цэнтральнай плошчы ісці пад доўгую гару. Пакуль дайшоў, вымак, хоць і быў з парасонам. Спыніўся каля помніка Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, што каля касцёла Святога Язэпа. Падумалася з усмешкай: “Я ўзышоў на гару. Пайшлі далей разам!”
20.09.2015. З Людмілай выйшлі з дому а дванаццатай. Адведалі Ніла Гілевіча. Ён пра ўсё, што хацеў ведаць, па парадку, як на ўніверсітэцкім іспыце, распытаўся. Мы, здаецца, адказалі на ўсе пытанні на дзявятку. Людміле падарыў кніжку “Эпіграмы”, а мне 18-ы том свайго Збору твораў у 23-х тамах. У кніжцы напісаў: “Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра нашы сустрэчы і гутаркі. З радасцю, што ў гэтым томе ёсць мая Вам падтрымка. Сардэчна – Ніл Гілевіч. 20.09.15”. Перад тым, як рабіць подпіс, зачытаў радкі пра мяне і ўрыўкі з вершаў. Незаўважна ў размове праляцелі дзве гадзіны. На вуліцы пачаўся дождж. Абяцаўшы, што не будзем абмінаць кватэру Ніла Сымонавіча, мы развіталіся. Праз дождж пабеглі ў Нацыянальны мастацкі музей, каб паглядзець выставу карцін Адама Глобуса. Хацелі пакінуць запіс аб уражаннях, але не знайшлі дзённіка для водгукаў. Ці яго няма, ці яго ўжо скралі? Паглядзеўшы старыя іконы з Веткі, пайшлі на выставу “Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ-ХХ ст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі”. Карцін няшмат. Сярод іх творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана. Як эпіграф да выставы, словы Паўла Траццякова: “Мне не трэба ні багатай прыроды, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў – дайце мне хаця б лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія, а паэзія ва ўсім можа быць, – гэта справа мастака…” Паэзія ў выставе ёсць. Зазірнулі ў дзённік водгукаў. Ужо шмат напісана ўдзячных слоў музею, але ёсць і такія: “У Вас божий дар!”, “Каровин рулит!”, “У меня внучка шестилетняя лучше рисует. Валерий. Минск”. І тут жа адказ Валерыю: “Жлоб!” Вярталіся дамоў праз дождж з кнігамі ад Гілевіча і са святлом ад убачаных карцін…
25.09.2015. Некалькі тыдняў таму з Людмілай быў запрошаны на тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы “Дыяблог”, якую сёння запісвалі ў студыі. Па нас дахаты прыехала машына. У “Дыяблогу” ўдзельнічаю другі раз, таму ведаю дарогу да тэлебачання. Шафёр жа не павёз нас простым шляхам па праспекце, а, нібыта спецыяльна, паехаў па тых мясцінах, дзе мы рэдка бываем. Напачатку праехалі каля дома, дзе жыў Максім Лужанін. Згадаліся гасцяванні ў яго. Потым каля Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, які мы з Людмілай у свой час закончылі. Мінаючы траўматалагічную бальніцу, згадалася, як мы туды цэлы месяц ездзілі да сына, які ў школе на ўроку фізкультуры зламаў руку. Успаміны, на жаль, сумныя. Сустрэўшыся на тэлебачанні з вядучымі, адразу ад іх ветлых усмешак, хоць на вуліцы і захмурэла, пасвятлела на душы. Пакуль я здымаўся, Людмілу ў грымёрцы рыхтавалі да запісу, а на вуліцы пачаўся дождж…
23.10.2015. Вяртаючыся дахаты па абляцелым лісці праз нудотны дождж, пачуў радкі:
Ізноўку дождж, як напамін пра тое,
Што быў патоп, і, можа, зноў вада,
Што з дрэў зрывае лісце залатое,
І нас са свету змыць, каб зноў жуда
Адна пад небам дажджавым стаяла,
Трымаючы аблокі над сабой,
Як дрэва крону, што сівою стала,
Дазнаўшыся, што змыта ўсё вадой…
14.11.2015. Дождж. І я радуюся, што дождж. Няхай ён ідзе да гадзін трох. Чаму? Таму, што ўчора з сястрой планавалі паехаць у вёску, калі не будзе дажджу. Сёння прачнуўся а сёмай. На вуліцы дождж. Патэлефанаваў сястры. Вырашылі, калі ён перастане, то паедзем. Дождж часам пераставаў, але зноў пачынаўся. Можна было і ехаць, але на вуліцы ў такое надвор’е ў вёсцы цяпер нічога не зробіш, што трэба. І калі б дождж у гадзін дзесяць перастаў і больш не ішоў, то цэлы б дзень, а магчыма, і тыдзень я шкадаваў бы, што не паехалі ў вёску. У наступныя выхадныя паедзем абавязкова! Нават калі будзе дождж…
14.11.2015. Нягледзячы на дождж, з Людмілай ездзілі ў майстэрню скульптара Івана Міско. Пераходзячы вуліцу каля касцёла, размінуліся на пераходзе з высокім сівым мужчынам. Мы паспелі перайсці, а мужчына патрапіў пад хвалю моцнага ветру, які сярод вуліцы зламаў яму велізарны парасон, сарваў з галавы шапку і кінуў пад колы машын…
У майстэрні Іван Якімавіч з Міхасём Кенькам чакаў нас. У расчыненай печцы весела гарэў агонь, і цяпло распаўзалася сярод скульптур, як вясновае разводдзе… Праз хвілін дваццаць да нашай кампаніі далучыўся архітэктар Сяргей Асташонак, а яшчэ праз нейкі час прыйшоў чалавек, які займаецца вырошчваннем бульбы і яе продажам…
Не маглі мы не пагаварыць пра Парыж. Іван Якімавіч у Францыі ні разу не быў і ён з цікавасцю слухаў аповед Людмілы пра Парыж і Невер, у якіх яна тыдні два таму была… Гаворачы пра Парыж і творчых людзей, Іван Якімавіч узгадаў: “Пры саветах жонка пісьменніка Анатоля Шаўні Зоя ездзіла ў Парыж з нейкай дэлегацыяй. Перад ад’ездам дамоў усім далі магчымасць пахадзіць па горадзе і набыць, што захочацца. Час вольны прайшоў, і ўсе сабраліся ў аўтобус. Тут жа жанчыны пачалі адна перад адной хваліцца, хто якія станікі, хто якія майткі набыў. Зоя Шаўня таксама пахвалілася. Паказала ўсім свой партрэт, які ёй толькі што намаляваў парыжскі мастак і за які яна аддала ўсе грошы. Пасля гэтага ніхто больш не стаў хваліцца пакупкамі…”
На вуліцы ішоў дождж, у печцы гарэлі дровы. Мы гаварылі з Іванам Якімавічам, а ягоныя скульптуры глядзелі на нас і слухалі. Так праляцелі дзве гадзіны…
03.02.2016. Вечар. Зімовы дождж. Іду па скверы. Раней тут былі могілкі. Пад дрэвам на лаўцы ў змроку сядзяць мужчыны. П’юць з чорнай пляшкі віно, як смалу…
19.02.2016. Удзельнічаў у спектаклі Паэтычнага тэатра “Арт.С”, які прадстаўляў паэтычна-міфалагічны праект “Сакральная Беларусь”. На гэты раз тэмай дзеі быў чырвоны колер. Усе выступілі хораша, але найбольш уразілі прысутных гімназісты Альжбэта Малішэўская-Спрынчан (спявала народныя песні) і Вячка Скобла, які дэбютаваў як чытальнік вершаў. Вяртаючыся дахаты, я думаў пра сіні колер, які будзе тэмай наступнага спектакля.
09.03.2016. То снег, то дождж. Зямля то белая, то чорная. І сумна табе і ад снегу, і ад дажджу. І ты глядзіш з акна, як з неба. І спускаешся на зямлю, каб адчуць яе пад нагамі. І ты ідзеш па зямлі праз снег і праз дождж, і ўсміхаешся, бо зямля пад нагамі то белая, то чорная…
10.04.2016. Ноччу ішоў дождж. Па мокрым тратуары паўзуць дажджавыя чарвякі. Доўгія. Адначасова гідкія і прыгожыя. Бацька казаў: “Не бойся чарвяка, якога ты з’ясі. Бойся таго, што цябе будзе есці”.
24.04.2016. Марыя Вайцяшонак падарыла Людміле і мне кнігу вершаў “Тварам да зімы”, якая нядаўна пабачыла свет. Творы нешматслоўныя, філасофскія і такія родныя-родныя, нібыта напісала іх мая старэйшая мудрая сястра.