Такі вынік удзелу ансамбля “Менестрэлі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў у творчых спаборніцтвах
На рахунку юных музыкантаў два першыя месцы, другое таксама занялі двойчы. Кіруе калектывам дырэктар Ракаўскай ДШМ Кацярына Дварэцкая. Сёння яна стала нашай суразмоўцай.
Міжнародны конкурс ансамбляў “Вясеннія фантазіі” праходзіў у Наваполацку на базе дзіцячай музычнай школы. У ім прымалі ўдзел прадстаўнікі Магілёўскай, Брэсцкай абласцей, ад Мінскай была толькі наша школа. Таксама прыехалі госці са сталіцы Карэліі – горада Петразаводска. Гэты факт адыграў ролю міжнароднага супрацоўніцтва. Усяго было пададзена каля 200 заявак.
У такіх конкурсах мы пастаянна прымаем удзел – шукаем не шматжанравыя, а вузкай накіраванасці, бо яны, скажам так, больш прафесійныя. Чым менш намінацый, тым больш робіцца ўпор на якасць. Таксама ж паслухаць іншыя калектывы хочацца. Увогуле ў нашага ансамбля досыць шырокая геаграфія, але ў Віцебскай вобласці былі ўпершыню. Горад для нас новы, таму хацелася на яго паглядзець. Да таго ж, мы заязджалі ў Полацк – калыску духоўнасці Беларусі, што таксама стала адной з прычын, каб адшукаць жаданне і магчымасці паехаць дастаткова далёка.
З якой праграмай выступалі?
Рэгламент конкурсу – музычны нумар да 15 хвілін – як правіла, апошнім часам не часта сустракаецца, звычайна менш. Таму ў нас была магчымасць выканаць вялікі твор – сюіту з некалькіх частак на сучасныя песні групы “Король и Шут”. Такая праграма вельмі падабаецца дзецям. І з’явілася магчымасць яе абыграць на конкурсе.
Ці шмат часу трэба працаваць над творам, каб выйсці на такую вялікую сцэну?
Праграму пачыналі вучыць з верасня – яна была абыграна на рэпетыцыях, канцэртах. Выступалі ўпэўнена, хаця былі, безуможна ж, свае моманты: прыязджаеш, розная апаратура – некаторыя інструменты бярэш з сабой, некаторыя – стацыянарныя, на месцы, як той жа раяль. І гэта таксама фактар чагосьці новага.
Разлічвалі на перамогу?
Разлічвалі на другое месца, а атрымалі першае. Было вельмі прыемна. Удвая прыемна, бо ў грымёрку прыходзілі падзякаваць людзі, якім спадабалася наша выступленне, яны запісвалі яго на дыктафон, здымалі відэа.
Ці слухалі Вы выступленні сваіх канкурэнтаў? Штосьці новае для сябе адкрылі?
Калектыву па складу інструментаў, падобнага на наш, не было. Я ведаю ў чым прычына: чым большыя і разнародныя інструменты, тым складаней выехаць. Там выступалі ў большасці па два, тры чалавекі, асобная намінацыя – фартэпіянныя дуэты. Калі гаварыць пра рэпертуар, то нічога новага не пачулі. З прыемнага – пазнаёміліся з новымі цікавымі людзьмі і калектывамі. І гэта асобны пункт, дзеля якога неабходна ехаць: дзеці – іграць, а педагогі – абменьвацца вопытам. Магчыма, у будучым мы запросім іх да сябе.
Што можаце расказаць пра іншыя конкурсы?
Увогуле, у маі ў нас былі запланаваны тры конкурсы. Усе тры адбыліся. Першы – анлайн, толькі ў электронным варыянце, які праходзіў у горадзе Іўі Гродзенскай вобласці. Вынікі пакуль невядомыя. Другі конкурс ацэньвала журы анлайн у запісе, але гала-канцэрт нумароў і ўручэнне дыпломаў пройдзе ва ўрачыстай абстаноўцы ў Мірскім замку. Конкурс міжнародны і называецца “Музычны мір”. Ён разнажанравы, у ім дзесяць намінацый, а ў кожнай – паднамінацыі: салісты, ансамблі. Вельмі кампетэнтнае і граматнае журы – практычна ўся Акадэмія музыкі. Беларусь прадстаўлялі ўсе вобласці. Вельмі шмат расійскіх удзельнікаў. Мы ў ім прымаем удзел у другі раз – першы быў некалькі гадоў таму, тады занялі 3-е месца, цяпер узняліся на 2-е. Асаблівасцю гэтага конкурсу з’яўляецца тое, што ўсе выступленні знаходзяцца ў доступе, што вельмі зручна: можна адкрыць любы нумар, паслухаць, параўнаць сябе з канкурэнтамі ў сваёй намінацыі.
Яшчэ адзін конкурс, які праходзіў у Брэсце: міжнародны фестываль-конкурс “Арт-Панарама: Расія-Беларусь 2024”, на якім атрымалі 2-е месца. Акрамя гэтага, наша Ламія Рудая, вучаніца па класе фартэпіяна, на гэтым конкурсе атрымала дыплом 2-й ступені. А вось на нядаўнім I Міжнародным дыстанцыйным конкурсе эцюдаў “Брыльянтавы россып” заваявала дыплом 1-й ступені. Старшыня журы – Глеб Лапіцкі, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Дарэчы, два гран-пры з гэтага конкурсу – адзін расійскі, другі беларускі харэаграфічны – паехалі на конкурс, які ўваходзіць у склад фестывальнай праграмы “Славянскага базару”.
Для нас гэты конкурс больш складаны, бо даводзіцца выступаць з інструментальнай музыкай на вялікай сцэне з мноствам мікрафонаў. А гэта акустыка і гучанне. За адзін дзень былі прадстаўлены больш за 200 нумароў. Мы выступалі 61-мі з музыкай да гульні “Форд Баярд”.
Ездзілі мы на два дні, таму таксама запланавалі экскурсію па Брэсцкай крэпасці – як мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ці заўсёды разлічваеце на поспех? Ці, робіце ўсё залежачае ад вас, а там – як атрымаецца?
Працуем мэтанакіравана і заўсёды разлічваем на поспех. Хаця ён залежыць ад розных прычын: ад прафесіяналізму, падачы – мала сыграць граматна, трэба ўмець сябе паказаць, вялікую ролю адыгрывае аранжароўка. Увогуле, сольнае выкананне і ансамблевая музыка – гэта розныя рэчы. Вакаліст адказвае толькі за свой прафесіяналізм, а ў калектыўным выступленні, каб зачапіць гледача і журы, акрамя прафесіяналізму павінна быць нешта цікавае, што б вылучала сярод вялікай колькасці іншых калектываў.
У нас усе аранжароўкі аўтарскія – іх раблю я сама. Яны пішуцца з нуля. І ў гэтым, напэўна, наш поспех.
Што асабіста Вы атрымліваеце, калі бачыце вынік сваёй працы?
Ведаеце, гэта як ланцужок: адзін поспех – матывацыя другога. І вось гэты рух, выезды, дыпломы нараджаюць жаданне і імкненне рухацца наперад. Вельмі ўдзячна бацькам нашых вучняў – за падтрымку і разуменне, за тое, што гатовы ўкладваць у сваіх дзяцей. Адна справа – з’ездзіць сям’ёй на экскурсію ў той жа Брэст, зусім іншая – выступіць і паказаць сябе. Але гэта адлюстроўваецца на іх будучыні.
І яшчэ такі момант. Калі ходзім на экскурсіі, шукаем гіда. Не ўсе пагаджаюцца суправаджаць дзіцячую групу, тлумачаць, што з імі складана. За дзесяць гадоў, што мы выязджаем, заўсёды атрымліваем водгукі: “Адкуль такія дзеці? Напэўна, з мінскай гімназіі?” Адказваю: “Не – мы з невялікага аграгарадка”. Усё-ткі ўзровень інтэлігентнасці, музычнай адукаванасці дзяцей, якія вучацца ў школах мастацтваў, абавязкова адкладваецца на іх паводзінах. Хоць гэта і дадатковая адукацыя.
Можна сказаць, што сур’ёзныя творы выхоўваюць?
Музыка выхоўвае стыль, густ: яны ўсе праходзяць школу ігры на розных інструментах, іграюць Баха, Бетховена, знаёмяцца з лепшымі музычнымі творамі замежных, савецкіх, беларускіх класікаў. Безумоўна ж, гэта адкладвае вялікі адбітак на іх унутраны свет, агульны ўзровень культуры. На самай справе, работа школы мастацтваў – гэта вялікая-вялікая глыба ў выхаванні дзяцей. Бо той багаж, з якім выходзяць пасля навучання, нават калі хтосьці і не навучыўся добра іграць на інструменце – гэта не кожнаму дадзена, яны панясуць далей у сваё жыццё.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ