З работамі ўдзельнікаў гурткоў па выяўленчым мастацтве “Іскра творчасці” і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Умелыя ручкі” і “Льняныя ўзоры”, што працуюць пры раённым цэнтры культуры, можна пазнаёміцца на выставе “Рабі, як мы, рабі лепш за нас”, якая праходзіць у памяшканні народнага калектыву дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Скарбніца”.
Прадстаўленыя работы адлюстроўваюць тую вялікую працу, што была зроблена на працягу вучэбнага года, і, як бы, падводзяць яе вынікі. Кіраўнікі гурткоў Даніла Карчміт і Лізавета Шакун расказалі пра здабыткі сваіх падапечных і прадставілі саміх аўтараў і іх творы. Некаторыя з работ прынялі ўдзел у міжнародным анлайн-конкурсе “Вясновае натхненне”, які праходзіў у Санкт-Петэрбургу, і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Так удзельнікі гуртка “Іскра творчасці” Лізавета Журавец за работу “Птушкі” і Аляксандра Пятруцкая за работу “Вясна ў вёсцы” атрымалі дыпломы лаўрэата I ступені ў сваіх узроставых катэгорыях. Работа Аляксандры Ляўковіч “Пачатак вясны” была ўзнагароджана дыпломам III ступені. Сам кіраўнік, Даніла Аляксандравіч Карчміт, таксама атрымаў дыплом лаўрэата I ступені.
Дыплом лаўрэата II ступені ў конкурсе “Вясновае натхненне” заваявала і работа “Пташка” ў тэхніцы “вышыўка” Яны Гасціловіч, а работа з саломкі “Цвіценне” Ксеніі Паўлавай стала лаўрэатам дыплома III ступені.
Бацькі, бабулі і дзядулі, што завіталі на адкрыццё выставы, на свае вочы пабачылі і ацанілі, чаму навучыліся за год іх нашчадкі. Работы ўдзельнікаў гуртка па выяўленчым мастацтве паказваюць, што хлопчыкі і дзяўчынкі закранулі розныя тэмы і асвоілі тэхнікі малявання акварэллю, тушшу, алоўкамі, гуашшу.
Шматгранная праца вялася і на занятках гурткоў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. На выставе прадстаўлены аб’ёмныя вырабы і аплікацыі з саломкі, вышыўка, вязанне, работы з бісеру, тканіны, нітак і інш. Гледзячы на іх, адчуваеш, што юныя майстры стараюцца і ўкладаюць у кожную свае душу і сэрца.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара