Пасля завяршэння пасяўной кампаніі аграрыям няма калі расслабляцца. Бо прыходзіць не менш важны перыяд, калі неабходна інтэнсіўна папрацаваць. Выніковасць жывёлагадоўчай галіны напрамую залежыць ад ходу касавіцы і якасці закладкі на захоўванне сена, сенажу і сіласу. Сёлета надвор’е паспрыяла, і травы паспелі своечасова і набралі сакавітасць. Прыйшоў час нарыхтоўваць кармы.
У АТТ “Багданаўскае” да гэтай справы прыступілі напрыканцы мінулага тыдня.
Першы ўкос правядзем на плошчы 920 гектараў, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Павел Родзь. – З іх люцэрна складае 130 гектараў, канюшына і цімафееўкі – 300 гектараў. Плануем закласці 5000 тон сенажу і нарыхтаваць 200 тон сена. У нарыхтоўчай кампаніі ў гаспадарцы задзейнічаны чатырнаццаць адзінак тэхнікі: дзве касілкі “КПР-9”, два кормаўборачныя камбайны “КВК-800”, восем машын на адвозцы зялёнай масы. Механізатары распачынаюць работу ў сем раніцы.
Пра гэта кажа і Міхаіл Грынкевіч, які на трактары “Беларус-3522” з шыроказахопнай касілкай “КПР-9” косіць люцэрну.
Сёлетні год лепшы, чым леташні. Травам усяго хапіла: і сонца, і дажджу. Таму яны выраслі сакавітыя, і ў тэрмін. Касіць – адно задавальненне. У дзень атрымліваецца прыбраць амаль 40 гектараў, а калі поле большае, і надвор’е дазваляе, – то і ўсе 50-т.
Наталля Нямкевіч
Фота Сяргея БОБРЫКА