Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
Хацеў адшукаць магілу яшчэ аднаго свайго аднакласніка – Звярка Уладзіміра, але мяне пачала клікаць Людміла, і мне давялося паслухацца яе. А Звярок жа ў гэтым годзе 9 ці 10 сакавіка, дакладна не ведаю, пакончыў жыццё самагубствам, пакінуўшы запіску: “У маёй смерці нікога не вініце!” Яшчэ крыху пастаяўшы каля магіл маіх дзеда і бабулі, мы пайшлі ў бок Дзявочай Гары.
З ранейшых запісаў:
“У метрах пяцістах ад могілак – этнаграфічна-археалагічны помнік “Дзявочая Гара”. Звесткі пра яе ўпершыню былі змешчаны ў “Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін” у 1881 годзе, дзе прыводзіцца паданне, паводле якога даўным-даўно ў Дубравах жыла вельмі прыгожая дзяўчына. У яе закахаліся два хлопцы, і каб высветліць, каму з іх быць яе мужам, яна прыдумала для іх выпрабаванне. Зайшла на самую высокую гару ў мясцовасці і там села, а да яе кожны з жаніхоў павінен быў дакаціць па каменю. Хто першым справіцца з выпрабаваннем, за таго дзяўчына і выйдзе замуж. Каменні былі вялікія і цяжкія, і ў жаніхоў ад натугі разарваліся сэрцы. Даведаліся пра гэта людзі, схапілі дзяўчыну і жывой закапалі на гары, а побач пахавалі і хлопцаў. На іх магілы людзі паклалі каменне. Паданне пра “Дзявочую Гару” я ўпершыню пачуў яшчэ хлапчуком ад свайго дзеда, а невялічкі нататак пра ўсё гэта прачытаў у 1993 годзе ў энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”, дзе сярод іншага напісана: “Дзявочая Гара” – адзін з самых высокіх пунктаў у гэтай мясцовасці – знаходзіцца паблізу водападзелу Заходняй Бярэзіны і Свіслачы, амаль уся зарасла лесам. У найбольш высокай паўночна-ўсходняй частцы размешчана больш за 20 курганоў (вышынёй 0,5-1,5 м., дыяметрам 6-12 м.) і вялікая яма… Сярод знаходак – сярэбранае скроневае кольца, канцы якога заходзяць адзін за адзін, абломкі ганчарнага посуду, пярсцёнак і шкляныя пацеркі 2-ой паловы XI стагоддзя”. Прачытаўшы такое пра “Дзявочую Гару”, я сабраў са сваіх знаёмых невялічкую “экспедыцыю”, але не для таго, каб шукаць скарбы, а проста ўзыйсці на гару. І мы паехалі. Пабыўшы спачатку ў лесе крыжоў, пайшлі да “Дзявочай Гары”. Гара, аброслая лесам, была падобна на адно вялікае дрэва, у кроне якога хавалася XI стагоддзе. Да вяршыні дабіраліся амаль паўзком, чапляючыся за голле дубкоў і арэшніку. Незвычайна высокі папаратнік нагадваў папаратнікавы лес, у якім павінны вадзіцца дыназаўры. Але мы сустракалі толькі слімакоў велічынёю з кулак. Такіх я раней не бачыў. На гары нас чакала свежавыкапаная яма і невялічкая куча чалавечых касцей…”
Да самай Дзявочай Гары мы не пайшлі. Прыпыніліся ў ляску, што быў у метрах двухсот ад могілак. Расклалі вогнішча. Памянулі памерлых. І недзе праз гадзіны паўтары пайшлі назад да могілак –Людміла захацела паглядзець, чыя гэта там капліца адзінокая стаіць сярод магіл, зарослых кустамі. Падыйшлі да капліцы. На жалезных дзвярах замок. Над дзвярамі шыльда: “Багина Франц Федорович. Жил 84 года, умер в августе 1955 г. Вспомни, прохожий, о моем прахе. Я уже дома, а ты в гостях”.
З ранейшых запісаў:
“2007. Тры дні быў у Пугачах. Першы дзень з ранку амаль да абеду з бацькам касіў на сотках каля хаты бульбоўнік. Мой чатырнаццацігадовы сын Максім не мог дачакацца, калі пойдзем лавіць рыбу, таму ўвесь час хацеў нам дапамагчы. Але мы і яму знайшлі працу – з бабуляй капаў пад лапату бульбу і насіў у сенцы. Пасля абеду з Максімам пайшлі на рыбу. Нічога не злавілі. Тут жа каля сажалкі сустрэлі майго стрыечнага брата Антона Янушкевіча, які абяцаў назаўтра прынесці нам лепшы паплавок, бо замест яго ў нас было вароніна пяро, якое мы знайшлі на дарозе і прымацавалі да лескі. Антон абяцанне сваё выканаў, і з самага ранку ў нас быў новы паплавок. Каб аддзячыць брату, я падарыў яму сваю кнігу “Балада камянёў”. За працай праляцеў і гэты дзень. Вечарам з Максімам схадзілі зноў на рыбу. Цяпер злавілі чатырох карасікаў, якіх выпусцілі, бо пашкадавалі іх аддаваць кату. На трэці дзень работы каля дому амаль не было. Пад абед, калі глядзелі тэлевізар, да нас зайшоўся ўсхваляваны Антон: “Віця, я ўсю ноч чытаў твае вершы і прозу! Пайшлі на вуліцу, я табе раскажу для новай кнігі адну цікавую гісторыю!” Мы зайшлі ў сад, селі ў цянёк пад яблыняй. І Антон, закурыўшы цыгарэту, пачаў з пытання: “Ты ведаеш сям’ю Багін?”
– “Ведаю…” – “Дык слухай. Род Багін бярэ пачатак недзе ў Італіі. Іх далёкі продак у свой час быў там вядомым музыкантам, які сам пісаў музыку. І яго добра ведалі ў тагачаснай Еўропе, таму не дзіўна, што ён быў запрошаны ў Расійскую імперыю выкладаць музыку ў Санкт-Пецербургу. Там ён абзавёўся сям’ёй і, калі ў 1939 годзе Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, адзін з яго нашчадкаў – Генадзь Багіна – быў прысланы ў нашы Пугачы. Зямлю пад хату яму далі самую горшую, каля лесу. З цягам часу ён абжыўся. З’явіліся дзеці. У 1952 годзе нарадзіўся Яўген Генадзьевіч Багіна – адзін з прадаўжальнікаў роду па мужчынскай лініі таго Багіны, які быў прывезены з Італіі. Ты ж, Віця, Яўгена добра ведаеш – ён цябе вучыў у школе. Цудоўна іграў амаль на ўсіх музычных інструментах. Шкада чалавека… Пяты год пайшоў, як ён бясследна прапаў… А было ж яму ўсяго пяцьдзесят… Але для мяне не гэта галоўнае, а тое, што я неяк з мужыкамі пайшоў на могілкі капаць дол, каб пахаваць старога Багіну. А там ужо былі пахаваны Багіны, і нам сказалі, што трэба капаць так, каб потым усе магілы можна было аб’яднаць адным помнікам. Я звярнуў увагу на помнік сына Генадзя Багіны, які памёр у дзіцячым узросце. Каменны помнік даўно ўрос у зямлю, і калі мы яго дасталі, то мне ў вочы кінуўся польскамоўны надпіс, які паведамляў пра тое, які майстра зрабіў гэты помнік…” Антон, кінуўшы недакурак і закурыўшы новую цыгарэту, працягваў сваю гісторыю: “На помніку ўсё па-расейску, а тое, што ў зямлю закапана, па-польску. Гэта ж трэба, майстра рабіў помнік і, ставячы на ім сваё прозвішча, ведаў, што яго не будзе бачна з зямлі…” “Ну і што…” – неяк абыякава, але так, каб не пакрыўдзіць свайго сваяка, сказаў я. “Ну ты сам падумай… Майстра, які рабіў помнік, відаць, усё ж спадзяваўся, што некалі нехта прачытае яго прозвішча… І прачытаць яго прозвішча выпала мне… Разумееш?..” – “Як яго прозвішча?..” – “А ўжо не памятаю… Нейкае наша, тутэйшае, беларускае…” – “Антон, ты мне раскажы, як прапаў Яўген Генадзьевіч…” – “Што тут расказваць? Ну прапаў чалавек…” – “Як прапаў?..” – “Гэта было ў маі. Хавалі ў вёсцы маладога хлопца, студэнта. Ён, навыкідаўшыся на выхадныя гною з хлява, прыехаўшы ў Мінск у інтэрнат, не пайшоў на вучобу, а, сказаўшы сябрам, што яму дрэнна, застаўся ў пакоі. Калі хлопцы вярнуліся з заняткаў, іх сябар быў ужо мёртвы. Дарэчы, той хлопец быў сваяком Яўгена Генадзьевіча. У нас маладых прынята хаваць прыгожа. І вось настаўнікі прыдумалі, каб не трымаць у руках кветкі, якія будуць кідацца пад ногі тым, хто будзе несці труну, адправіць Яўгена дамоў, каб ён прынёс вялізную карзіну, у якой у яго дома насілі сечку каровам. Яўген пайшоў. Прайшла гадзіна, дзве, а яго няма і няма. Ужо і хлопца пахавалі, ужо і за памінальны стол селі, а Яўген не вяртаецца. Жонка яго за сталом нават пажартавала: “Ён у мяне такі сарамлівы, што нават на памінкі яго трэба за руку весці…” Назаўтра раніцай званю жонцы Яўгена і даведваюся, што яго і цяпер няма дома. Вырашылі шукаць. Паднялі ўсю школу, міліцыю з сабакамі… Прачасалі ўсе навакольныя лясы, ямы, студні… Усё агледзелі… Няма ні следу… Шукалі доўга… І не знайшлі… Шкада чалавека… Ён мне цяпер часта сніцца… Ідзе па дарозе і ўсміхаецца…” – “А што ты думаеш, Антон? Як ён і дзе мог прапасці?” – “Не ведаю…” – “А можа, яго іншапланецяне ўкралі?..” – больш жартам, чым усур’ёз запытаўся я. Антон усміхнуўся і адказаў: “А што ты думаеш, можа…” Не ведаю, колькі я з Антонам яшчэ б гаварыў, калі б мяне не паклікала мама ў хату абедаць. Сядзім, абедаем, і раптам зазвінеў тэлефон. Званіла з Татар цётка Шурка: “Ніна, вы там бульбоўнік косіце, а над вашай вёскай пазаўчора лятаў вялізарны-вялізарны сіні шар. Вы відзілі?” – “Які шар? Нічога мы не відзілі! А ты сама яго відзіла?” – “Я не відзіла. Відзіла суседка, якая хадзіла да вас у Пугачы ў магазін” – “Усё яна выдумала. Шар над Пугачамі лётаў, але гэта было гадоў пяць назад, і быў ён не сіні, а чырвоны. Я сама відзіла, як ён садзіўся над лесам…” І я ўспомніў, што недзе гадоў дваццаць назад, мама расказвала, калі яна хадзіла перавязваць карову, то бачыла, як над вёскай высока ў небе доўга вісеў вялізарны, серабрыстага колеру прадмет, які час ад часу мяняў сваю форму, а потым нечакана знік, нібы растаяў у бясхмарным небе. У той дзень тое НЛА бачыла не толькі мая мама, а яшчэ некалькі аднавяскоўцаў. Мой брат Вова таксама гадоў дзесяць назад бачыў, калі выходзіў ноччу на вуліцу, як над лесам, што за Юстынавай гарой, доўга вісеў вялізарны чырвоны шар, які час ад часу мяняў сваё месца і пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі…
Вярнуўшыся дамоў, я расказаў жонцы і пра тое, як мы з бацькам касілі бульбоўнік, і як з Максімам лавілі рыбу, і як хадзілі ў грыбы, і не забыўся пра Яўгена Генадзьевіча Багіну, і пра сіні шар, які бачыла цётка з Татар… На маё пытанне: “А ці маглі іншапланецяне ўкрасці Яўгена Багіну?” мая Людміла нічога канкрэтнага не адказала, а толькі папрасіла болей не гаварыць пра гэта перад сном. І я, замоўкшы, раптам уявіў тое, што сніцца Антону Янушкевічу: “Па пыльнай палявой дарозе, басанож, у белай кашулі і светлых штанах вяртаецца дамоў невядома адкуль Яўген Багіна і ўсміхаецца, нібыта ведае тое, што нікому і ніколі з нас не будзе вядома…”
Магчыма, Франц Фёдаравіч Багіна і бацька Яўгена Генадзь Багіна – сваякі. Ва ўсякім разе, у капліцы пахаваны не просты чалавек. Трэба будзе некалі распытацца ў людзей пра Франца Багіну, які нарадзіўся ў 1871 годзе.
Пастаяўшы каля капліцы, мы зноў разышліся па могілках глядзець, хто дзе пахаваны. “Шніп Канстанцін Андрэевіч. 1942. 22.11-13.06.2003”, “Шніп Галіна Аляксандраўна. 01.07.1948-18.03.2003”, “Шніп Віктар Сяргеевіч. 31.12.1925-6.08.2003. Шніп Ірына Вікенцьеўна. 20.06.1928-”, “Шніп Алена Пятроўна. Жыла 53 гады. Памёрла 22.11.1965 г.”, “Шніп Іосіф Станіслававіч. Жыў 54 гады. Памёр 10.12.1944. Жонка Марыя Уладзіміраўна жыла 79. Памёрла ў 2003 годзе”…
“Віця, ідзі сюды! Паглядзі, што мы з Максімам знайшлі!” – паклікала Людміла, і я няспешна падыйшоў да невысокага пафарбаванага ў зялёны колер крыжа, на якім на блакітнай жалезнай табліцы белай фарбай напісана: “Шніп Віктар” і больш нічога. Ні даты нараджэння, ні смерці! Непадалёку помнікі: “Шніп Агаф’я Вікенцьеўна. Жыла 72 гады. Памерла 9.12.1963 г.” і “Шніп Іосіф Фёдаравіч. 1911-1984. Вольга Сямёнаўна. 1911-”. Магчыма, гэты Шніп Віктар – сын Вольгі Сямёнаўны, якой праз два гады будзе 100 год…
Старажылаў не так і шмат на могілках. Адны з іх: “Грышэль Пётр Максімавіч. 1888-1993. Аляксандрына Вікенцьеўна. 1901-1993”, “Мякіннік Іван Вікенцьевіч. 1901-1995.”
Ужо сыходзячы з могілак, натрапілі на магілы нашых сваякоў: “Шніп Любоў Антонаўна. 30.09.1912-29.08.1992”, “Шніп Мікалай Іванавіч. 25.10.1939-1988.28.12.” Потым: “Іван Іванавіч Шніп. Жыў 47 гадоў. Памёр 13.05.1961. Крысціна Андрэеўна Шніп. Жыла 67. Памерла 10.03.1947.” “Шніп Чэслаў Іванавіч. 1938-10.03.1951”. Іван Іванавіч (звалі Янкам) – гэта майго дзеда Юзі родны брат. Любоў Антонаўна – жонка Івана Іванавіча. Мікалай Іванавіч і Чэслаў Іванавіч – іх дзеці.
Назад на электрычку ідзём не спяшаючыся – ужо крыху прытаміліся. Нас часта абганяюць машыны – вяртаюцца з могілак наведвальнікі. Ніхто не спыняецца, каб падвезці. Ды і мы самі не хочам. Нам добра ісці і любавацца наваколлем. Праходзім праз Ушу. Спыняемся каля калонкі. П’ем ваду. Вада халодная і смачная, як бярозавы сок.
11.04.2010. Сонечна, і неба чыстае, як дзіцячая сляза. Сям’ёй ездзілі ў Чыжоўку на могілкі. Процьма народу. Усе прыйшлі і прыехалі да сваіх родных і блізкіх, і ўсе прысутныя сярод помнікаў на нейкі час сталі, як родныя…
З Чыжоўскіх могілак да вакзала дабіраліся цэлую гадзіну. У падземным пераходзе зайшлі ў кавярню, бо ўжо не было сіл, каб шукаць нешта больш шыкоўнае.
21.04.2010. Тэлефанаваў Анатоль Блашчыцын. На Радаўніцу ён ездзіў у Дубравы на могілкі. Шмат каго са знаёмых бачыў. Дамовіўся з Леанідам Жыткевічам наконт нашай травеньскай вандроўкі па ваколіцах Навасёлак, дзе захаваліся уніяцкія і французскія могілкі. Па дарозе ў Пугачы ў Татарскіх засталося мала вяскоўцаў. Ужо недзе каля дзесяці хат перабудаваны пад лецішчы. Успомніўся Татарскі клуб, у які я некалькі разоў хадзіў на танцы, спадзяючыся, што з Еленкі прыдзе мая аднакласніца Шымель Зоя…
11.12.2010. Ад Анатоля Блашчыцына даведаўся, што ўчора вечарам недзе ў гадзін дзесяць загарэлася хата Антона Янушкевіча, у якой загінуў сам гаспадар. Антон быў маім траюрадным братам. Калі я пайшоў у другі клас, Антон вярнуўся з войска. У той жа дзень я пабег да яго ў госці, і ён мне падарыў сваю вайсковую шапку і некалькі значкоў, якімі я потым доўга хваліўся перад сябрамі. Антон у школе выкладаў нямецкую мову і батаніку. Часам ён сваіх вучняў вадзіў дамоў, каб паглядзець па тэлевізары фільмы аб прыродзе. І калі Антон даведаўся, што я, васьмікласнік, пішу вершы, ён запрасіў мяне да сябе ў госці і чытаў мне вершы Уладзіміра Караткевіча, гаворачы: “Вось, браток, так трэба пісаць!”. І ўсё ў нас было па-брацку, па-роднаму. Потым, калі ўжо ў мяне выйшла некалькі кніжак і я вярнуўся з літінстытута, Антон пачаў звяртацца да мяне на “вы” і мае ўсе просьбы, каб ён так болей не казаў, не дзейнічалі на яго. Нейкі час у Пугачоўскай школе Антон працаваў дырэктарам. І ўсё жыццё цікавіўся і любіў беларускую літаратуру. Майму брату Антону Янушкевічу было 62 гады…
3.05.2011. На Радаўніцу звычайна бывае сонечна. І сёння ў 11 гадзін пасвятлела, нібыта нашы продкі паглядзелі з неба на нас…
(Працяг будзе)