На выставе “Адраджаем тое, што дарагое і святое”, якая праходзіць у памяшканні народнага калектыву дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Скарбніца”, майстар Марыя Ганчарык прадставіла арыгінальныя, самабытныя жаночыя строі.
Да захаплення падобным відам дзейнасці жанчыну прывёў яго вялікасць выпадак.
Наша гераіня, якая нарадзілася і вырасла ў сталіцы Беларусі – Мінску, з маленства была ў захапленні ад усяго народнага, аутэнтычнага. Гэтаму паспрыяла тое, што ў дзяцінстве яна шмат часу праводзіла ў бабулі на Смаргоншчыне і, дзякуючы роднаму чалавеку, змагла дакрануцца да самабытнай беларускай культуры. Дзяўчынка на свае вочы бачыла, як вясковыя жанчыны вырошчваюць і апрацоўваюць лён, пасля чаго прадуць ніткі, ткуць на кроснах палатно, вымочваюць у рацэ і адбельваюць яго пад сонечнымі прамянямі на беразе, а пасля ўжо шыюць разнастайныя рэчы. Для маленькай Машы гэта быў сапраўдны цуд. Яна літаральна фізічна адчувала, колькі льняная тканіна ўвабрала ў сябе прыроднай энергіі, якой шчыра падсілкоўвае чалавека, што носіць з яе адзенне.
Здарылася, што, калі памерла цётка мужа, сваякі прапанавалі Марыі забраць з яе вясковай хаты рэчы, што прыйдуцца да спадобы. На летняй кухні жанчына зачапілася позіркам за анучу, ў якой разгледзіла даматканы выраб з лёну, як пасля высветлілася, – абрус. Доўга дома адмывала яго ад бруду і цвілі, прасавала, але большасць плям усё ж засталіся. Па прамым прызначэнні выкарыстоўваць мілую сэрцу рэч было ўжо не магчыма. Вось тады і прыйшло да Марыі Яраславаўны рашэнне даць ёй новае жыццё. Жанчына пашыла сабе льняную сукенку, якую аздобіла чыстымі кавалачкамі і карункамі ад абруса. З задавальненнем пачала яна насіць тую абноўку і бачыла, што нават незнаемыя людзі, не гаворачы пра блізкіх, былі ў захапленні ад убору.
Менавіта гэты выпадак стаў зыходнай кропкай да стварэння шматлікіх арыгінальных строяў, а ў выніку – самабытнай калекцыі адзення.
Марыя Ганчарык з цеплынёй і клопатам ставіцца да працы некалішніх майстрых, лічыць іх рукадзелле сапраўдным скарбам. Яна ўпэўнена, што не павінен прапасці не адзін кавалачак даматканага матэрыялу. Ва ўсіх сваіх унікальных вырабах жанчына абавязкова выкарыстоўвае элементы з былых ручнікоў, посцілак, абрусаў, што па розных прычынах даўно выйшлі з ужытку.
Нават тыя, што сталі ўжо рыззём, ва ўмелых руках майстрыхі знаходзяць новае прызначэнне і радуюць вока. Большыя кавалачкі ідуць на сукенкі, а з меншых наша гераіня робіць такія прыгожыя і патрэбныя ў гаспадарцы рэчы, як вокладкі для нататнікаў, падушачкі-ігольніцы, брошкі, брэлокі і інш.
Сённяшнім дзяўчатам і жанчынам вельмі пасуе мець строй, які адначасова падкрэсліць індывідуальнасць і ў той жа час пакажа належнасць да свайго народу, да беларускай культуры. “Калі адзежа адпавядае такім запытам, то становіцца родненькай”, – кажа майстар. Марыя ўпэўнена, што, гледзячы на яе ўборы, людзі неназойліва судакранаюцца з нашай спадчынай, знаёмяцца з народным ткацтвам. Ідэя рабіць для жанчын сукенкі, якія могуць карыстацца попытам у звычайным жыцці, у выніку вылілася ва ўнікальны праект па адраджэнні беларускай тэкстыльнай ідэнтычнасці “Матоша”. Між іншым, аднайменную назву мае і акаунт Марыі Ганчарык у Інстаграме.
Марыя Яраславаўна па адукацыі музеязнаўца, яна з чырвоным дыпломам закончыла Дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Шмат год жанчына аддала любімай справе: працавала ў Нацыянальным гістарычным музеі, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і быту. Але лёс склаўся так, што яна змяніла месца жыхарства: разам з мужам і сынам перабраліся ў вёску Сакаўшчына, дзе купілі сабе дом. Праз нейкі час наша гераіня ўладкавалася на працу ў мясцовы сельскі цэнтр культуры, пры якім працуе музей традыцыйных валожынскіх паясоў. Творчая натура не прамінула магчымасць навучыцца і гэтаму рамяству. Падчас прэзентацыі выставы Марыя Яраславаўна правяла майстар-клас па ткацтве паясоў “на ніту”. У 2016 годзе гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Анжэла Радына,
фота аўтара