Авторская колонка Виктора ШНИПА Без рубрики

Агарод

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

15.10.2011. З горада выязджалі амаль гадзіну. Спыняліся на трох прыпынках. Жадаючых ехаць было вельмі шмат. Вадзіцель сам абілечваў пасажыраў, якія цярпліва стаялі ў чарзе. Даўней ніхто чаргі не трымаўся, і хто быў больш нахабны і здаравейшы, той і прарываўся ў аўтобус і займаў лепшае месца для паездкі…

Паўнюткі аўтобус людзей, а знаёмых анікога…

У Ракаве стаялі пару хвілін. Па дарозе, па якой я хадзіў да мамы ў ракаўскую бальніцу, прабег сабака, падобны да нашага, што цяпер у вёсцы пры бацьку…

Куды ні гляну, бачу тое, што было дзесяць, дваццаць, а то і трыццаць гадоў назад. Уявілася, што я герой драматычнага фільма, які едзе да сябе ў вёску, дзе яго ўжо ніхто не чакае. Фільм чамусьці японскі. Мо, таму, што апалае чырвонае лісце, як маё разбітае японскае сонца…

У Бузунах аўтобус амаль апусцеў. Тут цяпер вельмі шмат лецішчаў, ды і мясцовых хапае. Гадоў трыццаць назад Бузуны з-за таго, што ў іх было вельмі шмат жыхароў, называлі Кітаем, а бузуноўцаў – кітайцамі…

Чым бліжэй пад’язджаў да Пугачоў, тым часцей паўтараў у думках: “Усё будзе так, як не думаю”…
Усе дзверы ў хату былі адчынены, нібыта з яе ўцякалі…


Сабака вылез з будкі і адзін раз гаўкнуў, нібыта прывітаўся…

Бацька сядзеў у зале на дыване апрануты, як быццам на вуліцы зіма…

У хаце нязвыкла ціха. Я зірнуў на насценны гадзіннік. Не працуе. Накруціў спружыну, гайдануў маятнік, і ў роднай хаце працягнулася маё жыццё…

Бацька, паеўшы, стаў расказваць пра тое, што было тады, калі ён быў малады. Узгадаў, што даўно памерлі яго малодшы брат Славік і малодшыя сёстры Ноня і Галя: “А я во ўсё жыву…”

На сцяне ў зале вісіць тэрмометр. Яго мне падарылі ў Вязынцы напачатку 80-х гадоў, калі я там выступаў на свяце паэзіі. Цяпер у хаце 10 градусаў. Зімой раніцай бывала і 7 градусаў цяпла.

Падлога халодная, як лёд. І мы, дзеці, не вылазілі з ложкаў, пакуль бацька не запальваў печку…

За мной па хаце бегае кот. Я ведаю, чаго ён хоча. Кот хоча малака, якое я прывёз бацьку…

Скрабу бульбу. Бульба дробная, як дробныя нашы жыццёвыя праблемы для суседзяў…

З паштовай скрынкі забраў “Звязду” і “Працоўную славу”. Бацька газет не чытае, але выпісвае, бо іх чытала мама…

У паветцы сухія дровы. Іх засталося мала…

Хлеў пусты. З гною тырчыць салома, як промні затаптанага сонца…

У садзе ў траве знайшоў вялікі яблык, які нібыта схаваўся ад людзей, каб дачакацца майго прыезду…

На шыферы хлева лапік травы, нібыта зялёны астравок у пустэльні…

Ідучы з крамы, спыняюся каля агарода Валянціны Іосіфаўны, маёй сваячніцы, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Цётцы ўжо 83 гады. Жыве адна. Дзеці раз’ехаліся па гарадах і прыязджаюць рэдка. Развітваючыся, думаю падысці да плота, за якім цётка, і пацалаваць яе на развітанне, але чамусьці не падыходжу. Цяпер шкадую, што не падышоў…

Заглянуў да бацькавага стрыечнага брата – дзядзькі Шуры, які жыве, вярнуўшыся з Маладзечына, па суседстве ў матчынай хаце. Дзядзька быў у двары з малодшым сынам Андрэем. Сваякі абрадаваліся майму прыходу. Пагаварыўшы на вуліцы, мяне паклікалі ў хату. Толькі прысеў, каб запісаць нумар дзядзькавага тэлефона, як да мяне падышоў малы гадоў пяці з маёй кніжкай “Проза і паэзія агню” і папрасіў яе падпісаць. Я запытаўся ў хлопца, як яго завуць. “Арцём Шніп!” – адказаў малы і заўсміхаўся…

Дзень праляцеў хутка так, як упаў на зямлю жоўты ліст з яблыні, на якую я глядзеў у дзяцінстве праз акно, марачы пра сваё дарослае жыццё…

На аўтобусным прыпынку было шмат моладзі, і я спыніўся побач на беразе сажалкі, дзе ў дзяцінстве лавіў рыбу. Раней тут усе вяскоўцы чакалі аўтобус з Мінска, і мы, дзеці, нярэдка пасля таго, як аўтобус адыходзіў у горад, знаходзілі ў траве згубленыя капейкі. І вось нешта, як капейка, бліснула ў траве. Нагнуўся. Шкельца ад разбітай пляшкі…

У цемры на сажалцы белыя качкі, як белыя плямы на тым, што было…

З Пугачоў у Мінск сабралася ехаць чалавек дзесяць. Нікога знаёмага…

Аўтобус напоўніўся пасажырамі толькі ў Бузунах. Жанчыны, якія сядзелі перада мной, усю дарогу гаманілі. Выходзячы на прыпынку “Каменная Горка”, адна з іх сказала: “Як адправіла мяне мама ў горад з торбай вучыцца, так па сённяшні дзень з торбай я і езджу сюды-туды…”

21.08.2013. Горача. Мама з бацькам сядзяць на лаўцы каля хаты. Па двары ходзяць куры. У хлеўчыку рохкаюць свінні. У агародчыку квітнеюць кветкі, над якімі гудуць пчолы. Бацькі размаўляюць паміж сабой… Я расплюшчваю вочы… Горача…

01.02.2014. Прыехаў у Пугачы. Дома бацька з маім братам. Пытаюся: “Хто цяпер жыве ў хаце Гені Балотніка?” “Ідзі і паглядзі!” – адказаў бацька. Я выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што ў суседа ў агародзе нейкія людзі. Пастаяўшы каля плота, вырашыў пазнаёміцца з імі. Зайшоў у агарод. Мяне тут жа запрасілі да разасланага на траве абруса, на якім ляжала закуска. Вакол сядзелі знаёмыя памерлыя вяскоўцы, а дзядзька Геня чэрпаў з вялікага вядра чаркамі самагонку і раздаваў гасцям. Я паклікаў
бацьку і брата далучыцца да кампаніі, але яны не пайшлі, і я прачнуўся…

09.05.2014. З Максімам наведалі Пугачы. 50 кіламетраў ехалі дзве з паловай гадзіны. За Ракавам да нас далучыўся Анатоль Блашчыцын, які, спазніўшыся на вакзал, дагнаў перапоўнены аўтобус на валожынскай маршрутцы. У Бузунах палавіна людзей выйшла. Ад Анатоля даведаўся, што ў гэтай вёсцы збудавана 600 лецішчаў…

У Пугачы даехалі каля дзесяці чалавек. Схадзілі ў краму. Купілі хлеба і папіць. Звярнуў увагу на тры мяшкі бульбы, але не паглядзеў, па колькі яе прадаюць…

Дзядзька Толя з канём ужо чакаў каля хаты. Пакуль мы аралі, Максім распаліў вогнішча ў мангале. Калі б зямлю запусцілі ў гэтым годзе, то ў агародзе б выраслі сотні дзве клёнікаў…

Праз дзядзьку Толю перадаў Святлане Шніп (жонка майго дваюраднага брата Сяргея) “Пугачоўскага цырульніка”. Праз паўгадзіны на машыне да нас прыехала Святлана, каб падзякаваць за кніжку. Прыехала з меншымі дзецьмі. Вітаючыся з малымі, я запытаўся, як іх завуць. Хлопчык гадоў пяці сказаў: “Ілля Шніп”, а дзяўчынка гадоў трох тут жа дадала: “А я – Яна!” Іх старэйшы Максім, які цяпер вучыцца ў сёмым класе, доўгі час хацеў стаць хакеістам, але нядаўна перадумаў. Святлана працуе ў Пугачоўскай школе і разам з вучнямі займаецца краязнаўствам. На сённяшні дзень іх цікавіць гісторыя вёсак Татары і Татарскія, што знаходзяцца паблізу з Пугачамі…

З Максімам насадзілі цыбулі, часнаку, буракоў, морквы, рэпы, бобу, гароху. Агуркі пасадзім наступным разам. Не ведаю, што ў нас вырасце, але вяскоўцы, якія праходзілі міма, глядзелі на нас, як на вопытных гаспадароў…

На кашэнне травы не хапіла ні сіл, ні часу. У агародчыку, дзе мама даглядала кветкі, цяпер трава. І ўсё ж сярод травы і дзьмухаўцоў вырас адзінокі чырвоны цюльпан, як свечка, якая мне асвяціла ўсё, што тут было яшчэ некалькі гадоў таму…

30.06.2014. Сніліся Пугачы. Спачатку я зайшоў у хату, каб паглядзець, як жывуць два кватаранты, якіх мы (на яве, а не ў сне) з сястрой пусцілі пажыць. Зайшоў і бачу, што ў хаце жывуць не два чалавекі, а дзесяць. Кругом на падлозе разасланы коўдры і пакладзены падушкі. Праўда, нікога дома не было.

Потым я ішоў па вёсцы да нашай хаты. У садзе ўбачыў бацьку. Не першы раз ён мне сніцца ў садзе. Бацька нешта казаў, але я не пачуў. Зразумеў, што запрашае дадому. Падышоў бліжэй да плота. У агародзе расце бульба. Бульбоўнік паедзены каларадскімі жукамі. Згадаліся радкі Барадуліна: “Трэба дома бываць часцей”. Зайшоў у двор і… прачнуўся.

10.11.2015. Нейкі час хацеў бы пражыць у Амстэрдаме, не таму, што там ёсць квартал чырвоных ліхтароў, а таму, што там жыў Ван Гог. Я хадзіў бы па вуліцах і па вулках старога горада. Глядзеў бы ў ваду каналаў і ўспамінаў свае Пугачы, дзе ў маім дзяцінстве летам у агародах раслі сланечнікі, і я не ведаў, што іх у свой час геніяльна маляваў Ван Гог…

09.05.2016. З Людмілай, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы. Па дарозе гаварылі пра дзяцей, якія даўно ўжо самастойныя, і нашы ім парады, як жыць, успрымаюцца імі, як лішнія.
Абапал дарогі дадому ў лясах цвіце чаромха. Яна, як дым, які затаіў дыханне і не скранаецца з месца…

Прыехалі да роднай сядзібы. Нас ужо чакаў дзядзька Толя з Татар, які прыгнаў каня, каб узараць агарод. Дзядзька ў свой час служыў памежнікам і, даведаўшыся, што наш Максім ідзе ў памежнікі, сказаў: “Я тры гады на мяжы з Афганістанам адбыў! Нялёгка было! Адслужыць і Максім!”
Людміла завяла насценны гадзіннік, які разбудзіў матылька і вялікага чмяля. Я адчыніў акно, і яны паляцелі…

Валя з Людмілай рабілі грады. Насадзілі ўсяго, а што вырасце – восенню паглядзім. Падыходзіла суседка. Муж хварэе, і яна яшчэ не садзіла бульбу…

За нашым плотам каля калонкі, якая ўжо гадоў дзесяць цячэ, праравала трубу, і цяпер вада б’е з-пад зямлі, нібыта крыніца. Вада цячэ ў наш агарод, падбіраецца да хаты, якая стаіць, як стары каўчэг, пакінуты назаўсёды нашымі бацькамі…

Красуюць яблыні. Значыць, будуць яблыкі. Пчол вельмі мала. Магчыма, ім хапае спраў з дзьмухаўцамі, якіх на палях, як зорак на небе…

Я касіў траву. Віця дапамагаў у агародзе і наладжваў бензапілу. На страху, дзе працякае, узвалаклі велізарны ліст шыферу. Суседка Зіна з-за плота павіталася і паскардзілася, што нага баліць, якую, паслізнуўшыся на апошнім лёдзе, зламала.

Дзядзька Шура ў добрым настроі. Амаль ужо ўсё пароблена ў полі і на агародзе. У садзе спяваюць шпакі. З-за квецені іх не бачна.

Сёння Свята Перамогі. У вёсцы ціха. Ветэранаў няма. Светлая памяць.

Па дарозе ў Мінск заехаліся да цёткі Марыі, якой наша Вераніка намалявала Ракаўскую царкву. “Цяпер, калі не змагу хадзіць, буду глядзець на карціну і маліцца!” – сказала цётка і запрасіла нас да гасціннага стала. Не паспелі сесці, як прыйшоў яе сын Ігар са сваімі ўнукамі (ён іх называе “крывінкамі”). Пачаліся размовы пра зямное нялёгкае і светлае роднае. Пагасціўшы з паўгадзіны ў цёткі Марыі, паехалі на Ракаўскія могілкі да бацькоў. Паклалі цюльпаны, якія даўным-даўно пасаджаны мамай і сёння цвітуць.

Мы з Людмілай думалі, што нарэшце паедзем у Мінск і вернемся да часу, каб паспець схадзіць у царкву і перад Радаўніцай замовіць малітву за бацькоў, але Віця захацеў адведаць сына Сяргея і нявестку Святлану, якія якраз прыехалі ў Ракаў да маці, таму наша вандроўка займела добры працяг. Нас хацелі частаваць, але мы адмовіліся. Вольга, маці Святланы, павяла нас з Людмілай паказаць помнік, які стаіць на месцы спаленай немцамі сінагогі, дзе згарэлі 950 чалавек. Побач на агародзе працавалі суседзі. Мужчына гадоў сарака пяці падышоў да нас і прапанаваў з маім смартфонам пералезці агароджу і зрабць здымкі помніка. Вольга тут жа прадставіла нас яму, і ў адказ мы пачулі: “Я Мыкола! З Данецку! Ужо год жыву і працую ў Беларусі! У красавіку мне працягнулі яшчэ на год права на жыхарства! У вас добра!” Сфатаграфаўшы помнік, Мыкола сказаў: “Я люблю фатаграфаваць!”

Дамоў вярнуліся а палове дзясятай. Стомленыя і задаволеныя.

27.11.2017. Патэлефанаваў сваяк Анатоль Блашчыцын. Быў у Пугачах. Сказаў, што мая хата стаіць на месцы. Ад яго даведаўся, што сёння маёй дваюраднай цётцы Валянціне Іосіфаўне 90 гадоў. Павіншаваў бы, ды яна ў Пугачах цяпер не жыве, а ў дачкі пад Валожынам. Збіраюцца святкаваць на выхадныя юбілей. Пагаварыўшы пра вясёлае, перайшлі на сумнае. На мінулым тыдні памерла Рэнька Вярбіцкая. Ёй было недзе пад сто гадоў. Пахавалі ў Ракаве на каталіцкіх могілках. З Анатолем прагаварылі амаль гадзіну. Адчуванне, нібыта ў вёсцы пабываў сярод жывых і памерлых, якія ажылі на час нашай размовы…

27.06.2019. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы палоць грады і касіць у садзе.
Напачатку заехалі да бацькоў на Ракаўскія могілкі. Непадалёку мужчыны капалі дол. Пясок жоўценькі…

У Ракаве заехалі да нявесткі Святланы. Валя з Віцем узялі ў машыну трохгадовага ўнука Андрэя. Малы з цікавасцю глядзеў на мяне. Я паклікаў да сябе на рукі. Пайшоў.

Ехалі праз Палачанку. Заехалі ў дзіцячы лагер “Крынічка”. Валя забрала да вечара другога ўнука – Цімура. Перайшоў у шосты клас. Усю дарогу сядзеў, уткнуўшыся ў смартфон, але і не маўчаў.
Ехалі каля Лягезаў, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Нарасло дрэў, што вёскі з гасцінца не бачна. Калі я быў малым, дык нярэдка прыходзіў да гасцінца, каб паглядзець на машыны, якія часам праязджалі з Ракава ў Гарадок, а там і ў Маладзечна. Даводзілася чакаць гадзінамі, каб убачыць хоць адну машыну.

У агародзе і ў садзе нарасло травы. Я думаў, што ў спёку ўсё павыгарае, але ў вёсцы ішлі дажджы. Я касіў, а Валя з Віцем палолі грады. Потым Віця адвёз малога Андрэя і прывёз з Ракава стрыечную сястру Цімура Маргарыту. Дзеці гулялі, а мы працавалі.

Паспелі вішні, парэчкі. Яблыкаў амаль няма.

Дзядзька Шура прыхварэў. Нага баліць. Цяпер з кавенькай. Калі я прыходзіў, дзядзька чытаў газету і нешта запісваў. Я пажартаваў: “Вершы пішыце?” Дзядзька заўсміхаўся.

Дамоў паехалі, калі ўсё парабілі. З хаты выходзіў апошнім. На сцяне цікаў гадзіннік. Ён будзе ісць амаль тыдзень. У агародзе сарваў кветку і прывёз Людміле.

08.01.2022. Снілася лета. Родная хата. Я з мамай у агародзе, які каля вуліцы, дзе некалі раней у нас былі грады. Цяпер там расце толькі трава. А прыснілася, што там расце бульба. Мама дае мне кошык і просіць: “Павырывай траву бярозку”. Бяру кошык і прачынаюся. І раней мне сніўся гэты агарод, але не з бульбай, а з буракамі, морквай, цыбуляй, агуркамі…