Настаўнік матэматыкі і фізікі Пугачоўскай сярэдняй школы У. У. Унучак у педагагічнай справе сорак пяць гадоў. Ён – нашчадак самай вялікай у нашым раёне сямейнай дынастыі настаўнікаў, якая налічвае 490 гадоў!
Восенню мінулага года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася прэзентацыя кнігі “Імя табе – настаўнік. Педагагічныя дынастыі Беларусі”, укладальнікам якой стаў Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. У ёй – кароткія апісанні жыццёвага і прафесійнага шляху прадстаўнікоў 129 педагагічных дынастый з усіх абласцей Беларусі чатырох і больш пакаленняў. Нашу Валожыншчыну прадстаўляюць дзве дынастыі: Станкевіч-Турскія-Таўгень-Дабравольскія-Унучак з Валожына і Дзяржыцкія-Ястрэмскія-Саўчанка з Ракава.
Уладзімір Уладзіміравіч – дастойны прадаўжальнік першага роду. Пачынальнікам дынастыі быў яго прадзед па мацярынскай лініі, які ў 1913 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю і вучыў дзяцей у вёсцы Капусціна. У далейшым яго бацькі, дзядзькі і іх дзеці таксама пайшлі педагагічнымі сцежкамі.
У. У. Унучак нарадзіўся ў Гародзьках. Бацька, Уладзімір Рыгоравіч, выкладаў гісторыю; матуля, Лідзія Мікалаеўна, – беларускую мову і літаратуру. Гадаваўся разам з братам. На вёсцы ў тыя часы настаўнікі былі інтэлігенцыяй, таму дзецям трэба было трымаць прэстыж сям’і. Вучыўся напачатку ў Гародзькаўскай васьмігадовай школе, у старэйшых класах перайшоў у СШ № 2 райцэнтра, жыў у дзядоў у Капусціне. На заняткі дзяцей тады ніхто не вазіў: хадзіў кожны дзень пешшу тры кіламетры ў адзін бок і назад.
– Школу я скончыў з адной чацвёркай па рускай мове і літаратуры, усе астатнія – пяцёркі, – расказвае мой герой. – Добра даваліся матэматыка, фізіка, любіў літаратуру. Хацеў быць настаўнікам матэматыкі – гэта прафесія вельмі падабалася. Таму паступіў у Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. І ў 1974 годзе пачаў настаўнічаць у Яршэвіцкай сярэдняй школе. Дарэчы, ёй аддаў трыццаць гадоў працы.
Тады нашу дзясяцігодку наведвалі больш за 200 вучняў, былі паралельныя класы, вучыліся ў дзве змены. Школа размяшчалася ў папоўскім доме на хутары Вазгінеўцы. Праз чатыры гады ў Яршэвічах пабудавалі тыповы будынак школы, у якім праходзяць заняткі і сёння. Дырэктарам працаваў Вітольд Іванавіч Пліскоўскі, якому ўжо пад дзевяноста гадоў: ён выкладаў гісторыю. Добры чалавек, таленавіты педагог, граматны кіраўнік, заўсёды дапамагаў маладым настаўнікам улівацца ў прафесію.
Пачынаць настаўніцкую пуцявіну было складана: у класах займалася многа дзяцей, патрэбна было шмат рыхтавацца да ўрокаў. Я вучыў матэматыцы, пачынаючы з пятага класа, разам з яшчэ двума матэматыкамі. Паступова з’явіліся напрацоўкі, вопыт і стала лягчэй.
Ёсць у працоўнай дзейнасці У. У. Унучака старонка жыцця, звязаная з досыць высокай на вёсцы пасадай. Вось як ён пра яе расказвае:
– Я з’яўляўся дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў. У нас раптоўна пайшоў з жыцця старшыня сельвыканкама. І на гэту пасаду абралі мяне. Працаваў старшынёй Яршэвіцкага сельвыканама з 1983 па 1988 год. Малады настаўнік, у мяне толькі быў клас, а тут цэлы сельсавет. Вельмі добрым словам хочацца ўспомніць майго калегу, разумнага, мудрага дарадцу, старшыню Пяршайскага сельвыканкама Іосіфа Пятровіча Чэрніка. Ён быў старэйшы за мяне на пятнаццаць гадоў і дапамагаў ва ўсім.
Тады на тэрыторыі сельсаветы былі 33 населеныя пункты, дзве гаспадаркі – “Запаветы Ільіча” і “Чырвоная гвардыя”. На нашым балансе знаходзіліся чатыры бібліятэкі, дзве школы і два клубы. Патрэбна было рабіць рамонт. Непасрэдна плаціць за яго не маглі, бо бюджэтная арганізацыя. Таму павінны былі прасіць старшынь калгасаў. Мне пашанцавала: дапамагалі Э. В. Навакоўскі, І. У. Южык, В. А. Русовіч, В. І. Малішэўскі. Затым прыйшоў Яўгеній Яўгеньевіч Скрундзь. Успамінаю, зайшоў да яго ў кабінет, убачыў маўклівага хлопца. Ён вельмі здзівіўся і кажа: “Вы ж старшыня сельвыканкама і па пасадзе вышэй за мяне. У далейшым усе пытанні будзем вырашаць па тэлефоне”.
У той час было арганізавана сацыялістычнае спаборніцтва паміж сельсаветамі па чатырох паказчыках: закуп малака, тавараабарот, грамадскае харчаванне і індывідуальнае будаўніцтва. Па закупе малака ўдавалася ўтрымлівацца на лідарскіх пазіцыях: 8 малаказборшчыкаў збіралі малако па вёсках – ездзілі на конях з бітонамі на возе і далей дастаўлялі яго ў Міжрэчча. А пасля за здадзенае малако людзі атрымлівалі ў магазіне камбікорм.
Першае даручэнне, якое мне было дадзена, – аднавіць помнік загінуўшым воінам. Выкапалі катлаван, але людзі падказалі: калі ўстановім помнік без фундамента, ён будзе пастаянна трэскацца. Якраз у той час вялося будаўніцтва дарогі Мінск-Гродна. Я пазнаёміўся з начальнікам участка і дзякуючы яму ў гэты катлаван укінулі два МАЗы раствору, дапамаглі кранам. Помнік у такім выглядзе захаваўся і да сённяшняга дня.
Калі гаварыць пра сесіі сельвыканкама, у нас былі 33 дэпутаты. Пасяджэнні праходзілі бурна, бо кожны дэпутат хацеў не толькі расказаць пра набалелае, але і звяртаўся з дэпутацкім запытам. І, што характэрна, мы стараліся па магчымасці іх выканаць. Так, літаральна за два гады па дэпутацкім запыце былі загароджаны чатыры могільнікі: у Ясьманаўцах, Яршэвічах, Кіяўцы і Люціне. Памятаю, як пасля прыйшлі да мяне дадому бабулькі і запыталіся, куды можна напісаць, каб аддзячыць за такую вялікую справу. А калі сказаў, што нічога пісаць не трэба, яны адказалі, што будуць маліцца за мяне. Гэта было самае добрае, што я пачуў, і натхняла на працу.
У 1988 годзе У. У. Унучаку прапанавалі пасаду дырэктара Яршэвіцкай школы, на якой адпрацаваў шаснаццаць гадоў. Тут даводзілася займацца не толькі педагагічнай і вучэбнай дзейнасцю, але і гаспадарчай.
– Даходзіла да таго, што, калі заканчвалася паліва, мы з работнікамі ехалі ў лес і нарыхтоўвалі дровы для ацяплення, – узгадвае ён. – Рамонт кацельні, водаправода, воданапорнай вежы – таксама былі маім клопатам.
Напачатку 90-х сумесна з калегам з Івянецкай школы П. І. Бібікам і педуніверсітэтам удалося арганізаваць профільны педагагічны клас: вучні ездзілі ў Мінск, здавалі экзамены і паступалі. Дзеці былі здольныя: напрыклад, у 1994 годзе з адзінаццаці выпускнікоў пяць сталі медалістамі і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Але настаўніцтва ўсё ж бліжэй было яму да душы. Пасля дырэктарства У. У. Унучак пяць гадоў адпрацаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі ў сваёй роднай школе, а ўжо чатырнаццаты год выкладае гэтыя прадметы ў Пугачоўскай адзінаццацігодцы.
– Колішнія і цяперашнія дзеці не сталі менш цікаўнымі, – зазначае Уладзімір Уладзіміравіч. – Проста трэба весці выкладанне з улікам сучасных тэндэнцый інфармацыйнай культуры. І гэта выдатна ўдаецца ветэрану педагагічнай справы.
Алена ЗАЛЕСКАЯ