Калейдоскоп

Працоўныя здабыткі валожынцаў: у Валожынскім краязнаўчым музеі праходзіць выстава

Выстава да дня ўтварэння Валожынскага раёна “Мой родны край – часцінка вялікай Радзімы” праходзіць у Валожынскім краязнаўчым музеі.

Тут прадстаўлены фотаальбомы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. У той час кожнае прадпрыемства, калгас ці саўгас, падводзіла вынікі сваіх працоўных дасягненняў, у тым ліку і прымеркаваных да знамянальных дат. Гэтыя ўнікальныя звесткі занатоўваліся на фотаздымках і ў кароткіх інфармацыйных даведках, што змяшчаліся ў спецыяльных фотаальбомах, такіх як “Эстафета працоўных спраў”, “Летапіс народнай славы”, “Гісторыя калгаса…” і інш. Кожная арганізацыя рыхтавала такія справаздачы, многія з якіх, на жаль, не захаваліся. Іх прыгожа афармлялі, каб тыя мелі дастойны выгляд. Рабілі ўсё ўручную: пісалі плакатнымі пер’ямі, тушшу, чарніламі, прыклейвалі фотаздымкі, выразкі з газет.

Частка экспазіцыі “Гонар і слава Валожыншчыны” распавядае пра самых заслужаных прадстаўнікоў нашага рэгіёну, што працавалі ў розных галінах народнай гаспадаркі: медыкаў, настаўнікаў, навукоўцаў, ваенных, прадстаўнікоў сферы культуры і інш. Адным словам, пра людзей, якія сваёй працай праславілі наш раён.

На выставе прадстаўлены шматлікія фатаграфіі важных момантаў з жыцця раёна і фотапартрэты вядомых жыхароў. Нельга ўтрымацца, каб не зазірнуць у разнастайныя буклеты, якія былі выдадзены ў розныя гады, статыстычныя справаздачы за пэўныя перыяды.

Вялікую цікавасць выклікае частка экспазіцыі, дзе размясціліся Ганаровыя граматы высокага ўзроўню, большасць з якіх ад Вярхоўнага Савета БССР перадавікам і героям Сацыялістычнай працы. Сярод экспанатаў пачэснае месца займае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Герою Сацыялістычнай працы Лізавеце Валадкевіч.

Анжэла РАДЫНА