Напачатку тыдня ў рэдакцыю паступіла некалькі званкоў ад жыхароў прыватных дамоў. Уласнікі сутыкнуліся з сапраўднай праблемай: не змаглі знайсці ні адной службы – ні прыватнай, ні дзяржаўнай, якая б дапамагла ім адпампаваць каналізацыйныя адходы.
Па словах людзей, дагэтуль іх спраўна абслугоўваў валожынскі прыватнік – прыязджаў па першым званку. А на гэты раз адказаў, што па сямейных абставінах у бліжэйшы час дапамагчы не зможа. Патэлефанавалі на нумар 115. Там, удакладніўшы ўсе абставіны, паведамілі, што спецыяльная машына жыллёва-камунальнай гаспадаркі зараз знаходзіцца на рамонце. Знайшлі і прыватніка з Івянца, але ён спаслаўся на тое, што ў яго заказаў і ў бліжэйшых населеных пунктах шмат.
За тлумачэннямі звярнуліся да дырэктара Валожынскага жылкамунгаса Міхаіла Унучака:
– Гэтай справай павінен займацца водаканал: менавіта яны адказваюць да водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Два гады таму ўчастак водаканала аддзялілі ад камунальнай гаспадаркі раёна – зараз ён знаходзіцца ў падпарадкаванні Маладзечанскай спецыялізаванай арганізацыі. Для аказання паслуг мы ім аддалі дзве спецыяльныя машыны. У нас таксама засталіся дзве: адна з-за доўгага тэрміну эксплуатацыі цалкам выйшла са строю і спісана з балансу, а другая рыхтуецца да тэхагляду. Але хачу адзначыць, што адпампоўванне каналізацыйных адходаў адносіцца ў нас да дадатковых паслуг. Два разы на тыдзень машына выязджала па заяўках па ўсім раёне.
Вось што расказаў начальнік цэха водазабеспячэння і водаадвядзення Валожынскага раёна КУП “Маладзечнаводаканал” Яўген Найдзён:
– Сапраўды, у нас маюцца дзве спецыяльныя машыны для адпампоўвання каналізацыйных адходаў. Але заняты яны толькі на ўнутраных работах нашага цэха. Дагэтуль зваротаў людзей да нас не было.
У той жа дзень праз дзве гадзіны пасля размовы Яўген Анатольевіч сам патэлефанаваў у рэдакцыю і паведаміў:
– Заяўкі па аказанні такой паслугі прымаюцца ў нашым цэху па нумарах: 54018 і 56630.
Што праблема і сапраўды вырашана, нам паведамілі і самі людзі. Яны звярнуліся па вызначаным нумары, і ў той жа дзень да іх прыехала спецыяльная машына. Больш таго, людзям не давялося ісці ў цэх водаканала, каб заключыць дагавор і аплаціць за паслугу. Вадзіцель патэлефанаваў кіраўніцтву, і ўсё вырашылася на месцы.
Прыемна былі здзіўлены ўласнікі і коштам: у сувязі з тым, што гаспадар інвалід II групы, ім, згодна з заканадаўствам, зрабілі 50-працэнтную скідку на аказанне такой паслугі.
Уласнікі прасілі перадаць падзяку кіраўніцтву водаканала за такое хуткае вырашэнне пытання і за культурныя, ветлівыя і проста чалавечыя адносіны вадзіцеля машыны.
Алена ЗАЛЕСКАЯ