Вадзіцель СТАА “Данпрод” Сяргей Нахай стаяў ля самых вытокаў зараджэння вытворчасці. Напачатку ўладкаваўся будаўніком, пасля вазіў бетон, на сёння перавозіць свіней са свінакомплексу на мясакамбінаты.
– Работа – ад цямна да цямна: ноччу выязджаю, каб у восем гадзін раніцы ўжо быць на ўказаным у маршруце прадпрыемстве, – расказвае Сяргей Аляксандравіч. – Возім свіней па ўсёй Беларусі, чым далей рэйс – тым раней трэба выязджаць.
Сяргей Нахай адзначае, што прафесія вадзіцеля яму па душы. Пайшоў па бацькавых сцежках: ён усё жыццё адпрацаваў вадзіцелем у райсельгасхіміі на “ЗІЛе”. З дзяцінства часта садзіў яго побач з сабой у кабіну і вазіў па дарозе. Цяпер ужо сам стаў прафесіяналам-вадзіцелем і сцвярджае, што гэта яго прызванне.