Авторская колонка Виктора ШНИПА

Кнігарня

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

1970-1975. Кнігарні ў маіх Пугачах няма і ніколі не было. У магазіне, акрамя хлеба, кансерваў і віна, заўсёды можна было купіць яшчэ сёе-тое, але толькі не кнігу. А мне так хацелася купіць кнігу! І хадзіў я ў наш магазін амаль кожны дзень. І ўглядаўся на паліцы за шырокім прылаўкам, і пытаўся ў прадаўшчыцы, ці ёсць казкі. Цётка здзіўлена глядзела на мяне і аднойчы сказала: “Каску можна купіць у Ракаве, дзе матацыклы прадаюцца…” Я не зразумеў прадаўшчыцу, як і яна не разумела мяне.
І ўсё ж у класе пятым я ўсё-такі ўгледзеў на адной з паліц кнігу. Невялікую, крыху пажаўцелую і памятую, з канкрэтнай назвай – “Кніга”. Некалькі дзён я хадзіў каля зернясклада і шукаў пустыя пляшкі, здаваў іх у магазіне і, калі назбіраў паўтара рубля, звярнуўся да прадаўшчыцы з просьбай: “Дайце мне кнігу…” Цётка не адразу зразумела, што я прашу, і перапыталася: “Што ты хочаш?..” “Кнігу…” – паўтарыў я і паказаў, дзе яна стаіць. Прадаўшчыца, паглядзеўшы на “Кнігу”, пачырванела, зняла з прылаўка і, нейкую хвілю патрымаўшы яе ў руцэ, закрычала: “А што ж я табе гэта, паразіт ты гэтакі, зрабіла?! Во ўжо вывучыўся! Кнігу яму давай!” Я выскачыў з магазіна і пабег дахаты. Вечарам вярнулася мама з працы і адразу да мяне з пытаннем: “Ты гэта што там у магазіне ўтварыў?” – “Нічога. Я толькі хацеў купіць кнігу…” – “Якую кнігу?” – “Тую, што на паліцы стаіць…” – “Дык гэта ж “Кніга скаргаў”.

1974. З бацькамі прыехаў у Ракаў. Мама пайшла ў царкву, бацька – у магазін за цыгарэтамі, а я з сястрой і братам у кнігарню… Кожнаму сваё…

1975-1980. Прыехаўшы ў Мінск і не маючы на кніжкі грошай, я хадзіў па кнігарнях і там іх чытаў. Асабліва добра атрымлівалася з паэзіяй. У гарадскую бібліятэку запісацца не мог, бо не меў мінскай прапіскі. Аднак у мяне былі сябры, якія мелі цудоўныя хатнія бібліятэкі і якія не шкадавалі даць пачытаць кніжку. Адным з такіх быў Адам Глобус. У мяне і цяпер перад вачамі стаіць зборнік вершаў Апалінэра, і жыве ўва мне тое адчуванне свету і Еўропы, якое тады мне адкрылася.

1980-1985. Прыязджаючы ў Валожын на літаб’яднанне, якое я арганізаваў у 1980 годзе пры газеце “Працоўная слава” і якім пяць гадоў кіраваў, заўсёды ў першую чаргу заходзіў у кнігарню. Зрэдку там купляў сёе-тое, але тых кніжак, якія мяне найбольш цікавілі, не знаходзіў на паліцах. І аднойчы я паскардзіўся свайму земляку паэту Пятру Бітэлю, што вось колькі ўжо часу езджу ў Валожын, а ўсё ніяк не магу купіць сабе ніводнай кнігі з вершамі. Пятро Іванавіч суцешыў мяне: “А нічога так і не купіш. Падыдзі да загадчыцы і скажы, што ты паэт, і ўсё будзе, што захочаш”. Але так, як мне параіў Пятро Бітэль, я не зрабіў. І ўсё ж я пазнаёміўся з загадчыцай кнігарні. Жанчына, даведаўшыся, што я пакупнік незвычайны, завяла мяне на склад: “Выбірай, што хочаш…” З таго дня, прыходзячы ў валожынскую кнігарню, я адразу ішоў на склад, дзе было шмат кніг паэзіі, якая мала каго цікавіла…

1978-1982. У Мінску ў “Цэнтральнай кнігарні” ў канцы сямідзясятых і пачатку
васьмідзясятых гадоў у беларускім аддзеле працавала паэтка Святлана Каробкіна. Каля яе вечна стаялі людзі. Часта спыняўся і я. Святлана, акрамя таго, што заўсёды пры сустрэчы скардзілася на сваё дрэннае здароўе і нялёгкае жыццё, расказвала, што творыцца ў літаратурным асяроддзі. Ды і ёй усе пра ўсё расказвалі.
Адзін раз прыходжу ў кнігарню, а Святлана ўжо размаўляе з нейкім незнаёмцам. Пакупнікі падыходзяць, пытаюцца, ці ёсць тая ці іншая кніга. Часта цікавяцца, ці можна купіць Алеся Разанава, на што Святлана адказвае: “Пакуль яшчэ не…” І раптам пытанне: “А Караткевіч прадаецца?” – “Караткевіч не прадаецца!” – адказаў наш суразмоўца. І калі ўсе разышліся, Каробкіна прашаптала: “Запомні гэты дзень, ты з самім Уладзімірам Караткевічам размаўляў…”

1978-1982. Неяк прыходжу ў “Цэнтральную кнігарню”, а на месцы Святланы Каробкінай стаіць незнаёмая дзяўчына. Прыгожая і зусім маладзенькая. І спадабалася яна мне. І стаў я амаль кожны дзень хадзіць у кнігарню не кніжкі купляць, а толькі каб паглядзець на прадаўшчыцу. Гляджу на дзяўчыну, а пазнаёміцца ніяк не адважуся. І хадзіў я ў кнігарню да таго часу, пакуль не сустрэўся там у беларускім аддзеле з паэтам Міколам Шаляговічам, які паспеў пазнаёміцца з прыгажуняй, якая праз нейкі час і стала Міколавай жонкай.

1985-1987. Пасля заняткаў у Літінстытуце, атрымаўшы стыпендыю, адны ішлі ў магазіны па гарэлку, іншыя – у кнігарню “На Кузнецком мосту”. На першым паверсе кнігі прадаваліся для ўсіх. На другім жа, калі падымешся па вузенькай рыпучай лесвіцы, можна, калі ў цябе ёсць членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, купіць тое, што нідзе па звычайнай цане не купіш. Я “На Кузнецкий мост” хадзіў часта, і цяпер у маёй хатняй бібліятэцы ёсць усё, што мне трэба для душы. Адзін раз пасля заняткаў прыйшоў да мяне пісьменнік з Мінска і кажа: “Цягнік у мяне не хутка. Давай звадзі мяне куды-небудзь…” І я павёў яго “На Кузнецкий мост”. Калі мы зайшлі ў кнігарню, пісьменнік сказаў: “Ты куды гэта мяне прывёў? Гэта ж не рэстаран!..”

КНІГА
Напачатку было Слова
і Слова стала Кнігай,
як раніца становіцца днём,
крыніца ракой
і цячэ па белым свеце,
у якім жыве Слова,
якое стане Кнігай.
І ты чытаеш Кнігу,
і Слова душу напаўняе,
як сонца наш свет,
дзе Кніга – гэта святло,
у якім наша мінулае,
сённяшні дзень і будучыня,
у якой будзе Кніга,
як сцяжына, дарога
да Веры, Надзеі, Кахання,
да белага Храма,
дзе жыве Любоў.
Кніга – гэта люстэрка,
дзе кожны бачыць сябе
галоўным героем.
Кніга – гэта паветра,
якім дыхае душа.
Кніга – гэта агонь,
якім саграецца сэрца.
Кніга – гэта неба,
у якім жыве натхненне.
Кніга – гэта каўчэг,
які плыве да зямлі,
дзе чакае радасць.
Кніга – гэта планета,
на якой існуе жыццё,
створанае намі.
І ты любіш Кнігу,
і ты сябруеш з Кнігай,
дзе ніткамі сказаў
мы прышытыя да вечнасці,
у якой жыве Слова,
як сонца,
якое не заходзіць.

10.12.2014. З таго часу, як выпаў снег, амаль кожную раніцу па дарозе на працу каля кнігарні “Светач” сустракаю сініцу. Яна ходзіць па сцежцы і не ўцякае ад мяне. Можа, гэта нейкі паэт, які, памёршы, стаў сініцай?

14.05.2015. Узгадалася даўняя прэзентацыя кнігі Алеся Пісьмянкова “Мы з братам” у кнігарні “Светач”. Вёў імпрэзу Навум Гальпяровіч. Гаварыў цэлую гадзіну без Алеся, бо ён не прыехаў. Часта называў кнігу “Мы з братам”. Адзін дапытлівы слухач пацікавіўся: “А дзе ж брат?” “Хутка прыедзе!” – адказаў Навум. Пісьмянкоў жа з’явіўся толькі тады, калі людзі пачалі разыходзіцца. І той дапытлівы слухач з усмешкай заўважыў: “Вось і брат прыехаў!” Алесь спазніўся, бо якраз у гэты дзень гадзіннікі былі пераведзены на гадзіну наперад. Алесь не перавёў…

15.04.2016. Янка Купала быў укладальнікам і рэдактарам першай кнігі нашай зямлячкі Канстанцыі Буйло “Курганная кветка”, якая выйшла ў 1914 годзе. Верша, які даў назву зборніку, у кніжцы не было. Ён быў напісаны пазней, але яго матывамі была прасякнута ўся “Курганная кветка”.
Першая сусветная вайна застала Канстанцыю Буйло ў Полацку, куды яна прыехала па парадзе Цёткі загадваць беларускай кнігарняй. І па сёння ў Полацку ёсць гэта кнігарня. Тут паэтэса пазнаёмілася з Віталем Калечыцам, за якога ў 1916 годзе выйшла замуж.

14.06.2016. Хадзіў па кнігарні і думаў, што некаторыя кнігі, якія тут, ніколі не прачытаю, бо не куплю. Дарагія вельмі. І самае галоўнае – іх вельмі шмат. Аднак хапае і кніг танных, якіх нават пад прымусам чытаць не буду. Кнігарня, як пытанне і адказ…

17.05.2019. Пасля маштабнай рэканструкцыі сёння ўрачыста адкрылі кнігарню “Светач”. Цяпер тут так прасторна, што можна на ровары катацца, шукаючы патрэбную кнігу. Усё вельмі прыгожа зроблена, з густам. Пасля ўрачыстасцяў прысутным быў паказаны фрагмент са спектакля “Пясняр”. На жаль, тое, што ў тэатры гучыць добра, у кнігарні прагучала не вельмі.

12.06.2019. Удзельнічаў у прэзентацыі кнігі “Наталия Гайда. Примадонна”, якая папоўніла серыю “Наш сучаснік”, што была заснавана “Мастацкай літаратурай” у 2011 годзе. Прэзентацыя адбылася ў кнігарні “Светач” на другім паверсе, дзе цяпер ёсць утульнае месца для сустрэчы чытачоў з аўтарамі кніг.

Народная артыстка Беларусі, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Наталля Гайда нарадзілася ў Свярдлоўску, як і Уладзімір Мулявін. Нядаўна адзначыла свой 80-гадовы юбілей. І вось ужо 50 гадоў, як жыве і працуе ў Мінску. І сёння, калі на вуліцы было пад 35 градусаў гарачыні, яна выступала (спявала і танцавала) перад прыхільнікамі свайго таленту, нібыта ёй яшчэ няма і пяцідзесяці.

17.06.2019. Зараз чэрвень закончыцца, а я яшчэ не прыдумаў, дзе буду адпачываць. Ведаю, што не на моры. Відаць, прасяджу ў горадзе, выязджаючы час ад часу ў Пугачы. Планую сваякоў у вёсках адведаць, пакуль яны жывыя. Прачытаў гутарку з Аляксеем Жахаўцом пра Гарадок, які ад маіх Пугачоў у кіламетрах сямі. Цяпер Гарадок – гэта проста вёска пад Маладзечнам, а калісьці гэта быў важны памежны горад Полацкага княства. У Гарадку доўгі час жыла мая цётка Шурка. У дзяцінстве, а гэта сямідзясятыя гады, з бацькам у Гарадок ездзілі на возе ў крамы. Там была кнігарня, дзе мама мне набывала кніжкі, а потым і я сам.

* * *
У кнігах нашых вечнасці
дыханне,
У кнігах нашых нашае святло
І кожны дзень у небыццё
не кане,
Яднаючы, што будзе і было,
Ён будзе ў кнігах, як
у Храмах нашых,
Куды ідзём і будзем мы ісці.
Нас будзе ведаць свет па тым,
што скажам
І што мы зробім добрага
ў жыцці
Для роднай Беларусі,
каб квітнела
І вечна беларускаю была,
І з кожнай кнігі ў вочы
нам глядзела
Крыніцаю Любові і Святла…
У кнігах нашых нашае дыханне,
У кнігах нашых нашае святло,
Што золатам нашчадкам
нашым стане,
Яднаючы, што будзе і было…
07.09.2012