Вадзіцель аўтамабіля па вывазцы лесу Валожынскага лясгаса Віктар МЫШЛЁН названы лепшым работнікам лясной гаспадаркі.
1 красавіка споўніцца 40 гадоў, як Віктар Аляксандравіч упершыню сеў за руль велікагрузнага лесавоза, а ўвогуле яго працоўны стаж у арганізацыі складае 43 гады. Пайшоў па бацькавых сцежках – у свой час ён таксама вывозіў лес на “Урале”.
Працавіты, дысцыплінаваны, ініцыятыўны, адказны – менавіта гэтыя якасці вылучаюць яго ў працоўным калектыве. Як прафесіянал сваёй справы Віктар Мышлён адзначаны нагрудным знакам “За работу без аварый II ступені”. У скарбонцы высокай адзнакі працы – Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі, абласнога лесагаспадарчага аб’яднання, неаднаразовыя ўзнагароджванні ад кіраўніцтва лясгаса.
За гады работы вопытны вадзіцель змяніў чатыры машыны, але, нягледзячы на тое, што працуе з напарнікам, стан аўтамабіля заўсёды ідэальны. Для пачынаючых вадзіцеляў Віктар Аляксандравіч – вопытны настаўнік і добры дарадца, для калег – харошы таварыш, а для кіраўніцтва – надзейны і добрасумленны работнік. Таму і карыстаецца вялікай павагай.
– Вельмі люблю лес і саму прыроду: там і дыхаецца лягчэй, і працуецца спарней, ды і здаравей сябе адчуваеш, – сцвярджае вадзіцель-ветэран.