Буфетчыца 5 разраду сталовай № 2 г. Валожына райспажыўтаварыства Людміла РАДЗІВІЛКА вызначана лепшай сярод работнікаў гандлю, грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання і паслуг.
У калектыве Людміла Анатольеўна вылучаецца дзелавітасцю і мэтанакіраванасцю, якія спалучаюцца з тактоўнасцю і добразычлівымі адносінамі да людзей. У прафесію прыйшла дзякуючы колішняму начальніку аддзела грамадскага харчавання Алене Аляксандраўне Петыш – яна дала добрую пуцёўку ў працоўнае жыццё. З таго моманту прайшло амаль 30 гадоў. У тыя гады гэта сфера абслугоўвання была вельмі запатрабаваная – якраз назіраўся самы росквіт, калі людзі пачалі праводзіць важныя сямейныя святы і даты ў рэстаране. Запісваліся на карпаратывы за паўгода, а то і раней: успамінаецца, як, адгуляўшы адзін новы год, тут жа браніравалі месца на наступнае 1 студзеня.
– Мае асноўныя абавязкі – абслугоўванне людзей, – расказвае прафесіянал сваёй справы. – Падсілкавацца ў сталовую прыходзіць многа наведвальнікаў – у сярэднім пад 100 чалавек у дзень. Таксама праводзіцца шмат банкетаў – тыя, хто заказвае стол, кажуць, што ў нас вельмі смачнае меню, аб чым сведчаць і запісы ў кнізе водгукаў. Дарэчы, скаргаў там увогуле няма. А кормім мы сапраўды па-дамашняму: стараемся рыхтаваць стравы, якія карыстаюцца попытам, пры гэтым улічваючваем і цану. Бо прыязджаюць рабочыя, напрыклад, з “Данпрода” на харчаванне – і кожны выбірае сабе ежу па кішэні.
Ведаеце, вось узяць хаця б салату са свежай капусты, што рыхтуюць нашы повары, ну вельмі смачная – як ні рабі, а дома такі не атрымліваецца. І катлета ў нас смачная – ясі, і адразу дзяцінства ўзгадваецца. Безумоўна, усё залежыць ад майстэрства і прафесіяналізму.