Интервью

Прафесіяналам усё па сілах!

Ігар Махіна нарадзіўся непадалёк сваёй асноўнай работы – у вёсцы Жомайдзь. Узгадвае, як юнаком, праязджаючы каля асфальтабетоннай базы, звяртаў увагу на чорны дым, які ішоў з трубаў, але пра тое, што тут давядзецца працаваць, а з цягам часу і кіраваць вытворчасцю – нават і не марыў.

Да Дня аўтамабіліста і дарожніка самае важнае званне ў сваёй галіне – “Ганаровы дарожнік” II ступені – прысвоена прарабу асфальтабетоннай базы “Крыніца” КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” Ігару Махіну.

– Напачатку ўладкаваўся электрыкам у родны калгас “Перамога”, – прыгадвае Ігар Іванавіч. – А калі ажаніўся, пачаў задумвацца, каб жыллё якое прыдбаць – мець свой куточак. Неяк даведаўся, што на ўчастак ДБ-58 (так тады ён называўся, а ўвогуле тут было два заводы) патрэбен быў электрык, і галоўнае, што плацілі намнога больш: у калгасе атрымліваў 200 рублёў, а тут абяцалі 1000. Вось так 28 сакавіка 1992 года прыйшоў у калектыў дарожнікаў.

Праз непрацяглы час прапанавалі перайсці на механіка, а яшчэ праз год – быць прарабам.
– Скажу шчыра: баяўся – было страшна, ці адолею ўсё, бо адказнасць вялікая. Гэта ж цэлая вытворчасць: трэба сачыць не толькі за паступленнем, бо з кар’ера пясок прывозілі, і адпраўкай гатовай прадукцыі, а і за якасцю, – расказвае Ігар Махіна. – Але неяк справіўся і спраўляюся па сённяшні дзень.

Тут Ігар Іванавіч вельмі скромнічае, бо работнікі сцвярджаюць, што іх прараб – незаменны чалавек: на асфальтабетоннай базе ён ведае ўсё да драбніц і можа падмяніць, пры патрэбнасці, любога. Пры гэтым калектыў яго паважае – за разуменне, падтрымку, надзейнасць, дабрыню.

– Асноўнае, чым мы займаемся, – выпуск асфальтабетону для пакрыцця дарог. Сёлета ўжо выпусцілі 26,5 тысячы тон – для патрэб раёна гэтага дастаткова, – працягвае прафесіянал. – Таксама перапрацоўваем пясчана-гравійную сумесь: адгружаем па заказах. Людзі набываюць: попыт ёсць і на асфальтабетон, і на пясок. Два гады таму ўстанавілі РБУ-10 для выпуску бардзюраў, паколькі наша дарожная служба займаецца іх устаноўкай.

З пачаткам сезона ў нас пачынаецца паверхневая апрацоўка дарог: мыем шчэбень, захоўваем з дабаўленнем спецыяльнай эмульсіі, загружаем у машыны і пасыпаем асфальт, чым умацоўваем дарожнае палатно. Маем два кар’еры – у Бомбалах і ў Крыніцы: там нарыхтоўваем пясок. Гравійны шчэбень б’ём самі драбілкамі, а для паверхневай апрацоўкі – закупляем у Мікашэвічах: дастаўляем праз чыгунку ў Багданаве, дзе маем павышаную базу.

Ад сваёй работы атрымліваю радасць – цэлы дзень на свежым паветры, наўкола цудоўная прырода. Задавальняе і заработная плата. Важна і тое, што кіраўніцтва заўважае і ацэньвае нашу працу – гэта добры стымул. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю нашаму вялікаму калектыву атрымліваць толькі станоўчыя водгукі ад сваёй работы, мець моцнае здароўе, разуменне і падтрымку ў сям’і, жыць у радасці, шчасці пад мірным блакітным небам.

На сёння займаемся нарыхтоўкай пясчана-салянай сумесі на апрацоўку дарог у зімовы перыяд. Пасля яе развозім на тры дарожна-рамонтныя ўчасткі, што ў Ракаве, Івянцы і Вішневе, якую адтуль пасля рассыпаюць па мясцовасці. Таксама ў зімовы перыяд праводзім рамонт усяго абсталявання, каб у летні перыяд працаваць без збояў.

На асфальтабетоннай базе ў Крыніцы працуюць дзесяць чалавек: драбільшчыкі, грахатоўшчык, электрык, зваршчык, аператар па выпуску асфальтабетоннай сумесі. Ігар Махіна адзначае, што калектыў зладжаны і дружны – як уладкуюцца, так і працуюць стабільна.