З сакавіка бягучага года Валожынскі раённы аддзел Следчага камітэта ўзначальвае Марына РАГІНСКАЯ. Мы сустрэліся і пагутарылі з новым кіраўніком ведамства.
– Марына Тадэвушаўна, хацелася б больш падрабязна даведацца пра наш аддзел і яго работу?
– Сёлета следчая служба адзначыла 11-ю гадавіну з моманту свайго ўтварэння. Работа следчага няпростая – патрабуе сіл, ведаў, умення, вялікай адказнасці. У разуменні многіх людзей следчымі з’яўляюцца ў асноўным мужчыны, але на самай справе гэта не так – аб чым, дарэчы, сведчыць наш раённы аддзел, дзе большасць супрацоўнікаў складаюць дзяўчаты. Так, з 9 следчых, не ўлічваючы кіраўніцкі састаў, у нас 8 дзяўчат і толькі адзін мужчына. Таму ім даводзіцца перажываць складанасці, цяжкасці, аднак яны моцныя духам, характарам і добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі.
У Валожынскім раённым аддзеле Следчага камітэта штомесячна знаходзяцца ў выкананні каля 60 крымінальных спраў. І гэта нямала. Таксама следчыя заступаюць на дзяжурства ў складзе следчай аператыўнай групы, выязджаюць на месцы злачынстваў, дзе збіраюць доказы, дапытваюць людзей, спрабуюць усімі сіламі ва ўзаемадзеянні з работнікамі ўнутраных спраў і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз аказаць дапамогу для ўстанаўлення асобы, якая здзейсніла злачынства.
– Разумею, што работа следчага ўвасабляе ў сабе некалькі спецыяльнасцей?
– У паўсядзённай дзейнасці, я б сказала, следчы з’яўляецца шматгранным спецыялістам. Гэта і юрыст, які на базе сваіх юрыдычных ведаў рэгламентуецца законам і выкарыстоўвае нарматыўныя акты. Гэта і псіхолаг у зносінах з людзьмі. Гэта і педагог, які тлумачыць і вучыць. Гэта і аналітык, які супастаўляе ўсе сабраныя па крымінальнай справе доказы, аналізуе іх, шукае новыя версіі.
– Развіццё ў прафесіі ёсць?
– Безумоўна, з кожнай крымінальнай справай, матэрыялам праверкі следчы ўдасканальваецца. Займаецца самапазнаннем, самаадукацыяй, бо жыццё не стаіць на месцы. Каб ісці ў нагу з часам, трэба пастаянна нешта чытаць, вывучаць нарматыўныя дакументы, даводзіцца нават самім разбірацца ў камп’ютарных праграмах, бо злачынцы таксама “не дрэмлюць” – здзяйсняюцца іншыя, дагэтуль невядомыя віды злачынстваў.
Зараз вельмі распаўсюджана махлярства тэлефоннае – назаваём яго так. У ашуканцаў з’яўляюцца новыя гісторыі, новыя прычыны: то гэта праблемы з роднымі, то прадстаўляюцца работнікамі банка, у апошні час сталі паступаць пацярпелым званкі ад супрацоўнікаў службаў бяспекі тэлефонных мэсэнджараў. У пастку трапляюць абсалютна розныя катэгорыі грамадзян – ад маладых людзей ва ўзросце 15-16 гадоў да пенсіянераў. Зламыснік можа пазваніць у любы час, калі чалавек знаходзіцца ў рознай сітуацыі – напрыклад, заняты нечым, яму нязручна адказаць на пытанне, а тут чуе: маўляў, хтосьці спрабуе ўзламаць яго акаунт. У непаразуменні хуценька паведамляе ўсё, што яму прыходзіць на тэлефон. І толькі пасля, калі пакладзе трубку, пачынае ўсведамляць сутнасць таго, што адбылося. Правярае рахункі і разумее – яго проста ашукалі.
– Наколькі складана раскрываць такія злачынствы?
– Досыць цяжка, бо зламыснікі, выкарыстоўваючы камп’ютарныя тэхналогіі, падменьваюць тэлефонныя нумары – як правіла, званкі ідуць праз мэсэнджары, у Вайберы, Тэлеграм-канале, Ватсапе, дзе можна падпісацца абсалютна любым імем карыстальніка. Устанавіць гэта дастаткова праблематычна.
– Што б Вы параілі як прафесіянал?
– Грамадзянам трэба быць пільнымі. Калі паступаюць такія тэлефанаванні, не ўступаць у актыўную размову, а сказаць наступнае: прабачце, я перазваню; я схаджу ў банк – калі ў вас з карт-рахунка спісваюцца грошы; я такія пытанні вырашаю, непасрэдна наведваючы банк. Калі гавораць, што нешта адбылося з вашымі роднымі, пакладзіце трубку і адразу ж патэлефануйце ім. Не пагаджайцеся ні па якіх прычынах перадаваць грашовыя сродкі, пакуль самі не ўпэўніцеся, што з вашым родным насамрэч адбылося няшчасце. Заўсёды трэба трымаць руку на пульсе.
– Раскажыце, калі ласка, пра Ваш шлях у прафесію?
– Нарадзілася ў Маладзечне. Калі вучылася ў школе, марыла стаць настаўніцай. Любіла матэматыку, фізіку, інфарматыку і пасля заканчэння 11 класа паступала ў педуніверсітэт. На жаль, па выніках здачы экзаменаў не хапіла аднаго бала. Я засмуцілася, аднак трэба было неяк выпраўляць становішча. А паколькі школьніцай паралельна вучылася ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы па спецыяльнасці бухгалтар – сакратар-рэферэнт, які скончыла з чырвоным дыпломам, мяне ўзялі без экзаменаў у Мінскі інстытут кіравання. І хоць гуманітарныя навукі былі не даспадобы, зацікавілася вучобай, калі пачалі выкладаць крыміналістыку. Дзякуючы педагогам, якія прывілі любоў да гэтага прадмета, з’явілася жаданне пайсці на службу ў міліцыю. Вось так у 2003 годзе першым працоўным месцам стала пасада дазнавацеля ў Маладзечанскім РАУС. Праз сем гадоў перавялі старшым следчым у следчы аддзел. У час стварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь працавала следчым па асабліва важных справах, у 2019 годзе стала намеснікам начальніка 1-га следчага аддзялення. А з сакавіка бягучага года ўзначаліла Валожынскі раённы аддзел Следчага камітэта.
– Наколькі адрозніваецца кіраўніцкая пасада ад звычайнага супрацоўніка?
– Работа следчага заключаецца ў тым, што ён нясе адказнасць толькі за свае дзеянні і за свой участак работы: даручылі расследаваць крымінальныя справы пэўнай катэгорыі – нясе адказнасць за якасць правядзення следчых дзеянняў, іх паўнату. Кіраўнік жа адказвае за ўвесь калектыў. Скажу, што гэта дастаткова складана, але, дзякуючы калектыву і сумеснай рабоце, спраўляемся.
– Якія злачынствы характэрныя для нашага раёна?
– Крадзяжы, грабяжы, хуліганствы, злачынствы, учыненыя з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, махлярствы, дарожна-транспартныя здарэнні. У сувязі з тым, што па тэрыторыі раёна праходзіць траса М6, раз у тры месяцы, а то і часцей, нам даводзіцца выязджаць на месцы здзяйснення аварый. Таксама расследуем і вынікі пажараў, калі супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях немагчыма першапачаткова ўстанавіць прычыну ўзгарання.
– Колькі могуць доўжыцца следчыя дзеянні па справе і ці заўсёды яны ўкладваюцца “ў тамы”?
– Агульны тэрмін расследавання, устаноўлены Крымінальна-працэсуальным кодэксам па крымінальнай справе, складае два месяцы. Але гэты тэрмін можа быць падоўжаны да трох, шасці і больш месяцаў. Так, часам гэта тамы – у залежнасці ад эпізодаў злачыннай дзейнасці падазронага ці абвінавачваемага.
– Ці ёсць у нас такія “зацяжныя” справы?
– Зусім “зацяжных” няма, але ёсць дзве справы, якія расследуюцца на працягу шасці месяцаў.
– Марына Тадэвушаўна, што Вам падабаецца ў следчай рабоце? Зразумела, выбар прафесіі быў абсалютна выпадковым, тым не менш, сёння можаце сказаць, што знайшлі сябе менавіта тут?
– Мне прыносіць задавальненне аказваць дапамогу людзям, якія апынуліся ў сітуацыі, непрыемнай для сябе. Таму заўсёды імкнулася падтрымаць чалавека, які пацярпеў, накіраваць усе сілы і магчымасці, каб была ўстаноўлена асоба, што здзейсніла злачынства, і каб чалавеку быў пакрыты нанесены ўрон.
– Ці магчыма нейкім чынам зменшыць колькасць злачынстваў?
– Пры расследаванні крымінальных спраў высвятляем прычыны, умовы здзяйснення злачынстваў, праводзім прафілактыку – як мы, так і іншыя сумежныя структуры. Выступаем у калектывах. Але, на жаль, унутранае перакананне некаторых нашых грамадзян не дазваляе зусім пазбегнуць злачыннасці. Злачыннасць як была, так і будзе. Мы не можам адказваць за людзей, якія здзяйсняюць злачынствы.
– А ці ёсць тыя, хто ўсвядоміў, што ў яго жыцці здарыўся такі, будзем казаць, прабел?
– Так, надараецца, хтосьці зразумеў, што спатыкнуўся, штосьці здзейсніў не так, і становіцца на шлях выпраўлення. Некаторыя ж грамадзяне, у якіх няма ні ўласнага жылля, ні сям’і, стараюцца да восені здзейсніць нейкае новае злачынства, каб зімой не бадзяцца па лесе, а сядзець у цёплай турме. Вось такая праўда жыцця.
– Што б Вам хацелася пажадаць свайму калектыву?
– Перш за ўсё, моцнага здароўя і неймавернага цярпення, разумець сітуацыю і абстаноўку, добрасумленна адносіцца да ўскладзеных абавязкаў. Сваё шчасце кожны будуе сам.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ