Ордэнам Маці ўзнагароджана Кацярына Кавалеўская, матуля пецярых дзяцей, якая пражывае ў вёсцы Канаплічы Івянецкага сельсавета.
Высокую дзяржаўную ўзнагароду шматдзетнай матулі ўручылі на раённым Свяце працы напярэдадні свята 8 Сакавіка. Як адзначыла Кацярына Мікалаеўна:
– Адчуваю прыемнае хваляванне, бо рэдка такое нарадаецца ў жыцці. Да ордэна дакладна не імкнуліся з мужам, а вось мець вялікую сям’ю хацелася, – адзначыла яна. – Я сама з вялікай сям’і: у бацькоў нас было сямёра – заўсёды весела, гаманліва ў хаце. Ёсць з кім пагаварыць, ды і параіцца, паспядзявацца на каго, калі праблема якая. А вось у мужа ёсць толькі брат.
Кацярына і Валерый Кавалеўскія з Клецкага раёна – пераехалі на Івянеччыну дваццаць адзін год таму.
– Мы з адной вёскі. Муж разам з маёй сястрой сядзеў за адной партай у школе. Праз некаторы час пазнаёміліся з ім больш блізка, пачалі сябраваць. Замуж выйшла ў 18 гадоў. Першай нарадзілася дачушка. Яшчэ да года яна моцна захварэла – нам ставілі дыягназ, які цяпер, можа, і вылечваецца, а тады муж доўгі час ляжаў з ёй у бальніцы ў Мінску. А я была дома з месячным сыночкам – жылі мы разам з 80-гадовай бабуляй мужа. Мне было цяжка, ды і страшнавата. Свякроў жыла ў вёсцы Пагарэлка – адсюль бліжэй было ездзіць да сталіцы, чым з Клецкага раёна. Вось яна і забрала мяне да сябе. Купілі па сродках, якія мелі, невялікі домік у суседняй вёсцы Канаплічы і пачалі абжывацца.
Пасля першынцаў-аднагодкаў дзеці ў сям’і Кавалеўскіх сталі нараджацца праз сем гадоў, і на сёння розніца паміж старэйшымі і самым малодшым – больш за дваццаць гадоў. Старэйшая дачка выйшла замуж, жыве ў Ракаве і падарыла бабулі і дзядулю ўнучачку Дашу. Старэйшы сын жыве ў Валожыне і працуе ў мясцовай воінскай часці. А астатнія тры сыночкі-нашкадкі – пры матулі з бацькам.
У сям’і Кавалеўскіх – дачка і чатыры сыны, двое дзяцей – дарослыя: Анастасіі і Анатолю – 21 год, Арсенію нядаўна споўнілася трынаццаць, Яўгену ў красавіку будзе дванаццаць, самаму маленькаму Максіму – 1 год і 7 месяцаў.
– У нас так павялося ў сям’і з самага пачатку: старэйшыя дзеці з меншымі – адзін за аднаго. Апошнім падзеляцца. Былі такія выпадкі ў дзіцячым садку, у школе: салодкі стол, дзень нараджэння. Яны ў розных групах, класах, але прынясуць цукерку ці пячэнне дадому – не будуць есці, хоць патрошкі, але пачастуюць сястрычку і брацікаў. З дзяцінства ў кожнага свае абавязкі: няма такога – вось, маўляў, я ўчора гэта рабіў, а сёння не буду. Прыйшлі са школы, пераапрануліся, калі трэба памыць посуд – памыюць. Умоў жа ў нас ніякіх няма: вада ў калоджы, дровы ў паленніцы.
У Кавалеўскіх вялікі надзел зямлі – тут яны два гады таму з дапамогай дзяржавы пачалі будаўніцтва новага прасторнага дома, у якім тры спальні, гасціная і кухня. На сёння жыллё ўзведзена – засталіся толькі камунікацыі: каб іх правесці, мяркуюць выкарыстаць мацярынскі капітал.
– Нам прапаноўвалі будавацца ў Івянцы, але дзеці сказалі, што бацькоўскі дом павінен быць у родных Канаплічах. Мы любім цішыню, а наша вёсачка маленькая, утульная, прырода непаўторная, лес побач – настолькі з ёй парадніліся, хоць і выраслі на іншай зямлі, – працягвае Кацярына Мікалаеўна. – Адразу, як сюды пераехалі, пасябравалі з суседзямі. Гэта былі такія добрыя людзі – цяпер іх, на жаль, няма на зямлі: бабуля і дзядуля сталі нам бліжэй, чым свае. Мае далёка – за 120 кіламетраў. Дзеці кажуць: “Мама, мы пайшлі да бабулі”. Пытаюся: “Да бабулі Лілі?” – толькі махнулі галавой і пабеглі навыперадкі.
Цяпер К. Кавалеўская знаходзіцца ў адпачынку па догляду за меншым у іх сям’і гарэзай. Дагэтуль працавала санітаркай у Івянецкай гарпасялковай бальніцы: даглядала за састарэлымі людзьмі. Шматдзетная матуля заўважае, што зносіны з імі навучылі яе больш беражліва адносіцца да пажылых.
– Бачыш, разумееш, як ім цяжка, – кажа яна. – Ёсць такія, што дзяцей не маюць, ці тыя жывуць далёка і не прыязджаюць. У вачах бацькоў – нямая туга. Мне на рабоце некаторыя нават зайздросцілі, што я надта цярплівая, бо не кожны вытрымае. Яны – як дзеці, а мне ўсіх шкада. Такая я і ў сваёй сям’і. У нас слухаюцца бацьку: строгі, любіць, каб усё было “па палічках”, а матуля, ведаюць, што накрычыць і адразу ж пашкадуе. Мне трэба іх абняць, прытуліць да сябе.
Кацярына Кавалеўская лічыць, што ў гэтым і ёсць мацярынскае шчасце: любіць, шкадаваць, аберагаць, падтрымліваць, супакойваць. А яшчэ заўважае:
– Каб не было такой падтрымкі з боку нашага Прэзідэнта, не было б нашага новага дома, можа, і маёй такой дружнай, вялікай сям’і! Не рызыкнулі б на пецярых – спыніліся б на дваіх-траіх.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА