Авторская колонка Виктора ШНИПА

Шпакі

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

  1. Два тыдні не хадзіў у школу – хварэў на адзёр, і свае чатырнаццаць гадоў сустрэў у ложку. Ляжаў з высокай тэмпературай і часам думаў, што памру. Вокны ў хаце былі занавешаны, каб у мяне ад святла не псаваўся зрок. Мне было страшна і хацелася жыць. І калі я ачуняў і ўпершыню выйшаў на вуліцу, дзе навокал ужо амаль растаў снег і ў агародзе ў аблітай граззю траве капаліся чарнюткія, аж бліскучыя, шпакі, я заплакаў. Пастаяўшы хвіліну, сеў на лаўку каля хаты. Паветра пахла жыццём. У чыстым небе, як у калодзежнай вадзе, шавялілася залатое сакавіцкае сонца. Паглядзеўшы на яго, я чыхнуў і ў мяне з носа пайшла кроў. На нейкі момант спалохаўшыся, заціснуў пальцамі нос. Кроў чырвонай змейкай папаўзла па руцэ і схавалася пад рукавом, пакінуўшы за сабой чырвоную палоску, нібы святочную стужку…

02.04.2011. Сёння і ў нашым двары з’явіліся шпакі. Я іх напаткаў, ідучы ў майстэрню да Алеся Квяткоўскага. Гледзячы на птушак, адразу ўзгадаў вёску, дзе заўсёды для мяне быў святам іхні прылёт. Цяпер жа, не спыняючыся, я пайшоў далей, сумна думаючы пра бацьку, які адзін у вёсцы, і пра маці, якая ў бальніцы…

01.04.2012. Да нас шпакі прылятаюць ярка-чорныя, як пазалочаныя, а адлятаюць проста чорныя, як паношаныя дзіцячыя чаравікі…

16.05.2012. Добра напісаны раман часцей за ўсё, як збудаваны палац, збудаваны замак, а напісаны верш, часам, як шпакоўня, у якой, бывае, жывуць толькі вераб’і…

18.04.2013. Нарэшце пабачыў шпакоў, якія вярнуліся з выраю. Шпакі чорныя, як афрыканцы…

25.04.2013. З сябрам ездзілі на лецішча. Дапамог яму разгрэбці кратавінне ў агародзе…
Вецер выганяў сухое лісце з двара. Здавалася, што лісце само ўцякае, баючыся, што мы зараз раскладзём вогнішча і спалім яго…
Шпакі чорныя, а песні ў іх светлыя…

12.05.2013. Жаўранкі высока ў небе, буслы на гнёздах, шпакі ў траве і каля шпакоўняў. Іншых птушак амаль не бачна, нібыта іх няма…

14.04.2012. Нібыта вуголле, у красавіцкай траве чорныя шпакі…

05.01.2015. Месяц таму ў майстэрні народнага мастака Беларусі скульптара Івана Міско пазнаёміўся з кампазітарам Ганнай Казловай. Іду праспектам. Насустрач Ганна. “Добры дзень!” – кажу, і чую: “Прывітанне, Шпак!”

24.03.2016. Прыляцелі шпакі. Прыгожыя, як чорна-белыя фотаздымкі…

22.02.2018. Сёння ў бібліятэцы № 9 прайшоў Дзень роднай мовы і адбылося адкрыццё фотавыставы Міколы Лінніка. Фотамайстар прадставіў прысутным фотаздымкі з маімі творамі з цыкла “Балады беларускага шляху”. Каб падтрымаць нас, прыйшла паэтка Вольга Шпакевіч. Выступалі перад курсантамі міліцэйскай акадэміі. Калі закончылася імпрэза, да нас падышоў адзін з курсантаў (увесь час нешта запісваў у блакнот) і прызнаўся, што ён піша вершы. Хлопец з Полацка. Чым маглі, дапамаглі.
25.02.2018. У сеціве з’явілася інфармацыя, што шпакі, якія вяртаюцца ў Беларусь, захапілі Рым. Дык вось чаму ў маім двары птушкі мітусяцца-весяляцца!

25.02.2018. У двары поўна розных птушак. Скачуць па дрэвах, пералятаюць сюды-туды, нібыта рыхтуюцца да прылёту гасцей. Падумаў пра шпакоў. Яшчэ не хутка яны прылятуць, але яны ўжо лятуць да нас. Я чую іх. І мне ад гэтага прыемна глядзець на двор, у якім поўна розных птушак. Ад гэтага наш двор жывы. І чорна-шэрыя дрэвы не такія ўжо чорна-шэрыя. У іх ужо ёсць вясновае святло, якое, відаць, і бачаць птушкі, што лётаюць у нашым двары…

05.04.2018. Калі вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і займеў некалькі публікацый у перыёдыцы, мне сябры па вучобе раілі ўзяць псеўданім – Віктар Шпак. Я не хацеў быць шпаком. І салаўём не хацеў быць. Я быў Шніпам і ім застаўся. І цяпер, ідучы праз сквер, гляджу навокал: “Ці прыляцелі шпакі?” і ўсміхаюся з магчымага свайго псеўданіма.

08.04.2019. На Мухлі з’явіліся шпакі. Іх болей, чым варон. І меней, чым чаек, галубоў і вераб’ёў. Я іду з Міёнай, і ніводная птушка не баіцца нас. Я спецыяльна ранкам бяру корм і кармлю Міёну. Птушкі злятаюцца да нас. Міёна на іх гаўкае, ганяе. Птушкі адлятаюцца і зноў прылятаюць. І так кожны ранак. Як дэжавю. Але гэта не дэжавю. Гэта маё жыццё. І часам сярод птушак з Міёнай на нейкую хвіліну забываюся, што я ў горадзе, і што я даўно ўжо не хлапчук. І бывае, бачу сябе з далёкага далёка на Мухлі з Міёнай сярод птушак. Я малы-малы, а зямля вялікая-
вялікая, як мячык, які мне ў дзяцінстве падарыла мама. Але мячык мячыкам, а шпакі на Мухлі чорныя з блішчынкамі. І мне хочацца змайстраваць шпакоўню. Але гэта жаданне не такое вялікае, каб я змайстраваў шпакоўню. І я кожны ранак, кормячы Міёну, кармлю птушак. Галубоў і варон. Шпакі не ядуць сабачы корм.

14.04.2019. На Мухлі кветкі, птушкі, сабакі, людзі. Ідзеш і стараешся не думаць пра кепскае. Але думаеш. І не радуе цябе вясновае сонца. Побач са сцяжынай у траве нешта выдзёўбвае шпак. Непадалёку другі спявае. Ім хораша. А чаму табе кепска? Ты ведаеш, але пра гэта нікому не скажаш. Ты ўмееш захоўваць свае таямніцы. Яны невялікія. Яны, як пясок у чаравіках. Здымі і вытрасі, і ўсё будзе добра. Але ты не здымаеш, бо побач ідуць людзі. І ты маўчыш пра свае праблемы. А некаму думаецца, што ў цябе ўсё цудоўна, як у нікога. Ну і няхай думаюць! І ты весялееш. І ты ідзеш далей, каб прысесці на лаўку і вытрасці з чаравікаў пясок.

20.06.2019. Працаваў на журфаку ў Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па спецыяльнасці “Літаратурная работа (рэдагаванне)”. Сем дзяўчат і хлопец абаранялі і паспяхова абаранілі дыпломныя працы. Спіс дыпломнікаў, кіраўнікоў і рэцэнзентаў быў на дзвюх старонках. На другой старонцы, чытаючы прозвішчы рэцэнзентаў, усміхнуўся. Лебедзева, Драздоў, Шпакоўскі, Салаўёў.

24.03.2020. А сёмай раніцы праз адчынены балкон пачуў знаёмыя галасы птушак – вераб’ёў і… шпакоў. Прыляцелі! Выглянуў з кватэры. І пабачыў, як два шпакі распавядалі вераб’ям, дзе яны былі і як там ім жылося. Дакладна пераказаць птушыную размову не магу, бо кепска ведаю іх мову, пра што вельмі шкадую…

25.03.2021. Вяртаючыся з працы, у нашым двары ўбачыў шпакоў. Прыляцелі! Спыніўся і доўга стаяў і глядзеў на іх, забыўшыся, што іду дадому.

03.04.2021. Ужо другі тыдзень, калі а шостай раніцы выходжу з Міёнай на Мухлю, радуюся птушкам. Іх амаль паўгода не было. А цяпер на Мухлі, як на пушынай планеце. Тут і шпакі, і сініцы, і галубы, і гракі, і вароны, і сарокі, і яшчэ нейкія вялікія і малыя, якіх не ведаю, бо іх не было ў маіх Пугачах. Слухаю іх галасы і забываюся, што жыву ў горадзе, што хутка зноў пайду на працу ў масцы ад каронавіруса…

20.06.2021. На Мухлі ў мінулую пятніцу месцамі скасілі траву, і па ёй цяпер скачуць шпакі. Астатняя стаіць, нібыта пакінута на выспяванне кветкавага насення. Скошаная пахне вясковым сенам. І ў кожны такі сенакос узгадваецца твор Міхася Стральцова “Сена на асфальце”, які быў напісаны ў 1963 годзе. Вярнуўшыся дадому з Мухлі, перачытаў у Стральцова: “Днём ужо, едучы на футбол, я выскачыў з тралейбуса на плошчы. Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя, жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам.

Я павярнуўся і паціху пайшоў тратуарам, і тут, на тратуары, раптам таксама ўбачыў сена – невядома кім растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам. “Сена на асфальце, – падумаў я, – сена на асфальце…” Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.
“Сена на асфальце, – узрадавана думаў я. – Вёска ў горадзе…”

21.01.2022. Холадна. Мяцеліца амаль што такая, як у дзяцінстве, калі ўсё замяталася навокал. І сцежак не было ні на зямлі, ні на небе. Іду сярод дрэў, якія шумяць, гнуцца, але не ламаюцца. Усе сухія галіны ўжо абламаліся некалькі дзён таму, калі ўладарыў буран. Іду і ў думках у роднай вёсцы, дзе на яблыні шпакоўня, якую некалі пачапіў бацька. І мне цёпла, бо мая душа ў гэтай шпакоўні чакае вясну, калі вернуцца шпакі, якія ўжо не ведаюць, хто пачапіў на яблыню шпакоўню…

03.04.2022. Нядзеля. Два градусы марозу. Учарашні снег ляжыць белымі плямамі на шэра-зялёнай зямлі і сонца ў чыстым небе яго не хвалюе. Бачыў, як шпакі ласаваліся маладой травой. На азярыне на Мухлі чайкі крычаць, нібыта злуюцца, што ім абяцалі мора, а тут нейкая лужына. Каля вады сядзяць качкі па парах. Міёны не баяцца.

20.04.2022. Раніцай, калі гуляю на Мухлі, кармлю Міёну, галубоў і варон. Шпакі і вераб’і за намі назіраюць здалёку. Людзі, праходзячы міма, усміхаюцца. І нават, калі раніцай няма сонца, мне светла.

20.04.2022. Цэлы дзень сыплецца дождж, як з мяшка, які моль праела на сіта. Змрочна. І настрой адпаведны. Але я на працы жартую і дзялюся ўсмешкамі з усімі. Размаўляў з празаікам Віктарам Казько. Хоча аддаць у “Полымя” аповесць “Высакосны год”, якая выходзіла толькі на рускай мове ў 1972 годзе. Цяпер ён яе перакладае на беларускую мову, дапрацоўвае, сёе-тое выкідваючы.

Дамовіліся, што ў маі звяжамся, каб забраць для друку твор. А так Віктар Апанасавіч сур’ёзна з усмешкай сказаў, што ў яго такое здароўе, якое можа быць толькі ў яго, бо ён перажыў два інсульты, два інфаркты і два каронавірусы. На лецішчы цяпер п’е бярозавік і сварыцца са шпакамі.

16.01.2023. Пацікавіўся ў Анатоля Блашчыцына, ці была ў нас у Пугачах царква. Не было. Усіх пугачоўскіх хрысцілі ў Дубравах у царкве і ў касцёле. У Гіневічах на могілках была капліца. У 1964 годзе ноччу яе разабралі і ў Пугачах з яе цэглы збудавалі школьную майстэрню. У той майстэрні і я вучыўся шпакоўні майстраваць, габляваць дошкі, фарбаваць. Цяпер старой школы няма, а майстэрня засталася, і ў ёй жыве сям’я.

* * *
Кажуць, што птушкі дамоў прыляцелі.
Толькі не бачна тых птушак нідзе.
Заўтра субота, а там і нядзеля
З лёдам змутнелым сплыве па вадзе
У акіян небыцця незямнога.
Хочацца ўбачыць шпака і бусла
Па-над садамі і па-над дарогай,
Што мяне ў вёску ізноў прывяла.
Шумам вясновым ваколіцы поўняць
Вецер і дрэвы. Бывай жа, зіма!
І, калі птушак не бачу я сёння,
Гэта не зачыць, што іх тут няма.
01.03.2024

16.03.2023. Чацвер. Раніцай на Мухлі было прыгожа. Ноччу насыпалася снегу на брудную зямлю і падмарозілася. А днём зноў усё растала. Куды не ступі, усюды балота.
На Брэстчыну прыляцелі буслы. Нехта ў Фэйсбуку хваліўся, што бачыў шпакоў. Словам, вясна ідзе. Вясне дарогу!

24.03.2023. Прыляцелі шпакі! Бачыў іх у суседнім двары. Парачка. Прыгожыя, як сонечная вясна.

28.03.2023. Прачнуўся а шостай. У акне з вуліцы святло. Гляджу, а там усё белае ад снегу. Мяцеліца. На Мухлі Міёна і Джэсі радаваліся снегу, як дзеці. А я думаў пра шпакоў, якія нядаўна прыляцелі: “Што яны цяпер будуць есці?”

15.04.2023. З 21 сакавіка па сёння не пісаў вершаў. І ўвесь гэты час адчуваў сябе няшчасным, які адстаў ад свайго цягніка, калі выйшаў з яго на дробнай станцыі, дзе абяцалі даць шчасця за рубель. Атрымаўшы шчасце за рубель і паспрабаваўшы яго на зуб, я пабег за цягніком, у якім засталіся мае нататнік і самапіска. І толькі сёння я дагнаў свой цягнік і, напісаўшы аж два вершы, адчуў сябе шчаслівым, як шпак, які вярнуўся з выраю да сваёй шпакоўні і ўбачыў, што яе не паспелі захапіць вераб’і.

25.05.2023. Раніцай на Мухлі, калі гуляў з Міёнай, да нас прыстаў малады шпак. Я кармлю Міёну, а ён лезе разам з галубамі нам пад ногі, каб ухапіць сухі корм. Папісквае і лезе так блізка, што мне аж страшна, бо сабака можа кінуцца на яго. Яна любіць пабегаць за галубамі, а тут шпак спакусны. Ён, відаць, зусім нядаўна пачаў жыць самастойна і яшчэ не разумее, што можа загінуць ад сабачай лапы. Праганяю малога, а ён папісквае і ўсё лезе і лезе да нас. Нарэшце шпачку ўдалося ўхапіць кавалачак сабачай смакаты. Адбегшыся, ён паляцеў за кусты. Праз хвілін дзесяць вярнуўся і зноў пачаў прыставаць да нас. На гэты раз я кінуў яму смакату, але шпак не паспеў дабегчы, як галуб з’еў яе.

25.02.2024. Нядзеля. Днём сем градусаў цяпла. Ранкам з Міёнай на Мухлі вакол азярыны прайшлі шэсць кругоў па 350 метраў. Вечарам адолелі яшчэ чатыры кругі. Якраз вакол азярыны расхаджваў нагу філосаф Ігар Бабкоў. Мы за хвілін дваццаць прайшлі 1400 метраў, а Ігар 350.
Тэлефанаваў Міхась Казлоўскі. Казаў, што Тэрэза Бітэль у размове з ім паведаміла, што ў Вішнева прыляцелі жаўрукі, шпакі і нават буслы.

03.03.2024. Нядзеля. Ноччу было пяць градусаў марозу. Раніцай быў градус. На азярыне з’явіўся лёд. Па ім ходзяць вароны і праз яго час ад часу ўглядаюцца ў ваду. Бачылі шпака. Ён сядзеў высока на дрэве і спяваў. І мая душа заспявала ад таго, што прыйшла вясна. Апоўдні засвяціла сонца.

09.03.2024. Субота. Раніца. Змрочна. З Міёнай на Мухлі ходзім вакол азярыны, якая ноччу зноў зацягнулася лёдам. Горад яшчэ спіць. Каля вады качкі. Міёна падбягае, гаўкае. Птушкі неахвотна адлятаюцца ад берага. Лёд пад імі патрэсквае, але не ламаецца. І раптам чую шпака. Ён сядзіць на вершаліне старой ліпы і спявае. І я пачынаю ўглядацца ў неба, спадзеючыся ўбачыць журавоў. А неба ўсё белае, як абклеенае ватай. Вакол азярыны мы прайшлі пяць разоў. Міёна, якая нядаўна бегла перада мной, цяпер у мяне за спінай. І я вырашаю вяртацца дадому. Я сёння чуў, як спявае шпак.