Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
19 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.
З дзяцінства захапляўся маляваннем. У 1939 годзе скончыў 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак увосень 1940 года ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941 года. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.
Напачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941-1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча, з 80 чалавек яго выпуску ацалела толькі чацвёра. Увосень 1943 года прысвоена званне малодшага лейтэнанта.
Падчас Кіраваградскай аперацыі паранены ў нагу і жывот, памылкова запісаны загінуўшым; падзеі пасля ранення сталі асновай аповесці “Мёртвым не баліць”. Бацькі Васіля Быкава атрымалі паведамленне, што сын гераічна загінуў у баях з нямецкімі захопнікамі каля Кіраваграда, імя было напісана на агульным абеліску. У пачатку 1944 года тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі.
Васіль Быкаў выжыў і ваяваў далей, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваленні Румыніі. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю – старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі.
Пасля дэмабілізацыі з 1947 года Васіль Быкаў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты “Гродзенская праўда” (1947-1949). У 1949-1955 гадах зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запасу), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты “Гродзенская праўда” (1956-1972). Менавіта ў Гродне напісаў “Мёртвым не баліць”, “Жураўліны крык”, “Альпійскую баладу”, “Сотнікава”, “Пайсці і не вярнуцца”.
У 1978 годзе пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. З гэтага часу займаўся выключна творчай працай.
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978-1989). Народны дэпутат СССР (1989). Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць “Трэцяя ракета”), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці “Абеліск”, “Дажыць да світання”), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978, за аповесці “Воўчая зграя”, “Яго батальён”), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць “Знак бяды”). У 1980 годзе атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
Пісаць тое, што Васіль Быкаў – вялікі пісьменнік, нічога не напісаць. Аналізаваць яго творы – трэба быць літаратуразнаўцам гэткага ж узроўню, як і сам пісьменнік. У мяне ёсць толькі ўспаміны…
Я меў шчасце, працуючы ў “ЛіМе”, некалькі разоў быць дома ў Васіля Уладзіміравіча, прыносячы яму карэктуру публікацый інтэрв’ю з ім. І пасля таго, як не стала Быкава, я хадзіў да яго жонкі Ірыны Міхайлаўны, каб атрымаць згоду на публікацыі яго твораў. І цяпер, калі адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава, я прапаную чытачам некаторыя запісы са свайго дзённіка, якія дададуць да яго вядомага партрэта яшчэ некалькі новых штрыхоў.
03.06.1983. Хадзіў на вечар “Маладосці”, прысвечаны 30-годдзю часопіса. Святкаванне праходзіла ў Доме літаратара. Я прыйшоў загадзя, і мяне, каб не блытаўся сярод гасцей і наогул каб не ўцёк, Леанід Дайнека адвёў у кабінет літкансультантаў. Там быў Васіль Быкаў, якога я адразу пазнаў. Сказаўшы “Добры дзень”, я сеў на вольнае крэсла. Васіль Уладзіміравіч, агледзеўшы мяне, грозна запытаўся: “Хто ты такі?!” – “Паэт. Віктар Шніп…” – нясмела адказаў я. “Ну калі паэт, то сядзі!” – весялей сказаў Васіль Быкаў і пачаў расптытвацца, адкуль я, хто мае бацькі, чым займаюся…
Вечар здымала тэлебачанне. Васіль Быкаў вёў імпрэзу.
22.01.2010. Вярнуўся сын з экскурсіі. Іх клас вадзілі ў Нацыянальную бібліятэку. “Чаму так доўга?” – пытаюся. “Пасля экскурсіі я з Іллёй Дубоўскім хадзіў яшчэ на могілкі…” – адказвае Максім. “Такім марозам! На якія?” – незадаволена бурчу. “Да Быкава, Караткевіча…” – тлумачыць сын. І я маўчу…
27.06.2013. Хадзіў да Ірыны Міхайлаўны Быкавай. Насіў на подпіс дамову на выданне кнігі “Пакахай мяне, салдацік” Васіля Быкава. Ішоў з нейкай незразумелай трывогай, нават са страхам, што яна адмовіцца ад выдання кнігі ў “Мастацкай літаратуры”. Хваляванне было дарэмным. Ірына Міхайлаўна сустрэла з даверам, адразу ж прапанавала пачаставацца. Я адмовіўся, бо прыйшоў па справе. Учора ў Ірыны Міхайлаўны ў гасцях было 16 чалавек, і яна недзе паклала акуляры і цяпер дрэнна бачыць, таму я паказваў, дзе распісацца, і яна распісвалася. Завёўшы ў кабінет Быкава, сказала: “Музейцы хацелі ўсё забраць, каб вызваліць кабінет. Я адмовілася, бо тут душа Васіля Уладзіміравіча!” У кніжнай шафе за шклом на паперы фламастарам напісана: “Бывай, родная хата! Вітанне новым гаспадарам! Васіль Быкаў.
20.07.2000 г.” “Гэта Васіль напісаў, калі пакідаў назаўсёды кватэру. Ён адчуваў, што ўжо ніколі сюды не вернецца, хоць пасля гэтага пражыў яшчэ тры гады. Калі ў вас ёсць якія аўтографы Быкава, то прынясіце мне – я іх збіраю для музейнай экспазіцыі”. Пасля паўгадзіннай размовы мы дамовіліся, што як выйдзе кніга, то прынясу пару экзэмпляраў. Развітваючыся, Ірына Міхайлаўна выйшла за мной на лесвічную пляцоўку і сказала: “Прыходзьце ў госці з жонкай! Не забывайцеся!” А я, вяртаючыся на працу, падумаў: “Вось такімі душэўнымі і гасціннымі, як Ірына Міхайлаўна, павінны быць жонкі ў пісьменнікаў!”
12.03.2014. Ізноў хадзіў да Быкавай. Сустрэла мяне Ірына Міхайлаўна з загадзя адчыненымі дзвярамі, як даўняга добра знаёмага. Прапаноўвала пачастунак. Я адмовіўся, каб не загружаць гаспадыню клопатамі пра мяне. Кніжка “Пакахай мяне, салдацік” ёй спадабалася. Папрасіла, каб напісаў на адным з асобнікаў сённяшнюю дату і распісаўся. Цяпер Ірына Міхайлаўна часта ўключае песню Булата Акуджавы, у якой ёсць радкі пра тое, што жыццё кароткае.
31.05.2014. З Людмілай у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы прысутнічалі на адпяванні Генадзя Бураўкіна. Было вельмі шмат людзей. Недзе каля паўтысячы. Калі выносілі труну, заўважыў жонку Быкава. Яна стаяла далекавата ад усіх і адна. Падышоў да Ірыны Міхайлаўны, павітаўся і паведаміў, што ўжо выйшла кніжка Васіля Быкава “Салдацкі лёс” і я на наступным тыдні яе прынясу. Яна падзякавала і заплакала…
03.06.2014. Хадзіў дадому да Ірыны Міхайлаўны. Занёс кнігу Васіля Быкава “Салдацкі лёс”, якая нядаўна выйшла ў “Мастацкай літаратуры”. Зайшоў на пару хвілін, а прагаварылі амаль гадзіну. Ірына Міхайлаўна, трымаючы новае выданне перад партрэтам мужа, некалькі разоў казала: “Васілька, у цябе пры жыцці такіх кніг не выдавалася…”
Ірына Міхайлаўна, узгадваючы пахаванне Генадзя Бураўкіна, сказала: “А я ў царкву не заходзіла. Увесь час прастаяла на вуліцы. Я ж не верніца, каб быць у царкве. А як Вы думаеце, гэтыя хлопцы і дзяўчаты, якія баскетбольнага росту, шчырыя вернікі ці не?” – “Яны, відаць, такія ж вернікі, як і я. Сустрэўшы знаёмага чалавека, я з ім вітаюся. Гэтак жа, зайшоўшы ў царкву, я хрышчуся. І гэта моладзь так робіць. У нашым хрышчэнні павага да традыцый, але і ў гэтым ёсць і вера. Шчырая, непаказушная вера”, – адказаў я. Выслухаўшы мяне, Ірына Міхайлаўна працягнула свае разважанні: “Адпяваў Генадзя Юрась Залоска. Яшчэ нядаўна ён у Васіля інтэрв’ю браў. А цяпер ён бацюшка. Неяк нязвыкла. На могілках мне не спадабалася. Неяк усё не так было. Нядаўна прыходзіў N з сынам. Гляджу, а ён на планшэце гуляе ў шашкі. Дык я кажу, каб ішоў у іншы пакой, там ёсць сапраўдныя шашкі. Хлопчык пайшоў і хутка вярнуўся: “У вас там не ўсе шашкі!” Я паглядзела. Шашкі ўсе. Ён іх няправільна расставіў. Вось у камп’ютары, дзе ўсё віртуальна, ён арыентуецца, а ў рэальным жыцці дзеці не да канца разумеюць, што з імі побач”.
На адным са столікаў у пакоі Быкава стаіць партрэт Барадуліна ў жалобным антуражы. Паказваючы на яго, Ірына Міхайлаўна запыталася: “Думала на дзевяць дзён прыбраць. Не прыбрала. Думала на сорак дзён. Не прыбрала. Вось ужо тры месяцы стаіць. Што рабіць, падскажыце, Віктар?” – “А няхай стаіць! Ён жа Вам не перашкаджае? Не. Няхай стаіць!” – адказаў я. Ірына Міхайлаўна пагадзілася.
19.06.2014. Быў на адкрыцці філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – «Музей-дача Васіля Быкава». Ён размяшчаецца ў пасёлку Ждановічы‑6 па адрасе: вуліца Вінаградная, 62. Калі б я дабіраўся сам па сабе, то наўрад бы знайшоў музей. І хоць ён блізка ад шашы і каля яго шмат лецішчаў, але там навокал лес. Прыгожы паэтычны лес, у якім можна заблудзіцца, і дарога дамоў будзе доўгай…
Да лецішча Быкава, што на Вінаграднай, ішлі спачатку па вуліцы Бярозавай, потым па Садовай… На адкрыццё музея Васіля Быкава прыйшло каля ста чалавек. Ірыны Міхайлаўны Быкавай не было. Яна перад нашым прыездам паехала на Маскоўскія могілкі…
Калі я зайшоў у музей-дачу Васіля Быкава, мне адразу ўспомніўся музей Томаса Мана, дзе мінулым летам мы былі з Людмілай. Такія ж невялічкія пакойчыкі, некаторыя вельмі падобныя на пакойчыкі Томаса Мана…
На лецішчы Быкава растуць высокія бярозы, на якіх трымаецца неба не толькі над лецішчамі, што побач… На тэрыторыі лецішча падалей ад будынка стаіць вялікі мангал. Ён пачарнелы, месцамі ржавы. Гледзячы на яго, падумалася: “Гэта тое, што за семдзесят гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны засталося ад падбітага нямецкага танка…”
На лецішчы Васіля Быкава было добра, як у Васіля Быкава. Здавалася, што гаспадар запрасіў гасцей і, пасля таго, як пабачыў, што з’явілася людзей нашмат болей, чым планавалася, сам паехаў у бліжэйшую краму, каб яшчэ прыкупіць сяго-таго для стала, і ён вось-вось вернецца, і святкаванне ягонага дня нараджэння працягнецца ўжо разам з ім…
Ад’язджаючы ад музея-дачы Васіля Быкава, праз акно аўтобуса ўбачыў, што на соснах чорныя шышкі, а пад дрэвамі ўтравелы жоўты пясочак…
24.06.2017. У вёску Бычкі заехалі хутка. “На ўзгорку хата… Як камандзірскі бліндаж…” – падумаў, гледзячы на хату-музей Васіля Быкава з аўтобуса. Нас чакала прыемная сустрэча з пляменнікам пісьменніка Мікалаем Харакам.
У хаце Быкава лётаў шэршань. Вялікі і залаты. Каля ганку пачыталі вершы, прысвечаныя Васілю Уладзіміравічу. Міхась Кенька ўгаварыў мяне напісаць пару слоў ад нас усіх у кнізе наведвальнікаў. Напісаў. Хто хацеў, той падпісаўся. Увесь час, які мы былі ля хаты-музея, адчувалася, што Быкаў побач з намі.
24.07.2019. Чытаю з камп’ютара “Доўгую дарогу дадому” Васіля Быкава. Дайшоў да месца, дзе пісьменнік узгадвае пра падрыхтоўку пераклада “Знак бяды” на рускую мову для публікацыі ў часопісе “Дружба народов”. Спыніўся на сказе: “Каб канчаткова ўсё падчысціць, з рэдакцыі ў Мінск быў камандзіраваны вопытны літаратурны прапаршчык, з якім мы чысцілі аповесць у чатыры рукі”. Літаратурны прапаршчык? Прачытаў яшчэ раз. Літаратурны прапаршчык… І яшчэ раз па складах: “Каб канчаткова ўсё падчысціць, з рэдакцыі ў Мінск быў камандзіраваны вопытны літаратурны праўшчык, з якім мы чысцілі аповесць у чатыры рукі”.
19.06.2023. З 2014 года ў межах традыцыйнага праекта “Быкаўскія дні” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ўшаноўвае памяць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Штогод з 19 па 22 чэрвеня ў філіяле “Музей-дача Васіля Быкава” ладзяцца тэматычныя мерапрыемствы: літаратурныя і мастацкія пленэры, творчыя сустрэчы, музычныя імпрэзы.
Мне пашчасціла быць на адкрыцці музея-дачы дзевяць гадоў таму. І тады быў гэткі ж сонечны спякотны дзень. І чакалася навальніца, якая здалёку пагрымела, як і сёння, напамінаючы пра сваё існаванне, але, абсыпаўшы нас дробным дажджом, сышла невядома куды.
Сёлетнія “Быкаўскія дні” пачаліся з літаратурнага пленэру, які прайшоў пад дэвізам “Марафон-99. Гэта мая дарога дамоў”. І сённяшняе мерапрыемства стала пачаткам падрыхтоўкі святкавання 100-годдзя Васіля Быкава.
Літаратурны пленэр прайшоў пры ўдзеле супрацоўнікаў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, часопісаў “Полымя”, “Нёман” і “Маладосць”. На жаль, не ўсе, хто планаваў удзельнічаць у мерапрыемстве, змаглі прыехаць. Пасля экскурсіі, якую правяла Ірына Князева, якая цяпер на ўсё лета і верасень з’яўляецца гаспадыняй музея-дачы, цікава было паслухаць выступоўцаў – дырэктара Музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргея Усіка і паэтаў, якія прадстаўлялі часопісы.
На другім паверсе лецішча – паліца з кнігамі. Шмат тоненькіх. Вершы. Сярод якіх кніга Нэлі Тулупавай без аўтографа, а кніга Мар’яна Дуксы падпісана: “Паважанаму Васілю Уладзіміравічу з пажаданнем добрага здароўя і ўсяго найлепшага – Мар’ян Дукса. 15.ІІІ.89 г.”
Далей жа ў іншым пакоі паліца з часопісамі, карціны і аўтограф Уладзіміра Караткевіча:
“Усё мінае – гонар не мінае.
Васілю ад Уладзіміра
ў дзень 19 чэрвеня 1984 г.”
Так падпісаў свой падарунак Васілю Быкаву Уладзімір Караткевіч, якога ў тым жа годзе 25 ліпеня не стала.
Пад шатамі быкаўскіх бяроз пілі гарбату. Шмат пра што гаварылі. Слухалі, як недзе далёка грыміць гром. Вяртаючыся ў Мінск, з сумам падумаў, што 22 чэрвеня будзе 20 гадоў, як няма з намі Васіля Уладзіміравіча, і з прыемнасцю згадаў, што апошнім часам у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла шмат кніг з яго творамі, і яны не заляжаліся на складзе.