Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
21.05.2013. Прыходзіла бабуля з пафарбаванымі ў ружовы колер валасамі. Піша вершы. Гледзячы на жанчыну і чытаючы яе творы з чужымі праўкамі, узгадаў нядаўна пачуты ў КВЗ жарт пра тое, што на пошце старых, якія атрымалі пенсію, пазначаюць ружовай фарбай, каб яны другі раз не станавіліся ў чаргу…
23.05.2013. Сёння дзень быў багаты на вечарыны, куды я меў запрашэнні. Першая была ў 17 гадзін у музеі Янкі Купалы, дзе прэзентаваліся альбомы Міколы Купавы, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу. Другая пачалася ў 18 гадзін у Музеі кіно, дзе была вечарына кінарэжысёра Уладзіміра Арлова. На 19 гадзін у кнігарню на прэзентацыю кнігі за тры гадзіны да пачатку мяне запрасіў Юрась Пацюпа. Я пайшоў да Арлова, дзе ў невялікай зале сабралася шмат вядомых рэжысёраў тэатра і кіно, артыстаў і прыхільнікаў іх творчасці. Уладзімір Аляксандравіч доўга пераказваў, але цікава пераказаў змест прэзентуемых кніг, паказаў два невялікія фільмы пра кінастужкі “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Уся каралеўская раць”, у здымках якіх ён прымаў удзел. Дамоў вяртаўся, думаючы пра вечарыны Міколы Купавы і Юрася Пацюпы…
25.05.2013. Апошнім часам адчуваю, што я пачаў пакрыху вызваляцца ад трывогі за старых бацькоў, якія памерлі ў мінулым годзе. Мне гэта вызваленне ўяўляецца так: пеўню на калодцы адсеклі галаву, а ён бегае па родным двары…
29.05.2013. Каля храма лётае тапалёвы пух, нібыта грэшныя душы мітусяцца…
30.05.2013. Учора ў Валожыне і ў мястэчку Вішнева, дзе нарадзіўся (2 жніўня 1923 года) будучы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, прайшлі імпрэзы, прысвечаныя яго 90-годдзю. Дачка Перэса Цвіі Вальдэн і пасол Ізраіля Іосіф Шагал адкрылі выставу «Шымон Перэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе да Прэзідэнцкай вуліцы ў Іерусаліме». На месцы, дзе стаяў дом сям’і Перскіх і дзе нарадзіўся хлопчык Шымон, быў усталяваны памятны знак. Шымон Перэс жыў у Вішневе да 11 гадоў, у 1934 годзе разам з сям’ёй эмігрыраваў у Палесціну. Усе ягоныя сваякі, якія засталіся ў Вішневе, загінулі ў час Другой сусветнай вайны. Ад сядзібы Перскіх у Вішневе захаваўся калодзеж. На пачатку 1990-х Перэс, будучы міністрам замежных спраў Ізраіля, наведваў роднае мястэчка. Мастак Алесь Квяткоўскі, які нарадзіўся ў Валожыне, думаючы, што на сваё 90-годдзе Шымон Перэс прыедзе ў Вішнева, намаляваў партрэт нашага славутага земляка, каб яму яго падарыць. Аднак, відаць, Шымон Перэс больш не прыедзе ў Вішнева. Шкада, але, думаю, ягоны партрэт, намаляваны Алесем Квяткоўскім, не прападзе…
У “Кніжным салоне” прэзентавалася кніга Людмілы Рублеўскай “Рифма ценою в жизнь”, у якой змешчаны эсэ, што ў свой час друкаваліся ў газеце “СБ. Беларусь сегодня”. За вокнамі ішоў дождж, шумеў вецер, машыны ездзілі туды-сюды, разбіваючы калюгі на брудныя пырскі, а ў кнігарні было светла і ўтульна. Прысутныя гаварылі пра беларускую гісторыю і людзей, якія ішлі праз вязніцы да Беларусі. Ішлі і гінулі за Беларусь. Адам Мальдзіс, гаворачы пра кнігу Людмілы Рублеўскай, сказаў: “Мы прывыклі меркаваць, што Людміла працягвае Уладзіміра Караткевіча. Не! Яна яго не працягвае, як гэта робіць Вітаўт Чаропка і некаторыя іншыя. Рублеўская ў сваіх гістарычных творах даўно самастойная, і ў яе свае адметныя літаратурныя набыткі. Яна проста наша Людміла Рублеўская!” Пасля прэзентацыі, калі ўсе пілі гарбату, Адам Іосіфавіч, працягваючы размову пра новую кнігу Рублеўскай, расказаў, што шэсць гадоў таму напісаў п’есу памерам амаль 50 старонак пра каханне Адама Гурыновіча і аддаў у часопіс “Маладосць” Раісе Баравіковай. П’есу Мальдзіса не сталі чамусьці друкаваць, але і не аддалі аўтару. Потым Раіса Андрэеўна і наогул згубіла рукапіс. Другога экзэмпляра п’есы няма, бо, калі пісаўся твор, у Мальдзіса яшчэ не было камп’ютара…
Прайшла навальніца, як цягнік па затопленым небе…
01.06.2013. З Людмілай на аўтобусе ездзілі ў Пугачы. Нейкіх 54 кіламетры, а ехаць трэба дзве гадзіны. Было паўнютка народу. З вёдрамі, з торбамі, з катамі, з сабакамі. У Пугачы прыехалі два чалавекі – Людміла і я…
Зайшлі ў краму. Прадаўшчыцай працуе мая траюрадная сястра Люда – унучка Уладзіміра Бародзіча, які ў свой час у Радашковічах вучыўся з Максімам Танкам. З Мінска можна нічога не везці. Асартымент, як у горадзе, і аніякай чаргі…
Хата нас чакала. Зайшоўшы, тут жа парасчынялі дзверы і акно, каб праветрывалася. Праз пару хвілін у пакой наляцела мух. Мінулы раз, калі мы прыязджалі, толькі адна муха, як разведчыца, заляцела і тут жа вылецела…
Два тыдні таму заведзены насценны гадзіннік, якому гадоў пяцьдзясят, не спыніўся. Я зноў падкруціў спружыну, думаючы пра тое, каб заводу хапіла да наступнага нашага прыезду…
Людміла палола грады, а я граблямі бульбу баранаваў. Падышоў сусед Анатоль. Пагаварылі пра вясковае жыццё-быццё. Суседу хутка 60 гадоў. Нядаўна выпісаўся з бальніцы, куды трапіў з інсультам. Яшчэ рука і нага слаба слухаюцца, але сусед ужо касіў: “Няма на каго спадзявацца!”
На яблыні ў шпакоўні вывеліся шпачкі. Прыгожыя і крыклівыя…
У двары зноў трава па калена. Я крыху пакасіў, Людміла пакасіла і мяне пакрытыкавала, гаворачы, што яна з касой спраўляецца лепей за мяне. А я і не стаў пярэчыць. Няхай косіць!
За працай праляцеў дзень. У горад вярталіся стомленыя і задаволеныя, што добра папрацавалі і пасаджанае ў агародзе паціху расце…
02.06.2013. З Максімам у Дубравы выехалі на электрычцы у 10 гадзін 50 хвілін. На наступным прыпынку да нас далучыўся Анатоль Блашчыцын – наш сваяк. Народу быў паўнюткі вагон. Паблізу ўсю дарогу нейкі стары гучна расказваў пра каларадскіх жукоў, за якіх пры Савецкім Саюзе плацілі па 50 капеек за штуку, і пра гэта было напісана на кожным школьным сшытку…
У Дубравах на станцыі нас сустрэў наш сваяк Леанід Жыткевіч. На машыне ён нас адразу ж прывёз да могілак. Я больш за дзве гадзіны хадзіў сярод помнікаў, нібы па полі бою, шукаючы яшчэ жывых…
Маю просьбу напісаць успаміны пра нашых прадзедаў, якія паходзяць са шляхетнага роду Федаровічаў, Леанід Станіслававіч Жыткевіч (нарадзіўся 13 верасня 1946 года) выканаў. І я з прыемнасцю ягоны запіс набраў на камп’ютары.
Мой дзед Іосіф Андрэевіч Федаровіч (бацька маёй маці) нарадзіўся ў 1882 годзе і большую палову свайго жыцця пражыў у вёсцы Пугачы, дзе жаніўся на Анастасіі Андрэеўне Лукомскай (1892 – 1978), жыхарцы вёскі Віндзелева, якая нарадзіла яму двух дачок і трох сыноў. Недзе ў канцы 1920-х гадоў сям’я перасялілася на хутар побач з чыгункай паміж вёскамі Аляхновічы і Пазнякі. Дом і зямлю ён арандаваў у літоўца Міклюкшыса. Было многа зямлі і скаціны, але з прыходам савецкай улады ў 1939 годзе сям’ю дзеда разам з гаспадаром сядзібы Міклюкшысам спрабавалі зрабіць кулакамі, а пасля выслаць у Сібір, але памагло заступніцтва дзедавага брата Грыгорыя, які працаваў вялікім начальнікам на чыгунцы. На жаль, жыццё дзеда закончылася трагічна. Летам 1951 года каля капы калхознага сена, якое дзед Юзя вартаваў, яго забіў з ружжа жыхар вёскі Пазнякі. Дарэчы, следства нічога не дало, мабыць забойцу шукаць не клапаціліся, і такім чынам забойца нават у турме не пабываў. І ўсё-такі боская кара не дала яму памерці сваёй смерцю: аднойчы ён зваліўся з драбіны і ад цяжкіх пашкоджанняў памёр.
Брат дзеда Грыша Федаровіч у 50-я гады разам з сям’ёй перабраўся ў Варонеж. Некалькі разоў адтуль ён прыязджаў на радзіму, гасцяваў у сваіх бацькоў. Аднак у 70-я гады сувязь з Грыгорыем абарвалася, і звестак пра яго сям’ю няма.
Акрамя Грыгорыя, у майго дзеда былі яшчэ два браты і сястра. Сястра Крысціна Федаровіч (у замужжы Шніп, мая прабабуля – В. Ш.) мела дзяцей – Іосіфа (Юзя – мой дзед – В. Ш.), Івана (Янка) і Зеньку, якая спачатку жыла ў вёсцы Стары Ракаў, а пасля ў Ракаве.
Брат дзеда Андрэй Федаровіч у польскія часы паехаў на заробкі ў Амерыку (тады было магчыма), пакінуўшы жонку з дачкой. Прысылаў паштоўкі і пасылкі, але праз некалькі гадоў памёр. Дачка да 90-х гадоў жыла ў вёсцы Зарэчча Валожынскага раёна, у 12 кіламетрах ад Пугачоў (Дорскі сельсавет). Засталіся дачка і сын. Сына завуць Яўген Паўлавіч Дзянісік. Жыў у вёсцы Новае Поле бліз Ракава, працаваў дырэктарам Навапольскага сельгастэхнікума. Аднак ужо гадоў 20 звестак пра яго ў мяне няма.
Другі дзедаў брат Адам Федаровіч таксама вырашыў шукаць шчасця за мяжой, толькі ў процілеглым кірунку – у Савецкім Саюзе. У польскія часы многія юнакі марылі ўцячы за кардон, і многім удавалася. Першая спроба перайсці мяжу, якая праходзіла паміж вёскамі Туркаўшчына і Віндзелева, была няўдалай. Адам і некалькі хлопцаў з песнямі пад гармонік рушылі да мяжы. Аднак польскія жаўнеры і ваенныя, якія знаходзіліся ў Дуброўскіх кашарах, разагналі шэсце, і юнакі вярнуліся дамоў. Другі раз яны ўжо да мяжы ішлі крадучыся, і задума ўдалася. Праз некаторы час ад Адама да бацькоў прыйшло пісьмо, у якім ён паведаміў, што жыве на Урале, уладкаваўся на працу. Пасля даслаў яшчэ некалькі паштовак. У апошняй ён паведаміў, што жаніўся і ў наступным пісьме прышле вясельны фотаздымак. Аднак гэта быў яго апошні ліст, пасля чаго ад яго перасталі прыходзіць звесткі.
Маці мая – Ганна Іосіфаўна Жыткевіч (01.07.1918 – 16.08.2008) – распавядала, што ў вёсцы Віндзелева (цяпер Мінскі раён) жылі яе дзядзька і дзве цёткі. І вось наведваючы сваіх сваякоў у вёсцы Туркаўшчына, ёй даводзілася быць недалёка ад мяжы і бачыць працуючых на тым баку на полі цётак і іх дачок. Яе
здзіўляла тое, што на гучныя позвы сваячкі не толькі нічога не адказвалі, а нават адварочваліся, робячы выгляд, што яны не чуюць. І толькі ўжо пасля прыходу савецкай улады ў акупіраваныя палякамі беларускія землі сваякі ўжо маглі не баючыся бачыцца і гасцяваць адзін у аднаго. Тады цёткі і прызналіся, што баяліся адказваць на позвы, бо за гэта маглі да іх прычапіцца ўлады.
Што тычыцца нашчадкаў маіх дзеда Іосіфа і бабулі Анастасіі, то ў іх, апрача маёй маці, было яшчэ чацвёра дзяцей.
Дачка Ніна жыла ў вёсцы Татарскія з мужам і чатырма дзецьмі. Адна дачка памерла ў 2011 годзе. Дзве дачкі на пенсіі, а сын працуе і жыве ў Мінску.
Сын майго дзеда Валодзя (мой дзядзька) уладкаваўся ў горад, дзе ўсё жыццё да пенсіі працаваў на Мінскім аўтазаводзе ліцейшчыкам. У пасёлку Чыжоўка пабудаваў свой дом. Яго сын Чэслаў да выхаду на пенсію працаваў намеснікам дырэктара Мінскага трактарнага завода, а пасля намеснікам старшыні Мінскай абласной федэрацыі прафсаюзаў.
Двое другіх сыноў майго дзеда Янак і Віця жылі з сем’ямі ў вёсках Уша-2 і Раманы. Па бацькоўскай лініі ёсць таксама шляхецкія карані і фамільны герб. На жаль, звестак пра прадзедаў і прабабак няма. Ведаю толькі, што мой дзед Іван быў надта набожным і некаторы час працаваў у царкоўна-прыходскай школе настаўнікам. Ну а мой бацька Станіслаў Іванавіч Жыткевіч (23.02.1912 – 27.08.1980) быў не надта адукаваным, недзе два класы пачатковай польскай школы закончыў. Затое быў добрым сталяром-чырванадрэўшчыкам і цесляром. Увесь час майстраваў калёсы, сані, вокны, дзверы, гнуў дугі, да пенсіі працаваў на Дуброўскім спіртзаводзе сталяром. Захапляўся пчалаводствам. Пра сваё мінулае ён рэдка ўспамінаў. Ды я надта і не распытваўся (на жаль).
Маці распавядала, што як толькі пачалася вайна з немцамі, то бацьку, як і многіх іншых сялян, прызвалі ў войска. Аднак практычна ўсе яны разам з адступаючымі вайскоўцамі трапілі ў акружэнне, а потым і ў нямецкі палон. І вось мая маці са сваёй маці (маёй бабуляй) пайшлі ў горад з торбамі, набітымі харчаваннем, шукаць бацьку. Маміна суседка і мая цётка з Пазнякоў папрасілі пашукаць і іхніх мужыкоў.
Абышлі яны два ці тры лагеры для ваеннапалонных каля горада, аднак бацьку не знайшлі. Затое наглядзеліся жахаў. За калючым дротам тоўпіліся палонныя вайскоўцы: хто стаяў, хто сядзеў, а хто ляжаў. Некаторыя былі ўжо ў непрытомнасці, як маці гаварыла: “Толькі зяхае”. Бацьку не знайшлі, затое знайшлі суседа Фадзея Мяльгуя і мужыка маёй цёткі Юзю Лобача, якім аддалі амаль усе прадукты. Потым ім немцы дазволілі вярнуцца дадому.
Бацьку майму немцы таксама далі дазвол на вяртанне дадому з нейкага лагера. Паблізу вёскі Ратамка бацьку нечакана абстраляў нямецкі патруль, прабіўшы яму разрыўной куляй руку. Некалькі кавалачкаў гэтай кулі ўрач-хірург ужо ў пачатку 70-х гадоў дастаў з рукі. Непадалёк ад сваёй хаты яго ізноў захапілі акупанты. Паколькі ён быў нагала падстрыжаны, хоць і пераапрануты ў цывільную вопратку, то яны далдонілі: “Рус! Рус!” Адчапіліся яны ад майго бацькі толькі тады, калі маці (мая бабуля) змагла немцам растлумачыць, што гэта яе сын.
Увесь перыяд акупацыі бацька з сям’ёй пражыў на хутары каля вёскі Татарскія. Некалькі разоў даводзілася хаваць ад немцаў дзяцей у выкапанай у лесе зямлянцы.
Заканчэнне вайны хутаранам запомнілася паветранай бойкай непадалёк Дзявочай гары. Маці расказвала, што надта жахліва было назіраць, як некалькі самалётаў насіліся ў небе і стралялі адзін у аднаго.
Праз нашы мясціны ўцякалі адзінкавыя нямецкія ваякі, якіх нашы наганялі і забівалі. Чацвёра немцаў засталіся ляжаць ва ўрочышчы Малышоўка непадалёк дарогі Дубрава-Татарскія, а адзін, здаравенны, у лесе на адлегласці метраў 400 ад нашага хутара. Потым савецкія ўлады загадалі сялянам іх закапаць. Цяпер ужо ніхто не ведае, дзе яны пахаваны.
(Заканчэнне будзе)