Воложинщина туристическая Общество

Новы крок у развіцці экатурызму на Валожыншчыне

Семінар “Лепшы вопыт і практыка супрацоўніцтва на мясцовым узроўні па развіцці экатурызму на прыродных тэрыторыях, якія асабліва ахоўваюцца” у рамках праекта “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту”, які рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі, прайшоў у Валожыне на базе інфармацыйна-рэкрэацыйнага цэнтра пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Удзел у ім прынялі кіраўніцтва Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, гаспадары некаторых агра-сядзіб і іншыя зацікаўленыя асобы з нашага раёна, прадстаўнікі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Азёры” Гродзенскай вобласці, выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, эксперты з Расійскай Федэрацыі, якія маюць багаты вопыт работы на прыродных тэрыторыях, што асабліва ахоўваюцца.

Падчас адкрыцця семінара з вітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар заказніка “Налібоцкі” Уладзімір Алісейка. Тэматычны каардынатар праекта Ганна Паравая акрэсліла асноўныя пункты праграмы семінара і прадставіла экспертаў.

У першую чаргу была падпісана Дэкларацыя партнёрства экатурыстычнага кластара дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі”. Разам з кіраўніцтвам заказніка падзяляюць мэты партнёрства і рады ўдзельнічаць у стварэнні і развіцці экатурыстычнага кластара гаспадары аграсядзіб “Налібоцкія васількі”, “За масточкам”, “Домік на Іслачы”, Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Валожынскі краязнаўчы музей і Івянецкі музей традыцыйнай культуры.
На працягу двух дзён ішла цікавая плённая праца па некалькіх напрамках. Эксперты з Расійскай Федырацыі падзяліліся вопытам і перадавымі практыкамі па арганізацыі экалагічнага турызму на прыродных тэрыторыях, якія асабліва ахоўваюцца.

Партнёрства экатурыстычнага кластара будзе садзейнічаць стварэнню сумеснага экатурыстычнага прадукта на тэрыторыі кластара эказаказніка “Налібоцкі” і падтрыманню мясцовых ініцыятыў, прасоўванню ідэй экатурызму і аховы прыроднага асяроддзя, развіццю прадпрымальніцтва ў рэгіёне, росту ўзроўня даходаў мясцовых жыхароў, стварэнню новых працоўных месцаў, захаванню прыроднай і культурнай спадчыны, вядзенню здаровага ладу жыцця і інш.

Яўгенія Лёшына, што прадстаўляла экацэнтр “Запаведнікі” ў Маскве, падняла тэму арганізацыі валанцёрскай работы ў экатурызме. Яна падзялілася вопытам прыцягнення на прыродныя тэрыторыі, якія асабліва ахоўваюцца, валанцёраў і расказала пра станоўчы эфект ад такога супрацоўніцтва ў доўгатэрміновай перспектыве. Прычым памочнікі патрэбны не толькі для фізічнай працы, але і ў інтэлектуальнай сферы. У далейшым яны будуць з задавальненнем рэкламаваць месца, дзе давялося прыкласці свае сілы, тым самым павялічваючы пазнавальнасць тэрыторыі і ўплываючы на паток турыстаў.

Вольга Юрчанка з Алтайскага біясфернага запаведніка расказала, як і навошта трэба прыцягваць у развіццё экатурыстычных паслуг мясцовых жыхароў: яны могуць стаць выдатнымі гідамі, гатаваць смачныя пачастункі, вырабляць цудоўныя сувеніры, ствараць асаблівыя “фішкі” дадзенай мясцовасці.

Прадстаўніца нацыянальнага парку “Сябежскі” Надзея Падаплёкіна закранула пытанне экапрасвету ў экатурызме. Эксперт паведаміла, якія інструменты іх каманда выкарыстоўвае падчас працы з гасцямі парку, што робіцца для экалагічнай асветы дзяцей. Добрым попытам у малых карыстаюцца экалагічныя сцежкі, якія апісваюць прафесіі, што звязаны з абаронай навакольнага асяроддзя. Разам з бацькамі яны з задавальненнем адпраўляюцца ў падарожжа па сцежцы іхтыёлага, арнітолага ці паляўніцтвазнаўца і інш. Таксама выпускаюцца дапаможнікі і казкі пра прыроду нацыянальнага парку.

Удзельнікі семінара атрымалі шмат цікавай, карыснай інфармацыі. З задавальненнем яны наведалі аграсядзібу “Хутар Дудара”.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара