Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
09.01.2010. Чытаю ў Генадзя Равінскага: “Каля Міхалова ў Іслач упадае рэчка Яршоўка. Даўжыня яе 30 кіламетраў, сярэдні нахіл воднай паверхні – 1,4 метра. На рачулцы былі 4 млыны”. Сама ж Яршоўка пачыналася ў Лягезах, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Пішу “пачыналася”, бо гадоў дзесяць назад, калі я з жонкай быў у Лягезах і павёў яе паказаць рачулку майго дзяцінства, то ў рэчышчы сярод кустоў чаромхі, лазы і алешніку, дзе раней цякла вада, ужо расла высокая трава…
Р.S. Рачулка не перасохла. Яе бабры запрудзілі, і яна памяняла русла.
10.01.2010. Пачынаючы з 1988 года і канчаючы 2001-м з сям’ёй, нягледзячы на тое, што ад Ракава блізка мая родная вёска, праводзіў летнія адпачынкі ў Доме творчасці “Іслач”, дзе мы пражылі, калі нават прыблізна палічыць увесь час, недзе каля паўгода. Якія гэта былі цудоўныя дні і вечары! На жаль, няма таго, што раньш было…
21.03.2010. “Тюман… Тюман… Усё далемна…” – гледзячы ў акно на туман, раптам успомніў сказанае ў Доме творчасці “Іслач” двухгадовай дачкой нашага сябра-паэта дваццаць гадоў таму. Сёння Сусветны дзень паэзіі.
29.04.2010. У выдавецтва прыходзіла дачка дзіцячага паэта Авяр’яна Дзеружынскага. Адразу ўспомніўся Дом творчасці “Іслач”, дзе неяк мы разам адпачывалі. Паэта часта можна было застаць у лесе за спевамі. Голас у яго быў цудоўны. Ды і чалавек ён быў някепскі. Любіў пагаварыць і пажартаваць. Дачка пыталася, што рабіць з рукапісамі, якія засталіся ў кватэры пасля смерці бацькі. Параіў недрукаванае паказаць нам, астатняе здаць у архіў.
22.06.2010. Пад шум самотнага дажджу ўзгадаўся Дом творчасці “Іслач” сярэдзіны 90-х гадоў. Лета. 21 чэрвеня. Я з Людмілай і дзецьмі адпачываем. Да нас вечарам у пакой зайшлася наша новая знаёмая і прапанавала разам з ёй пайсці і на беразе рэчкі сустрэць раніцу 22 чэрвеня, калі 50 гадоў назад пачалася вайна. І мы пайшлі. Прасядзелі гадзіны тры каля вогнішча, час ад часу паглядаючы ў светлае начное неба і ўяўляючы, як лятуць варожыя бамбавозы. Сядзелі б і даўжэй, калі б не камары…
08.02.2011. У інтэрнэце знайшоў матэрыялы інтэграванага курса “Валожыназнаўства” аспіранткі кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыны Жалондзік, з якіх даведаўся: “У Валожынскім раёне захавалася 88 помнікаў гісторыі, 23 археалогіі, 28 архітэктуры, 5 палацава-паркавых ансамбляў, 2 сядзібныя паркі. У Беларусі нялёгка знайсці другі такі горад, як Валожын, дзе б на невялікім кавалачку зямлі было сканцэнтравана пяць аб’ектаў-помнікаў архітэктуры класіцызму першай паловы 19 ст. Важнейшыя з іх – палацава-паркавы ансамбль, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада ў 1782-1806 гадах, і мураваны касцёл Св. Юзафа, які ўзнік у 1816 годзе…
Нашу мясцовасць услаўляюць не толькі выдатныя асобы, але і памятныя мясціны. Колькі іх пралягае абапал берагоў рэк Іслач і Бярэзіна! Правы прыток Іслачы працякае па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Тут у 1717-1867 гадах па ініціятыве Ганны Радзівіл існавала шкларобчае прадпрыемства, а зараз знаходзіцца санаторый-прафiлакторый…” Адразу ж узгадаўся Дом творчасці пісьменнікаў “Іслач”, што каля Ракава. Хутка будзе дзесяць гадоў, як у Доме творчасці жывуць толькі вятры і лясныя звяры і птушкі…
30.09.2011. Выступаў у Музеі Янкі Купалы на вечарыне, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Юрэвіча. У 1996 годзе мы разам адпачывалі ў Доме творчасці “Іслач”. Уладзімір Міхайлавіч быў з дачкой Галінай, а я з жонкай і малымі дзецьмі Веранікай і Максімам. Амаль кожны дзень разам гулялі па лесе. Уладзімір Міхайлавіч расказваў дзецям цікавыя гісторыі пра лясных жыхароў, а з Людмілай і мной гаварыў пра літаратуру. У сталовай кармілі не заўсёды добра, і я ў ёй атруціўся. І вось сяджу на лавачцы, трымаюся за жывот і грэюся на сонцы, ні на што не спадзеючыся. Лякарства аніякага ні ў нас, ні ў здраўпункце. І калі б Уладзімір Міхайлавіч не даведаўся пра маю хваробу, то, відаць, мы б раней тэрміну вярнуліся дамоў, а так ён прыслаў да нас дачку з лекамі, і я, выпіўшы пару таблетак, хутка ачуняў. Пасля майго выздараўлення мы яшчэ бліжэй пазнаёміліся і кожны дзень праводзілі ў шчырых і доўгіх размовах…
29.10.2015. Прыходзіў гісторык, геральдык Анатоль Цітоў. Пытаўся, ці можна выдаць томік прозы Мар’яна Віжа (23.02.1949 – 01.04.1999), складзены з твораў, якія пры жыцці пісьменніка не выходзілі асобнай кніжкай. Праўда, спадар Анатоль рукапіс не прынёс. З Мар’янам я быў добра знаёмы. Ён, калі я ў пачатку 90-х працаваў у газеце “Наша слова”, спецыяльна завітаў у рэдакцыю і запрасіў мяне выступіць перад ягонымі студэнтамі. Тады ён, калі не памыляюся, выкладаў у медінстытуце. Пасля той вечарыны мы часта сустракаліся ў рэдакцыі.
Памятаецца, як мы з Людмілай і дзецьмі адпачывалі ў Доме творчасці “Іслач”, і Мар’ян спецыяльна прыйшоў да нас. Ён прыязджаў да маці, якая працавала каля Ракава ў адным з піянерскіх лагераў. Прабыў з намі паўдня. Потым у Мінску нечакана, бо без папярэджання, заглянуў да нас у госці і падарыў гаршчок, які ён у свой час знайшоў на раскопках у Мінску. Сказаў, што гэтаму гаршку больш за тысячу гадоў. У нашым “Альбоме сустрэч” Мар’ян пакінуў запіс: “Аднойчы ў свеце наведаў хату, дзе жывуць адразу два Паэты. Дзіўна, што ў іх тут усё ладзіцца. З найлепшымі пажаданнямі. Мар’ян Віж. 14.08.92”.
У Мар’яна пры жыцці выйшлі дзве кнігі – “Чары даўніны” (1989) і “Лабірынт” (1991). Прыход Анатоля Цітова ў выдавецтва быў адным з найрэдкіх выпадкаў, калі пісьменнік прасіў выдаць кнігу сябра па пяры, а не сваю…
06.06.2016. Патэлефанавала дачка пісьменніка Уладзіміра Анісковіча і паведаміла, што памёр бацька. 25 кастрычніка Уладзіміру Ігнатавічу было б 84 гады. Нарадзіўся ён у вёсцы Гасцілавічы на Лагойшчыне. Да заканчэння журфака адзінаццаць гадоў працаваў вадзіцелем тралейбуса. Апошнім ягоным месцам працы было выдавецтва “Юнацтва”, дзе спадар Уладзімір стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за складанне казак народаў СССР.
Анісковіч добра валодаў балгарскай мовай і шмат з яе перакладаў, і быў на перакладчыцкай ніве адным з галоўных (па ягоных словах) канкурэнтаў у свайго земляка Ніла Гілевіча. Акрамя перакладаў, выдаў кнігу “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі”, дзе, сярод іншага, ёсць досыць поўны пераказ прозай па-беларуску гамераўскіх “Іліяды” (пад назвай “Троя”) і “Адысеі”.
Я з Уладзімірам Анісковічам пазнаёміўся ў пачатку 90-х у Доме творчасці “Іслач”. Мы кожны дзень з ім хадзілі па ракаўскіх лясах. Я збіраў для дзяцей ягады, а Уладзімір Ігнатавіч вязаў венікі для лазні, якую вельмі любіў. З ім было цікава паразмаўляць. Ён быў шчырым і часам наіўным, як хлапчук. Нягледзячы на тое, што Анісковіч па ўзросце быў для мяне, як бацька, аднак ён са мной кантактаваў, як з аднагодкам. Нават раіўся, ці варта яму другі раз жаніцца, і я сказаў, калі кахаеце адзін аднаго, то чаму б і не зрабіць гэта. На жаль, пасля “Іслачы” мы сустракаліся ўсё радзей і радзей, і цяпер тут на гэтым свеце ўжо ніколі разам не парадуемся жыццю…
07.04.2017. У бібліятэцы Цёткі Паэтычны тэатр “Арт.С” правёў імпрэзу “Мой верны сябра. Усё пра сабак”. Рыхтуючыся да выступу, узгадаў, што амаль увесь час у маім жыцці прысутнічалі сабакі. І тады, калі гадаваўся ў бабулі Ганны ў Лягезах, і тады, калі жыў з бацькамі ў Пугачах. Праўда, я мала ўдзяляў нашым чатырохногім сябрам часу. Нават не памятаю, як іх звалі. Я сабак баяўся. Асабліва моцна пасля таго, як мяне суседскі Шарык добра патузаў за калашыну. У мінулым годзе ў нашай кватэры з’явілася аўчарка Міёна. На сённяшні дзень, дзякуючы ёй, я пазбыўся шмат якіх кепскіх звычак. Імпрэзу вялі Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Ганаровай госцяй была сабачка Соня, з якой выступаў паэт Юрась Пацюпа. Пад канец імпрэзы праз прыадчыненыя вокны біблятэкі пачулася сабачае гаўканне. Здавалася, што сабакі з суседніх двароў прыйшлі таксама на імпрэзу і, наслухаўшыся гісторый пра сябе, пачалі абмяркоўваць пачутае.
26.05.2017. Сёння пахавалі мастачку Маргарыту Шкурпіт. Яна нарадзілася ў 1955 годзе. Мы з Людмілай з ёй пазнаёміліся ў Доме творчасці “Іслач” у 1995 годзе. Было сонечнае лета. У лесе поўна ягад. Мы прыехалі з Веранікай і Максімам, і Маргарыта таксама з дачкой і сынам. За час адпачынку наша знаёмства перарасло ў сяброўства. Пасябравалі і нашы малыя. Знаёмства з мастачкай паспрыяла, каб нашы дзеці выбралі мастакоўскі лёс. Потым нейкі час я працаваў разам са Шкурпіт у “Мастацкай літаратуры”. Нейкі час сустракаліся сем’ямі не толькі ў святы, але і ў будні. Потым жыццё нас параскідала па сваіх катухах, але мы заўсёды памяталі пра Маргарыту і яе дзяцей. Маргарыта была шчырым і верным сябрам. У яе афармленні выйшла шмат цудоўных кніг. Шкада, што такія таленавітыя асобы, як Маргарыта, без пары пакідаюць нас…
Не паспеў да канца напісаць пра Маргарыту Шкурпіт, як у Адама Глобуса прачытаў: “Памёр Толя Александровіч (07.01.1953 – 26.05.2017). З ім мы пражылі ў адным пакоі цэлых восем гадоў. Ён быў для мяне старэйшым братам і настаўнікам у свеце мастацтва. Дзякуючы яму я паступіў у мастацкую вучэльню і стаў прафесійным мастаком. Без яго свет стаў горшым”.
А я з Анатолем Александровічам пазнаёміўся ў 1987 годзе ў часопісе “Беларусь”. Потым зрэдку сустракаліся. Ён да мяне звяртаўся на “вы”, і мяне гэта вельмі бянтэжыла. Ён быў па-мойму занадта далікатным і інтэлігентным. У мінулым годзе да 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы Анатоль аформіў для “Мастацкай літаратуры” кнігу “На вастрыі”. Над укладаннем выдання я працаваў з унучкай Крапівы Аленай Атраховіч. Анатоль прыходзіў у выдавецтва і, гаворачы пра жонку, называў яе Алёнкай. Гэта было так міла, што хацелася з Анатоля браць прыклад і называць сваю Людмілу, распавядаючы пра яе знаёмым, Людачкай.
23.07.2017. Заўтра будзе трыццаць гадоў, як мы з Людай пажаніліся. Сёння ж рабілі невялікую перадюбілейную вандроўку па родных мясцінах. Па нас дадому заехаліся наша Вераніка з мужам Пашам і сынам Кастусём. Спачатку паехалі ў былы Дом творчасці “Іслач”. Там пасля доўгага развалу аднавіліся ўмовы для адпачынку. Былы пісьменніцкі Дом цяпер называецца “Іслач-парк”. Галоўны будынак не адрамантаваны, а так набудавана домікаў, кафэ, рэстаран, басейн і яшчэ сяго-таго. Пахадзілі па лесе. Тут у “Іслачы” раней мы адпачывалі кожнае лета па два тыдні. Тут амаль што і выраслі нашы Вераніка і Максім. І, гледзячы на сасну, у голлі якой гадоў пятнаццаць таму засеў бумеранг, які запусціў Максім, мне падалося, што ён там і цяпер вісіць. Схадзілі да ракі. Берагі зарослыя высокай травой. Аднак, калі моцна захацець пакупацца ў крынічнай вадзе Іслачы, то можна адшукаць месца. У заліўным лузе цвітуць кветкі і травы. Райскі пах. Спяваюць птушкі. Час ад часу кувае зязюля і дзяцел дзяўбе.
А дванаццатай паехалі ў Крапіўнікі да стрыечнай сястры Ані. Яна з мужам кожныя выхадныя бывае ў бацькоўскай хаце. Праехалі праз Яршэвічы. Далей праз лес да Крапіўнікаў. Жылых хат мала. Вуліца доўгая. Аніна хата на самым канцы. Там праз Яршоўку – Лягезы, дзе я гадаваўся ў бабулі Ганны да школы. Раней з Крапіўнікаў былі бачны Лягезы, а цяпер лес паміж імі і толькі сцяжына ў высокай траве, якую не кожны знойдзе, вядзе да кладкі праз рачулку. І, каб даехаць на машыне да дзядзькі Віці і цёткі Стасі, трэба вяртацца ў Яршэвічы і яшчэ кіламетраў дзесяць, а то і болей падымаць пыл па палях, каб трапіць у Лягезы. Аня з мужам былі не адны. Прыехаў сын Саша з жонкай і малымі дзецьмі. Трохгадовая Сафійка да нашага Косціка звярталася, як да жывой лялькі: “Яна хоча піць! Я ёй дам вадзічкі!” Даведаўшыся, што мы гасцюем, тут жа да Ані прыехала яе родная сястра Валя.
Насупраць праз дарогу ў свой час жыў мастак Дзмітрый Сарока. У гасцях у Ані пабылі гадзіны дзве.
Планавалі з’ездзіць у Гарадок. Не паехалі, бо трэба было вярнуцца ў Мінск да шасці гадзін. Паехалі ў Пугачы. Падворак не зарос. З гадзіну пабылі і паехалі ў горад. У наступную нядзелю ў Пугачах будзе свята вёскі. Мы запрошаны.
05.02.2018. Збіраўся на выставу і не пайшоў. Снег пайшоў, а я не пайшоў. Мне было холадна і галава балела. І я з акна глядзеў на снег, які сыпаўся з неба і бачыў карціну Леаніда Шчамялёва “Зіма”. У другім акне была карціна “Каляднікі ў Ракаве”, а ў трэцім “Зіма на рацэ Іслач”…
23.05.2018. Хочацца зайсці ў раку. У Іслач, што цячэ каля Ракава. У дзевяностых гадах мы з Людмілай і дзецьмі кожнае лета адпачывалі ў Доме творчасці “Іслач”. Хадзілі да ракі. Вада там, як ледзяная. Зойдзем па калена і стаім. Глядзім на ваду, у якой неба і рыбкі плаваюць. Рыбкі, як ільдзінкі. І, успамінаючы тыя далёкія леты, мне холадна ў ногі, нібыта стаю ў Іслачы…
07.08.2021. Раніца была халодная, як стронга, злоўленая ў Іслачы.
19.05.2022. На сайце Саюза мастакоў: “Сёння, 19 мая 2022 года, на 79-м годзе пайшоў з жыцця беларускі жывапісец, сябра секцыі “Традыцыя” Беларускага саюза мастакоў Дзмітрый Уладзіміравіч Сарока. Нарадзіўся ён 4 студзеня 1944 года ў в. Крапіўнікі Валожынскага раёна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1965) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1971). Вучыўся ў
І. Глазавай, М. Лісоўскага, Л. Лапчынскага, І. Ахрэмчыка, Н. Воранава, В. Грамыкі, Х. Ліўшыца. Выкладаў у дзіцячай мастацкай школе № 1 г. Мінска. Удзельнік мастацкіх выставак з 1972 года. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1994 года. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу.
Найбольш значныя творы: “Шлях да роднай хаты”, “Восеньская цішыня”, “Цёплая раніца”, “Вясковае вяселле”, “На Іслачы”, “Поўдзень. В. Дразды”, “Цішыня”, “Акруговая дарога”, “Цячэ ручай”, “Партрэт Галіны Каржанеўскай”, “Светлагорскія ткачыхі”, “Бярозавы гай”, “Люблю, як сонца дрэвы залаціць”; серыі работ “Нясвіж. Замак”, “Восеньская імпрэсія”, “Мемарыяльныя месцы”, “Музей архітэктуры і побыту” ды іншыя. Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў і дыпломамі Мінгарвыканкама. Творы знаходзяцца ў фондах БСМ, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой”.
Мой зямляк. Зусім нядаўна Дзмірый тэлефанаваў. Планавалі сустрэцца.
(Працяг будзе)