Общество

Зробім свет лепшым!

Пад такой назвай у раённым цэнтры культуры прайшоў першы валанцёрскі форум, прымеркаваны да Міжнароднага дня валанцёра.

“Рабіць добрыя справы і дапамагаць людзям” – менавіта з такім дэвізам ідуць па жыцці валанцёры Валожыншчыны

Міжнародны дзень валанцёра адзначаецца штогод 5 снежня. Традыцыя святкавання бярэ пачатак з 1985 года. Менавіта тады Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выступіла з прапановай да ўрадаў краін, каб даць магчымасць дабравольцам і розным арганізацыям адзначаць сваю работу, падзяліцца дзейнасцю і расказаць пра сябе. Таксама ААН прапанавала дзяржавам інфармаваць аб важнасці валанцёрскай працы, тым самым заклікаючы людзей ва ўсіх сферах дзейнасці прадастаўляць свае паслугі ў якасці дабравольцаў.

Работа валанцёраў – гэта спосаб праяўлення клопату пра блізкага, аказання рэальнай дапамогі людзям. Валанцёрскі рух садзейнічае стварэнню здаровых таварыстваў, якія працуюць над вырашэннем агульных праблем чалавецтва. Валанцёрам можа стаць кожны жадаючы – незалежна ад полу і ўзросту, культурных і этнічных асаблівасцей, рэлігіі, фізічнага і матэрыяльнага становішча. У кожнага чалавека ёсць права свабодна прысвячаць свой час, талент, энергію іншым людзям, не чакаючы ўзнагарод і адзнак.

Самых актыўных валанцёраў раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа адзначыла кіраўнік структуры Антаніна ТРАЦЭЎСКАЯ

Ініцыятарам форуму сталі валанцёры сярэбранага ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і дабравольцы раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”. Таксама ў ім прынялі ўдзел валанцёры раённай структуры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, гімназіі № 1 г. Валожына.

Кожная валанцёрская каманда падрыхтавала творчую прэзентацыю сваёй работы, падзялілася планамі на будучыню. Выступленні каманд былі маляўнічымі і цікавымі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, дырэктар ТЦСАН Галіна Рай падзякавала валанцёрам за іх добрае сэрца і прапанавала стварыць у раёне адзіны валанцёрскі рэсурсны цэнтр на базе тэрытарыяльнага цэнтра. Мэта стварэння такой структуры – своечасовае выяўленне праблем, якія патрабуюць валанцёрскай дапамогі, і кансалідацыя магчымасцей валанцёрскіх арганізацый для іх вырашэння. Работа рэсурснага цэнтра прадугледжвае таксама стварэнне базы даных усіх валанцёрскіх арганізацый, што дазволіць граматна размяркоўваць праблемныя пытанні паміж дабравольцамі раёна, прафесійнае навучанне валанцёраў. Многія людзі сёння маюць жаданне дапамагаць, але не ведаюць, дзе і як яны гэта могуць зрабіць.

Ініцыятыва зацікавіла ўсіх прысутных і была аднагалосна падтрымана.

Прыемным дапаўненнем да святочнага мерапрыемства стала выступленне самадзейных артыстаў раённага цэнтра культуры.

Ірына КАВЯЗА