Дарагія мае парафіяне!
Падыходзіць да завяршэння Вялікі пост. Праз некалькі дзён, а менавіта ў нядзелю, 9 красавіка, мы раніцай прыйдзем у касцёл, каб з вялікай радасцю вітаць з мёртвых паўсталага Сына Божага Езуса Хрыста.
Вялікдзень – галоўнае свята ўсёй нашай веры. Так як Хрыстос памёр і з мёртвых паўстаў, так і кожны чалавек пасля зямной смерці з мёртвых паўстане да жыцця вечнага. Толькі ёсць адно пытанне: да якога жыцця ўваскрэсне кожны чалавек? Да жыцця шчаслівага, вечнага, без хвароб, без смерці – з Богам у небе, у раі, ці да вечных пакут у агні пякельным? Якая ў цябе будзе будучыня, якое ў цябе будзе жыццё пасля твайго ўваскрашэння з мёртвых? Гэта выбіраеш ты і толькі ты, дарагі чалавек, і ўжо цяпер, у гэтым часовым зямным жыцці. Малітва, добрыя ўчынкі, выкананне Божых запаведзяў – гэтыя духоўныя рэчы дапамогуць кожнаму атрымаць вечнае Божае жыццё.
Д’ябал кожную хвіліну спакушае чалавека – ён вельмі хітры і подлы. Напрыклад, мы ведаем, што раніцай і ўвечары трэба гаварыць малітвы. “Ай, навошта ты цяпер будзеш гаварыць? Паснедай і паспяшайся на работу, а памолішся ўвечары”, – шэпча ён. Увечары, прыйшоўшы з працы, завіхаемся ў хаце, потым яшчэ тэлевізар паглядзім да 10-11 гадзін, ужо і спаць хочацца, закрываюцца вочы, а д’ябал ізноў тут: “А навошта табе тыя малітвы? Ты змарыўся, ідзі адпачні – нічога страшнага, што вечарам не адгаворыш”.
Другі прыклад. Сёння святая нядзелька, і мы ведаем, што трэба ісці на Святую імшу, бо Пан Бог, Матачка Божая чакаюць нас. А д’ябал нашэптвае: “Чаго ты пойдзеш сёння ў касцёл? Лепш паляжы – ты ж намарыўся за тыдзень. Пасядзі ў камп’ютары ці схадзі на рынак, сустрэнься з сябрамі ці ў госці завітай да каго. Зрабі гэта сёння – нічога не будзе, калі адну нядзельную імшу прапусціш”. І чалавек паслухае д’ябла.
Усе гэтыя сітуацыі падобны да таго Юдаша, які больш за дзве тысячы гадоў таму прадаў Пана Езуса за 30 сярэбранікаў. Задумайся чалавек, такімі сваімі паводзінамі ты таксама прадаеш Сына Божага. Таму я прашу цябе – не прадавай Езуса і Яго веру ні за якія матэрыяльныя рэчы, не адварочвайся ад Яго, не грашы – уцякай ад грахоў. Ідзі да Бога, слухайся Бога, бо толькі ў ім ты знойдзеш святасць жыцця.
Усё пакінем на зямлі, а на Божы суд возьмем з сабой толькі малітвы, якімі маліліся, і добрыя ўчынкі, якія рабілі ў жыцці на зямлі. Таму, паважаны чалавек, твае добрыя справы, якія выконваеш для парафіі, прыдарожных крыжоў і каплічак, твае ахвяры, гасцінцы, дары, якія складаеш перад Богам у касцёле, – той ключ, якім ты адчыніш перад сабой дзверы неба. Нікога не крыўдзі: ні падначаленых, ні суседзяў, ні людзей, якіх сустракаеш на дарозе. Памятай, кім бы ты не быў, якую б пасаду не займаў, калі ты крыўдзіш чалавека, то ты крыўдзіш самога Бога! Няхай твая асабістая Кніга Жыцця, якая знаходзіцца ў Бога, будзе ўся спісана добрымі справамі. І рабіць іх трэба не толькі на вялікія святы, а праз усё сваё зямное жыццё.
Сын Божы гаворыць: “Чалавек, жыві па Божых запаведзях і будзеш жыць вечна”, а нейкі не хоча і грашыць: жыве без Божага шлюбу, сам не ідзе і дзяцей сваіх не вядзе ў касцёл, не захоўвае пост у пятніцу, а ходзіць на нейкія гулянкі, гаворыць нецэнзурныя словы, абгаворвае іншых, п’янствуе, у нядзелю робіць непатрэбную работу, не дапамагае бедным, састарэлым, адзінокім. Бог бачыць і добрае, і дрэннае, бязбожнае жыццё, і хоча, каб чалавек апамятаваўся і выратаваў сваю душу.
Дарагі чалавек, ці ўсё вышэйпералічанае ёсць у тваім штодзённым жыцці? Калі няма, то ведай: ты ў вачах Божых ужо памерлы. Хрыстос уваскрэс і перамог смерць, а мы, людзі, павінны перамагчы нашы грахі. Мэта зямнога жыцця кожнага чалавека – зарабіць на вечнае, шчаслівае жыццё ў Божым валадарстве.
Дарагія мае парафіяне! Шаноўныя браты і сёстры праваслаўныя! Паважаныя жыхары Валожына і раёна! Віншую ўсіх вас з Вялікаднем!
Здароўя вам і вашым сем’ям, Божай апекі і дапамогі ў жыцці. Няхай уваскрэслы Хрыстос бароніць усіх людзей і нашу бацькаўшчыну Беларусь ад грахоў, ад хвароб, бедаў і няшчасцяў, а Маці Божая Марыя няхай атуляе нас сваёй матчынай апекай.
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс!
Са святам вас, дарагія людзі!
З Божай любоўю і малітвай – ксёндз-доктар
Гэнрык АКАЛАТОВІЧ, пробашч Валожынскага касцёла Святога Юзафа
Распарадак Велікодных набажэнстваў у Валожынскім касцёле:
6 красавіка, Вялікі Чацвер – 18.00.
7 красавіка, Вялікая Пятніца – 18.00.
8 красавіка, Вялікая Субота – 9.00, 12.00, 15.00, 18.00.
9 красавіка, Вялікдзень. Рэзурэкцыя – 7.00.
10 красавіка, другі дзень Вялікадня – 9.00, 18.00.
Сардэчна запрашаю кожнага ў касцёл!