Интервью

Прыклад матулі XXI стагоддзя

Святлана Мікалаеўна разам з мужам Аляксеем Юр’евічам выхоўваюць пяцёра дзяцей: чатырох сыночкаў і дачушку. Самаму старэйшаму Івану сёлета споўнілася 10 гадоў. Далей кожныя два гады іх сям’я павялічвалася: за Іванам нарадзіліся Аляксандра, Міхаіл, Андрэй, у верасні 2021 года на свет з’явіўся Паўлік. Ужо год іх вялікая, вясёлая і вельмі дружная сям’я пражывае ў новым уласным доме, дзе пануе сапраўдная любоў ва ўсіх яе праявах.

– Мы сюды пераехалі год таму – хацелася дзяцей на зямлю перавезці: у сталіцы з шостага паверха не моцна нагуляешся, – пачала размову гаспадыня. – Да таго ж я займаюся сухацветнай фларыстыкай – дзесьці трэба вырошчваць лаванду і іншыя кветкі. Участак знайшлі на “Куфары”: на ім нічога не было – расла трава па пояс. Усё тут даспадобы: само месца на ўзгорку, тэрыторыя прасторная – дзецям ёсць дзе бавіць час, да Івянецкай школы 15 хвілін язды – тое ж самае, як і ў Мінску па даступнасці, магазін, царква праваслаўная. Для нас важна, каб паблізу быў храм: возім туды дзетак да прычасці.

Планіроўку свайго будучага жылля абдумвалі задоўга: муж убачыў у магазіне прыгожы камін – захацелася, каб ён быў у цэнтры. Так і атрымалася. На першым паверсе – кухня, кладоўка, вялікая гасціная, дзве майстэрні – мая і мужава, на другім – спальні.

– Можна сказаць, што Вы знайшлі тут сябе?

– Гэта месца сілы, дзе хочацца тварыць, жыць і рэалізоўвацца. Прыязджаеш сюды і адчуваеш – ты дома. Я вырасла ў вёсцы: любіла басанож пабегаць, агародніцтва, садаводства таксама блізка маёй душы. У горадзе гэтага вельмі не хапала. Па спецыяльнасці я эканаміст-міжнароднік. Калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, вырашыла заняцца тым, чым заўжды хацела, – фларыстыкай. І вось тут, на гэтым участку зямлі, здзейсніліся ўсе запаветныя мары: маю магчымасць раскрыць свой патэнцыял як майстар, больш спакойная стала як матуля – спачатку, калі пераехалі, нават не разумела, што адбываецца, і толькі з цягам часу заўважыла – я не павышаю голас на дзяцей. Ніхто не штурхаецца, не сварыцца – усім хапае месца, у кожнага з’явіўся свой куточак. Дзеці цэлы дзень могуць гуляць на дварэ: ты іх бачыш і займаешся любімай справай, а не проста сядзіш на лавачцы і назіраеш ці зносіш з паверха на паверх і пакрываешся потам.

– Самы цікавы момант: як здарылася, што ў Вашай сям’і столькі дзетак? Запланавалі, па спадчыннай лініі працягваецца, ці ўвогуле хтосьці стаў прыкладам?

– Яшчэ пакуль сустракаліся, муж казаў, што хоча сямёра дзяцей, хаця сам гадаваўся толькі з братам. Нас у бацькоў чацвёра – мы пагодкі. Таму прывыкла да вялікай сям’і. Пажаніліся і павянчаліся за тры месяцы. Усё вельмі хутка адбывалася. На сёння 14 гадоў у шлюбе, але першыя чатыры гады нарадзіць не атрымлівалася. Мы правяраліся, здавалі аналізы, урачы казалі, што здаровыя, аднак… І толькі пасля прыйшло разуменне: ішло прывыканне – так бы мовіць, прыцірка, і калі мы пачалі разумець адзін аднаго з паўслова, сталі з’яўляцца на свет і нашчадкі.

Увогуле, у мяне да замужжа была бліскучая кар’ера – ездзіла ў камандзіроўкі ў Пекін, Франкфурт, Балонію, вяла перамовы на англійскай мове. Аднак сям’я і асалода мацярынства – самае галоўнае ў жыцці.

– Вы не думалі, што іх будзе столькі?

– Не. Усё атрымлівалася неяк само сабой – плаўна і гарманічна. Адно дзіця з памперсаў вырасла – можа сказаць, чаго хоча, само можа паесці, папіць, нараджалася другое. Да таго ж, слава Богу, роды былі лёгкія, прапрацаваныя, усвядомленыя – мне не было страшна: я фарбавала пазногці, наводзіла марафет, ехала ў бальніцу і нараджала немаўлятка з усмешкай на вуснах.

Роля бацькі і маці вельмі важныя ў сям’і: бацька – галоўны, матуля – накіроўваючая; бацька – цягне, маці – вядзе. У нас чатыры хлопчыкі, таму бацька павінен быць прыкладам для іх, каб у будучым яны таксама змаглі стварыць гарманічныя адносіны і правільную сям’ю.

Была розніца: хлопчыкі ці дзяўчынкі?

– Тут так: каго Гасподзь пашле – таго і добра. Праўда, думалі, што пятай будзе Ліза. А тут з’явіўся Паўлік. І за яго дзякуй.

– Асмелюся запытацца: пяцёра – мяжа?

– Лічу, што ў мацярынстве ўжо адбылася. Вынік дасягнуты і вывады зроблены. Цяпер хацелася б адбыцца як творцы. Вяду ўласны блог у інтэрнэце “Ціптоп дзяцінства” (tiptop_detstvo) аб усвядомленым мацярынстве, дзе паказваю, як правільна гуляць з дзіцем, развіваць яго. І падказваю: не матуля павінна паглыбляцца ў дзяцей, а дзеці ўдзельнічаць у жыцці матулі. Таксама ў мяне ёсць уласны праект “Pizma.by”: ствараю букеты і розныя кампазіцыі з сухацветаў, многія з якіх вырошчваю на ўласным прысядзібным участку. Гэтага заўсёды хацелася, толькі рукі не даходзілі! А цяпер удзельнічаю ў дэкарыраванні гандлёвых вітрын, афармленні выстаў. Праводжу майстар-класы па арт-тэрапіі, эка-тэрапіі ў сваёй хатняй майстэрні.

– У размове разумею, што Ваша сям’я заснавана на спрадвечных хрысціянскіх запаветах, дзе муж – здабатчык, а жонка – наладжвальніца сямейнага ачага?

– Муж цэлы дзень на працы, займаецца мантажом ацяпляльных сістэм прыватных дамоў, таму ў большасці выхаваннем дзяцей займаюся я. Увечары тата чытае ім казкі і ўкладвае спаць, а ў выхадныя можа парадаваць смачнымі стравамі, прыгатаванымі на мангале. Да таго ж Аляксей захапляецца дрэваапрацоўкай, і ўся дзіцячая мэбля зроблена яго рукамі. А яшчэ ён любіць вышываць крыжыкам! Увогуле, мой муж – падарунак лёсу, мая галоўная падтрымка і апора.

– Мадэль выхавання адкуль бралі ці вывелі сваю?

– Напэўна, са сваёй сям’і па большай частцы, і па тым, якія мае дзеці зараз, можна ўбачыць, што заклалі ў мяне мае бацькі. Дарэчы, ім бязмежна ўдзячна за ўсё.

– Аднак пагадзіцеся: трыццаць гадоў таму дзяцей выхоўвалі крыху інакш? І тая мадэль наўрад ці цалкам падыходзіць сёння?

– Асноўныя прынцыпы вечныя – любоў, дабрыня, праваслаўныя традыцыі, жыццё па Божых запаведзях. Лічу, што яны ідэальныя ва ўсе часы. Напрыклад, мой муж выхоўваўся ў нерэлігійнай сям’і. А мая сям’я не проста называлася праваслаўнай – мы жылі па-праваслаўнаму: хадзілі ў царкву, спавядаліся, прычашчаліся, пасцілі, абавязкова маліліся на ноч, збіраліся ўсе разам за святочным сталом на Каляды, Вялікдзень. Паступова гэтыя традыцыі я ўкараняю і ў нашу сям’ю, бо яны аб’ядноўваюць, робяць людзей адзіным цэлым.

Мы часта збіраемся з матушкай Вольгай (Вольгай Базарновай, жонкай святара Кіявецкай царквы, якая летась была ўзнагароджана ордэнам Маці): у яе – пяцёра, у мяне – пяцёра. Сядзім і разважаем: як выхаваць дзяцей, каб у іх усё было гладка ў жыцці? І прыходзім да высновы: трэба ўкласці ў іх столькі любові, каб яны былі ўпэўненымі ў сабе, жылі па сумленні, з чыстай душой і змаглі перанесці ўсе выпрабаванні.

– Магчыма маладым людзям так жыць у сучасным свеце?

– Успамінаю, як вучылася ва ўніверсітэце, мы разам з сяброўкай прачыналіся ў шэсць гадзін, каб паспець на ранішнюю літургію ў сабор, што на Нямізе. Скажу, было нялёгка: хацелася ўсё кінуць. Але ты разумееш, што не будзеш цэласным чалавекам, калі Бога ўнутры не будзе – гэта намнога глыбей, болей, чым проста паесці, паспаць, схадзіць у магазін, купіць сабе нейкую абноўку.

Хто ў Вашай сям’і быў такім глыбока веруючым?

– Дзядуля па бацькоўскай лініі. У мяне ёсць ікона ХVIII стагоддзя: яна абнавілася яшчэ пры дзядулевым жыцці. Ён маліўся заўсёды: стаяў на каленях на покуце перад іконамі. Для мяне ўсё гэта было вельмі трапяткім, і я бачыла на яго прыкладзе, што вера – важная частка, якая павінна прысутнічаць у жыцці. Без гэтай асновы мы дробязныя: рэагуем на з’едлівыя словы ў свой адрас, крыўдуемся, не даруем, злуемся на ўвесь свет. Вера, наадварот, дапамагае прымаць выпрабаванні з удзячнасцю, бо ты ведаеш, што пасля станеш яшчэ мацнейшым.

– Можна сказаць, што Вы прывялі мужа да Бога?

– Аляксей доўга шукаў сябе. Яшчэ да нашага знаёмства прыйшоў да веры, калі паехаў у Расію і дапамагаў аднаўляць там манастыр. Хаця на летнія канікулы ён ездзіў да бабулі, якая была веруючым чалавекам і навучыла яго вышываць крыжыкам. Таму зярняткі былі закладзены ў дзяцінстве, а парасткі з’явіліся ва ўсвядомленым узросце. І наша вянчанне ў царкве стала для майго мужа духоўным ростам.

– Як Вы пазнаёміліся?

– У сацыяльных сетках – як ні банальна гучыць. Прычым мая анкета павісела там дзесьці тыдзень, пасля вырашыла адтуль выдаліцца. І ў гэты ж дзень атрымліваю паведамленне ад Аляксея. Перапісвацца не сталі, а ўжо вечарам сустрэліся: доўга гулялі, размаўлялі, і кожны з нас зразумеў, што знайшоў сваё. На трэці дзень ён прапанаваў мне стаць жонкай. Мае родныя былі ў шоку, сцвярджаючы, што мы дзве супрацьлегласці, зусім не ведаем адзін аднаго. На што Лёша разумна адказаў: “А як пазнаць чалавека, калі з ім не жыць?!” Праз тры месяцы згулялі вяселле. Назаўжды запомніла пажаданні сваёй свекрыві: важна не маўчаць і не трымаць у сабе канфліктныя сітуацыі – іх трэба абмяркоўваць і вырашаць адразу; важна не закрывацца ў пакоях адзін ад аднаго – знаходзіць у сабе сілы і расстаўляць кропкі над “і”. Так было ў іх сям’і, гэта дапамагло нам у складаныя хвіліны, і хачу гэта перадаць сваім дзецям.

– Што, на Ваш погляд, самае галоўнае ў сямейных адносінах?

– Слухаць і чуць адзін аднаго, глядзець у вочы і заўважаць эмоцыі. Нават з дзецьмі: вось штосьці ў ім праскочыла, а ты не заўважыў, быў заняты – дзіця закрываецца ў сабе. Ён думае: “Я падыходзіў да матулі, а яна праігнаравала”. У далейшым узнікаюць праблемы, можна пачуць нараканні бацькоў, што дзеці не раяцца з імі, не выліваюць душу. Таму будзьце ўважлівымі, знаходзьце час для простых размоў, якія могуць здавацца вам пустымі і непатрэбнымі, а для вашых дзяцей вельмі важнымі менавіта ў гэты момант. Будзьце для іх сябрам, дарадцам, бо яны – наш працяг і сэнс жыцця.

Алена ЗАЛЕСКАЯ