15 студзеня 2023 года Мінскай вобласці споўніцца 85 гадоў.
Працягваем цыкл публікацый, прысвечаны юбілейнай даце. Цікавыя гістарычныя звесткі прадастаўлены Валожынскім краязнаўчым музеем.
У пачатку 90-х гадоў распад Савецкага Саюза парадзіў маштабны сацыяльна-эканамічны крызіс, у які была ўцягнута і наша краіна. Змяніліся формы ўласнасці, метады гаспадарання, пачалося рэфармаванне сельскай гаспадаркі.
У той складаны час старшынёй райвыканкама працаваў Валянцін Іванавіч Малішэўскі. Дзякуючы граматнаму кіраўніцтву, настойлівай працы жыхароў раёна, удалося да мінімуму звесці негатыўныя вынікі крызісу, захаваць кадравы патэнцыял, не дапусціць закрыцця прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў сацыяльна-культурнай сферы.
15 студзеня 1990 года прыняла першых пацыентаў новая шматпавярховая сучасная паліклініка.
У 1991 годзе пачаўся мантаж новай лініі на Валожынскім ільнозаводзе. Яна дазволіла вырабляць з нізкагатунковага валакна нятканыя матэрыялы, якія з поспехам выкарыстоўваліся ў абутковай і мэблевай прамысловасці.
У верасні 1993 года на плошчы Свабоды ў Валожыне завершана будаўніцтва новага ўнівермага.
У кастрычніку гэтага ж года адкрылася гарадская пральня самаабслугоўвання, адначасова быў здадзены ў эксплуатацыю будынак гарадской аптэкі.
У лютым 1994 года гарадская кацельня пачала працаваць на прыродным газе.
У гэты ж час набываюць прапіску ў мікрараёне прыватнай забудовы райцэнтра, што ў бок вёскі Мінці, новыя вуліцы: імя Максіма Багдановіча, імя Агінскага, імя Максіма Гарэцкага, Дружная.
Вядзецца пракладка газаправода па вуліцах Валожына.
Завяршаюцца будаўнічыя работы па ўзвядзенні будынка кулінарнага камбіната.
У 1997 годзе пры Валожынскім РЦК утварыўся гурт народнай музыкі і песні “Сваякі”, які аб’яднаў разам таленавітых музыкантаў і спевакоў.
За вясенне-летні перыяд 2000 года Валожынскі масласырзавод экспартаваў у Польшчу 100 тон сухога абястлушчанага малака. 63 тоны сыру “Расійскі” і 20 тон сметанковага масла пастаўлены ў Расію. Дарэчы, у гэты час стала працаваць крама фірменнага гандлю гэтага прадпрыемства ў дзіцячым гарадку Валожына.
Сапраўдным падарункам для валожынцаў стала песня “Гімн Валожынскай зямлі”, напісаная ў 2000 годзе да юбілею раёна і Свята горада. Аўтары твора – вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі, а словы напісаў наш зямляк Сяргей Маляўскі.
(Працяг будзе)