15 студзеня 2023 года Мінскай вобласці споўніцца 85 гадоў
Працягваем цыкл публікацый, прысвечаны юбілейнай даце. Цікавыя гістарычныя звесткі прадастаўлены Валожынскім краязнаўчым музеем.
Адносна высокі ўзровень развіцця эканомікі ў 80-я гады дазволіў паскорыць праграму капітальнага будаўніцтва. Пачалася забудова новага мікрараёна ў Валожыне – вуліц Міру і Гагарына.
Уступілі ў дзеянне раённы вузел сувязі, сельскія Дамы быту
2 аўтамагістралі рэспубліканскага значэння,
адміністрацыйныя будынкі Івянецкага і Ракаўскага сельвыканкамаў, сярэднія школы, рэстаран у Валожыне, сельскія Дамы культуры, дзіцячыя сады, лазні, іншыя сацыяльна-культурныя аб’екты.
У ліпені 1980 года па пуцёўках міжнароднага маладзёжнага бюро турызму 6 лепшых прадстаўнікоў моладзі раёна накіраваліся на Алімпійскія гульні ў Маскву балельшчыкамі. Да гэтай падзеі каля 10 назваў вырабаў з алімпійскай сімволікай адправілі ў Маскву работнікі Івянецкага завода мастацкай керамікі.
Восенню 1980 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага прыгожага будынка сярэдняй школы № 2 г. Валожына. Справіла наваселле служба пажарнага дэпо па вуліцы Чапаева.
У 1983 годзе пачалі працаваць дзіцячыя сады № 5 і № 6 у Валожыне.
Болем у сэрцах жыхароў раёна адазваўся красавік 1986 года. Чорная хмара Чарнобыля сваім крылом накрыла Валожыншчыну. 102 населеныя пункты аказаліся пад радыяцыйным попелам. Да гэтай пары мы адчуваем на сабе яго негатыўнае ўздзеянне і надаём асаблівую ўвагу ліквідацыі вынікаў гэтай страшнай аварыі.
Летам 1987 года цудоўны падарунак для дзетвары зрабілі студэнты архітэктурна-будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. У цэнтры горада вырас казачны дзіцячы парк. Горкі і арэлі, цір і кавярня, драўляныя казачныя персанажы ўмясціліся на невялікай тэрыторыі парка. Дарэчы, падчас будаўніцтва студэнты не пашкодзілі пладовыя дрэвы, пасаджаныя ў 60-я гады на тэрыторыі былой сярэдняй школы № 1.
Адкрыўся новы калгасны рынак па вуліцы Савецкай у Валожыне.
У раёне будуецца санаторый-прафілакторый “Налібоцкая пушча”, адкрываецца Дом творчасці пісьменнікаў “Іслач” каля Ракава, усе цэнтральныя сядзібы гаспадарак асфальтуюцца, будуецца жыллё.
У 1989 годзе адчыніла свае дзверы школа-гімназія ў Валожыне.
Вялікі ўклад у развіццё раёна ў 80-х гадах, працуючы на адказных пасадах, унеслі Канстанцін Канстанцінавіч Хвянько, Анатоль Мікалаевіч Зязетка, Аляксандр Хрыстафоравіч Чаеўскі, Анатоль Іванавіч Дылеўскі.
Слаўныя старонкі ў працоўны летапіс Валожыншчыны ўпісалі нашы ветэраны працы: Уладзімір Іванавіч Глябовіч, Файба Лазаравіч Гольдшміт, Леанід Андрэевіч Вечар, Таццяна Сямёнаўна Віткіна, Майсей Давыдавіч Віткін, Софія Ігнацьеўна Кавяза, Марыя Аляксандраўна Косарава, Іосіф Валяр’янавіч Ляшчынскі, Іосіф Сігізмундавіч Савіч, Мікалай Сцяпанавіч Шчуцкі, Фяліцыя Пятроўна Дваранская, Васіль Іванавіч Журкевіч, Іван Іванавіч Рындзевіч, Марыя Антонаўна Шакун і многія іншыя, чый вопыт і традыцыі па праву атрымала наша моладзь.
(Працяг будзе)