Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
22.08.2015. З Людмілай паглядзелі фільм пра брытанскага мастака-пейзажыста Уільяма Цёрнера. Згадаўся фільм пра Леанарда да Вінчы, які я глядзеў, калі мне было дванаццаць гадоў. Сёння ў інтэрнэце знайшоў той фільм. Ён упершыню на тэлеэкраны выйшаў у 1971 годзе. Паглядзеў. І здзівіўся сам сабе, бо ўсё амаль памятаю. Яшчэ памятаецца, што пасля фільма я нейкі час маляваў, маляваў левай рукой, бо мне здавалася, што калі буду так маляваць, як Леанарда да Вінчы, то і я буду, як гэты геніяльны мастак. Пасля таго фільма я і дзённік завёў, куды запісваў назіранні за прыродай, вынікі доследаў з раслінамі, мурашкамі, п’яўкамі, чарвякамі і г. д. Словам, з таго часу ў мяне заўсёды з сабой сшытак, куды я занатоўваю ўсё, што лічу важным для сябе…
23.08.2015. Не збіраўся рана выходзіць з дому. Патэлефанаваў Алесь Квяткоўскі і паведаміў, што ў яго майстэрні з’явіўся “Чорны сланечнік”. І я пайшоў глядзець. Паглядзеў, і ў мяне з’явіўся ланцужок асацыяцый: “Чорны квадрат у канцы тунэля… Сланечнік у канцы тунэля… Святло ў канцы тунэля…”
Дзякуючы Людміле, упершыню быў на вялікім канцэрце маладых рок-музыкантаў, што праходзіў у адным з клубаў на Нямізе. Быў час, калі я пісаў тэксты для рок-гуртоў і часта з задавальненнем хадзіў на маладзёжныя тусоўкі. Ды і мне не было трыццаці. А сёння ішоў з хваляваннем, бо мы ішлі не на проста рок-канцэрт, а на канцэрт, дзе ўсё арганізаваў і праводзіць гурт “F!B!” (пры падтрымцы сябра-барабаншчыка з Японіі), у якім бас-гітарыстка – наша Вераніка. Акрамя нашых дзяўчат, выступалі яшчэ тры рок-гурты. Пасля сваіх песень дзяўчаты з “F!B!” пусцілі за барабаны японца, з якім выканалі пяць сусветна вядомых песень. Атрымалася проста цудоўна! Дамоў вяртаўся, шкадуючы, што канцэрт скончыўся…
25.08.2015. Учора памерла паэтка Ала Канапелька. Сёння яе пахавалі на гарадскіх могілках у Смалявічах. На жаль, не быў на развітанні…
Знаёмства наша пачалося ў снежні 1981 года ў Каралішчавічах, дзе цэлы тыдзень мы былі разам на семінары маладых пісьменнікаў Беларусі. Сярод нас былі і Анатоль Сыс, і Васіль Сахарчук, і Міхась Барэйша, якіх ужо даўно няма ў гэтым свеце. Нас было шмат. Помняцца не ўсе. Ала Канапелька помніцца. Потым у нас было шмат сустрэч, сумесных выступленняў. Нашы дочкі закончылі гімназію-каледж мастацтваў, дзе мы сустракаліся, прыводзячы малых на вучобу. З Алай мы склалі кнігу “Мама, маці, матуля…”, за якую на Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” выдавецтва “Мастацкая літаратура” атрымала вышэйшую ўзнагароду – дыплом імя Францыска Скарыны. І ва ўсім, што рабіла Ала Канапелька, яна была Паэткай…
28.08.2015. Была прафесійнай масажысткай і танчыла толькі з Янкам Купалам. Пра каго гэта? Пра Цётку!
Ва ўспамінах Паўліна Мядзёлка гаворыць пра Цётку: «У мяне склалася ўражанне, што Цётка з’яўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны… Прымала яна… толькі ў гэтым пакоі… Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём…» Нічога тут ненармальнага няма ў тым, што Цётка са сваім мужам спалі ў розных пакоях. Так жылі арыстакраты. Мы з Людмілай хоць і не арыстакраты, а спім у розных пакоях. З гэтай нагоды ўспамінаюцца радкі, якія ў свой час пачуў ад бацькі: “Праз сценку жылі, а дзеці былі…”
29.08.2015. Не любячы адзін аднаго, мы хочам, каб нас усе любілі…
Апалая лістота ў вадзе, як сонныя залатыя рыбкі…
Час пераліваецца ў ваду, а вада – у час…
30.08.2015. Ранкам з Людмілай хадзілі ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор. Стаялі на ўваходзе. Народу – не прайсці. Як ніколі было вельмі шмат дзяцей. І толькі, як людзі пачалі разыходзіцца, даведаліся, што ўсе маліліся за новы навучальны год. Мы з Людмілай шчасліва ўсміхнуліся: “У школу нам дзяцей збіраць не трэба. Вераніка ўжо трэці год працуе, а Максім на пятым курсе Беларускай акадэміі мастацтваў…”
Жоўты бярозавы ліст прыліп да шыбы, як мне напамін пра адзін дзень, што застаўся да верасня…
31.08.2015. З нагоды пачатку навучальнага года ўзгадаўся вершык з маіх школьных гадоў: “Першы клас купіў каўбас. Другі смажыў, трэці еў, а чацвёрты праз дзірачку глядзеў…” Прыемна было ў трэці клас ісці, а ў чацвёрты не хацелася…
У пісьменніка А. М. ужо гадоў дваццаць таму сапсаваліся зубы. Дакладней, у яго іх амаль не было. Некалькі месяцаў таму А. М. адважыўся напоўніць свой рот новымі зубамі. На мінулым тыдні тры гадзіны доктар поркаўся ў роце пісьменніка: пілаваў, клеіў, стукаў. Папярэдне паставілі першыя часовыя пластмасавыя зубы. Знізу тры і зверху шэсць. Дзякуючы доктару за працу,
А. М. пацікавіўся: “А як мы іх потым дастанем?” “Не хвалюйцеся! Я малаточкам пастукаю, і яны адваляцца!” – адказаў доктар. Задаволены пісьменнік спакойна пакінуў кабінет. Прыйшоў дамоў. Адчыніў акно. У кватэру заляцеў вецер. Пісьменнік чыхнуў і… з рота выляцелі ўсе пластмасавыя зубы.
Мексіканская прымаўка: “Яны спрабавалі пахаваць нас, але яны не ведалі, што мы – насенне…”
Мая хата стаіць на беразе дня, як на беразе мора. І сонца павольна апускаецца за небакрай, нібыта баіцца напалохаць мяне сваім знікненнем…
Спілаваная бяроза, падаючы, чаплялася галінамі за неба, і сыпаліся на зямлю зоркі і залатая лістота. Толькі зорак ніхто не бачыў…
01.09.2015. На кухні на стале і пад сталом рассыпаны алоўкі, як каляровыя макароны…
Вечарам перад сном, гледзячы на партрэты бацькоў, прыдумаў радкі:
Тата і мама глядзяць на мяне
З рамак партрэтных на шэрай сцяне.
Тата і мама – іконы мае.
Вас мне жывых, як святла, не стае
Тут на зямлі, дзе заўсёды святло,
Нават у тым, што ў нябыт адышло…
02.09.2015. Загрымеў гром, узняўся вецер, і ўміг з дрэў пасыпалася лістота, нібыта верасень узарваў сцены лета, за якімі хаваемся мы ад восені…
Дзень карацее, як дарога да Млечнага Шляху…
Прайшоў доўгачаканы дождж. І ў калюгах апалая лістота адчула сябе на сёмым небе…
03.09.2015. На кухні ўсе талеркі ўмеюць лётаць. Толькі пра гэта яны не ведаюць…
Перад сном занатаваў: “Папера – гэта зімовае поле, на якім словы ўмярзаюць у вечнасць. Адны на час зімы, а іншыя да вогненнага патопу…” Раніцай прачытаў. І пайшоў на працу, дзе на сталах і на шафах ляжаць рукапісы, як на гарах снег, які не растае…
Напрыканцы працоўнага дня да мяне зайшоў стары энергічны інтэлігент, з якім я знаёмы гадоў трыццаць. Павітаўся і адразу пачаў расказваць пра свае поспехі: “Ты ведаеш, а я выдаў кніжачку. Яшчэ нядаўна я быў проста выкладчык, а цяпер я пісьменнік сярэдняй рукі. Дзе ты адпачываў?” “У Парыжы. Барселоне. Жэневе. Амстэрдаме”, – я пачаў пералічваць, дзе быў летам. “Ну ты маладзец! А я закончыў ін’яз, і ў мяне французская мова была першай мовай, і я ні разу не быў у Парыжы…” – сумна прамовіў пісьменнік сярэдняй рукі і на развітанне сказаў: “Жыццё цудоўнае, а мне ўжо семдзесят пяць…”
04.09.2015. Некаторыя перад люстэркам, як перад іконай…
05.09.2015. Поўня, як цыгарэтны попел, які прымерз да чорнай цыраты неба…
Больш за месяц таму ў Пугачах на свяце вёскі мы з Людмілай даведаліся, што нас запросяць на святкаванне 550-годдзя Ракава. Апошнія два тыдні я кожны дзень, дастаючы з паштовай скрынкі газеты, спадзяваўся, што атрымаю запрашэнні. І яны прыйшлі сёння ў дзве гадзіны дня, і нам стала вядома, што свята ў Ракаве ўжо ў самым разгары. Гэта наша пошта!!! Сумна.
06.09.2015. Ад выдавецтва ездзіў у Шчучын на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Дамоў прывёз два падарункі – Рычард Бялячыц падпісаў новую кнігу “Споведзь накцюрна”, і святочны нумар газеты “Слонімскі веснік”, якую падарыла паэтка Алена Руж.
З усяго, што чуў са сцэн, найбольш запомнілася выступленне рускага пісьменніка з Масквы Георгія Прахіна, які сказаў: “Беражыце сваю мову! Без мовы ў вас не будзе краіны! Без мовы не будзе нацыі, не будзе народа. Беражыце сваю мову!”
07.09.2015. Белая, як з леташняга снегу, ванна няспешна плыве па рэчцы. У ёй жоўтая лістота, як вуголле. Далёка да акіяна…
Белая поўня, як пакецік з гарбатай…
Напачатку 2013 года, дзякуючы інтэрнэту, расшукалі Людзінага бацьку Івана Іванавіча Рублеўскага. Нарадзіўся ён 1 студзеня 1925 года. На той час яшчэ жыў у Расіі ў Саранску. Жонку ягоную завуць Вольга Аляксееўна. У бацькі да Людмілы ўжо была дачка Галя ад першага шлюбу. У Саранску ён жаніўся з жанчынай, у якой ужо быў сын. Там нарадзіліся: у 1968 годзе Святлана (у яе ёсць сын Вадзім), у 1971 годзе Таццяна (у яе ёсць дачка Ірына), у 1973 годзе Лілія (у яе ёсць дзве дачкі – Маргарыта і Соф’я).
08.09.2015. Сёння майму бацьку было б 84. 25 снежня будзе тры гады, як Тут яго няма. І ўвесь час думаецца, што трэба было яшчэ лепей глядзець нямоглых бацькоў, і яны і сёння жылі б.
Поўня, як шкельца, якое выпала з акуляраў…
09.09.2015. Пасля працы зайшоў у “Цэнтральны” універсам, каб папіць гарбаты і з’есці пару канапак. Ужо не помню, калі тут быў апошні раз. Здаецца, што нічога ў інтэр’еры не змянілася. Каля вокнаў гэтак жа, як дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў таму, стаяць людзі і падсілкоўваюцца. Чарга – пару чалавек. Стаў каля акна на вольнае месца. Побач маладыя кітайцы. Пра нешта гавораць, смяюцца. Гляджу на вуліцу, дзе на тратуары стаяць столікі. Насупраць мяне пад акном сядзяць тры мужыкі майго ўзросту, няспешна п’юць піва і кураць. За маёй спінай сюды-туды ходзяць людзі. У большасці маладыя. З кавенькай прайшоў стары, спыняючыся каля сметніц. Нічога там няма. П’ю гарбату. Вельмі гарачая. Трэба было б пачакаць, каб астыла хаця б крыху, але я, апякаючыся, п’ю. П’ю гэтак жа, як у свае маладыя гады, калі, будучы беспрацоўным, прыходзіў сюды, каб пагрэцца і падсілкавацца на тыя капейкі, што ў мяне яшчэ былі. Выходжу на вуліцу. На ганку сядзіць стары з кавенькай. Побач стаіць купка моладзі з цыгарэтамі. Па праспекце шнуруюць машыны. У небе вечаровае сонца. У мяне ў роце ўсё апалена гарбатай, у якой быў смак восеньскай самоты…
10.09.2015. Шаткую капусту. Здалёку, з дваццатага стагоддзя, чуецца голас мамы: “Асцярожна з нажом!”
Зайшло сонца. Цёмна і сцюдзёна, нібыта сонца і не было. Гляджу з акна, як з Чорнага квадрата Малевіча…
Сярод поля – зялёнае дрэва, як прывід з прамінулага лета. Няспешна ідзеш басанож да яго, нібыта баішся спалохаць. Пад нагамі – сухая трава. Калючая, як іголкі. Балюча, але маўчыш. Наперадзе дрэва, як твая душа, што развітваецца з полем, якое чакае зімы…
11.09.2015. Поўня – гэта кропля вечаровага мёду, які дапамагае ад цёмнага настрою…
Каля крамы стары прадае лісічкі. Як залатыя…
У апошнія дні жніўня і першыя вераснёўскія, калі вучыўся ў школе, амаль заўсёды пад вечар хадзіў у лясок, што паблізу нашай хаты. Раскладаў вогнішча і пёк цэлае вядро маладой бульбы. Сам еў і прыносіў бацькам і сястры з братам. Бацькі, відаць, думалі, што мне вельмі моцна есці хочацца, а я, кожны дзень капаючы лапатай бульбу, думаў пра тое, што як давядзецца яе выбіраць па-сапраўднаму, то яе ўжо меней будзе на полі…
Каля сметніцы старыя пажаўцелыя газеты, як лістота апалая з дрэў, якія ўжо не існуюць…
12.09.2015. Ездзіў на Свята горада. У раёне Палаца спорту каля вялікага “Белкніжнага” шапіка з адзінаццаці гадзін нейкі час сядзеў за столікам з шыльдай “Кнігі з аўтографам аўтара”…
Пажылая жанчына разгарнула майго “Пугачоўскага цырульніка”, пачала чытаць. Засмяялася. Відаць, на нешта смешнае натрапіла. “Падпішыце!” – усміхаючыся, падала кніжку…
Падышоў сівавалосы барадаты хударлявы мужчына майго ўзросту. У яго на пінжаку была прымацавана зялёна-чырвоная стужка. Не пытаючыся пра кошт кніжак, мужчына сказаў: “Бяру дзве! Падпішыце!” “Як Вас завуць?” – пацікавіўся я і пачуў у адказ: “Раман Давыдавіч!”
Сівабароды невысокага росту мужчына, усміхаючыся, запытаўся: “Пазнаеш?” “Не!” – адказаў я, і мужчына, не назваўшыся, сказаў: “Памятаеш, гадоў пятнаццаць таму мы разам ездзілі з выступленнямі па дзіцячых аздараўленчых лагерах?” “Памятаю! Тады з намі былі кампазітар Уладзімір Буднік і паэт Алесь Пісьмянкоў. Даўно ўжо іх няма…” – уздыхнуў я, і мы яшчэ некалькі хвілін пастаялі, паўспаміналі памерлых сяброў…
Стары, беручы маю “Заўтра была адліга”, сказаў: “Мяне кошт не цікавіць! Мне трэба аўтограф!”
Жанчына ў гадах, прачытаўшы ў “Пугачоўскім цырульніку” зацемку пра гумарыста Уладзіміра Ермалаева, сказала: “Я добра ведала Уладзіміра Фаміча. Святлейшай душы быў чалавек!”
Праз гадзіну да мяне далучылася Людміла Рублеўская. Уся чытацкая ўвага пераключылася на яе, і я пачаў рэкламаваць Людміліны кнігі…