Цудоўная выстава “На ўдачу” Любові Каткевіч прайшла ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.
Вырабы майстрыхі не пакінулі раўнадушнымі ні дарослых, ні дзяцей, што наведалі экспазіцыю. Казачныя зайцы, гномы, анёлы, Баба Яга, Дзед Мароз са Снягуркай, дзед Дабро з бабай, што занята вязаннем, навагоднія экаёлкі, падсвечнікі, вянкі, месяцы прыцягваюць позірк і нараджаюць прыемныя светлыя пачуцці нечага казачнага, нязбыўнага, чароўнага.
Любоў Мітрафанаўна – вельмі творчы чалавек з залатымі рукамі. У яе атрымліваюцца прыгожыя вырабы з бісеру, макрамэ стварае непаўторнае спалучэнне ўнікальнасці і стылю, вязаныя рэчы добра захоўваюць цяпло і радуюць вока, да густу прыдуцца і ажурныя сурвэткі, што зроблены шыдэлкам. Але няўрымслівай натуры хацелася яшчэ нечага новага, цікавага. Дзякуючы Інтэрнэту, жанчына асвоіла тэхніку вырабу лялек у тэхніцы “скульптурны тэкстыль”. Першай з іх была – Баба Яга. Майстрыха беражліва захоўвае прыгажуню, бо разумее, што менавіта яна паклала пачатак новаму захапленню, хаця цяпер, ужо маючы вялікі вопыт, бачыць шмат недахопаў у той сваёй рабоце.
Усе цацкі ручной работы Любові Каткевіч не падобныя адна на адну. Яны прыўносяць часцінку цяпла і ўтульнасці ў любы дом, падымаюць настрой, а таму карыстаюцца добрым попытам. Прадстаўленыя на выставе вырабы былі вельмі актуальнымі для падарункаў на Новы год і Ражджаство, а таму многія хутка знайшлі сваіх пакупнікоў.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара