Незабыўнае. Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа.
06.01.2012. Сарока, як злепленая са снегу і чорнай зямлі, праляцела каля майго акна…
14.01.2012. Учора з-за снегападу доўга ехаў у бібліятэку Цёткі на выступленне ў паэтычным тэатры “Арт. С”, дзе паспяхова распачаўся наш год Арэхавай Вавёркі. Седзячы ў тралейбусе і думаючы пра вясну, зарыфмаваў:
Яшчэ далёка да вясны,
Яшчэ далёка.
І пра вясну нам сняцца сны,
Як пра Марока.
І снег, нібыта яблынь квет,
Ляціць з аблокаў.
І гэты белы-белы свет,
Як вершы Блока.
Яшчэ далёка да вясны,
Яшчэ далёка.
І мне ў твае не трапіць сны,
Як у Марока…
15.01.2012. Пад снегам, як пад тынкоўкай фрэскі, схаваны калюгі з умерзлай у лёд восеньскай лістотай…
17.01.2012. У скверы над снегам свецяцца ліхтары, як зімовыя гарлачыкі, якія распускаюцца, калі пачынае цямнець…
03.02.2012. Тэлефанаваў з Віцебшчыны пісьменнік. Жыве ў вёсцы. Мінулай ноччу было 33 градусы марозу. Казаў, што зімой корміць вераб’ёў і траціць на іх па 400 тысяч рублёў у месяц…
10.02.2012. Набыў кнігу Томаша Главінскага “Забыты гарнізон. Аддзелы Корпуса аховы памежжа ў Івянцы ў 1924-1937 гадах”. Мне, як валожынскаму чалавеку, усё, што звязана з роднымі мясцінамі, вельмі цікава. Чамусьці адразу пасля набыцця гэтай кнігі згадалася, як недзе ў 1996 годзе я з нашым тэлебачаннем тры дні ездзіў па Валожыншчыне. Здымалі невялікія сюжэты пра маіх таленавітых, знакамітых і працавітых землякоў. У адной з вёсак каля Івянца былі ў хаце васьмідзесяцігадовага мясцовага інтэлігента. Ён вельмі радаваўся знаёмству са мной, бо чытаў мае вершы. На сценах у хаце віселі невялікія карціны і старыя фотакарткі ў рамках пад шклом. У зале стаяла піяніна, на якім нам гаспадар сыграў “Паланез” Агінскага. Развітваючыся, я запісаў адрас старога інтэлігента і абяцаў выслаць яму сваю кнігу. На жаль, не выслаў…
24.02.2012. Сёння “ЛіМ” святкуе сваё 80-годдзе. Я ў ім адпрацаваў дзесяць гадоў. Згадалася першая публікацыя ў штотыднёвіку. Калі я вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, жыў на вуліцы Змітрака Бядулі. Яна знаходзілася зусім блізка ад Захарава, 19, дзе была і ёсць рэдакцыя “Літаратуры і мастацтва”.
На той час я ўжо друкаваўся ў “Чырвонай змене”, наведваў “Маладосць”, а ў літаб’яднанні “Крыніцы” мне параілі схадзіць у “ЛіМ”. І я, сямнаццацігадовы, вырашыў знайсці гэту рэдакцыю. У мяне звычайна часу не было: гэта ж не лета, калі дзень доўгі, а восень – тут і заняткі, і цямнее рана… Я ж вясковы хлапец, які прывык не бадзяцца па незнаёмым горадзе, тым больш што маці гаварыла: нікуды вечарам не хадзі, сядзі дома. І я сядзеў у інтэрнаце.
Але неяк вечарам выпадкова праходзіў з сябрамі па вуліцы Захарава і заўважыў шыльду: “Газета “Літаратура і мастацтва”. Запомніў. Пасля падрыхтаваў вершы, спецыяльна на заняткі не пайшоў і выправіўся ў “ЛіМ”. Хадзіў-хадзіў недзе гадзіны дзве, усё там абышоў – не знайшоў. Цяпер толькі дзіву даюся – як жа можна было не знайсці? Калі ж адшукаў, адразу скіраваўся ў аддзел паэзіі. Там працаваў Юрась Свірка. Вершы мае ўзялі і сказалі зайсці праз месяц.
Я зайшоў праз месяц. Свірка кажа: “Не чытаў, братка. Зайдзі яшчэ праз два”. Заходжу праз два – не чытаў. Праз тры месяцы – не чытана нічога. Цякучка (як і цяпер). Тады хоць і людзей у штаце было многа, але не паспявалі чытаць.
Праз год прыходжу і чую – будзем друкаваць. “У якім нумары?” – “А вось хутка будзе Ленінскаму камсамолу 60 гадоў…” У тым нумары (27 кастрычніка 1978 года, № 43) надрукаваліся Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Мікола Мінчанка, Уладзімір Васько, Вольга Русілка, Тадэвуш Чарнавус, Леанід Пранчак, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Мазго, Леанід Якубовіч, Валерый Шкурын, Таццяна Дзмітрусёва і я. Верш называўся “На адкрыцці абеліска”. Патрыятычны такі… Пад нумар падбіралі. Для мяне гэта публікацыя была вельмі значная, бо я ведаў, што ў такім узросце на той час друкаваліся толькі 17-гадовы Анатоль Шушко і Алесь Разанаў, яшчэ школьнік. Хоць на год і выходзілі 52 нумары газеты, пачатковец мог туды трапіць толькі ў сувязі з такімі вось датамі ці прадстаўляючы нейкае літаб’яднанне.
Наступная публікацыя ў “ЛіМе” адбылася толькі праз тры гады – 11 снежня 1981 года (№ 50). Да гэтага маё прозвішча згадвалася хіба што ў аглядах. Нумар быў прысвечаны нарадзе маладых у Каралішчавічах. На адным развароце змяшчаліся творы Алеся Жыгунова, Алега Мінкіна, Васіля Сахарчука, Валянціны Хамчук, Леаніда Галубовіча, Адама Глобуса, Міраслава Шайбака і мае.
Ходзячы дарогамі зямнымі,
Прыкмячаю, што ў краях далёкіх
Гэтак, як і ў нас, красуюць кветкі,
Жыта спее, зелянеюць дрэвы,
Аднаго там не хапае – маці…
З белымі вершамі тады наогул складана было. У Разанава не хацелі нават кніжку выдаваць.
Увесь час, калі я працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, патрабаванні да аўтараў былі вельмі высокія. Нават да старэйшых ставіліся строга. Лепшыя творы друкаваліся на восьмай і дзявятай старонках. А дванаццатую адводзілі для твораў “З літаратурнай пошты”. І тут друкавалі тых, каго не маглі не друкаваць, бо стары, заслужаны, але на восьмую і дзявятую старонкі не дацягвае. Пра гэта ведалі толькі ў рэдакцыі. Гэта было даўно, але гэта было…
01.03.2012. Анатоль Верабей нарэшце прынёс у выдавецтва рукапіс першага тома Збору твораў у 25 тамах Уладзіміра Караткевіча. “Маё шчасце, што ў Караткевіча быў цудоўны почырк і мне лёгка працавалася ў архівах!” – перадаючы рукапіс, сказаў Анатоль Леанідавіч. Прыемна было даведацца, што з 10 аркушаў вершаў, якія не друкаваліся ў кніжках, больш за 70 адсоткаў будуць друкавацца наогул упершыню…
07.03.2012. Глядзеў тэлевізар. На пару хвілін задрамаў. Прыснілася мама. Светлая. Добрая. Прачнуўшыся, успомніў толькі два маміны словы: “Пішы… Запісвай…”
21.03.2012. Раённы цэнтр. У кнігарню, дзе мяне запрасілі выступіць, прывялі дзяцей з дзіцячага садка. Пакуль я расказваў казкі, дзеці панабіралі кніжак і, калі я закончыў выступаць, малыя пабеглі на вуліцу, а следам за імі кінуліся прадаўцы, каб забраць неаплочаныя кніжкі. Хвілін пятнаццаць каля магазіна стаяў дзіцячы крык і плач…
04.04.2012. Прыходзіў мастак, які ўжо шаснаццаць гадоў піша вершы. Творы цікавыя і месцамі вельмі нядрэнныя. Праўда, рыфмы не ўсе дакладныя. Амаль паўгадзіны давялося даказваць, што “рэдзька – феня” і “река – вода” не рыфмуюцца… Разышліся мірна…
05.04.2012. Выступаў перад школьнікамі восьмага класа ў бібліятэцы № 6, што на вуліцы Алега Кашавога. Імпрэза была прысвечана юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз на пытанне супрацоўніцы бібліятэкі “Хто першым ацаніў творы Купалы?” адзін з вучняў адказаў: “Пушкін!” Праўда, тут жа некалькі ягоных аднакласнікаў выгукнулі: “Купала і Пушкін жылі ў розныя часы!” Прыемна было даведацца, што сярод прысутных ёсць дзяўчына, якая піша вершы. Піша па-беларуску, і нядрэнна для яе ўзросту. Вяртаючыся дамоў, хацеў заглянуць у кнігарню, у якую я раней нярэдка заходзіў. Кнігарні няма. На месцы кнігарні крама абутку…
07.04.2012. Сыплецца снег, як змерзлы дым з комінаў вясковых хат…
09.04.2012. Іду дахаты і бачу, што на лавачцы каля пад’езда сядзіць мама. Падыходжу… Мама, але не мая…
26.04.2012. З Людмілай ездзілі ў Смаргонь, дзе ў музычнай школе цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала сустрэчу чытачоў з намі… Праязджаючы каля Ракава, узгадаў Радаўніцу, калі мы ездзілі да мамы. Усё навокал зелянее, а мама ўжо гэтаму не радуецца. Цяпер у яе свае радасці…
Указальнік на Яршэвічы. Згадаліся вёска Крапіўнікі і цётка Манька, маміна старэйшая сястра, якая памерла 9 лістапада мінулага года, пражыўшы 93 гады. Калі маме сказалі пра тое, што яе сястра памерла, мама ўжо не заплакала, бо ёй самой заставалася пражыць крыху больш за тры месяцы…
У Дорскай школе гадоў дзесяць назад я выступаў з Людмілай. Запрашалі яшчэ, але не атрымалася пад’ехаць…
На ўзлессях яшчэ сівая трава… Некаторыя людзі ўжо садзяць бульбу. А ў нас дома ў Пугачах у гэтым годзе будзе расці трава…
За спінай у нас сядзела маладая пара. Хлопец усю дарогу весяліў дзяўчыну. Запомнілася з іх гамонкі: “У нас у Беларусі амаль усе дамы пафарбаваны ў зялёны і жоўты і зрэдку ў сіні колеры”. І сапраўды…
Праязджаючы праз Крэва, бачылі буслоў і чырвонарудыя сцены замка…
У бібліятэцы нас чакалі. Сустрэлі, як сваіх даўніх сяброў… На сустрэчу з намі ў музычную школу прыйшло каля ста чалавек. Вядучыя хораша вялі імпрэзу. Была музыка, было шмат пытанняў, а сваіх вершаў мы так і не пачыталі…
Едучы назад, каля Крэва ўбачыў азярыну. Захацеў даведацца назву ў жанчыны, якая села ў маршрутку ў Крэве, і пачуў: “Ніяк не называецца! Проста Крэўскае возера!”
Зноў каля Ракава думаў пра маму і Пугачы без мамы…
27.04.2012. У двары на дрэвах пачала распускацца лістота, і дамы, што насупраць майго, хаваюцца ў зелені, нібыта зацягваюцца зялёнай павутой…
03.05.2012. У восьмым класе вясной вывучалі “Новую зямлю” Якуба Коласа. Чытаў дома. Я быў вельмі ўражаны гэтым творам, і асабліва мяне кранула канцоўка, дзе апісваецца смерць Міхала. Захапіўшы паперу і аловак, я пайшоў у забалочаны лясок, што быў непадалёку нашай хаты. Там, абхапіўшы бярозку, доўга сядзеў на купіне сярод вады і прыдумляў працяг “Новай зямлі”.
08.05.2012. У выдавецтва заходзіў празаік Алесь Савіцкі. Бадзёры, энергічны, нягледзячы, што яму 87 гадоў. Казаў, што ўсюды пішуць, што ён з 1924 года, але дакладна ён нарадзіўся ў 1925-м. Год нараджэння ён сам памяняў, каб у час вайны ўзялі ў партызанскі атрад. Гаворачы пра вайну, Алесь Ануфрыевіч успомніў, як ён выплаўляў тол са снарадаў: “Тол выцякае і тут жа застывае, і на ім з’яўляюцца карункі, як ад марозу на шыбах. Такі вось прыгожы твар смерці…”
10.05.2012. Чытаю ў Анатоля Грачанікава:
Нахмурыла хата чало,
Цяпер яна нібы чужая.
Маё гаманкое сяло
Маўкліва мяне сустракае…
Як цяжка вяртацца дамоў,
Як вусцішна робіцца ў хаце,
Калі ты дажыў да грудкоў,
Спачылі дзе бацька і маці…
Цяпер, пасля смерці мамы, і я ведаю пачуццё, якое прымусіла паэта напісаць гэтыя радкі. На жаль, і самога Анатоля Грачанікава (1938-1991) няма сярод нас ужо больш за дваццаць гадоў, а сёлета яму 8 верасня было б яшчэ ўсяго 74…
15.05.2012. Амаль пяць гадзін правёў у СШ № 185, дзе праходзіла “Кніжкіна свята”, зладжанае супрацоўнікамі выдавецтва “Мастацкая літаратура” Аленай Масла і Зосяй Куставай. У школу правесці ўрокі прыйшлі каля дваццаці пісьменнікаў. Мне выпалі два класы – сёмы і дзявяты. Да свята загадзя былі праведзены мастацкі і літаратурны конкурсы сярод вучняў. Пасля ўрокаў у актавай зале сабралася ўся школа, некаторыя дзеці былі з бацькамі. Са сцэны гучалі песні, вершы, казкі. Пераможцы і лаўрэаты конкурсаў, а іх было больш за пяцьдзясят, атрымалі ганаровыя дыпломы і ў падарунак кнігі. На свяце прысутнічаў і выступіў сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч.
18.05.2012. Даведаўся ад сваяка Леаніда Жыткевіча, што мая бабуля Параска (27.06.1909 – 24.06.1992) у дзявоцтве мела прозвішча Федаровіч і яе бацька Андрэй быў са шляхетнага роду, які меў свой герб.
Дарэчы, з гэтага ж роду быў і Вацлаў Пятровіч Федаровіч (25.09.1848 – 25.01.1911), вядомы ў свой час як краязнавец, калекцыянер, член-карэспандэнт Кракаўскай АН. Нарадзіўся Вацлаў Пятровіч у Магілёве. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. З 1872 года працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. З 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Быў намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Дапамагаў у раскопках археолагам, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этанаграфічныя матэрыялы. Набыў у сваю калекцыю матэрыялы віцебскіх калекцыянераў Бергнера і Валковіча. У яго бібліятэцы (больш за тысячу тамоў) былі кнігі па гісторыі Беларусі і Літвы, беларускія і літоўскія выданні XVIII-XIX стагоддзяў. Свае артыкулы па гісторыі Вацлаў Федаровіч друкаваў у “Витебских губернских ведомостях”. Быў складальнікам і ініцыятарам выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка “З ваколіц Дзвіны” (Віцебск, 1912). Распрацаваў статут Беларускага вольнаэканамічнага таварыства. У 1920 годзе на базе яго калекцый арганізаваны своеасаблівы музей старажытнасцей імя В. Федаровіча, які ў 1924 годзе стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея…
23.05.2012. На пачатку вёскі Выганічы Валожынскага раёна, злева ад гасцінца Ракаў – Пярэжары, стаіць мемарыяльны знак у гонар расійскага дзекабрыста Аляксандра Бястужава-Марлінскага, які ў 1821-22 гадах знаходзіўся тут па абавязку вайсковай службы. Знак быў пастаўлены ў 1987 годзе. Выганічы з’яўляюцца роднай вёскай беларуска-польскага кампазітара ХІХ стагоддзя Міхала Грушвіцкага, які пахаваны на Ракаўскіх могілках.