Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
02.12.2010. Снежная роўнядзь, на якой адзінокі куст з неапалым чырвона-жоўтым лісцем, нібыта падпалены вялікі аркуш паперы…
03.12.2010. Дома халаднавата. На вуліцы марозна. На працы холадна. І ўсё ж дома добра. Дома мама…
04.12.2010. Пасля начнога снегападу ў скверы ва ўсіх дрэў на ствалах і галінах прымерзлы снег. І ўсе дрэвы, як бярозы…
Вельмі часта мне сняцца сны, у якіх я збіраюся ехаць у Маскву на вучобу ў літінстытут. Часам прыязджаю і хаджу па Маскве, не могучы знайсці будынак, дзе вучуся. Часам засяляюся ў інтэрнат і не хаджу з усімі на заняткі, бо чакаю, пакуль прыедзе з Мінска мая Людміла. Часам еду ў метро і не магу выйсці з цягніка. Словам, сняцца нейкія праблемы, якіх у мяне пад час вучобы і блізка не было. І ўсё бачыцца ў сне і перажываецца, як і ў жыцці. І, прачнуўшыся, я шкадую, што сон перарваўся на самым цікавым месцы…
З пад’езда выйшаў белы кот. Пастаяўшы нейкую хвіліну на ганку і паглядзеўшы на сумёт на лаўцы, на якой яшчэ тыдзень назад ён любіў падрамаць пад восеньскім сонцам, жаласна мяўкнуў і, задзёршы трубой хвост, пабег назад у пад’езд…
05.12.2010. Машыны ў двары засыпаныя снегам, як кучы смецця…
06.12.2010. Ноч была доўгая і марозная. І за ноч у двары ўсе дрэвы і машыны пакрыліся шэранню, нібыта абраслі белым мохам…
12.12.2010. На ўроках Антона Янушкевіча па батаніцы было цікава. Ад яго школьнікі даведваліся не толькі, як размнажаюцца інфузорыі, але і людзі. Настаўнікам Антон Мікалаевіч быў строгім, а пасля ўрокаў мог гуляць з дзецьмі ў футбол і даваць прыпаліць хлопцам цыгарэту. Памятаю, калі я ўжо закончыў школу і пачаў друкавацца ў газетах, Антон неяк паклікаў мяне да сябе, каб пачаставаць самаробным віном і паслухаць мае новыя творы. Тады ж ён зачапіўся за слова “вятрыска” ў маіх вершах і параіў мне яго радзей ужываць, бо “вятрыска” – гэта ласкавы вецер, а вецер у нас ласкавым бывае рэдка. Мы сядзелі доўга. Успаміналі сваіх сваякоў. І тады ж мне Антон паказаў, як пішацца па-англійску Шніп, разгарнуўшы замежны часопіс, у якім была публікацыя нашага траюраднага брата Шуркі, які працаваў і яшчэ цяпер працуе ў Акадэміі навук у інстытуце, здаецца, фізікі. Антон верыў, што ёсць жыццё на іншых планетах. Многія ў вёсцы Антона лічылі дзіваком, бо ён, як і я, мог адзін бадзяцца па палях і лясах, нібыта шукаючы ўчарашні дзень. Сёння Антона Янушкевіча пахавалі ў Дубравах, дзе спачываюць яго вучні, продкі і сын…
13.12.2010. Хутка Новы год. Антон Янушкевіч у Пугачоўскай школе, калі я там вучыўся, заўсёды на гэта свята быў Дзедам Марозам. І яно праходзіла весела, шумна і надоўга запаміналася. У пачатковых класах я не пазнаваў пераапранутага сваяка і верыў, што да нас у школу прыехаў на кані, запрэжаным у сані, сапраўдны Дзед Мароз. І сёння раптам падумалася, што Антон Мікалаевіч пайшоў у той свет таму, што там ужо сабралася шмат яго вучняў, якім захацелася весела сустрэць Новы год…
14.12.2010. Калі мая сястра Валя выходзіла замуж, а вяселле было ў вёсцы, сабралася шмат народу. У большасці нашы сваякі – людзі спакойныя і не «гунуровыя». Хапала ўсім і выпіць, і закусіць. На другі дзень вяселля, калі ўсе прытаміліся сядзець за сталамі і танцаваць, было вырашана прайсціся з маладымі па вёсцы і пафатаграфавацца. І, як толькі пафатаграфаваліся, Антон Янушкевіч запрасіў усіх да сябе, каб паказаць сваю новую хату. І толькі мы выйшлі на вуліцу, як Антон закрычаў: “Вясе-е-елле! Вясе-е-е-е-лле!” І потым усю дарогу туды і назад ён не маўчаў. І цяпер я нічога не магу ўспомніць, пра што два дні гаварыў са сваімі сваякамі, але і праз дваццаць пяць гадоў чую даўні крык Антона Янушкевіча: “Вясе-е-е-е-лле!”
15.12.2010. Усё замецена. І я іду па рыпучым снезе, як па рыпучых дошках у вялікім белым палацы апошняга беларускага князя Зімы…
16.12.2010. Абедаць на працы хаджу ў сталоўку, што зусім блізка ад выдавецтва. Кормяць не вельмі, але і не дорага. Два дні назад з выдавецкім шафёрам Валодзем прыйшлі ў сталоўку самымі першымі, і з гэтай акалічнасці я пажартаваў: “Мы першыя! Што нам за гэта будзе?” Раздатчыца за гэта наліла нам паўнюткія міскі фасолевага супу, а заплацілі мы як за палову. Пад вечар у мяне схапіў жывот. За ноч падлячыўшыся, я пайшоў на працу, дзе даведаўся, што і ў Валодзі праблемы са страўнікам. Адразу ж узгадалі фасолевы суп.
Упала сняжынка. А за ёй другая, трэцяя, чацвёртая… А снежнай лавіны ўсё няма і няма. Чаму? А таму, што ў нас гор няма…
Зімой кожны вечар бацька паліў печку. Напачатку выносіў з яе ранейшы попел, а вяртаючыся ў хату, браў ахапак дроў і вядро брыкету. А потым, стаўшы на калені перад печкай, распальваў газетамі паленцы. Часам, калі дровы былі сырыя і не хацелі гарэць, абліваў іх газай. Нярэдка, пакуль агонь разгараўся, у хату з печкі ішоў дым. Мы, дзеці, стараліся не перашкаджаць бацьку. І ён, моўчкі распаліўшы дровы, садзіўся на свой ложак каля печкі і, зачыніўшы ў ёй дзверцы, закурваў цыгарэту. А праз хвілін дзесяць у печцы агонь аж гудзеў. Потым бацька адчыняў у печцы дзверцы, каб цяпло пайшло ў пакой, і я з братам і сястрой, стаўшы на калені перад печкай, глядзелі, прыжмурыўшыся, на агонь, як на сонца…
19.12.2010. Мароз. Дзесяць гадзін раніцы, а ў двары ні чалавека, нібыта ўсе вымерзлі. І толькі вароны па дрэвах скачуць…
16.01.2011. Мне пяць гадоў. Раніца. Басанож іду па пыльнай дарозе з Лягез. Пыл цёплы, як падлога ў хаце каля адчыненай печкі, у якой на вуглях варыцца ў гаршку груца з мясам. Раптам з высокай прыдарожнай травы ўзлятае птушка. І там, адкуль птушка ўзляцела, я ўпершыню ў сваім жыцці знаходжу гняздо з жаўтадзюбымі птушанятамі. Спрабую пагладзіць іх, але яны нечакана і балюча дзяўбуць мае пальцы, і я, спалохаўшыся, уцякаю дахаты. Заўтра зноў іду да гнязда, каб птушанятам даць хлеба. Хаджу доўга каля дарогі, але гнязда так і не знаходжу…
У дзяцінстве, калі мяне стрыглі, я заўсёды плакаў. Плакаў без істэрыкі. Проста слёзы каціліся з маіх вачэй. Паехаўшы на вучобу ў Мінск, я хадзіў з доўгімі валасамі і, калі што, сам іх абразаў. І вось ужо больш за дваццаць гадоў мяне стрыжэ мая Людміла. Цяпер я смяюся…
18.01.2011. Сёння маёй стрыечнай сястры Ані 50 гадоў. Яна нарадзілася ў вёсцы Крапіўнікі, якая ў метрах пяцістах праз рэчку Яршоўка ад Лягез, у якіх я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Амаль кожны дзень я хадзіў да сястры гуляць у лялькі. Шмат што помніцца з таго часу, але больш забылася. Памятаю, як мяне пакінулі дома дзядзька Ваня з цёткай Аляй глядзець за куранятамі. Глядзеў доўга, а потым пайшоў у Крапіўнікі гуляць. Вярнуўся позна. А дома мяне ўжо даўно чакала дзяга. Не ведаю, як гэта так атрымалася, але, калі мяне не было, паваліліся вароты на куранят, і ўсе яны разам з квактухай загінулі. Пасля гэтага я не пайшоў да сястры ў госці, хоць і мяне адпускалі з дому. Недзе праз тыдзень Аня прыйшла да мяне сама…
19.01.2011. Толькі што вярнуўся з дзіцячага дома. Трапіў туды па прапанове сваёй знаёмай Іны Фраловай, у якой там працуе былая аднакурсніца па ўніверсітэту. Дзецям мы прывезлі ў падарунак кучу кніжак і два тарты. Я думаў, што збярэцца амаль увесь дом, але мы прыехалі да канкрэтных хлопцаў, якія жывуць у адным блоку, як браты. Усіх, здаецца, чатырнаццаць чалавек. На сустрэчы было сем, а астатнія на вучобе ў другую змену. Хораша пагаварылі. Потым хлопцы мне паказалі свае пакоі, дзе яны спяць і робяць урокі. Скардзіліся, што холадна. У пакоях па тры і па чатыры ложкі, а пісьмовы стол адзін. П’ючы з хлопцамі гарбату, звярнуў увагу на васьмёрку, намаляваную на кубку. Пазней даведаўся, што гэта пазнака гаворыць пра тое, што кубкі належаць групе № 8. На развітанне мы сфатаграфаваліся. І самы цікаўны хлопец, які і кніжкі адразу гартаў, атрымаўшы іх, і пытанні задаваў, правёў нас да выхаду з дзіцячага дома.
20.01.2011. На працы мастак Валерый Сенчанка даў мне старыя карты беларускіх зямель. Разглядаючы частку Мінскай губерні, па даных 1866 года, знайшоў свае родныя Пугачы. Непадалёк фальварак Новы Двор. Цяпер вёска, у якой размешчаны Залескі сельсавет, а на месцы фальварка Хмарышкі – хмызнякі і балаціна. Там, дзе быў фальварак Пятраўшчызна, цяпер вёска Пятроўшчына. Каля вёскі Сцяцкі на карце паказаны ручай Сцяцкі. Цяпер яго няма, як і няма каля маіх Пугачоў ручая Малышоўка. На карце ёсць суседнія вёскі Татары і Татарскія, але Татарскія названы вёскай Татарская. Словам, ёсць на што паглядзець і над чым падумаць…
22.01.2011. На фоне белага неба і снегу адзінокае чорнае дрэва на небакраі, як трэшчына, з якой прарвецца вясна…
На вуліцы беласнежна і сумна. У такі дзень, як сёння, калі б я жыў у вёсцы, я б на лыжах паехаў у лес. На любімай палянцы расклаў бы вогнішча і на дубчыках смажыў бы сала… А так сяджу ў кватэры і сачу праз акно за варонамі, што сядзяць на дрэвах, чакаючы вясны, як і я…
23.01.2011. У заснежаным скверы вароны на дрэвах, як счарнелыя ад маразоў рабінавыя гронкі…
Іна Фралова, якая мяне вадзіла ў дзіцячы дом, прыслала па электроннай пошце: “Хлопцы пад уражаннем да сёння ад сустрэчы з Вамі. Астатнія шкадуюць, што не давялося пабачыцца. Першы раз чытаюць кнігі на беларускай мове без прымусу. Навыка няма, чытаюць па складах, пытаюцца словы. Адным словам, хата-чытальня…” Пайду яшчэ…
24.01.2011. Нядаўна падарыў знаёмай сваю “Прозу і паэзію агню”. Сёння жанчына патэлефанавала і, ці то скардзячыся на мяне мне, ці проста так канстатуючы факт, сказала, што ўчора амаль цэлы дзень чытала маю кніжку. Потым усю ноч не магла заснуць, бо зноў брала кніжку і перачытвала асобныя творы. Ды і цяпер на працы ў яе галаве, як пчолы, гудуць мае вершы, якія яна сабе, сваім дзецям і мужу чытала ўслых. Параіў болей не чытаць…
25.01.2011. У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентаваў кнігу “Іван Шамякін. Летапісец эпохі”, якую ў выдавецтве мы выпусцілі напрыканцы мінулага года. Імпрэзу хораша правёў Мікола Мятліцкі. Выступалі Таццяна і Алеся Шамякіны, Алесь Савіцкі, Раіса Баравікова і Адам Мальдзіс. Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз, а Раіса Андрэеўна пад час свайго выступлення трымала мікрафон, як свечку ў храме…
27.01.2011. Пазаўчора на працу да мяне заходзіўся фотамайстар Юрый Іваноў. Калі зайшла размова пра паэзію, Юрый працытаваў Поль Элюара: “Цель поэзии – полезная правда”. Я тады згадзіўся з гэтым выказваннем. Сёння я не згодны. “З кім?” – запытаецеся вы. “З абоімі!” – адкажу я, бо мэта паэзіі – паэзія…
30.01.2011. Калі ездзіў у вёску на аўтобусе, нярэдка ўсю дарогу ўспамінаў дзяцінства. На душы рабілася сумна, што хоць ты плач, а людзі ў аўтобусе гаманілі, смяяліся. Адно суцяшала, што не з мяне…
У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: “Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…”
Сонечна. З суседняга дома са страхі час ад часу падаюць невялікія скрылі снегу і, не даляцеўшы да зямлі, рассыпаюцца, разбіўшыся аб вясновы вецер…
03.02.2011. Дзень пашыраецца, як трэшчына ў чорным лёдзе…
05.02.2011. Зіма. А на вуліцы дождж, нібы ў небе сапсавалася лядоўня і пацякла…
08.02.2011. У інтэрнэце знайшоў матэрыялы інтэграванага курса “Валожыназнаўства” аспіранткі кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыны Жалондзік, з якіх даведаўся: “У Валожынскім раёне захавалася 88 помнікаў гісторыі, 23 археалогіі, 28 архітэктуры, 5 палацава-паркавых ансамбляў, 2 сядзібныя паркі. У Беларусі нялёгка знайсці другі такі горад, як Валожын, дзе б на невялікім кавалачку зямлі было сканцэнтравана пяць аб’ектаў-помнікаў архітэктуры класіцызму першай паловы ХIX ст. Важнейшыя з іх – палацава-паркавы ансамбль, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада ў 1782-1806 гадах, і мураваны касцёл Св. Юзафа, які ўзнік у 1816 годзе… Нашу мясцовасць услаўляюць не толькі выдатныя асобы, але і памятныя мясціны. Колькі іх пралягае абапал берагоў рэк Іслач і Бярэзіна! Правы прыток Іслачы працякае па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Тут у 1717-1867 гадах па ініціятыве Ганны Радзівіл існавала шкларобчае прадпрыемства, а зараз знаходзіцца санаторый-прафiлакторый…”
Адразу ж узгадаўся Дом творчасці пісьменнікаў “Іслач”, што каля Ракава…
10.02.2011. Сярод кніг, як сярод магіл і помнікаў… Такая думка ўзнікла пасля таго, як на Кніжным кірмашы адбылася прэзентацыя кнігі “Ніколі не забудзем” (расказы дзяцей пра Вялікую Айчынную вайну), дзе выступалі школьнікі з Мінскай СШ № 37. Сваім выступленнем дзеці да слёз расчулілі амаль усіх слухачоў…
12.02.2011. Учора на Кніжным кірмашы жанчына, купляючы маю “Прозу і паэзію агню”, цытавала мне незнаёмыя паэтычныя радкі, гаворачы, што яны мае, і яна іх вельмі любіць. Сёння з самага ранку мая ўчарашняя пакупніца падышла да нашага стэнда і папрасіла мяне адысціся з ёй. Я адразу ж падумаў, што жанчына прывезла назад маю кніжку і цяпер хоча, каб ёй вярнулі грошы. “Прабачце! Я ўчора так хвалявалася, сустрэўшыся з Вамі, што пераблытала Вашы творы з чужымі”, – сказала мая чытачка і пачала цытаваць мае вершы…
З Кніжнага кірмашу вяртаўся позна і праз прыватны сектар. Было цёмна, рыпеў снег пад нагамі і пахла дымам з комінаў, як у роднай вёсцы…