За ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў і ў сувязі з Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі Падзяка генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта” аб’яўлена паштальёну Валожынскага ўчастка паштовай сувязі Святлане Пашкоўскай.
У прафесіі Святлана Яўстаф’еўна дваццаць гадоў. Патрапіла выпадкова.
– Родам я з Адамполля. Пасля школы нікуды не паступала, а адразу ж пайшла працаваць у сваю родную Сугваздаўскую васьмігодку арганізатарам, – расказвае яна. – Выйшла замуж – будучы муж жыў праз адзін дом у маёй жа вёсцы. Калгас даў нам кватэру ў Сугваздах – так тут і “прапісаліся”.
Калі ўжо выходзіла з дэкрэтнага адпачынку, прапанавалі пайсці паштальёнам па сугваздаўскім маршруце. Абслугоўвала шэсць вёсак: асноўным транспартным сродкам быў веласіпед, а зімой – ногі. У адзін бок з вялікай сумкай хадзіла, мо, кіламетраў з шэсць, а такія зімы снежныя былі! Тады менш было пасылак – больш пісьмаў і карэспандэнцыі. Ды і вёсачкі жылыя былі, гаспадары карэнныя пражывалі. Цяпер жа больш дачнікаў, але яны таксама, нягледзячы на інтэрнэтаўскі век, карыстаюцца нашымі паслугамі.
Ужо восьмы год, як Святлана Пашкоўская працуе паштальёнам мотадастаўкі аддзялення паштовай сувязі № 1 г. Валожына. У сем гадзін раніцы яна ўжо на рабочым месцы. Цяпер маршрут аб’езду вельмі вялікі.
– Дзесьці каля 60 вёсак. Вось, уявіце, пачынаем з Порычаў, далей едзем на Дубінскую зону, Дорскую, тады вяртаемся на Агароднікі-Чэхаўшчыну, пасля Даманоўшчынская зона, нядаўна дабавіліся яшчэ Брылькі, – кажа паштальён. – Ёсць населеныя пункты, дзе засталіся толькі па два-тры чалавекі. Тым не менш, нас паўсюдна чакаюць. Дзе зусім старэнькія жывуць, у хату заходзім – і такіх большасць, а тыя, што самі могуць дайсці, збіраюцца разам: напрыклад, у Канюшаўчыне, наш прыпынак быў каля магазіна. Хоць ужо і магазіна таго няма, але вось такое месца сустрэчы вызначылі самі людзі.
Мае асноўныя абавязкі – пенсію выплаціць, прадаць тавар, выпісаць перыёдыку, прыняць аплату камунальных плацяжоў. Купляюць усё, што прывозім: у нас ёсць і камбікорм для курэй, і пасцельную бялізну набываюць, заўсёды ёсць попыт на муку, цукар, алей. Летам крышкі для кансервавання асабліва запатрабаваны.
Па словах Святланы Яўстаф’еўны, вяскоўцы, хоць і ва ўзросце, але ад сучасных тэндэнцый не ў баку: газеты выпісваюць і чытаюць – у пашане раёнка і “Друг пенсионера”, тэлефоны мабільныя маюць нават тыя, каму і пад 80. Заказваюць тавары праз пошту. А вось паштоўкі разносіць даводзіцца рэдка-рэдка, пісьмы ж у канверце ў асноўным дасылаюць толькі афіцыйныя структуры. Бывае, што салдаты з месца службы пішуць сваім бацькам, але таксама нячаста.
Святлана Пашкоўская сцвярджае, што ніколі не думала, што будзе працаваць паштальёнам – у юнацтве марыла знайсці сябе ў гандлі, але рана выйшла замуж, і маладую жанчыну захапілі сямейныя клопаты. Тым не менш, сённяшняя работа, хоць і ўскосна, але звязана з аказаннем гандлёвых паслуг. З гадамі прызвычаілася да штодзённай працы і, мяркуючы па ўзнагародзе, выдатна спраўляецца з даручанымі абавязкамі. Хаця, кажа, напачатку ўсяго хапала.
– Колькі слёз было адразу, – успамінае яна. – Калі рабіла ў Сугваздах на месцы, неяк было лягчэй спраўляцца, бо дома гаспадарку трымалі, дзеці падрасталі. А як пачала працаваць на мотадастаўцы, ні населеных пунктаў, ні людзей не ведалі – ні вадзіцель, ні я. Прыязджалі позна. Шукалі па хатах сваіх “адрасатаў”, а тыя нас упершыню бачаць, у дом не пускаюць. Памятаю перад 8 сакавіка за два дні наперад выплачвалі пенсію, я дадому прыехала каля дзевяці вечара. У Даўгулёўшчыне жанчына кажа: “Ты не наша паштальёнка, дзверы не адчыню”. Плакала і настолькі перажывала, бо не ведала, што рабіць. А цяпер ужо магу сказаць, што стала сваёй: бывае, што якая-небудзь бабулька і рацэптам падзеліцца, і пачастуе чым-небудзь.
Вось такое простае, але душэўнае прызнанне. І заслугоўвае яго прафесіянал па самым вялікім рахунку.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА