18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў
Для музейных работнікаў – гэта своеасаблівае прафесійнае свята. Невыпадкова нашай суразмоўцай стала дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая.
– Наталля Паўлаўна, завітаўшы ў Вашу ўстанову, бачу прыемныя змены: будынак адрамантаваны і пафарбаваны, зроблены сучасны ганак з пандусам, устаноўлены прыгожыя ўваходныя дзверы. Разумею, што музей таксама рыхтуецца да абласных “Дажынак-2024”?
– Вядома ж, наш музей ніколі не стаяў у баку ад любых мерапрыемстваў – як раённых, так абласных і рэспубліканскіх. А ў галоўнае свята працаўнікоў вёскі мы павінны годна сустрэць гасцей. У будынку ідуць завяршальныя рамонтныя работы, зараз прафілюецца тэрыторыя вакол музея. У хуткім часе на ёй будзе ўстаноўлены музей камянёў – іх даруе адзін вядомы мастак з Мінска Ігар Арленавіч Кашкурэвіч. Зможам вадзіць па іх экскурсіі, таму што кожны камень будзе мець сваё абазначэнне і стане важны для гісторыі нашага краю.
– Думала, што Ваш працоўны дзень пачынаецца спакойна і размерана, бо працуеце з даўніной, шукаеце звесткі, гартаеце старыя кнігі. А ўбачыла вельмі насычанае жыццё, распісанае, як кажуць, па хвілінах: падрыхтоўка экспазіцый, правядзенне экскурсій, ну і, безумоўна ж, традыцыйная “Ноч музеяў”?
– Магчыма, што ў сувязі з рамонтнымі работамі, “Ноч музеяў” пройдзе трошкі ў “меншых” памерах, чым заўсёды, але, тым не менш, гэты дзень адзначым абавязкова. Пішам сцэнарый і абавязкова будзем запрашаць наведвальнікаў. Спадзяёмся, што той, хто завітае да нас на свята, знойдзе для сябе штосьці пазнавальнае.
– Ці цікавяцца музеем сучасныя людзі?
– Цікавяцца і вельмі.
У апошні час назіраецца такая досыць распаўсюджаная справа, што мінчане актыўна купляюць на тэрыторыі нашага раёна сабе дачы. І, як толькі некалькі разоў прыехалі на тую сядзібу, якую набылі, абавязковы паход іх прыводзіць у музей. Многія прапануюць з таго, што мелася калісьці ва ўжытку ў былых гаспадароў дома, а ім не спатрэбіцца, нам. Прыходзяць самі, тэлефануюць, фатаграфуюць на вайбер і дасылаюць здымкі прадметаў, якія, лічаць, маюць музейнае значэнне, перш чым выкінуць іх на сметнік. Вельмі шмат такіх людзей.
– Гаспадарлівыя, бачна, людзі, калі так ставяцца да гісторыі, рэчаў і прадметаў, і разумеюць, што яна недзе можа быць выкарыстана. А чым папоўніліся апошнім часам фонды раённага краязнаўчага музея?
– У асноўным, гэта прадметы побыту: посцілкі, калаўроты, нават люлька драўляная, якую некалі падвешвалі да бэлькі на столі і калыхалі ў ёй дзіця.
– На гарышчы, напэўна, знаходзяць?
– А дзе ж ва ўласным доме некалі быў “склад” аджыўшых свой век рэчаў – безумоўна ж, на гарышчы. Людзі не выкідвалі іх, бо зроблены яны былі, у большасці, сваімі рукамі ці майстрамі-самавукамі, ды і захаваліся ў добрым стане. Жылі ж незаможна, шмат перанеслі і перажылі, усё цанілі і бераглі.
Гэта адна катэгорыя людзей, якая вельмі актывізавалася. А вось, напрыклад, на 9 мая мы працавалі на пляцоўцы ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу – у нас увесь дзень былі наведвальнікі.
Нават былі мінчане, якія ў выхадны дзень цэлай сям’ёй прыехалі на Валожыншчыну. Пабылі на свяце, азнаёміліся з выставай, размаўлялі, цікавіліся і казалі, што раскажуць пра ўсё ўбачанае сваім сябрам, каб завіталі сюды. Так ім спадабалася.
– Мы гаворым з Вамі пра тых, хто любіць падарожнічаць. А што тычыцца карэнных жыхароў нашага раёна, ці прыходзяць яны ў музей?
– Нашы наведвальнікі – людзі розных пакаленняў. Часта прыходзяць тыя, хто цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку і на сённяшні дзень пражывае ў горадзе, але яго карані, напрыклад, у Адамове, Вішневе ці Сакаўшчыне. Яны маюць час прыйсці і запытацца: што ёсць пра тую вёску, пра той савецкі час, калі яны былі маладыя.
У музеі, напрыклад, ёсць папкі пра калгас “1 Мая” з 50-х гадоў – нам іх перадалі. Дык ужо, можа, чалавек з 20-ць прыйшлі, бо ў гэтых папках фотаздымкі тых часоў, кіраўнікі гаспадаркі – тое, чым яны жылі ў маладосці. Гартаючы старонкі, у людзей столькі прыемных, станоўчых эмоцый, успамінаў, жартаў!
– Будзем казаць, што яны тут лечацца – атрымліваюць своеасаблівую тэрапію для душы?
– Вельмі ж добрае слова падабралі – лечацца. А мы рады, што можам людзям такія лекі прадаставіць. Ну а ў нашу выставачную залу кожны месяц прывозім якую-небудзь выставу з іншых музеяў – заўсёды ёсць тыя, хто цікавіцца новымі экспазіцыямі.
– Для школьнікаў жа мэтанакіравана праводзяцца розныя выставы?
– Падпісана пагадненне паміж Міністэрствамі культуры і адукацыі аб правядзенні музейных заняткаў на базе музеяў. Заняткі могуць быць тэматычныя – пад урок у школе, а могуць быць звязаны з каляндарнай датай. Падрыхтавалі пералік тых тэм, па якіх наш музей можа прадаставіць дадатковы матэрыял. У чым сутнасць пагаднення? Сам настаўнік прыводзіць вучняў у музей, праводзіць тут урок, а мы паказваем з музейных фондаў прадметы, каб яны маглі дакрануцца да іх. Магчыма, гэта крыху парушае закон музейнага існавання, але колькі ўражанняў застаецца ў дзяцей!
– Часта і па горадзе заўважаю экскурсіі школьнікаў?
– Праводзім экскурсіі па Валожыне для дзяцей, якія адпачываюць у санаторыі “Налібоцкая пушча”. У нас праходзяць аздараўленне ў асноўным дзеці з Гомельскай і Магілёўскай абласцей – тэрыторый, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Так, сёння чакаем два аўтобусы. Паказваем кароткую экскурсію па музеі, а пасля – па горадзе: яны павінны ведаць, хаця б у асновах, славутасці краю, куды прыехалі. Некаторыя з таго ж Рагачова, Нароўлі пасля раскажуць дома, што жылі не толькі ў лесе тры тыдні, але і даведаліся шмат цікавага і карыснага. Абавязкова водзім у касцёл, царкву – і яны гэта вельмі любяць, запальваюць там свечкі.
– Як бачна, не толькі гаджаты цікавыя сённяшняму пакаленню. А пытанні ці задаюць?
– Ёсць дзеці такія разумныя, што задаюць самыя розныя пытанні. Ведаеце, калі расказваем пра Налібоцкую пушчу – гэта, таксама, такая жывая тэма, бо на экран выводзім таго ж зубра, дык у нас нават ідзе дыялог. Іншы раз так проста і не адкажаш – даводзіцца абдумаць. Бывае, кажам, што пашукаем у гістарычных дакументах матэрыял, каб быць дакладнымі.
– Разумею, ёсць рэч ці экспанат – гэта адна справа, а вось знайсці штосьці пра яго, апісаць, прадставіць, зацікавіць – як гэта робіцца? Дзе шукаеце крыніцу, якая дасць зачэпку?
– Гэта вельмі складаная праца – трэба “пералапаціць” мора літаратуры. Мы звяртаемся, у першую чаргу, у бібліятэкі, і нават, калі чаго няма, у Нацыянальную бібліятэку тэлефануем.
– А ці ёсць штосьці такое, што Вы нанова адкрылі для сябе?
– Амаль кожны дзень. Асабліва, калі вывучалі галіны радаводнага дрэва графаў Тышкевічаў – каб вывесці іх і адсеяць, дзе ж былі нашы, валожынскія, таму што ў інтэрнэце самая розная інфармацыя, нават розныя гады іх жыцця. Многія мелі па два імя – былі католікі, тады гэта была распаўсюджаная з’ява: у адным выпадку адно першае імя стаіць, у другім – другое. І калі штосьці знаходзім – вельмі-вельмі рады.
– У такой вось вірлівай працы што Вы атрымліваеце для сябе? Трэба ж быць і гаспадарнікам, і рацыяналізатарам, і адначасова, як кажуць, падумаць і пра ўзвышанае, і зямное?
– Напэўна, ужо і не ўяўляю сабе, што без гэтага можна жыць. Бо праца – гэта маё жыццё. Я – чалавек дакладны ў сваіх справах: пастаянна будую планы, стаўлю перад сабой задачы. Па-іншаму не магу. Я вядучы, а не вядзёны: была другім дзіцем у сваёй сям’і – у мяне была старэйшая сястра, таму была больш выканаўцай. І нават знаходзячыся на кіраўніцкай пасадзе, люблю, калі мне хто што-небудзь падкажа – буду рабіць да сёмага поту.
– Якая тэма больш блізкая Вам?
– Мне цікава ўсё. Раней не так шмат увагі надавалася тэме вайны. Памятаю са школьных гадоў азы, а пасля тыя падзеі ўспаміналі толькі на пэўныя святы. Хаця ў маёй сям’і – бацькі былі з 1926 года нараджэння, перажылі польскую акупацыю, усю Вялікую Айчынную – аб гэтым гаварылі пастаянна: тое, што чула ад іх, не напісана не ў адным падручніку. Яны часта ўспаміналі і тыя жудасныя падзеі, і людзей, што загінулі. Вайна ж дакранулася сваім чорным крылом да кожнай сям’і. Майго роднага дзядзьку ў 14 гадоў забралі ў партызаны – дарэчы, так рада была, калі ўбачыла яго фотаздымак на першай старонцы газеты, прысвечанай Дню Перамогі. А немцы ехалі праз вёску і забралі матуліну старэйшую сястру ў сталовую посуд мыць. Яна была вельмі прыгожая. І вось адно дзіця ў бабулі з дзядулем у партызанах, другое – у немцаў. Баяліся першы час дома быць: немцы за партызанаў могуць расстраляць, а партызаны – за службу немцам. Тады ўзялі карову і вырашылі пайсці пад Беразінскае на балота жыць. Ну што ж, карова сабе рыкае, дзеці сабе галосяць у канавах – вярнуліся. Дзякуй Богу, усё абышлося, але настолькі вялікі страх адчулі, што яскрава трымалі ў памяці тыя падзеі і падрабязна пра іх расказвалі.
У бацькі быў брат-блізнец Пётр. 30 красавіка 1944 года, калі заставалася два месяцы да вызвалення Беларусі, разам з яшчэ двума сябрукамі гулялі на ўскрайку вёскі з рэшткамі ад зброі. Немцы ехалі праз вёску, у бінокль зірнулі – лес наўкола, і вырашылі, што гэта партызаны. Аўтаматнай чаргой прайшліся і ўсіх траіх забілі. Мы зараз даглядаем за іх магіламі ў Дубіне. Таму вайна пакінула глыбокі след у маёй сям’і, і я аб гэтым чула ад жывых сведкаў.
Вельмі часта ўспаміналі, як вучыліся чатыры класы ў польскай школе, у якой хаце была школа ў нашай вёсцы, хто дзе сядзеў за партамі, як у торбачцы насілі кніжкі на ўрокі. Настолькі добрую мелі памяць, што дай Бог нам дажыць да іх узросту ў такім светлым розуме. Таму мне ўсё гэта блізка і зразумела.
– Маладымі кадрамі таксама музей папаўняецца?
– Вядома, маладыя спецыялісты да нас прыходзяць і, трэба адзначыць, што даволі граматныя, і дзесьці дапаўняюць нашы недахопы – асабліва ў камп’ютарнай справе: гэта ў іх вельмі добра атрымліваецца, спрытна. Мы ім у іншым можам дапамагчы: расказаць, падказаць, узятае з вопыту і пражытых гадоў.
– Першы экспанат памятаеце, які быў у музеі, і вось зараз наколькі папоўнілася музейная скарбонка?
– Так атрымалася ў маім жыцці, што я прыйшла на работу ў музей, калі ён яшчэ толькі ствараўся. У мяне быў добры настаўнік – Мечыслаў Францавіч Новак. Прыйшла з бібліятэчнай справы і першы час шмат плакала. Мне наш колішні начальнік Сяргей Уладзіміравіч Шаблыка падарыў нават фотаапарат і сказаў: “ Вось будзеце ездзіць па ваколіцах, фатаграфаваць”, гадзіннік са свайго стала даў такі прыгожы – каб хоць трошачкі супакоіць.
Музей яшчэ быў без рамонту, і экспанаты, якія Мечыслаў Францавіч збіраў, ляжалі кучкай на адным стале. Памятаю, як у газету быў закручаны кавалак руды з Вішнеўшчыны – выкапень. Сама сабе думаю: “Што гэта такое? Няўжо мне пра гэта трэба будзе ведаць і некалі расказаць?
На той час музейную справу ведала толькі як наведвальнік: вучылася ў Палачанах і нас часта вазілі ў абласны музей на выставы. Але паціху ўцягнулася: села за абсалютна пусты стол, дзе не было ні алоўка, ні ручкі, ні лісточка паперы – так неяк усё было сціпла, працавала толькі рабочая група па стварэнні музея. Гэта быў 2001 год. Таму было страшна, няёмка, незразумела.
Зараз нашы фонды складаюць каля сямі тысяч экспанатаў. Яны папаўняюцца. Ёсць такія крыніцы, як добра вядомая гандлёвая інтэрнэт-пляцоўка “Куфар”: нядаўна да выставы пра вайну знайшлі ключ, які азбуку Морзэ выбівае – ажно з Магілёўшчыны нам даслалі. Раздрукавалі азбуку, і дзеці з задавальненнем на ёй выстуквалі на свяце да Дня Перамогі тэкставыя паведамленні.
– Праз газету ў Вас ёсць магчымасць звярнуцца да жыхароў Валожыншчыны. Як музейны работнік, што б хацелі ім сказаць?
– Лічу, што кожны свядомы чалавек павінен ведаць: калі ў яго дома ёсць рэч, якая пралье свет на гісторыю і застанецца ў далейшым як часцінка гісторыі, яна не павінна знікнуць. Яна павінна знайсці сваё месца пад дахам. Менавіта такім дахам і з’яўляецца краязнаўчы музей. Мы рады супрацоўніцтву з усімі, хто гэта разумее.
Гутарыла Алена Залеская