На Івянецкі філіял кандытарскай фабрыкі “Слодыч” Антон Карачун, кантралёр кантрольна-прапускнога пункта службы аховы, прыйшоў у другі раз: працаваў яшчэ на “Івкане” вадзіцелем. Вазіў цукеркі, сыравіну. Калі на прадпрыемстве стала нестабільна, пайшоў на фуру. Тры гады таму вярнуўся на фабрыку.
– Паверылі ў адраджэнне вытворчасці?
– Так, ды і каля дому трэба ўжо пабыць – паглядзець, як унукі растуць, а то ўсё ў раз’ездах, – кажа Антон Іосіфавіч. – Тое, што фабрыка ажыла, для нашага гарпасёлка вельмі важна, таму што ў людзей работа з’явілася – ужо вось дзве змены працуюць. Няхай сабе не такія вялікія, як было калісьці, калі працавалі ў тры, але і зарплата ёсць, і ўпэўненасць у заштрашнім дні. Хто хоча, той трымаецца работы на месцы, а хто не хоча, той нідзе не будзе рабіць.
Антон Іосіфавіч успамінае, што, калі працаваў першы раз, прадпрыемства было на плыву.
– У нас было тут некалькі машын. У мяне “МАЗ” 10-тоннік – практычна кожныя суткі ў дарозе. Прыязджаю, а дыспетчар ужо пуцёўку выдае. У асноўным ездзіў на Гомельскую і Магілёўскую вобласці: гружуся на 5-8 разгрузак, прыязджаю з рэйса і зноў загружаюся. Настолькі запатрабавана была прадукцыя. А калі далучылі да Маладзечна – увогуле ездзілі па ўсёй Беларусі. Быў свой мехцэх, тры трактары, шэсць грузавых машын. Пакрысе вытворчасць пачала ісці на спад, і людзі вымушаны былі шукаць работу – жыць жа за нешта трэба было. Але, дзякуй Богу, пакрысе вяртаюцца. І гэта радуе.
Нарадзіўся А. Карачун у Радніках, што ў пяці кіламетрах ад Івянца. За рулём – з 1982 года, 1996-га – на вялікагрузных машынах.
– З маленства цягнула да тэхнікі. Брат быў шафёрам. З арміі як вярнуўся, у Радніках быў цэнтр саўгаса “Радзіма”, пайшоў вадзіцелем. Вось так і пачалася шафёрская “кар’ера”. Рабіў на колішняй “Крыніцы” пад кіраўніцтвам Аляксандра Часлававічача Кучынскага: гаспадарка была моцная, акрамя прадукцыі сельскай гаспадаркі, тут выраблялі дарожныя знакі. Мелася некалькі фур, вадзіцелямі сюды на працу перайшлі тыя, хто мяне вучыў у Валожынскім прафтэхвучылішчы. Вось як жыццё цікава складвалася: напачатку яны былі ў мяне настаўнікамі, а пасля сталі напарнікамі. Свет пабачылі: разам ездзілі ў Францыю, Германію, Швейцарыю, Італію. Шафёрскае брацтва дапамагала – без гэтага аніяк у дарозе, тым больш у іншай краіне.
У калектыве А. Карачуна ведаюць як адказнага, добрасумленнага работніка, уважлівага да людзей. Гэтыя якасці асабліва патрэбныя на сённяшнім участку яго работы. Нездрама ж службу аховы ў народзе трапна называюць “пільным вокам”: ад яе дакладных дзеянняў залежыць многае. З ускладзенымі абавязкамі Антон Іосіфавіч спраўляецца “на выдатна”.
Алена Залеская
Фота Сяргея Бобрыка