Да Дня медыцынскай сястры Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама ўзнагароджана медыцынская сястра стаматалагічнага аддзялення райбальніцы Таццяна Быкоўская.
У медыцыне Таццяна Вікенцьеўна дваццаць першы год. Хаця марыла стаць настаўніцай, як яе цётка Ірына Міхайлаўна Марзак, якая ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў Гародзькаўскай адзінаццацігодцкі.
– А пасля перадумала і ні разу аб гэтым не пашкадавала, – кажа яна. – Скончыла школу з сярэбраным медалём, але ў вышэйшую навучальную ўстанову не паступала. Вырашыла, што пайду ў медыцыну – для сябе заўсёды спатрэбіцца. З майго класа ў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча на сястрынскую справу ў той год нас паступіла чацвёра: разам скончылі і прыехалі працаваць у нашу бальніцу. Мне ўсё падабалася – і ўколы рабіць, і кропельніцы ставіць. Я брала мэтавае накіраванне і, калі ў аддзеле кадраў прапанавалі радзільнае ці рэанімацыйнае аддзяленне, выбрала рэанімацыю.
Рэанімацыя, самі разумееце: “жывая” практыка, у прамым сэнсе слова, кожны дзень. Напачатку было крыху страшнатава – у змене два маладыя спецыялісты. Тое, што вучыш у вучылішчы – без практыкі, толькі на тэорыі і на паперцы, і зусім іншае, калі прыходзіш сюды, і ўсё трэба рабіць у рэжыме “тут і зараз”, бо паступаюць цяжкія пацыенты. Галоўнае – не разгубіцца і ведаць, што рабіць. Дапамагалі і ўрачы, і дзяўчаты-анестэзісты.
Першымі маімі строгімі настаўнікамі былі загадчык рэанімацыйнага аддзялення Мікалай Аляксандравіч Кляпец, старшая медсястра, цяпер галоўная, Вольга Яраславаўна Бітэль. Шмат чаму навучылі Альфрэд Зянонавіч Нехвядовіч, Ігар Анатольевіч Скурановіч, хаця ім таксама было нялёгка: ішлі дадому, а наступны дзень ізноў заступалі на дзяжурства. Можна сказаць, працавалі суткамі.
– Былі складаныя выпадкі?
– Безумоўна, і смерць першая была. Моцна перажывала, а пасля, як гэта не дзіўна гучыць, да ўсяго прывыкаеш і не так блізка прымаеш да сэрца. Дзеткі ляжалі ўсялякія: і з апёкамі, і пасля аварый. Тут жа ў медсястры няма ніякай спецыфікі і накіраванасці – трэба ўмець рабіць ўсё. Але, калі папрацуеш у рэанімацыі, далей нідзе не будзе складана. Таму, як у дзіцячым аддзяленні не хапала спецыялістаў, хадзіла туды на падпрацоўку. І тым, хто толькі прыступае да работы, параіла б рэанімацыю як пачатковы этап.
– Псіхалагічна таксама цяжка?
– Першы час. Бо бачыш, як кожную хвіліну ідзе барацьба паміж жыццём і смерцю. Здаецца, пацыент яшчэ і нічога і раптам пачынае адыходзіць у іншы свет. Урачы робяць усё, што ад іх залежыць, але лёс чалавека вызначае хтосьці іншы. Каму суджана жыць, той выкарабкаецца з любой складанай сітуацыі, а каму суджана памерці, таго могуць нават не давезці да бальніцы. Былі, напрыклад, такія выпадкі, як трапанацыя чэрапа пасля аварыі. Нехта ляжыць доўгі час без прытомнасці і памірае. А іншы ўжо назаўтра ачуняе і праз некалькі дзён пойдзе.
– Як патрапілі ў стаматалагічнае аддзяленне?
– Заканчваўся адпачынак па доглядзе за дзіцем і трэба было выходзіць на работу. Але працаваць пазменна ўжо не магла. Падказалі, што патрэбна медсястра ў стаматалогію. Так з 2015 года тут і працую.
– Разумею, што тут няма такіх крытычных выпадкаў?
– Надараецца рознае. Працую ў кабінеце са стаматолагам-хірургам, дзе выдаляюць зубы. Бывае, што чалавеку становіцца дрэнна і згодна з пратаколам аказання медыцынскай дапамогі выклікаем рэанімацыю. Рэдка, канечне, бо прыходзяць галодныя, з моцным болем – баяцца і трываюць да апошняга.
– Было штосьці новае ў гэтай рабоце?
– Самі стаматалагічныя паняцці – ужо гэта новае. Напачатку таксама баялася, але дружны калектыў дапамог уключыцца ў работу, прыходзіў на дапамогу.
– Хто тут быў правай рукой?
– Загадчыца аддзялення Марыя Вячаславаўна Пракаповіч і старшая медсястра на той час Алена Мікалаеўна Цаюн. Таксама ўрачы, з якімі непасрэдна працавала: Сяргей Аляксандравіч Краскоўскі, Наталля Уладзіміраўна Гарбачэўская – у іх заўсёды можна было запытацца і параіцца. Тут працую і падчас адпачынкаў падмяняю сваіх калег у іншых кабінетах.
– Стаж у медыцыне ў Вас досыць вялікі, і практыка таксама сур’ёзная. Што Вам прыносіць штодзённая работа?
– Мне ўсё тут падабаецца. Увогуле, калі рабіла ў рэанімацыі, разумела: мая прафесія дапамагае людзям. Тыя ж уколы абязбольвання, тыя ж кропельніцы – мы выратоўваем людзей і аказваем дапамогу. Урач робіць самую асноўную работу, але без медыцынскай сястры – аніяк: мы працуем у тандэме.
– Бачу, не шкадуеце, што зрабілі ў юнацтве, можна сцвярджаць, круты і лёсавырашальны паварот?
– Ужо і вышэйшую катэгорыю паспела атрымаць. А ўзнагарода стала для мяне прыемнай нечаканасцю. Удзячна калектыву і адміністрацыі райбальніцы, што ацанілі маю работу: буду старацца апраўдаць давер. І адзначу: для плённай работы ў нашай бальніцы створаны ўсе ўмовы – у нашым аддзяленні, напрыклад, і рамонт зрабілі, і абсталяванне новае закупілі. Толькі старайся і працуй.
– Мне ж хочацца зрабіць акцэнт на тое, наколькі важная прафесія медыцынскай сястры, калі яе на дзяржаўным узроўні вылучылі у асобнае свята, хаця ёсць Дзень медыцынскага работніка?
– Сэнс у гэтым вялікі. Урач агледзіць хворага, дасць назначэнні, распіша план лячэння, а ўвесь астатні час у аддзяленні з пацыентамі знаходзіцца медсястра. Калі працавала ў рэанімацыі, дзеці ляжалі адны – без бацькоў: ты для іх і матуля, і нянька, трэба і супакоіць, і пашкадаваць, і прытуліць, і працэдуры зрабіць. Заўсёды памятала: трэба ставіцца да чалавека так, як ты хочаш, каб ставіліся да цябе. Гэта значыць, старэнькіх – паважаць, бо бацькі ў цябе такія ж, дзяцей – любіць, бо сваіх маеш. І перш, чым што сказаць, нават калі ты злосны і сярдзіты, падумаць: а як бы ты зрэагаваў на гэту сітуацыю, каб табе так сказалі? Таму лішні раз варта памаўчаць, мець вытрымку.
– Што б Вы пажадалі тым, хто хоча стаць медыцынскай сястрой?
– Каб не баяліся ісці ў медыцыну: прафесія паважаная і вельмі запатрабаваная. Так было ва ўсе вякі і, упэўнена, будзе заўжды.
Алена Залеская
Фота Сяргея Бобрыка