Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
(Заканчэнне. Пачатак у № 17)
ВЯЛІКДЗЕНЬ
Вялікдзень — наш Вялікі Дзень.
Нам сонца булкай велікоднай
Плыве ў нябёсах, доўжыць цень
На сцежцы, што па вёсцы годна
Зноў валачобнікаў вядзе,
Што з песнямі ідуць святымі.
І ёсць Хрыстос сярод людзей
Нябачны, як агонь у дыме.
7.04.2018. Зіма прайшла, і лета пройдзе. Праз нас, міма нас, каля нас, з намі… Заўтра Вялікдзень! Не кожны дажыў да Яго…
8.04.2018. Здаецца, што яшчэ ўчора хлапчуком бегаў на Вялікдзень да бабулі і дзеда, а ўжо сёння да нас з Людмілай прыязджаў унук Кастусь са сваімі бацькамі. Мінулы Вялікдзень наш Максім святкаваў у Пінскім памежным атрадзе, а праз тыдзень будзе пяць месяцаў, як ён ужо дома. Час ляціць! І святы прыходзяць, і сыходзяць. І застаецца ад іх святло, якое дапамагае жыць і верыць, што ўсё будзе добра. Усё будзе добра! Хрыстос уваскрос!
31.03.2019. З Людмілай хадзілі па Мухлі. На вербах коцікі. Пчол не бачна і не чуваць. Над азярынай крычалі чайкі. Адчуванне, нібыта жывём на беразе мора. Сядзелі на лаўцы, як дзед з бабуляй, і любаваліся маладымі мамамі і татамі з дзецьмі. Вечарам прыедзе наш унук Кастусь. Чакаем. Людміла купіла цацку, вячэру падрыхтавалі і падлогу памылі. Хутка Вербная.
12.04.2020. Па ўсім свеце каранавірус. Хадзіў з Міёнай а палове на сёмую на Мухлю. Людзей амаль няма. Трава падмарожаная, але пачынае расці. Сёння Вербная. Наламаў нейкіх галінак, каб пасвянцаць. А дзявятай схадзіў у масцы ў “Віталюр”. У краме было чалавек пяць. Пара чалавек у масках. Ідучы дадому, наламаў (ужо дакладна) галінак вярбы.
19.04.2020. Вялікдзень. Прачнуўся а шостай. З Міёнай пагулялі на Мухлі. Холадна. Нідзе нікога. Толькі каля азярыны сядзеў рыбак. Вярнуўся дадому. Падрыхтаваў святочны стол. Узгадаў маму. Ніну Міхайлаўну (19.04.1930—15.02. 2012). Ёй сёння было б 90. На Вялікдзень мама з бацькам нарыхтоўвалі ўсялякіх прысмакаў. Хапала на цэлы велікодны тыдзень. З мамай было добра!
25.04.2021. Сёння Свята. Вербная. Праз вайбер павіншаваў чалавек семдзесят. Няхай будзе ў людзей добры настрой. Тэлефанаваў празаіку Віктару Праўдзіну. Ён на Шаркаўшчыне ў вёсцы. Казаў, што ўчора, калі прачнуліся раніцай, усё было белае ад снегу. Мароз трымаўся на двух градусах. Сёння таксама холадна, але снег растае.
2.05.2021. Вялікдзень. З Міёнай выходзіў на вуліцу а шостай. Мог спаць далей, але пайшоў, каб потым паспаць. І паспаў да паловы на адзінаццатую. Максім дома не начаваў. Недзе на нейкім катэджы з сябрамі адзначаў свой дзень народзін. Вярнуўся па абедзе. З Людмілай адзначылі Вялікдзень. Паўдня праз вайбер рассылаў “Хрыстос уваскрос!!!” і адказаў “Сапраўды ўваскрос!!!”. З Бельдзюгоў тэлефанаваў Аляксандар Катовіч. Пытаўся, калі прыедзем да яго ў лес. Павіншаваў Праўдзіна. Ён пасля прышчэпкі на карону адчувае сябе нармальна. Цяпер чакаюць з жонкай 18 траўня, каб зрабіць па другім уколу. Патэлефанаваў Андрэю Федарэнку. Ён аптымістычна глядзіць на ўсё. Паціху праз жончыны акуляры чытае. Казаў, што па маладосці ў адным творы задаў пытанне Богу, што рабіць з тымі гадамі, якія ў яго наперадзе, бо час цяпер ідзе вельмі марудна. Бог нібыта прачытаў напісанае, і на сёння час ляціць, як вецер.
15.04.2022. Пятніца. Няма сонца. Як перад дажджом. Цяпло яшчэ трымаецца, але заўтра і ў нядзелю абяцалі сіноптыкі снег і дождж. У католікаў будзе Вялікдзень, а ў нас Вербная.
17.04.2022. Нядзеля. Вербная. Сонечна. У небе рэдкія, але вялікія аблокі. Холадна. Учора ў госці прыходзілі дзеці. Максім доўга не быў. Павячэраў і пайшоў у басейн. Пашу на выхадныя пусцілі з войска. У нас Косцік амаль увесь час гуляў з Міёнай, якая ўрэшце-рэшт запыхалася і, калі ўсе пайшлі, доўга ляжала, гучна дыхаючы.
24.04.2022. Вялікдзень! Без сонца. Крыху ішоў дождж. Святкаваць прыязджалі дзеці. Спачатку Вераніка з Пашам і Косцікам, а потым і Максім заглянуў. На святочным стале было ўсяго сытнага і смачнага. Міёна з Косцікам зноў нагулялася ў мячык. Амаль нікому не тэлефанаваў. З усімі, з кім хацеў, пахрыстосаваўся праз вайбер.
8.04.2023. Субота. Заўтра каталіцкі Вялікдзень і наша Вербная. На вуліцы цёпла, хоць і сонца за аблокамі. Хадзілі ў майстэрню да мастака Валянціна Губарава. Ён малюе на дзявятым паверсе ў доме на Нямізе. Яшчэ ў 2011 годзе Валянцін Аляксеевіч запрашаў да сябе. Тады ў “Мастацкай літаратуры” мы выдалі вялікую кнігу пра Губарава з ягонымі ўспамінамі, рэпрадукцыямі карцін і маім вялікім вершам “Год Валянціна Губарава ў Аляхновічах”. Ніжэй прыведзены вясновыя радкі з гэтага твора:
САКАВІК
сярод вазонаў на падваконні руды кот
глядзіць як белы снег
чарнее і ператвараецца ў ваду
што цячэ па вуліцы сярод хат
як сярод драўляных караблёў
па рэчышчы перасохлай ракі
і белыя гусі з двароў праз плот
высоўваюць жоўтыя дзюбы
якія як першыя вясновыя
вясковыя кветкі
радуюць цябе
і ў тваіх слядах вада
спыняецца як спыняецца час
але на хвілю
і сонца як велікоднае яйка
выпаўшы з паўнюткага кошыка
валачобніка
коціцца па бязмежным небе
чыстым як бярозавы сок
ад тваёй хаты да суседняй
і радуюцца дзеці
пускаючы папяровы караблік
які ў тваім дзяцінстве
яшчэ не патануў
КРАСАВІК
з першай травою купіны
як вожыкі зялёныя
пад сонцам грэюцца
якое як вялікая кропля
чырвонай фарбы
на тваім палатне
на якім як Бог ты ствараеш свет
дзе па полі ў гумовых ботах
ідуць людзі а над імі жаўрукі
што нядаўна вярнуліся з выраю
як вясёлыя думкі
і каменьчыкі ў калюгах як каралі
Снежнай каралевы
якая растала як мроя
на ўзгрэтым узлессі
дзе красуюцца кураслепы
як каганцы
ад якіх святло
трапляючы ў тваю душу
абуджае верад натхнення
ТРАВЕНЬ
і ўжо тоне ў травах
і ў пене садовай квецені
тутэйшая туга
і ў барозны кладзецца бульба
як золата хаваецца за пазуху
і чорныя як манахі гракі
ходзяць па ворыву
сярод курэй і пеўня
і ты глядзіш на гэта
як Ной які сышоў з каўчэга
на незнаёмым востраве
дзе ўжо існуе жыццё
Хадзіў да Губарава з Людмілай і Веранікай. Людміла насіла інтэрв’ю дапоўніць, а мы з Веранікай за кампанію, каб паглядзець, дзе працуе сусветна вядомы мастак. Валянцін Аляксеевіч ужо 27 гадоў працуе на адзін з Парыжскіх салонаў. За гэты час для салона ён намаляваў недзе 600 карцін. Жонка мастака мая зямлячка, з Аляхновічаў, якія ў кіламетрах сямі ад маіх Пугачоў. Спадар Валянцін паказаў “Дзень паэзіі— 79” у сваім афармленні, а я пахваліўся, што ў гэтым альманаху надрукаваўся ў 1980 годзе. На Вялікдзень Губараў паедзе ў Аляхновічы. Майстэрня невялікая і вельмі каларытная. Шмат рэчаў з Аляхновіч з хаты цешчы. Нават хамут ёсць. Размаўлялі амаль дзве гадзіны. Пілі гарбату. Спадар Валянцін жартаваў і адказваў на пытанні Людмілы для “Звязды”. У майстэрні карцін амаль не было. Усё аддаў у Маскву на выставу. Аддаў, а выставу з-за каранавіруса адмянілі, і цяпер чакае, калі работы прывязуць. Малюе кожны дзень. Сёння выхадны. У гэтым пад’ездзе знаходзіцца майстэрня Аляксандра Грышкевіча з Маладзечына.
Губараў падарыў нам каляндар з рэпрадукцыямі сваіх работ. Падпісаў: “Моим друзьям Виктору, Людмиле и Веронике от Валентина Губарева. Добра и любви! 8 апреля 2023”. Усю нашу размову ў майстэрні гучала класічная музыка. Калі заходзілі, дык іграўся марш Мендэльсона. Вераніку ўразіла тое, што ў майстэрні Губарава ні мальбертаў, ні фарбаў, ні пахаў. Усё чысценька і ўтульна. Нібыта мастак і не малюе. Але мастак малюе…
9.04.2023. Нядзеля. Вербная. Католікі святкуюць Вялікдзень. Учора было 18 цяпла. І сёння ж столькі. Сонечна. Трава расце, як зялёны агонь. Птушкі спяваюць. Жыццё! Людміла з Веранікай і Паўлам паехалі падарожнічаць, а я схадзіў да мастака Віктара Барабанцава. Пазіраваў. Размаўлялі пра Бога і творчасць. Віктар падпісаў мне свой фотаальбом, які выйшаў у 2016 годзе ў “Чатырох чвэрцях”: “Віктару Шніпу з найлепшымі пажаданнямі. Віктар Барабанцаў”. Прагартаў усё выданне. Думаю сёе-тое напісаць паводле карцін. Над маім партрэтам яшчэ трэба папрацаваць, і мне яшчэ давядзецца разы 3-4 папазіраваць. І я думаю, што так яно і трэба, бо, каб спыніцца маляваць, трэба ведаць, калі спыніцца. Віктар, мяркуючы па партрэтах, якія змешчаны ў фотаальбоме, ведае калі, бо, відаць, памятае, што казаў народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка: “Трэба своечасова спыніцца…” Галоўнае тут — своечасова. Нельга не дамаляваць і нельга, намаляваўшы, перамалёўваць.
15.04.2023. Заўтра Вялікдзень. Пафарбаваў яйкі. Пятнаццаць штук. Людміла ўчора ў “Кароне” набыла вялікодных булак і яшчэ сяго-таго для багатага святочнага стала. Узгадалася “Новая зямля” Якуба Коласа, дзе апісваецца вялікодны стол:
А на стале тым — рай, ды годзе,
Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,
У рот паложыш — сцеражыся!
А пірагі, як сонца, ззялі,
І ў роце бабкі раставалі.
Са смакам елі і багата —
На тое ж даў Бог людзям свята.
16.04.2023. Вялікдзень! Хрыстос уваскрос! Сонца цэлы дзень хавалася ў аблоках. З Людмілай зранку пасвяткавалі. А дванаццатай заехалі па Людмілу Вераніка з Пашам, і яны паехалі вандраваць. Людміла вярнулася а чацвёртай. Прыйшоў Максім. Зноў крыху пасвяткавалі. А вечарам зноў былі госці —Вераніка, Паша і Кастусь. Пакуль Людміла вандравала, я падрыхтаваў падборкі вершаў для “Маладосці” і “ЛіМа”. Здаецца, нічога такога не рабіў, а стаміўся. Са Святам віншаваў праз вайбер. І калі б усіх віншаваў праз тэлефон, дык гаварыў бы цэлы дзень. Даглядзеў серыял “Імператар Карлас”. Гэта гісторыя Карла V — аднаго з самых уплывовых людзей у Еўропе 16 стагоддзя. Кіраўнік вялікай імперыі. Серыял расказвае, як Карл расце ў ролі дзяржаўнага дзеяча, як умацоўвае сваю ўладу, рэагуе на пагрозы, якія яго атачаюць, поспехі і памылкі яго дарадцаў, і, вядома, ж, пра каханне. За 17 серый я прывык да Карла і яго асяроддзя. І шмат што зразумеў у старой еўрапейскай гісторыі.
21.04.2024. Гадоў сорак таму ў Пугачах у сваёй бабулі Параскі запісаў Вялікодную песню:
Пад застрэшкам галубы буркуюць,
А ў каморы краўцы шыюць.
Яны шыюць шубу пані-гаспадыні,
Яны шыюць, прымяраюць.
Пані-гаспадынька пагаджаць будзе,
Сваёй шубы памятаць будзе,
Сваіх дзетак пабуджаць будзе.
Уставайце, дзеткі, абувайцеся,
Абувайцеся, адзявайцеся.
Што ў нашай аборы нарабілася!
Сорак каровак ацялілася,
А яшчэ ж сорак назначылася.
Хрыстос уваскрос, сын Божы!
Хрыстос уваскрос, сын Божы!