Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
06.09.2010. Ездзіў у Хойнікі на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Праязджаючы, побач з Глінішчамі можна было ўбачыць расфарбаваны аўтобусны прыпынак з вялікім намаляваным партрэтам Івана Мележа. На наступным прыпынку быў партрэт Якуба Коласа. На трэцім – Міколы Мятліцкага. А далей былі прыгожыя вобразы паляшучак і буслоў. Назад у Мінск мы вярталіся карацейшай дарогай, абапал якой шумелі бярозы ды сосны…
09.07.2011. На сёлетняе традыцыйнае свята паэзіі ў Вязынку, у параўнанні з мінулым годам, сабралася даволі шмат народу. На працягу ўсяго свята над Вязынкай кружыўся бусел, нібыта пасол ад Янкі Купалы, які захацеў даведацца, чаго мы вартыя напярэдадні ягонага 130-годдзя…
25.04.2013. Бусел стаіць у буслянцы, як чалавек пасля доўгай жыццёвай дарогі на споведзі…
17.07.2015. Адзінокі бусел ходзіць па ўзараным полі, як філосаф…
15.08.2015. Былі за горадам…
Зялёная арда кукурузы чакае свайго часу…
Заяц каля дарогі ласаваўся жытам. Малады і непалоханы. За пару метраў ад машыны ляніва схаваўся ў жыта, а мы яму ўслед добразычліва пасмяяліся…
Побач з лецішчам на зжатым полі перапёлкі. Штук дваццаць. І ў кожнай ножкі не баляць, бо ад нас пабеглі, нібы прапануючы: “Паспрабуйце дагнаць!”
Сланечнікі ў агародзе. А дзе Ван Гог? Прыляцеў чмель. Вялікі і прыгожы. Сеў на галаву сланечніку і не звяртае на нас увагі…
Агуркі ўжо не растуць. І трава не расце. Апалае лісце ў баразне, як рудая вада…
Гронкі зялёнага вінаграду, як кроплі зялёнага бурштыну…
У азярыне купаюцца людзі. Машыны на беразе, як іх жалезная вопратка…
Чорная сліва на срабрыстай талерцы, як пляма на поўні…
На зжатым полі ходзяць буслы. Дзюбы іхнія, як стрэлкі, што паказваюць на восень…
02.07.2016. Над вёскай праляцеў бусел, нібыта хацеў даведацца: хто тут працуе, а хто загарае.
08.05.2016. Прыеду дадому. Зайду ў хату, а там… бацькі сядзяць каля тэлевізара і глядзяць трансляцыю святкавання Дня Перамогі. Але так ніколі ўжо не будзе. Няма бацькоў, няма тэлевізара. Ёсць толькі сядзіба і хата адзінокая, як буслянка на старым дрэве, якое спілуюць, як толькі не стане буслянкі або не прылятуць вясной буслы…
29.04.2018. На жаль, не памятаю прозвішча выкладчыка, які ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме выкладаў маляванне. У мяне ўсё атрымлівалася, і часам лепей, чым у аднакурснікаў. Расхвалены выкладчыкам, паехаўшы ў вёску на канікулы, я стаў маляваць на ДСП, на дошках, на фанеры. Маляваў фарбамі, якімі бацька фарбаваў падлогу, вокны і дзверы ў хаце. Я маляваў, а бацька паліў мае шэдэўры. Некалькі разоў амаль па цэлым леце ў нас кватараваў мастак з Мінска. Звалі яго Васілём. Я дапамагаў яму ствараць партрэты Леніна, афармляць стэнды і пісаць лозунгі для калгаса. Пасля Васіля ў мяне нейкі час былі сапраўдныя фарбы для малявання. І я шмат маляваў. Праўда, толькі адна карціна, на якой ляцеў бусел, гадоў трыццаць вісела ў нас на кухні. Можа, і цяпер дзе ў хаце валяецца.
Мой малодшы брат Вова таксама маляваў. Памятаю, як да мяне ў Пугачы з Ракава прыязджаў студэнт філфака Язэп Янушкевіч, і мы з ім хадзілі да маёй бабулі Параскі, у якой ён запісваў народныя песні. Убачыўшы Вовіны малюнкі, Язэп адразу пачаў агітаваць маму, каб яна адпусціла сына ў мастацкую вучэльню імя Ахрэмчыка. На жаль, мама пабаялася адпускаць Вову ў Мінск. Мой брат па сённяшні дзень нешта для сябе малюе, а я толькі гляджу, як малююць мае дачка і сын.
27.08.2016. Больш за месяц не былі ў роднай хаце. Гадзіннік пасля запуску тры разы спыняўся і толькі на чацвёрты ажыў. Падумалася, што яшчэ б пару тыдняў не прыязджалі, дык ён бы зусім спыніўся, як сэрца хаты. У падворку ўсё зарасло травой. Грады таксама ўтравелі. Праўда, у сёлетні сухмень у траве сёе-тое з пасаджанага вырасла, і някепска. Пад яблынямі яблыкаў зліта. Выглядае, як брукаванка з яблыкаў. Сястра Валя з дачкой разбіраліся з агародам, швагер Віця ім дапамагаў, а я касіў. Касіў доўга. Гадзін пяць.
Тэлефанаваў Максім. Ён мяне заўтра чакае ў Пінску. Вяртаючыся ў Мінск, заехалі на Ракаўскія могілкі да бацькоў. Бачылі бусла каля дарогі. Ён павінен быў учора паляцець у вырай, бо кожны год 26 жніўня беларускія буслы пакідаюць родныя мясціны. Чаму не паляцеў?
Дома мяне чакала Міёна. Абнюхала ўсе торбы, абкусала мне з радасці ўсе пальцы. А Людміла ў Магілёве…
27.04.2017. А восьмай вярнуўся з Наваполацка. Ездзіў з Навумам Гальпяровічам. Да Бягомля ішоў дождж, і здавалася, што яму няма канца і краю. А пасля раптам развіднелася неба, і наогул распагодзілася. У Бярэзінскім заказніку дарогу перабегла ліса. На балацінах бачылі дзікіх качак і буслоў. Праўда, наваколле не выглядае па-вясноваму. Здаецца, што цяпер восень, а там і зіма. Праязджалі каля Завечалля. Узгадалася возера Вечалле і Рыгор Барадулін. А тут і ўказальнік на дарогу ва Ушачы. Шкада, што не было часу заехацца.
З Навумам Гальпяровічам былі ў гімназіі № 2, куды прывезлі кніжкі “Мастацкай літаратуры”, закупленыя спонсарамі для Наваполацкіх школ. Спачатку ў актавай зале выступілі перад навучэнцамі, які чыталі са сцэны нашы вершы і спявалі. Потым мы перайшлі ў бібліятэку, дзе адбылася размова з бібліятэкарамі школ Наваполацка. У свой час тут была не гімназія, а школа, і ў ёй вучыліся дзеці Навума Вольга і Максім. І прыемна было даведацца, што дырэктарам гімназіі № 2
цяпер працуе спадарыня Таццяна (не спытаўся прозвішча), якая вучылася на філфаку разам з Людмілай Рублеўскай.
Едучы назад, бачылі аленяў і шэрую чаплю. Да Бягомля было пагодна, а далей зноў дождж і дождж аж да самага дома. Аднак на душы было светла.
21.05.2017. З Людмілай ездзілі ў “Глобу”, каб набыць для Міёны таблетку ад кляшчоў. Набылі. Потым спусціліся на нулявы паверх. Зайшлі ў кнігарню, дзе шмат кніжак для дзяцей. Крамніца прапанавала “Чытанку для маленькіх”. Потым зайшлі ў “Буслік”. Купілі цацку для малога. Не ведаю, што ў Людмілы было ў галаве, а ў мяне сядзела: “Крамніцы, відаць, думаюць, што мы гадуем дзіцёнка…” Раней ніколі такога не думаў. І не дзіва, бо кніжак для дзяцей і цацак даўно не купляў… Нашаму ўнуку Кастуську ўсяго яшчэ чатыры месяцы…
05.03.2018. Стала гісторыяй ХХV Мінская міжнародная кніжная выстава. У выставачным павільёне было мора кніжак, а на вуліцы мора снегу. Нягледзячы на маразы і завеі, хто хацеў набыць кніжкі, той іх набыў і будзе доўга ўспамінаць сустрэчы з пісьменнікамі, што прыехалі з розных куткоў Беларусі і з розных краін. Я з прыемнасцю пазнаёміўся з Даянай Лазарэвіч, якая пераклала мае вершы на сербскую мову. Шкадую, што не пазнаёміўся з Горанам Петравічам, творы якога мы выдалі ў зборніку сучаснай сербскай прозы. Цікава было паслухаць размову Івана Чароты з прадстаўніцай сербскай дэлегацыі пра Дэсанку Максімавіч (1898-1993). У свой час я перакладаў яе вершы. Гаворачы пра Дэсанку, даследчыца яе творчасці сказала, што паэткай было перакладзена 47 тысяч вершаў. Я адразу ж падумаў, што гэта памылка. Не! Проста ў Сербіі кожны паэтычны радок лічыцца асобным вершам. Каля нашага стэнда мала хто не спыняўся. На жаль, не ўсе куплялі, але тыя, з кім размаўлялі нашы дзяўчаты з маркетынгу і Аксана Спрынчан з цацачнымі буслікамі, будуць цяпер добра ведаць, што ёсць выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
23.06.2018. Дзень пачаўся з дажджу. Нягледзячы на гэта, з сястрой Валяй і яе мужам Віцем паехалі ў Пугачы. Ехалі з Мінска праз дождж. Думалі, што паглядзім, як там, і што дома, і вернемся. Аднак каля Ракава дождж адстаў ад нас, і мы ў Пугачы прыехалі па сухой дарозе. На палях месцамі ўсё жоўтае. Выпаленае сонцам. Сям-там ходзяць буслы. Адзін стаяў каля дарогі, нібыта, стомлены, прасіў, каб падвезлі…
29.07.2018. Выступаў на свяце паэзіі “Ракуцёўскае лета-2018”, якое традыцыйна праходзіць у фальварку Ракуцёўшчына, дзе летам у 1911 годзе жыў наш Максім Багдановіч. Слухачоў на гэты раз, нягледзячы на гарачыню за 30, было вельмі шмат.
На палях жніво. Ходзяць буслы па пожні, як па абрэзаных промнях…
У аўтобусе ехаў з унучкай Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыяй Міцкевіч. Размаўлялі, маўчалі. І не паспеў сказаць, што я вырас на “Палескіх рабінзонах”, як мы прыехалі ў Ракуцёўшчыну.
Свята паэзіі пачалося а дванаццатай. Гучалі вершы, песні. Вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу, падарыў зямлячцы са Звяркоў, сястра якой вучылася з маёй сястрой у адным класе.
Часам здавалася, што сярод нас ходзіць Максім Багдановіч, а я не бачу яго толькі таму, што людзей вельмі шмат, і я не стараюся яго адшукаць…
Вада ў Максімавай крыніцы халодная і чыстая, як нябёсы, і гаючая, як малітва…
На яблынях яблыкаў – як зорак у небе, як святла ў вершах Багдановіча…
Ад’езд з Ракуцёўшчыны быў запланаваны на палову шостай. Не ведаю, як бы я дажыў у спёцы да вяртання дамоў, калі б не тэлевядучы Аляксандр Мацяс на машыне з тэлебачання не прыхапіў мяне з сабой. За цікавай размовай са спадаром Аляксандрам не заўважыў, як прыехаў у Мінск.
26.11.2019. Вечар. Ідзём з Міёнай па Мухлі. Яна радуецца снегу, а я не. Мне холадна. Мне цёмна. Я думаю пра вясну. Яна далёка, як буслы, якія паляцелі зімаваць у Афрыку.
20.08.2022. Субота. Недзе месяц таму паэтка Іна Фралова запрасіла мяне паўдзельнічаць у свяце яе вёскі Шыпкі. Не адмовіўся. І таму, што хацелася пабыць у Шыпках, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва Іны Мікалаеўны, і таму, што ў Шыпкоўскай школе пасля філфака некалькі гадоў працаваў паэт Мікола Шабовіч, дзе пабраўся шлюбам з выпускніцай філфака Кацярынай. І таму, што пра прыгажосць Шыпкоў і Шабовічам, і Фраловай напісана нямала вершаў. Мне хацелася паглядзець на рачныя плёсы, на лес, на сады, на людзей, якія давалі натхненне паэтам. І наогул я люблю бываць у тых мясцінах, дзе нарадзіліся мае сябры па пяры.
Да Шыпкоў даехалі за гадзіну, а магчыма і хутчэй, бо хоць і сядзеў я моўчкі, але тое, што бачыў з акна, не давала мне занудзіцца. А гэта: жытнёвыя палі, на якіх закончылася жніво і па якіх хадзілі буслы; азярыны, на якіх плавалі дзікія качкі і над якімі лёталі стракозы; сады і агароды, перапоўненыя святлом багатага ўраджаю; козы на лугах, адзінокія каровы і коні. І кветкі! Азярыны кветак! І ў высокай траве валуны, на якіх сядзяць коршакі. І каты, якія далёка ад хат гуляюць самі па сабе. І сабакі, якія спакойна глядзяць услед машынам, што праязджаюць па вясковай вуліцы. І пустыя аўтобусныя прыпынкі. І дзядоўнік з сівымі кветкамі, як з дымам, які ўсё збіраецца адарвацца і паляцець, але ўсё няма і няма чаканага ветру, якому можна аддацца. І вясковыя хаты, якія цяжка разглядзець з-за дрэў і кустоў. І дарога, якая месцамі падкідвае наш мікрааўтобус, напамінаючы нам, што мы тут не дома, але ўсё, што навокал, гэта наша, знаёмае і роднае.
23.07.2023. Нядзеля. Дзякуючы дырэктару Музея Якуба Коласа Ірыне Мацяс, з Людмілай паўдзельнічалі ў святкаванні 100-годдзя выхаду ў свет паэмы “Новая зямля”. У Доме-музеі паэта адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання паэмы, якая за 100 гадоў свайго існавання перавыдавалася шмат разоў, і гэта выданне стала дваццатым.
Стагадоваму юбілею паэмы было прысвечана і рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З народнага скарбу душы самабытнай”, якое адбылося на малой радзіме Песняра – Стаўбцоўшчыне. Напачатку госці свята наведалі Стоўбцы, дзе ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу. Аўтар манумента – народны мастак Беларусі Іван Міско. Яшчэ зусім нядаўна мы з Людмілай, прыходзячы ў майстэрню да Івана Якімавіча, мелі магчымасць бачыць, як гэты помнік ствараўся.
З экскурсіяй наведалі сядзібу Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас. У буслянцы на высокім дрэве сядзеў бусел і спакойна па-гаспадарску назіраў за гасцямі са сталіцы. А гасцей на трох аўтобусах прыехала шмат.
Альбуць знаходзіцца ў прыгожым лесе. Сосны высокія і стройныя, як на маёй Ракаўшчыне каля Іслачы. Гледзячы з акна аўтобуса, думаў пра чарніцы, якіх у гэтым годзе яшчэ не спрабаваў. Альбуць сустрэла нас песнямі і багатым сталом. Потым некалькі гадзін са сцэны гучалі вершы. Акрамя ўсяго, можна было павучыцца танцаваць і не толькі.
Схадзілі з Людмілай да шматвяковага дуба. Пастаялі пад яго шатамі, паслухалі, як у іх спяць вятры і жывуць ненапісаныя творы Якуба Коласа.
Высока-высока над святам і над намі лётаў бусел. І нам ад яго было светла.
12.11.2023. Хутка было б 75 гадоў паэтэсе Яўгеніі Янішчыц. І ўжо 35, як яе няма сярод нас. Людміла для “Звязды” рыхтуе матэрыял, прысвечаны юбілею Яўгеніі Іосіфаўны. Адказаў на яе пытанні. Сярод іх і гэта.
– Як бы Вы апісалі той вобраз паэткі Яўгеніі Янішчыц, які назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры? З якім настроем, пейзажам, мясцінай, мелодыяй, фарбамі, артэфактамі ён для Вас асацыюецца?
– “Палеская ластаўка” – так некаторыя, хто ведаў Яўгенію Янішчыц, называлі паэтку. Паэтычна, вобразна… Але Янішчыц для мяне не ластаўка. Ластаўкі да нас прылятаюць і адлятаюць. Янішчыц жа была, ёсць і будзе з намі. Яна Паэтка, яна працаўніца, яна беларуска. У вершы “Прыедзь у край мой ціхі…” Янішчыц запрашае ўсіх пабачыць хараство і самабытнасць палескіх краявідаў:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
І я быў у родных мясцінах Яўгеніі Янішчыц. І чуў яе продкаў галасы, і бачыў белых бусліх і мудрыя лясы. І самае галоўнае – глядзеў на Ясельду, якая цячэ і цячэ ў сваіх берагах з вечнасці ў вечнасць. Паэзія Яўгеніі Янішчыц ад Ясельды, ад мудрых палескіх лясоў, што пад белымі крыламі буслоў.