На выніковай калегіі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Ганаровай граматай Мінскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджана санітарка Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Часлава Лабун.
Па прафесіі Часлава Мар’янаўна тэхнік-тэхнолаг. Доўгі час працавала ў грамадскім харчаванні – узначальвала Івянецкі гандлёвы цэнтр. Пасля яго скасавання перайшла на “Івянецкую крыніцу” – была начальнікам участка, займалася забеспячэннем. І ўжо сямнаццаты год, як даглядае хворых людзей.
– Прыйшла выпадкова – даведалася, што ёсць месца. Дагэтуль вымушана была пакінуць работу і восем гадоў даглядала стогадовую бабулю – не родную, а матуліну цётку. Цяжка было. Шасцёра дзетак гадавала. Гаспадарку вялікую трымала: тры кароўкі мела, цяляткі, свінні, свінаматкі – трэба было ж неяк выжываць. Дзеці вучыліся, муж адзін грошы зарабляў, а я дома ўсё пыніла.
– Наколькі складана даглядаць за пажылым чалавекам?
– Вельмі складана. Але дзеці таксама дапамагалі. Мы ўсе ёй удзячны, бо яна выгадавала маю матулю, мяне з сястрой, маіх дзяцей – была адзінокая. Таму рабілі ўсё так, каб ёй век было добра дажыць.
– А вось сам унутраны стан, як даглядаеш за нямоглым пажылым, мяняецца?
– Так, мяняецца, бо нейкую ж часту сябе аддаеш. Тады ні сядзелак не было, ні разумення такога, што хтосьці павінен даглядаць за тваімі роднымі. Гэта выпрабаванне на сумленні кожнага. Аддаць яе нікому не магла, хаця прапаноўвалі. А калі яе не стала, прыйшла на работу ў сацабарону. Адразу ўладкавалася санітаркай. Мае абавязкі – даглядаць за пражываючымі: і ляжачыя былі, і маладыя людзі, але ўсе з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Гэта пра многае гаворыць. Можна сказаць, што за восем гадоў шмат чаму навучылася, таму ўсё было не ў навіну.
– На Ваш погляд, якія самі гэтыя людзі, чаго ім не хапае?
– Родных: каб хто да іх прыязджаў, каб было каму патэлефанаваць, з кім пагутарыць, да каго звярнуцца за дапамогай. Бо большасць – пакінутыя і забытыя. Можа, у каго і няма ўжо сваякоў, можа, хто вырас, ды трапіў сюды з дзіцячага дома.
– На сёння хто Вашы падапечныя?
– Ад 60 да 80 гадоў: мужчыны і жанчыны, хадзячыя і ляжачыя. Мы пастаянна размаўляем, як хто папросіць цукерак – частуем іх. Яны і дапамагаць хочуць – хочуць быць патрэбнымі.
– Парабіўшы тут, на свет па-іншаму сталі глядзець?
– Безумоўна. Вось глядзіш на чалавека і нават адчуваеш яго стан, стараешся адносіцца памяркоўна, спагадліва. Разумееш, што кожны мае права на сваё нейкае “Я”. І хочацца дапамагаць.
Вось у нас у Івянцы быў малады юнак-сірата, жыў непадалёк – на суседняй вуліцы. Мае дзеці з ім былі знаёмыя. Паглядзела, што жыве абы-як, сваякоў не мае, і вырашыла ўзяць яго пад апеку: ён быў не супраць. Пачала хадзіць па інстанцыях. Дапамагла яму дабудаваць дом, разабрацца ў іншых жыццёвых справах. Жаніла – сваццяй была. Цяпер ён з сям’ёй паехаў у Германію. Жывуць добра. Сёння цешуся і радуюся, што ён стаў чалавекам, знайшоў сябе ў жыцці. Як мае дзеці кажуць, у цябе сёмы – Паша.
– А як трэба жыць, каб не ачарсцвець душой, заўважаць чужое гора і не толькі спачуваць, але і дапамагаць?
– Добрым трэба быць – жыць без злосці, зайздрасці.
– А вось тое, што дзяржавай створана такая магчымасць нямоглым людзям, няхай сабе і ў казённых сценах, жыць, а не існаваць і дажываць?
– Гэта вельмі добра. Быў у нас выпадак. Прывезлі жанчыну – цяжка псіхічна хворую. У яе толькі адна дачка, а ў той – свая дачка. Яна матулю прывезла, на калені перад ёй стала і пачала прасіць прабачэння – так вымушана была зрабіць, бо адна працуе, а матуля пагражала жыццю яе дачкі, сваёй унучкі. Таму яна не магла пакінуць матулю дома – яна вельмі агрэсіўна паводзіла сябе. І што вось ёй рабіць? Мы самі плакалі, сэрца разрывалася, разумеючы абставіны, і ўгаворвалі яе: няма іншага выхаду, як аддаць матулю ў спецыялізаваную ўстанову. На сёння матуля жыве ў нас, дачушка пастаянна да яе прыязджае, наведвае. Шкада толькі, што матуля з-за хваробы нічога не разумее і ніяк не рэагуе.
Ніхто ж не ведае, што здарыцца з ім заўтра, як будзе дажываць свой век. Таму асуджаць нікога нельга – трэба прайсці чужой дарогай, каб зразумець, што на ўсё воля Божая.
Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара