У памяшканні народнага калектыву дэкаратыўна прыкладнога мастацтва “Скарбніца” праходзіць выстава “Іскрынка творчасці”, дзе прадстаўлены работы ўдзельнікаў гуртка выяўленчага мастацтва з падобнай назвай і яго кіраўніка Данілы Карчміта.
Малады чалавек нарадзіўся і вырас у Маладзечне. Яго бацька і маці – таленавітыя людзі, якія звязалі сваё жыццё з творчымі прафесіямі. Таму само сабой так склалася, што Даніла вучыўся спачатку ў мастацкай школе, а пасля паступіў у Маладзечанскі музычны каледж імя М. К. Агінскага на спецыяльнасць «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Пасля яго заканчэння з чырвоным дыпломам наш герой атрымаў размеркаванне на працу ў Валожын.
Яшчэ толькі чатыры месяцы існуе гурток “Іскрынка творчасці”, а ўжо бачны пэўныя вынікі. Дзеці 7-12 гадоў з задавальненнем наведваюць заняткі Данілы. Малады чалавек стараецца падабраць для сваіх падапечных цікавыя тэмы для работ. Педагог робіць усё для таго, каб раскрываўся, развіваўся і мацнеў талент юных мастакоў.
Назву гуртка кіраўнік выбраў не выпадкова: іскрынку творчасці, якую некалі атрымаў ад сваіх выкладчыкаў, ён ужо восем гадоў нясе ў сэрцы і цяпер сам стараецца перадаць яе хлопчыкам і дзяўчынкам, што прыходзяць да яго на заняткі.