15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк.
Алена Іванаўна Трасцянка бібліятэчнай сістэме раёна аддала 44 гады работы, большую частку з якіх – раённай дзіцячай бібліятэцы. Пяць гадоў кіравала храмам дзіцячай кнігі. Вельмі творчая, пазітыўная, лёгкая на чуласць, дабрыню, спагаду, цёплыя ўзаемаадносіны – менавіта такой ведалі яе не толькі калегі, але і юныя наведвальнікі: з імі яна заўсёды была на адной хвалі. А якія цікавыя мерапрыемствы ў чароўны свет кнігі яна праводзіла! Так працаваць мог толькі чалавек, улюбёны ў сваю прафесію і аддадзены ёй усім сэрцам.
А. І. Трасцянка нарадзілася на Пяршайшчыне ў вёсцы Семернікі. Бацькі Ганна Сцяпанаўна і Іван Уладзіміравіч – простыя сяляне, працавалі ў калгасе. Шмат рабілі на зямлi, трымалі гаспадарку. Алена была ў сям’і познім дзіцем – з братам у іх розніца амаль дзесяць гадоў. Можна сказаць, што яна была бацькавай дачушкай. Ён ведаў шмат казак і цікавых павучальных гісторый – расказваў на кожную жыццёвую сітуацыю. Самае галоўнае, па яе словах, што бацька вучыў быць аптымістам, бо расла яна ціхай і няўпэўненай дзяўчынкай і вельмі перажывала па розных акалічнасцях. Яго падтрымка была для яе вельмі важнай.
“Хочацца сказаць некалькі слоў пра сваю маленькую радзіму, – кажа мая суразмоўца. – Да 1979 года Семернікі былі цэнтрам калгаса імя Мічурына, потым яго аб’ядналі з калгасам імя Карла Маркса. Вёска мая ў нейкім сэнсе ўнікальная ў тым, што дзеці-семернікоўцы стараліся атрымаць добрую адукацыю. Гэта лічылася прэстыжным, а стымулаў і добрых прыкладаў было шмат. Выхадцы з роднай вёскі працавалі ў Міністэрстве замежных спраў, Міністэрстве сельскай гаспадаркі, служылі афіцэрамі, былі кіраўнікамі аддзелаў на заводах, галоўнымі бухгалтарамі і эканамістамі, загадчыкамі дзіцячых садкоў. Пра адукаваных аднавяскоўцаў заўсёды гаварылі з павагай і ставілі ў прыклад. Несумненна, ганарыліся настаўнікамі. Дарэчы, наш вядомы беларускі палітычны дзеяч Вячаслаў Францавіч Кебіч родам з суседняй вёскі, і гэта таксама быў добры прыклад. Матуля пастаянна паўтарала: “Абавязкова вучыся, старайся. Паглядзі, у нас жа ўсе вучацца”. Аўтарытэт настаўніка быў вельмі высокі – яго заўвагі не абмяркоўваліся.
Так атрымалася, што апошнія чатыры гады школы мы с сяброўкай вучыліся ў Сёмкаўскай школе-інтэрнаце. Вельмі шкада, што школа закрылася. Гэта быў цудоўны час. Настаўнікі – сапраўдныя прафесіяналы, вельмі дружны клас і педагог сапраўды з вялікай літары Зінаіда Арцёмаўна Сулейманава. На жаль, некалькі гадоў назад яе не стала. Мы сустракаліся даволі часта. Да гэтай пары падтрымліваю добрыя сяброўскія адносіны з многімі аднакласнікамі.
Тое, што школа знаходзілася побач з Мінскам, давала нам шмат магчымасцей. У 1977-1978 гадах я займалася ў школе юнага праграміста пры факультэце прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэта. Таксама ў завочнай школе пры біяфаку, закончыла школу юнага педагога на факультэце прыродазнаўства педагагічнага ўніверсітэта і атрымала асабістае запрашэнне ад дэкана на паступленне. А мяне цікавіла даволі новая спецыяльнасць – генетыка і бібліятэчная справа. Таму паступаць вырашыла ў БДУ на біяфак. Конкурс быў вялікі нават сярод медалістаў. Не паступіла.
А праз некалькі дзён да нас дадому завітала бібліятэкар нашай сельскай бібліятэкі і прапанавала прыняць бібліятэку. Я была актыўным чытачом і вельмі цікавілася бібліятэкай. Таму яна і наведалася да мяне.
Так у 17 гадоў я стала загадчыкам Семернікоўскай сельскай бібліятэкі. Працавала сем гадоў. У зоне абслугоўвання было 12 вёсак, некаторыя з іх – зусім маленькія. Насельніцтва складала каля 600 чалавек, у асноўным людзі сталага ўзросту. Паступова колькасць жыхароў значна зменшылася. Заўсёды адчувала падтрымку старшыні Пяршайскага сельвыканкама Іосіфа Пятровіча Чэрніка і спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Бібліятэка атрымлівала ў той час добрую перыёдыку, было што прапанаваць з новай літаратуры наведвальнікам, меўся нядрэнны фонд і мастацкай літаратуры. Сваіх чытачоў добра ведала дзякуючы дэпутацкай дзейнасці і пастаянным падворным абходам, таму старалася прапанаваць кнігі і перыёдыку па гусце. У выхадныя дні ў бібліятэцы збіралася шмат моладзі з навакольных вёсак. Арганізоўвалі тэматычныя вечары і дыскатэкі”.
Працуючы бібліятэкарам, А. І. Трасцянка завочна скончыла Мінскі інстытут культуры. Выбрала спецыялізацыю менавіта “дзіцячая літаратура”. Бо, як сама адзначае, заўсёды лічыла і цяпер лічыць вельмі важным зацікавіць кнігай маленькіх дзяцей, каб раслі дапытлівымі.
“Восенню, калі я была ў другім класе, у вёску на сельскагаспадарчыя работы прыехалі студэнты геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, – успамінае ветэран бібліятэчнай справы. – Дзяўчаты, што ў нас кватаравалі, вечарам выходзілі са мной на вуліцу і расказвалі пра зоркі. Я потым прачытала шмат кніг пра космас. Вельмі цікава было даведацца пра Марс. Цяпер мае дочкі мяне “тэсціруюць”: пытаюцца, якая гэта на небе зорка ці сузор’е, і правяраюць праз дадатак на тэлефоне. Разумеюць: студэнткі геафака былі добрымі настаўніцамі! Дарэчы, у мяне на тэлефоне стаяць дадаткi па вызначэнні голасоў птушак, а таксама дадатак пра расліны”.
Пасля заканчэння інстытута Алена Канстанцінаўна Родзевіч, на той час дырэктар Валожынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, прапанавала дыпламаванаму спецыялісту працу ў раённай дзіцячай бібліятэцы. З цеплынёй А. І. Трасцянка ўзгадвае загадчыцу Алену Ігнацьеўну Барахоўскую і калег, сапраўдных прафесіяналаў бібліятэчнай справы, Наталлю Паўлаўну Лоўчую і Святлану Аляксандраўну Шабаль, у якіх шмат чаму навучылася.
Кніга для мяне – найвялікшая каштоўнасць. З дзяцінства і да гэтай пары адносіны да кнігі не змяніліся. Маленькай мне куплялі казкі і бралі кніжкі ў бібліятэцы. Заўсёды хацелася ведаць,
як называецца гэта ці іншая расліна, якая гэта птушка спявае, што гэта за каменьчык, які гэта мінерал. Адказ у тыя безінтэрнэтныя часы можна было атрымаць толькі з кніжак.
Алена Трасцянка
Алена Іванаўна працягвае: “Пры бібліятэцы актыўна працавалі літаратурны клуб “Кругагляд”, лялечны гурток “Сонейка”, радыёклуб “Сэрцам і розумам”. Бібліятэка шмат увагі надавала прафарыентацыі. Быў створаны клуб “Ветразь”. Старшакласнікі сустракаліся з прадстаўнікамі розных прафесій, а таксама са студэнтамі ВНУ, рыхтавалася шмат цікавых мерапрыемстваў. Выступалі ў школах, дзіцячых садках, сацыяльным прытулку, дзіцячым аддзяленні райбальніцы, карэкцыйным цэнтры. З актыўнымі ўдзельнікамі клуба наведвалі Святы кнігі ў абласной бібліятэцы, былі ўдзельнікамі розных конкурсаў.
Неаднаразова ў бібліятэцы праводзіліся абласныя семінары загадчыкаў дзіцячых бібліятэк вобласці. Заўсёды адчувалі падтрымку педагагічных калектываў школ горада і вельмі ўдзячна ім за гэта. Частымі гасцямі нашай бібліятэкі бываюць паэты і пісьменнікі: Тамара Бунта, Іна Фралова, Валерый Квілорыя.
Хоць бібліятэка месцілася ў даволі старым доме на Партызанскай, наш калектыў, якім у свой час кіравалі Алена Інгацьеўна Барахоўская, Ірына Міхайлаўна Зянько, Алена Францаўна Сугака, рабілі ўсё магчымае, каб было прыгожа і ўтульна. Мноства кветак аздабляла пакоі ўнутры памяшкання і падворак. Гэта была сапраўдная фотазона. Многія жыхары прыводзілі сваіх дзетак сюды, каб сфатаграфаваць.
Як імкліва ляціць час. Больш за дзесяць гадоў мінула, як раённая дзіцячая бібліятэка пераехала ў цэнтр горада. Калектыў пад кіраўніцтвам Святланы Аляксееўны Янкоўскай, бібліятэкараў Жанны Міхайлаўны Ажэўскай, Галіны Сямёнаўны Патапчанка працуюць творча і самааддана на бібліятэчнай ніве – яны заўсёды рады чытачам. Я ганаруся сваёй бібліятэкай. Лічу сябе шчаслівым чалавекам. Заўсёды з задавальненнем ішла на працу, а вечарам спяшалася да сям’і. Удзячна ўсім, хто са мной побач, і чыю падтрымку адчуваю: сям’і, родным і блізкім людзям, сяброўкам Алене і Наталлі, калегам”.
Алена ЗАЛЕСКАЯ