Сельское хозяйство

Дзмітрый ГІРЛОЎСКІ з сельгасупраўлення “Бабровічы” заняў 3-е месца ў вобласці сярод маладых вадзіцеляў на перавозцы збожжа

Вадзіцель сельгасупраўлення “Бабровічы” ўнітарнага прадпрыемства “МІНСКАБЛГАЗ” Дзмітрый ГІРЛОЎСКІ заняў ганаровае 3-е месца ў вобласці сярод маладых вадзіцеляў на перавозцы збожжа.

Дзмітрый вырас у вёсцы Студзянец Гародзькаўскага сельсавета. Гадаваўся без бацькі – той рана пайшоў з жыцця. Матуля працавала даяркай на ферме, сям’я трымала вялікую гаспадарку, таму з дзяцінства яны разам з братам былі для яе надзейнымі памочнікамі. Такімі застаюцца і на сёння – у бацькоўскую хату прыязджаюць не гасцямі: ведаюць, што тут заўсёды патрэбны мужчынскія рукі.
Спрадвечна мужчынскую прафесію выбраў хлопец і пасля заканчэння школы – пайшоў вучыцца на слесара ў Маладзечанскі прафесійна-тэхнічны ліцэй. Работа падабалася, але ўсё часцей вяртаўся да думкі, што хоча быць вадзіцелем.

– Бацькавы гены зрабілі сваю справу, – з усмешкай зазначае Д. Гірлоўскі. – Ён усё, хоць і нядоўгае, жыццё працаваў вадзіцелем, любіў дарогу, тэхніку, быў харошым работнікам – безадказным і сумленным. Па яго сцежках пайшоў і мой брат Сяргей – ён сёння адзін з лепшых трактарыстаў Валожынскага льнокамбіната. Таму мне, як кажуць, і на вяку было напісана працягваць сямейную дынастыю.

У сельгасупраўленне “Бабровічы” малады вадзіцель прыйшоў два гады таму. Кіраўніцтва адразу запрыкмеціла перспектыўнага спецыяліста: прадаставіла кватэру, дало новенькі МАЗ-чатырохтоннік.
– Дзмітрый у нас увогуле адзін малады вадзіцель, – кажа дырэктар Юрый Бяляўскі. – Сёлета на перавозцы зерня паказаў па гаспадарцы другі вынік сярод шасці сваіх калег: на яго рахунку 1120 тон збожжа. Пры гэтым падчас жніва мы яго адлучалі на іншыя работы – ездзіў па камандзіроўках, бо за ім замацаваны яшчэ і легкавы аўтамабіль. Хлопец ён старанны – проста рвецца да работы. Мае амаль усе катэгорыі вадзіцеля – яшчэ хоча здаць на высокі клас трактарыста, каб працаваць на энерганасычаным трактары. Маладая сям’я – жонка працуе ў нас бухгалтарам.

Летась Дзмітрый Гірлоўскі таксама хадзіў у перадавіках уборачнай кампаніі і быў ушанаваны на абласных “Дажынках” у Стоўбцах.

– Вы нават уявіць сабе не можаце, колькі гонару адчуваў, калі ўзнімаўся на сцэну – я ж прадстаўляў не толькі свой філіял, але ўвесь УП “МІНСКАБЛГАЗ” і Валожынскі раён. Душа ажно спявала ад радасці, – зазначае малады вадзіцель. – Таму стараўся трымаць марку і ў гэтым годзе.

Алена ЗАЛЕСКАЯ