Да прафесійнага свята Ганаровай граматай Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам” узнагароджаны электрамеханік сувязі станцыйнай групы Валожынскага цэха сувязі Андрэй Жабко.
Сёння цяжка ўявіць наша жыццё без тэлефона, інтэрнэту, інтэрактыўнага тэлебачання. А 25 гадоў таму, калі Андрэй Іванавіч прыйшоў на працу ў “Белтэлекам”, электрасувязь была прадстаўлена тэлефаніяй і радыё-вяшчаннем. Мой суразмоўца ўзгадвае, што тэлефон лічыўся сапраўднай раскошай – кожны жадаў мець яго ў сваім доме.
– Раней, каб устанавіць стацыянарны тэлефон, трэба было прадаць карову, – расказвае ён. – Заўсёды з гэтым параўноўваю. Бо быў такі выпадак у Носавічах. Пашыралі аўтаматычную тэлефонную станцыю ў Бабровічах: зараз там 500 нумароў, а калісьці было 100 – зразумела, не ўсім хапала тэлефонаў. Мы прыйшлі ў вёску, бабуля падключыла тэлефон, работа ёй абышлася ў 720 рублёў на тыя грошы, а карова каштавала 600 рублёў. Для мяне гэта быў ну проста космас! Людзі не шкадавалі такіх сум, каб быць на сувязі. А сёння такая выгода каштуе ўсяго 7 рублёў 50 капеек.
У калектыў валожынскіх сувязістаў Андрэй Жабко патрапіў зусім выпадкова. Скончыў Маладзечанскае вучылішча прыборабудаўнікоў з адзнакай, металаапрацоўка была яму па душы, але работы па спецыяльнасці не знайшлося. А тут адзін знаёмы падказаў, што на раённым вузле сувязі патрэбны маладыя кадры. Прыйшоў, паспрабаваў, навучыўся і застаўся. Працоўную дзейнасць пачынаў манцёрам, пасля стаў кабельшчыкам, зараз – электрамеханік. Скончыў Акадэмію сувязі.
– Мне ўвогуле па жыцці шанцуе на харошых людзей, – працягвае Андрэй Іванавіч. – Я прыйшоў у калектыў прафесіяналаў, якія па крупінках навучалі ўсім прамудрасцям прафесіі – заўсёды дапамагалі, падказвалі, накіроўвалі. Шмат у прафесійным стаўленні даў мой былы начальнік Міхаіл Міхайлавіч Цаюн – вялікі чалавек, высакакласны спецыяліст, мудры настаўнік. Тады кожны работнік адказваў за пэўны від работ. З цягам часу інфармацыйныя тэхналогіі ідуць наперад не сямімільнымі крокамі, а з мегахуткасцю, і каб крочыць у нагу з часам, сувязіст павінен хоць крыху быць знаёмы з відамі ўсіх работ. Па-іншаму – ніяк: напрыклад, калі едзеш падключаць оптавалакно, неабходна, як мінімум, ведаць, як працуе мадэм, куды яго ставіць, што падключаць.
Аб’ём работы ў спецыяліста-электрамеханіка досыць абшырны.
– Зараз у горадзе ідзе вялікае пераключэнне – валожынцы бачаць, што амаль увесь горад перакапаны, за што, дарэчы, просім прабачэння: спажыўцоў пераводзім на оптавалакно, – працягвае А. Жабко. – Гэта большыя магчымасці развіцця інтэрнэту, тэлебачання, падключэння дадатковых паслуг – такіх, як відэакантроль, калі ёсць магчымасць назіраць за тым, што робіцца ў пад’ездзе дома ці ля яго, на лесвічнай пляцоўцы, не выходзячы з кватэры. Таму даводзіцца вырашаць мноства пытанняў і выконваць мноства задач.
Таксама ўсё, што тычыцца абсталявання – мадэмаў, прыставак, бесправадных прыставак, эфірнай залы, іх рамонт, гарантыйнае абслугоўванне, замена, настройка, пашкоджанне на лініях, а гэта 22 тысячы абанентаў па раёне, работа з электраманцёрамі, звароты грамадзян – вось такі шырокі і вельмі адказны спектр абавязкаў. У мяне ёсць памочнік – інжынер, які дапамагае з рамонтам. Асабліва складана і напружана нам даводзіцца пасля навальніцы, бо шмат абсталявання выходзіць са строю. Колькасць зваротаў проста зашкальвае. Ніхто не жадае чакаць: зараз такі час, што без інтэрнэту людзі не ўяўляюць свайго жыцця. І тут трэба быць псіхолагам: размаўляць, тлумачыць, супакойваць.
Апошнія два гады пачалі актыўна гандляваць тэлевізарамі, планшэтамі, ноўтбукамі, зараз падключыліся да продажу сотавых тэлефонаў, кандыцыянераў, самакатаў, веласіпедаў, ёсць планы на рэалізацыю мотаблокаў. Прадаём у растэрміноўку – у залежнасці ад кошту тавару і магчымасці пакупніка. Галоўнае – быць нашым абанентам.
Бясспрэчна, валожынскія сувязісты робяць усё магчымае, каб жыхары нават самых аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў карысталіся якаснымі паслугамі тэлекамунікацый. І ў гэтым ёсць заслуга Андрэя Жабко – граматнага спецыяліста, адказнага работніка і сапраўднага прафесіянала.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА